«Віват, першакурснік!» – гэтыя словы сталі для тысяч абітурыентаў доўгачаканым пропускам у новае, яркае жыццё. Штогадовае пасвячэнне ў студэнты БДУ не проста афіцыйная цырымонія, а маштабнае свята, якое на доўгія гады застанецца ў памяці кожнага ўдзельніка. Яно азначае пачатак вялікага падарожжа ў свет ведаў, самарэалізацыі і сапраўднага сяброўства, яднанне самых розных талентаў і характараў.
Урачыстая традыцыя напоўнена аўрай адзінства і радаснага чакання. Тут, у сценах вядучай ВНУ краіны, закладваецца фундамент будучых здзяйсненняў, нараджаюцца трывалыя сувязі і набываецца тая асаблівая студэнцкая ідэнтычнасць, якая адрознівае выпускнікоў БДУ. Свята сімвалізуе не толькі старт акадэмічнага шляху, але і адкрыццё новай главы асабістай гісторыі кожнага, гісторыі, поўнай адкрыццяў, амбіцый і бязмежных магчымасцяў.
Па традыцыі ўсіх прывіталі дэканы факультэтаў, з віншавальным словам звярнуўся рэктар Андрэй Кароль. У сваёй прамове ён адзначыў асаблівы, непераўзыдзены дух, які пануе на гэтым штогадовым свяце. Ён заклікаў новае пакаленне студэнтаў убачыць у прывітальным дэвізе не проста фармальнасць, а сапраўдны жыццёвы арыенцір.
- У выразе «Віват, студэнт!» закладзена глыбокае значэнне. Даслоўна фраза перакладаецца як «Хай жыве!». Але яе галоўная каштоўнасць – у важнасці знаходжання ў пастаянным руху, пошуку сябе, сваіх сэнсаў, пытанняў, самазмен. Гэта значыць, у поўнай сінхранізацыі сябе з дынамічным жыццём вакол, – растлумачыў рэктар.
Па словах рэктара, магутнасць універсітэта заснавана на моцнай сувязі эпох і дыялогу паміж рознымі пакаленнямі навукоўцаў і студэнтаў.
- Розныя шляхі і дарогі прывялі ў БДУ зусім розных людзей. Кожны з вас – гэта свой Сусвет, са сваім рытмам, каштоўнасцямі, місіяй і прызначэннем, – падкрэсліў кіраўнік ВНУ.
Гаворачы пра ўнікальны статус універсітэта, Андрэй Кароль падкрэсліў яго фундаментальную ролю ў гісторыі нацыі. БДУ стаў калыскай беларускай вышэйшай адукацыі і адпраўным пунктам для фарміравання інтэлектуальнай эліты краіны.
- Далейшая траекторыя ВНУ і развіццё краіны шмат у чым залежаць ад вашай ініцыятыўнасці, імкненняў, поспехаў у вучобе і самарэалізацыі, – звярнуўся да аўдыторыі рэктар.
Ён заклікаў студэнтаў смела даследаваць новыя гарызонты, не спыняцца ў пошуку і пажадаў, каб гады вучобы былі поўныя здароўя, узаемаразумення з выкладчыкамі, насычаныя яркімі падзеямі.
Першы курс – асабліва важны і хвалюючы этап, калі закладваецца фундамент усяго будучага ўніверсітэцкага жыцця. Гэта час як стараннай вучобы, так і актыўнага ўключэння ў новую супольнасць і пошукаў сяброў.
Ад імя ўсіх студэнтаў выступіла курсантка ваеннага факультэта Ганна Мурашка, якая паказала найвышэйшы вынік на ЦТ і ЦЭ.
- Сёння мы сталі часткай вялікай і сяброўскай сям’і БДУ. Гэта выклікае бясспрэчнае пачуццё гонару і накладае адказнасць. Цяпер ад нашых акадэмічных поспехаў, творчых і спартыўных дасягненняў залежыць сучаснае і будучае развіццё ўніверсітэта і ўсёй краіны, – заявіла яна.
Дзяўчына пажадала кожнаму знайсці ва ўніверсітэце крыніцу натхнення для смелых ідэй, рабіць асабістыя і акадэмічныя адкрыцці, набыць надзейных сяброў і не баяцца прымаць лёсавызначальныя рашэнні. Разам з Ганнай усе першакурснікі прачыталі ўрачыстую клятву.
Самі студэнты чакаюць ад мерапрыемства яркіх уражанняў і незабыўных эмоцый. Студэнты з розных факультэтаў спадзяюцца, што вечар запомніцца выдатнай музыкай, запальнымі выступленнямі і магчымасцю весела правесці час з новымі сябрамі. Многія прызнаюцца, што першы месяц вучобы ва ўніверсітэце пераўзышоў іх чаканні: іх атачае сяброўская атмасфера, а выкладчыкі аказваюцца цікавымі і кампетэнтнымі настаўнікамі. Нягледзячы на некаторыя трывогі з нагоды будучай сесіі, пануе энтузіязм і жаданне актыўна праявіць сябе як у вучобе, так і ў студэнцкім жыцці, каб стаць часткай вялікага і згуртаванага калектыву БДУ.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся і студэнткі-арганізатары, Вераніка і Яна. Дзяўчаты лічаць, што гэта сапраўды самае грандыёзнае і запамінальнае мерапрыемства ў БДУ!
- Помнім, як на першым курсе ў нас дрыжалі рукі і бегалі мурашкі ад хвалявання – гэтыя эмоцыі застануцца з намі назаўжды. Зараз мы ўдзельнічаем ужо як арганізатары, і, хоць уражанні іншыя, каштоўнасць самой падзеі не змяняецца. Хочам пажадаць усім першакурснікам смела ўварвацца ў студэнцкае жыццё, не баяцца праяўляць сябе і паказаць усе свае магчымасці. БДУ – менавіта тое месца, дзе важна рэкамендаваць сябе з найлепшага боку, бо гэта абавязкова прынясе плён у будучыні. Жадаем вам цярпення, яркіх уражанняў і ўпэўненасці ў сваіх сілах!
Валанцёры з філалагічнага факультэта лічаць, што першакурснікаў чакае неверагодна маштабная падзея, якая зарадзіць іх на ўсе гады вучобы. Па словах студэнтак другога курса, «Віват» – унікальная магчымасць сапраўды адчуць маштаб універсітэта, убачыць, колькі людзей збіраецца разам, і зразумець, што вы вучыцеся ў дзівосным месцы.
- Свята не проста старт, а важны момант для знаёмства з аднагрупнікамі і выкладчыкамі. Жадаем усім першакурснікам выдатнага вечара і раім не прапусціць ніводнай магчымасці ў гэты асаблівы дзень, – падсумавалі студэнткі.
«Віват» не сканчаецца, а толькі пачынаецца. Ён працягнецца на кожных занятках, дзе зададуць нязручнае пытанне, у кожнай лабараторыі, дзе паставяць смелы эксперымент, у кожнай студэнцкай ініцыятыве, якая зменіць жыццё ўніверсітэта да лепшага. Першакурснікі атрымалі матывацы. і адчулі сілу студэнцкага братэрства. Цяпер – час дзейнічаць: шукаць, памыляцца, знаходзіць і зноў шукаць. Час закахацца ў навуку, знайсці сяброў на ўсё жыццё і адкрыць у сабе сілы, пра якія яны і не падазравалі. Наперад, да новых здзяйсненняў! Віват, студэнт! Віват, БДУ!
Марыя КАРКВЕЛІС