Ад дыплома да размеркавання: як пяць выпускніц БДУ знайшлі свой шлях у прафесіі

21 Jul, 2025.

Адны бачаць у размеркаванні гарантаванае працоўнае месца, іншыя – часовы этап жыцця. Для кагосьці гэта крок да мары, а для кагосьці – прыпынак перад новым рыўком. Пяць дзяўчат, якія скончылі БДУ, расказваюць пра свой вопыт размеркавання.

Дар’я Чарняўская

Дар’я Чарняўская, наша першая гераіня, скончыла механіка-матэматычны факультэт і атрымала кваліфікацыю «Матэматык. Выкладчык матэматыкі і інфарматыкі». Практыкавацца ў прафесіі яна пачала яшчэ на другім курсе – як настаўніца матэматыкі ў 66-й школе Мінска. У выпускным годзе пытанне размеркавання стала для Дар’і асабліва актуальным. Каб прыняць абгрунтаванае рашэнне, яна вырашыла папрацаваць у новым месцы. Выбрала яна родны Барысаў. Там яна год выкладала матэматыку ў адной з мясцовых школ. Гэты досвед стаў неацэнным, менавіта там яна і будзе набірацца вопыту наступныя два гады.

– Крыху дзіўна быць калегай для людзей, якія яшчэ нядаўна вучылі мяне саму. Але калектыў прыняў мяне цёпла, адносіны ў нас добрыя, – адзначыла дзяўчына.

Акрамя таго, Дар’я амаль тры гады працуе рэпетытарам. Гэта галіна выкладання прываблівае яе больш за ўсё, таму сваю будучыню яна плануе звязаць менавіта з гэтым.

Вікторыя Гнучых

У 2021 годзе Вікторыя Гнучых паступіла на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Філасофія стала для яе не проста прафесіяй, а стылем жыцця, нягледзячы на тыповае пытанне: «І кім ты будзеш працаваць?» Кожны выкладчык адкрываў прадмет з новага боку. Аднак Вікторыя не лічыць сябе філосафам у поўным сэнсе, бо гэта «не проста кваліфікацыя, а шлях вечнага назірання, пошуку сапраўднага прызначэння мудрагелістай душы». Нечакана для многіх дзяўчына размеркавалася ў сельскую школу ў Мінскай вобласці настаўніцай грамадазнаўства. Яна выбрала гэта месца самастойна, і ўніверсітэт падтрымаў яе, бо на момант размеркавання яна ўжо працавала ў гэтай установе педагогам-арганізатарам. Сумяшчаючы напісанне дыплома і падрыхтоўку да школьных мерапрыемстваў, яна атрымала каштоўны вопыт. Як адзначае выпускніца, час на філасофскім факультэце навучыў яе ставіцца да жыцця і праблем з асаблівым спакоем.

– Чаканняў ніякіх, я прымаю прыродны парадак рэчаў і не парушаю ўсталяваную гармонію. Проста жыву сваё жыццё і працягваю навучанне ўжо ў статусе магістранткі па той жа спецыяльнасці «Філасофія» , бо планую і далей будаваць акадэмічную кар’еру, – падводзіць вынік Вікторыя.

Размеркаванне – гэта не проста «адпрацоўка», а першы сур’ёзны вопыт. Для кагосьці ён стане трамплінам у кар’еры, для кагосьці – урокам, што трэба шукаць іншыя шляхі. Але ўсе гераіні нашага матэрыялу сыходзяцца ў адным: важна не проста «адпрацаваць», а максімальна выкарыстаць гэты шанец для росту і разумення, куды рухацца далей. 

Вера Ілюкевіч

Вера Ілюкевіч скончыла факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій па спецыяльнасці «Прыкладная інфарматыка». Выбраўшы на трэцім курсе кафедру інтэлектуальных сістэм, Вера знайшла сваю нішу. За час вучобы ва ўніверсітэце дзяўчына асвоіла амаль усе сферы IT. Працаўладкаванне выдалася хвалюючым. На трэцім курсе яна прайшла сумоўе ў кампанію AiBion, якая займаецца інавацыямі ў галіне медыцыны і аховы здароўя. Працадаўца аформіў заяўку на размеркаванне спецыялісткі, але гладка ўсё не прайшло. Як адзначае выпускніца, за час яе вучобы правілы размеркавання ўскладніліся: цяпер заяўкі прымаюцца толькі ад дзяржаўных устаноў або кампаній, якія ўваходзяць у Парк высокіх тэхналогій. У дзень Х Вера сутыкнулася з нечаканай праблемай: кампанія AiBion, куды яна хацела трапіць на адпрацоўку, не была зарэгістравана ў ПВТ, што выклікала паніку, бо ў базавых арганізацыях выбар IT-кампаній быў невялікі. Выхад з непрыемнай сітуацыі падказала адміністрацыя факультэта. Па іх парадзе студэнтка напісала заяву з просьбай адкласці размеркаванне на месяц. Такі шлях здзівіў нашу гераіню, бо яна, як і шмат студэнтаў, нават не ведала пра такую магчымасць.

– Далей пачынаецца заблытаная гісторыя. У майго начальніка дзве кампаніі – AiBion, дзе я працавала да размеркавання, і AlgoBrains, якая займаецца распрацоўкай ПЗ для фінансавых арганізацый і, што вельмі важна, з’яўляецца рэзідэнтам ПВТ. За два дні мяне перавялі ў патрэбную арганізацыю, дзе якраз разглядаўся мой удзел у новым праекце. Падрыхтаваўшы новую заяву, мы з маім начальнікам прыехалі на факультэт. У групу падтрымкі я запрасіла і свайго навуковага кіраўніка, які моцна падтрымліваў мяне падчас вучобы. Вось такой дружнай дэлегацыяй мы перадалі маю заяўку камісіі, якая не магла нам адмовіць. Праз пэўны час Вера атрымала станоўчы адказ, месца працы ёй ухвалілі. Як дадае дзяўчына, у яе дзейнасці спатрэбіліся веды з розных галін IT, а вось матэматыка і фізіка аказаліся менш запатрабаванымі. У будучыні яна плануе застацца ў кампаніі, бо за час вучобы і працы проста закахалася ў сваю спецыяльнасць.

Дар’я Янковіч

Выпускніца фізічнага факультэта Дар’я Янковіч атрымала кваліфікацыю фізіка-праграміста, што дазваляе працаваць у IT, інжынерыі або навуцы. Месца для адпрацоўкі ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) яна знайшла самастойна, на трэцім курсе, убачыўшы аб’яву ў інтэрнэце. Дар’я вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі інжынера па метралогіі, што адпавядала яе спецыялізацыі. Размеркаванне ў БелДІСС стала для Дар’і лагічным працягам кар’еры. Хоць гэта месца дало ёй стабільнасць, яна пакуль не бачыць вялікіх перспектыў і плануе развівацца далей, магчыма, у IT-сферы.

Ксенія Спас

Ксенія Спас, выпускніца хімічнага факультэта па спецыяльнасці «Хімія. Навукова-вытворчая дзейнасць», атрымала кваліфікацыю «Хімік. Інжынер». Месца размеркавання – лабараторыя хіміі харчовых прадуктаў у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ) – студэнтка абрала сама. Па словах Ксеніі, магчымасць прайсці практыку на 4 курсе ў дзвюх розных арганізацыях дапамагла ёй вызначыцца. Даведаўшыся ад аднагрупніц пра працу ў РЦГЭіГЗ, яна вырашыла паспрабаваць і не пашкадавала. Самым складаным у падрыхтоўцы да адпрацоўкі стала афармленне дакументаў. Нават з адобранай заяўкай ад арганізацыі мандраж не пакідаў студэнтку аж да дня размеркавання. Падчас практыкі ў РЦГЭіГЗ яна ўладкавалася на пасаду, і тады ж былі вызначаны яе абавязкі.

– Чаканні ад размеркавання вялікія. Думаю, што застануся тут і пасля адпрацоўкі. Вельмі добрае месца. Дарога ад дома займае паўгадзіны. Але самае галоўнае – гэта добры калектыў, спагадлівы, чулы. Праца цікавая, хоць спачатку здавалася даволі складанай, але за пару месяцаў я шмат чаму навучылася. І ў будучыні, мяркую, навучуся яшчэ большаму

Марыя КАРКВЕЛІС

 

print

Вам таксама можа спадабацца: