Нягледзячы на тое, што прайшла толькі палова навучальнага года, студэнты апошніх курсаў ужо пачынаюць задумвацца, што іх чакае вясной. Практыка і досвед выпускнікоў паказвае, што месца для адпрацоўкі трэба шукаць загадзя. Некалькі студэнтаў падзяліліся сваімі гісторыямі.
Таццяна Жужула атрымала спецыяльнасць «біяэкалогія» на біялагічным факультэце. Цяпер яна працуе ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.
Спачатку дзяўчына сама шукала месца, але потым убачыла заяўку на размеркаванне ў дэканаце ад камітэта. Яе задаволілі прапанаваныя ўмовы і патрабаваныя навыкі, таму і вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Яшчэ студэнткай яна прайшла сумоўе і патрапіла ў камітэт на пераддыпломную практыку, падчас якой і атрымала заяўку на размеркаванне.
Падрабязнасці сваёй працы дзяўчына расказаць не можа, бо падпісала пагадненне аб неразгалошванні, але падзялілася, што зараз праходзіць навучанне на пасаду судовага эксперта. Тэрмін навучання складае 6 месяцаў, пасля чаго ёй будзе неабходна здаць іспыт на прысваенне допуску да самастойнага правядзення экспертыз.
– Я навучаюся як эксперт-універсал, я змагу праводзіць як судова-біялагічную, так і судова-генетычную экспертызы. Навучанне на біяфаку дало мне веды, патрэбныя непасрэдна на месцы маёй працы, гэта істотна спрашчае працэс авалодвання прафесіяй.
Таццяна прызнаецца, што праца ёй вельмі падабаецца, хаця для некаторых людзей яна можа здацца дастаткова спецыфічнай. Яна і надалей хоча павышаць сваю кваліфікацыю і паляпшаць свае навыкі.
Будучым выпускнікам яна раіць у першую чаргу вызначыцца, у якой сферы дзейнасці яны хацелі б паспрабаваць сябе, і шукаць прыдатныя варыянты.
– Не варта баяцца размеркавання. Напрыклад, мы маглі самі шукаць сабе месца будучай працы, але дэканат увесь час дасылаў усе магчымыя варыянты заявак, дзе кожны мог выбраць, што яму будзе даспадобы. Таму, калі знайсці самастойна не атрымліваецца, заўжды ёсць людзі, да якіх можна будзе звярнуцца па дапамогу.
Дар’я Папаламава – выпускніца гістарычнага факультэта. Працу яна пачала шукаць загадзя, яшчэ ў студзені. Дапамог ёй добры знаёмы, які на той момант ужо доўгі час працаваў у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён падказаў, што там ёсць вакантныя месцы.
Гэта зацікавіла Дар’ю, і ўжо да сярэдзіны сакавіка студэнтка ўладкавалася на працу. Пасля яна і не разглядала іншыя варыянты, дзе праходзіць адпрацоўку. Дзяўчына трапіла ў культурна-адукацыйны аддзел, які займаецца вядзеннем экскурсій, правядзеннем музейных урокаў і квестаў.
Пра сваю працу выпускніца адклікаецца з цеплынёй. Ёй падабаецца падрыхтоўка да мерапрыемстваў і распрацоўка тэматычных экскурсій.
– Было цікава рыхтаваць квест «Шлях да перамогі». Ён прызначаны для вучняў 5–7 класаў. Дзеці разгадвалі загадкі і тым самым засвойвалі інфармацыю пра Вялікую Айчынную вайну. Гэта сапраўдны выклік, бо з такім узростам працаваць няпроста.
Будучым выпускнікам дзяўчына раіць больш размаўляць з людзьмі, якія ўжо працуюць у тым месцы, якое яны разглядаюць для адпрацоўкі. Не саромецца нешта пытаць, даведвацца пра «ўнутраную кухню» і атмасферу ў калектыве.
Дар’я Шавердзіна скончыла біялагічны факультэт па спецыяльнасці «біялогія». Годнае працоўнае месца дзяўчына шукала доўга. Першапачаткова Дар’я хадзіла на сумоўі ў медыцынскія цэнтры на пасаду адміністратара, але то ёй не пасаваў плаваючы графік, то працаўнік патрэбны быў непасрэдна на момант праходжання сумоўя. Да гэтага дзяўчына ўжо працавала на 0,5 стаўкі ў заамузеі, таму ў рэзюмэ быў досвед працы.
У выніку месца даспадобы яна знайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, а менавіта ў навукова-метадычным аддзеле, у сектары забеспячэння Дзяржаўнага каталога музейнага фонду Рэспублікі Беларусь Аддзел, у якім зараз працуе выпускніца, займаецца вядзеннем сайта, сацыяльных сетак, падрыхтоўкай і правядзеннем рэспубліканскіх семінараў у музеях, вядзеннем рэестра дзяржкаталога і актуалізацыяй інфармацыі.
Праца ў дзяўчыны цікавая. У яе ўваходзяць не толькі офісныя задачы, але і камандзіроўкі.
– З пачатку месяца мы ўжо з’ездзілі ў Бярозаўскі і Вілейскі музеі. Там мы займаліся праверкай дакументацыі, зверкай звестак, ацэнкай актуальнасці экспазіцыі. Аказвалі дапамогу з гадавымі планамі ці кансультавалі па розных пытаннях. Можна сказаць, мы курыруем музеі нашай краіны ў якасці галоўнага метадычнага цэнтра.
Дар’я плануе застацца ў музеі і пасля размеркавання. Дзяўчыне вельмі падабаецца сяброўская і прыемная атмасфера ў калектыве і перспектывы, якія яна там бачыць.
– У нас у аддзеле мы дзелім абавязкі. Я займаюся выкладаннем прэс-рэлізаў, фатаграфій, рассыланнем па СМІ, унясеннем інфармацыі ў каталог. У загадчыка і вядучых навуковых супрацоўнікаў больш вопыту ў складанні пагадненняў і дакументаў, але палітыка аддзела ў тым, што мы ўсе адзін аднаму дапамагаем.
Дзяўчына раіць будучым выпускнікам не ісці адразу туды, дзе ёсць начныя змены, і часцей хадзіць у розныя месцы на сумоўі. Часцяком ужо на гэтым этапе можна зразумець, якая атмасфера ў калектыве і якое ў арганізацыі стаўленне да супрацоўнікаў.
Дар’я Сарока таксама сёлета скончыла біялагічны факультэт.
Першапачаткова будучае месца адпрацоўкі дзяўчына шукала сама, аднак у арганізацыі, куды яна планавала патрапіць, не аказалася вольных месцаў. Прычым даведалася пра гэта Дар’я ў апошні дзень перад размеркаваннем. Сама яна з Мінска, таму для яе было важна застацца ў сталіцы. Дэканат ёй у гэтым дапамог і падказаў добрае месца працы. Размеркавалі яе ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і абароне раслін. Яна займаецца аховай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад пранікнення каранцінных аб’ектаў. Усе біялагічныя аб’екты расліннага паходжання ад кармавых дабавак для жывёл і спецый да кветак, круп і агародніны з садавінай праходзяць кантроль у інспекцыі.
Праца выпускніцы прадугледжвае надгляд і агляд падкаранціннай прадукцыі, а таксама транспартнага сродку і дакументаў. Яна працуе на мытным пункце, надглядае рээкспартную і імпартную прадукцыю.
– Мне падабаецца графік працы «два праз два», таму што ў мяне ёсць час для сябе сярод тыдня. Што да самой працы – цяжка адказаць. У мяне яна збольшага папяровая, і я б нават сказала, што механічная. А я чалавек энергічны, люблю пастаянна даведвацца нешта новае.
Дзяўчына лічыць, што адпрацоўка – гэта карысная практыка. У яе выпадку – досвед узаемадзеяння з людзьмі ў працоўнай атмасферы і магчымасць спыніцца і зразумець, у які бок яна плануе далей рухацца.
– Думаю, у многіх выпускнікоў узнікаюць трывожныя думкі наконт будучыні, але адпрацоўка яе не вызначае. Вы можаце быць, кім хочаце, і працаваць пасля яе, дзе хочаце. Два гады праляцяць вельмі хутка.
Калі казаць пра сам этап пошуку размеркавання – не саромейцеся тэлефанаваць ва ўсе патэнцыйныя месцы працы. Так, гэта часам няёмка, але і там сядзяць людзі, якія некалі былі на вашым месцы.
І апошняе – не здавайцеся і не падайце духам, калі вам не падабаецца месца размеркавання, бо вы заўсёды можаце пераразмеркавацца. Не забывайце пра гэта, бо, калі вы і праўда хочаце, ведайце і памятайце, што ў вас усё атрымаецца.
Аляксандра Вакула скончыла біяфак па спецыяльнасці «біялогія (біятэхналогія)». Яна размеркавалася ў лабараторыю навуковага аддзела ДУ РНПЦ «Маці і дзіця».
Першапачаткова дзяўчына ішла туды пісаць курсавыя і дыплом, але ўжо тады зразумела, што хоча застацца там працаваць. Адзіная праблема, з якой у той момант сутыкнулася выпускніца, нежаданне дырэктара цэнтра браць на адпрацоўку біёлагаў. Тым не менш Аляксандры вельмі пашанцавала, і за некалькі тыдняў да размеркавання, калі яна ўжо нават паспела знайсці іншае месца, меркаванне дырэктара памянялася, і дзяўчына паспела перарабіць дакументы.
Аляксандра кажа, што пры размеркаванні самае галоўнае – знайсці месца, якое будзе падабацца. Бо тады час адпрацоўкі ляціць незаўважна. На сваім месцы працы яна займаецца распрацоўкай пратаколаў дыягностыкі генетычных захворванняў.
– Лабараторыя навуковая, таму будні ў нас даволі разнастайныя. Калі толькі пачала працаваць, рабіла аналізы, вучылася самастойна пісаць заключэнні па лабараторных даследаваннях. Паспела за гэтыя паўгода паўдзельнічаць у некалькіх пастаноўках NGS. Гэта секвеніраванне новага пакалення. Туды накіроўваюць пацыентаў, для якіх не ўдалося выявіць патагенную мутацыю простым секвеніраваннем. Канешне, і папяровай працы хапае, асабліва ў канцы года, калі трэба напісаць шмат справаздач.
Выпускніца прызнаецца, што больш за ўсё ёй разнастайнасць задач і магчымасць працягваць вучобу, бо пасля заканчэння адпрацоўкі яна плануе паступіць у аспірантуру.
Ганна КАЗАКОВА