БДУ і Куба: новыя вектары супрацоўніцтва

24 мая, 2023.

Дэлегацыя БДУ на чале з рэктарам Андрэем КАРАЛЁМ наведала Кубу з 17 па 22 красавіка. Вынікам візіту стаў падпісаны пакет дакументаў пра адукацыйна-навуковае супрацоўніцтва з кубінскімі ВНУ.

Сёння БДУ мае чатыры доўгатэрміновыя дамовы з кубінскімі ўстановамі. Адной з іх з’яўляецца дамова з Гаванскім універсітэтам – вядучым і найстарэйшым у сваёй краіне (заснаваны ў 1728 годзе).

Старт афіцыйнай праграме дала сустрэча з намеснікам міністра вышэйшай адукацыі Кубы Рэінальда Веласкесам Салдыварам. У абмеркаванні пытанняў актывізацыі міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва таксама прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба Валерый Бараноўскі. Бакі абмяняліся перспектыўнымі прапановамі па ўмацаванні адукацыйна-навуковых сувязяў.

Першыя перамовы з кубінскімі партнёрамі прайшлі ў Гаванскім універсітэце (ГУ). Бакі выказалі ўзаемную цікавасць у актуалізацыі наяўных дамоўленасцяў па лініі адукацыі і навукі. Былі вызначаны канкрэтныя сферы і формы партнёрства, разгледжаны перспектывы дыстанцыйнага ўзаемадзеяння і асаблівасці беларускай і кубінскай сістэм вышэйшай адукацыі. Вынікам сустрэчы стала падпісанне Праграмы супрацоўніцтва паміж ВНУ. Дакумент дэталёва прапісвае сумесную працу ў галіне біялогіі, геаграфіі, хіміі, матэматыкі, турызму, вывучэння іспанскай і рускай моў. Акадэмічная мабільнасць, арганізацыя стажыровак, гасцявых лекцый, правядзенне навуковых даследаванняў, а таксама сумесная падрыхтоўка спецыялістаў будуць хуткім часам рэалізаваны ВНУ.

Першым крокам да вызначаных планаў стаў завераны подпісамі рэктараў БДУ і ГУ Мемарандум аб намерах распрацоўкі сумесных адукацыйных праграм (САП). Універсітэты ўмовіліся падрыхтаваць з перспектывай выдачы двайных дыпломаў САП магістратуры ў сферы біялогіі, матэматыкі, хіміі, геаграфіі, турызму і замежных моў.

Супрацоўніцтва ў галіне педагогікі будуць развіваць БДУ і Педагагічны ўніверсітэт Энрыке Хасэ Варона. Гэта ВНУ заснавана ў 1977 годзе і носіць імя выбітнага педагога і інтэлектуала, міністра фінансаў, міністра дзяржаўнай адукацыі і вытанчаных мастацтваў Кубы, які сваімі ідэямі, палітычнай, філасофскай і педагагічнай дзейнасцю зрабіў значны ўнёсак у фарміраванне кубінскай нацыі.

Падчас сустрэчы дэлегацыі БДУ і рэктара Мілды Лесбія Дыяз Масіп адбылася прадметная гутарка па вызначэнні вектараў узаемадзеяння з улікам профілю кубінскай ВНУ. Узаемную цікавасць выклікаў досвед бакоў у галіне прафесійнай педагагічнай падрыхтоўкі спецыялістаў з укараненнем інавацыйных методык у навучальны працэс.

Важным крокам для замацавання разгледжаных у рамках візіту перспектыў стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве. Дакумент рэгламентуе абмен студэнтамі, магістрантамі, запрашэнне выкладчыкаў і даследчыкаў для сумеснай працы над навукова-даследчымі і адукацыйнымі праектамі. Ён прадугледжвае абмен інфармацыяй, навучальнымі матэрыяламі, сумеснае правядзенне навукова-адукацыйных мерапрыемстваў і падрыхтоўку публікацый. Таксама бакі выказалі намер аб распрацоўцы сумесных адукацыйных праграм у галіне гуманітарных навук з выдачай двух дыпломаў. Афіцыйны статус гэтым планам надаў зацверджаны бакамі мемарандум паміж БДУ і Педагагічным універсітэтам Энрыке Хасэ Варона.

За тэматычным круглым сталом «Інавацыйныя методыкі выкладання ва ўніверсітэцкай адукацыі» дэталёва былі разгледжаны і прааналізаваны сучасныя тэндэнцыі крэатыўнага навучання, прадстаўлены досвед БДУ ў гэтай галіне. Як адзначыў рэктар АндрэйКароль, для рэалізацыі дадзенай сістэмы важна развіваць эўрыстычныя якасці ў першую чаргу самога выкладчыка.
У працяг заяўленай тэматыкі рэктар БДУ выступіў з адкрытай лекцыяй «Навошта і дзе шукаць чалавека ў адукацыі: дыялог паміж Захадам і Усходам» перад студэнтамі і выкладчыкамі Педагагічнага ўніверсітэта.

Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам міністэрстваў замежных спраў і замежнага гандлю і замежных інвестыцый Кубы былі разгледжаны актуальныя праблемы замежнай палітыкі дзвюхкраін. Была адзначана важнасць абмену наяўным досведам у падрыхтоўцы спецыялістаў для міжнароднай сферы, развіцця супрацоўніцтва ў сферы сумеснай вытворчасці і падрыхтоўкі спецыялістаў у запатрабаваных сёння галінах IT, біятэхналогій і інш.

Пра распрацоўку, перадачу і адаптацыю тэхналогій вытворчасці лекаў рознага прызначэння, правядзенне сумесных даследаванняў па стварэнні новых медыцынскіх прэпаратаў гаворка ішла падчас наведвання дэлегацыяй БДУ фармацэўтычных кампаній Кубы. Бакі абмеркавалі магчымасць пастаўкі ў гэту краіну інавацыйных прэпаратаў для лячэння розных паталогій, уключаючы лакальную хіміятэрапію раку галаўнога мозгу, галавы, шыі, а таксама фармацэўтычных субстанцый для вытворчасці супрацьпухлінных і кардыятропных лекавых прэпаратаў.

Акрамя таго, дэлегацыя БДУ правяла шэраг сустрэч з прадстаўнікамі батанічных садоў у гарадах Гавана і Сьенфуэгас. Бакі абмяняліся прапановамі па навуковым супрацоўніцтве ў галіне захавання біяразнастайнасці. Вялікія перспектывы бачацца ў правядзенні сумесных даследаванняў па сістэматыцы, экафізіялогіі і біяхіміі абарыгенных і інтрадукаваных раслін. Абмяркоўвалася таксама магчымасць абмену калекцыямі ўнікальных раслін, гербарным і пасадкавым матэрыялам з улікам нацыянальных і міжнародных нормаў. Акрамя таго, ёсць верагоднасць правядзення сумесных экспедыцыйных даследаванняў, арганізацыі навуковых стажыровак супрацоўнікаў устаноў і падрыхтоўкі сумесных публікацый у галіне біялогіі, фізіялогіі і біятэхналогіі раслін.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: