Стагоддзе права: альма-матар беларускіх юрыстаў адзначае юбілей

16 Oct, 2025.

Юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначае стагоддзе з дня заснавання, падводзячы вынікі свайго значнага шляху ў развіцці беларускай юрыдычнай навукі і адукацыі. З моманту адкрыцця факультэт стаў цэнтрам падрыхтоўкі высокакваліфікаваных юрыстаў і навуковых кадраў, якія ўнеслі значны ўклад у заканадаўства і прававую практыку Беларусі. Пра тое, як адзначаць юбілей і што плануецца ў будучыні, расказаў дэкан юрыдычнага факультэта Андрэй Шыдлоўскі.

На ўвесь кастрычнік запланавана больш за 30 мерапрыемстваў. Кульмінацыяй з’яўляецца ўрачыстае адкрыццё Беларускага навукова-адукацыйнага кангрэса «Універсітэцкая прававая навука і юрыдычная адукацыя: да 100-годдзя юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Гэта будуць розныя канферэнцыі, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, секцыі па канкрэтных галінах права. Падрыхтавана і выдадзена энцыклапедыя «Юрыдычны факультэт: гісторыя і сучаснасць: да 100-годдзя з дня заснавання». Па выніках кангрэса выдадзены зборнік навуковых матэрыялаў. 23 кастрычніка 2025 г. для студэнтаў і супрацоўнікаў падраздзялення адбудзецца святочны канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі, – дзеліцца Андрэй Шыдлоўскі.

Гісторыя заснавання і развіццё

Гісторыя юрыдычнага факультэта неразрыўна звязана з гісторыяй развіцця беларускай дзяржаўнасці. Вытокі юрыдычнай навукі і адукацыі ў Беларусі знаходзяцца ў далёкай старажытнасці, калі ўпершыню на беларускіх землях у 1641 г. быў заснаваны юрыдычны факультэт у складзе Віленскай акадэміі, які пазней уваходзіў у склад Галоўнай школы ВКЛ (1773), Галоўнай Віленскай школы (1796), Віленскага ўніверсітэта (1803).

Адраджэнне развіцця беларускай юрыдычнай навукі і адукацыі звязана з адкрыццём у 1921 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ўключаў пяць факультэтаў (рабочы, грамадскіх навук, медыцынскі, сельскагаспадарчы і фізікаматэматычны). На факультэце грамадскіх навук функцыянавала прававое аддзяленне. Першым дэканам факультэта грамадскіх навук стаў прафесар У. М. Ігнатоўскі, а яго першымі выкладчыкамі былі Г. С. Гурвіч, У. М. Дурдзянеўскі, М. Б. Кроль, І. Т. Цітоў, М. В. Грэдзінгер, Б. В. Чрэдзін і інш. У 1925 г. БДУ выпусціў 130 юрыстаў.

У 1925 г. СНК Беларускай ССР пастанавіў адкрыць у Беларускім дзяржаўным універсітэце факультэт права і гаспадаркі. Дэканам прызначаны прафесар С. Я. Вольфсан. У 1925/1926 навучальным годзе на факультэце працавалі 12 прафесараў: У. І. Пічэта, С. Я. Вольфсан, А. В. Гарбуноў, М. В. Грэдзінгер, У. М. Дурдзянеўскі, М. В. Доўнар-Запольскі, С. З. Кацэнбоген, М. М. Краўчанка, М. А. Прыляжаеў, У. М. Перцаў, В. М. Шыраеў, Б. В. Чрэдзін

Уклад тых, дзякуючы каму мы жывём

За векавы перыяд альма-матар быў пройдзены вялікі і значны шлях. Юрыдычная школа мела розныя назвы і арганізацыйна-прававыя формы дзейнасці: факультэт права і гаспадаркі (1925), факультэт савецкага будаўніцтва і права (1930), Інстытут савецкага будаўніцтва і права (1931), Беларускі дзяржаўны юрыдычны інстытут (1932), Мінскі юрыдычны інстытут (1938), юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). Аднак заўсёды галоўным кірункам дзейнасці юрыдычнай школы з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных юрыстаў, выхаванне годных грамадзян Айчыны

Юбілей факультэта дазваляе ўспомніць важныя вехі і яскравыя старонкі гісторыі, а перш за ўсё людзей, якія яго стварылі, працавалі і вучыліся тут у розныя гады. Ветэраны вайны прыўнеслі ў юрыдычную навуку глыбокае разуменне справядлівасці і вяршэнства права, сфарміраваўшы ўнікальную прававую культуру, якая працягвае ўплываць на сучасную юрыдычную адукацыю і практыку.

Заснавальнікамі многіх навуковых юрыдычных школ былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі пакалення Пераможцаў – прафесары А. А. Галаўко, І. І. Гарэлік, В. А. Дарогін, С. Р. Драбязка, А. В. Дулаў, І. М. Ігнаценка, С. В. Курылёў, А. Ц. Лейзераў, Я. А. Мацвіенка, Г. А. Павецьеў, І. С. Цішкевіч, В. Ф. Чыгір, В. А. Шкурко, В. М. Шпілёў, М. Р. Юркевіч, Я. А. Юхо. Актыўны рух у развіцці юрыдычнай адукацыі ўніверсітэта задавалі франтавікі-выкладчыкі: дацэнты С. П. Бякешка, М. М. Гапановіч, К. В. Кічыгіна, М. М. Меркушаў, Я. Ф. Плюта, Я. М. Тагуноў, В. С. Швяцоў і інш.

Навуковыя школы за стагоддзе выхавалі не адно пакаленне таленавітых юрыстаў, высокаадукаваных спецыялістаў, годных грамадзян Беларусі, якія і зараз складаюць фундаментальны падмурак у падрыхтоўцы спецыялістаў для прававой сістэмы.

Вялікі ўклад у развіццё ўніверсітэцкай юрыдычнай адукацыі і навукі ўнеслі прафесары А. М. Абрамовіч, С. А. Балашэнка, Н. Л. Бандарэнка, А. У. Баркоў, В. М. Бібіла, Ю. П. Броўка, Р. А. Васілевіч, В. М. Гадуноў, І. А. Грунтоў, А. Я. Гучок, Т. І. Доўнар, А. Ф. Доўгань, А. М. Здрок, В. С. Камянкоў, Н. А. Карповіч, Т. І. Макарава, І. І. Марціновіч, М. В. Мяшчанава, Ю. І. Новік, А. Л. Савенак, М. В. Сторажаў, В. М. Талочка, Я. І. Функ, У. М. Хоміч, А. Г. Цікавенка, В. Г. Ціхіня, М. П. Чудакоў, В. І. Чупрыс, В. Б. Шабанаў, І. С. Шахрай, А. І. Швед, у развіццё палітычнай навукі – прафесары Н. А. Антан о в і ч, Л. Я. Землякоў, Г. А. Круглова, С. В. Рашэтнікаў.

Першыя ў навуцы, роўныя ў прызнанні

На факультэце вучыліся і выкладалі ў розныя гады: першая жанчына – доктар юрыдычных навук – Ізабэла Іванаўна Марціновіч (прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь), першая жанчына-прарэктар БДУ Вольга Іванаўна Чупрыс (зараз – намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь).

Гэтыя жанчыны сталі сімваламі прагрэсу ў галіне роўнасці і пашырэння магчымасцяў у навуковай і адукацыйнай сферах Беларусі, – падкрэслiў дэкан.

На працягу развіцця беларускай дзяржаўнасці навукоўцы юрыдычнага факультэта прымалі самы непасрэдны і актыўны ўдзел у распрацоўцы праектаў заканадаўчых актаў (у тым ліку кадыфікацыі).

Шэраг навукоўцаў факультэта ўключаны ў склад Прававога кансультатыўнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і групы экспертаў у галіне права пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Асноўныя склады дактароў юрыдычных навук ва ўсіх дзеючых доктарскіх саветах па абароне дысертацый па юрыдычных навуках у краіне прадстаўлены работнікамі юрыдычнага факультэта ўніверсітэта. Навукоўцы факультэта ўваходзяць у навукова-кансультатыўныя саветы пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь, Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь, іншых органах дзяржаўнай улады і кіравання; з’яўляюцца членамі Вышэйшай кваліфікацыйнай калегіі суддзяў Рэспублікі Беларусь, вучонага савета Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, рэдкалегій і рэдсаветаў вялікага кола беларускіх і замежных юрыдычных навуковых і навукова-практычных часопісаў, навуковых зборнікаў і інш.

На базе юрыдычнага факультэта БДУ дзейнічае навукова-метадычны савет па групе спецыяльнасцяў «Права», які аб’ядноўвае ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі краіны па падрыхтоўцы юрыстаў. Сапраўдны поспех і гонар факультэта – распрацоўка і выданне падручнікаў і навучальных дапаможнікаў (у тым ліку з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь), электронных навучальна-метадычных комплексаў, навукова-практычных каментарыяў, практыкумаў, даведнікаў па прававых пытаннях. У 2007–2014 гг. выдадзена чатырохтомная «Беларуская юрыдычная энцыклапедыя», з 2018 па 2025 год выходзіць у свет першы ў гісторыі беларускага крымінальнага права пяцітомны акадэмічны «Курс крымінальнага права» (цяпер завяршаецца работа над 4 і 5 тамамі).

Важна адзначыць, што з 1988 па 2016 г. факультэтам было выдадзена 27 зборнікаў «Права і дэмакратыя». А з 1969 г. выдаецца часопіс «Веснік БДУ. Серыя 3. Гісторыя. Эканоміка. Права» (тры разы ў год). На базе гэтых зборніка і часопіса ў 2017 г. быў выдадзены часопіс «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Права», які сёння з’яўляецца галоўным часопісам юрыдычнага напрамку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Неаднаразова навуковыя і навучальна-метадычныя выданні супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта БДУ станавіліся лаўрэатамі нацыянальных і міжнародных прэмій і ўзнагарод.

За векавую гісторыю юрыдычны факультэт падрыхтаваў больш за 35 000 юрыстаў. Сярод яго выпускнікоў – 84 заслужаныя юрысты Беларусі (БССР, Рэспублікі Беларусь), 3 заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь, 3 заслужаныя работнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь, 5 членаўкарэспандэнтаў НАН Беларусі. У іх ліку кіраўнікі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўных устаноў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычных місій і міжнародных арганізацый, вядомыя навукоўцы, грамадскія дзеячы, юрысты-практыкі.

З гонарам ідзём у будучыню

Сучасны факультэт спалучае гістарычныя традыцыі класічнай юрыдычнай адукацыі з інавацыйнымі падыходамі ў фундаментальных і прыкладных даследаваннях.

Таксама факультэту ёсць чым ганарыцца. У 2021 г. абсталяваны навучальныя залы судовых пасяджэнняў. З 2021 г. праводзіцца штогадовы прафарыентацыйны і грамадзянска-патрыятычны рэспубліканскі турнір «Сіла Закона» (ахоплівае звыш 30 000 навучэнцаў у год). А ў 2023 г. адкрыта інавацыйная пляцоўка сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама падрыхтавана платформа для віртуальнага (лічбавага) музея факультэта. Выдадзена кніга-энцыклапедыя да 100-годдзя факультэта.

Факультэт славіцца перамогамі студэнтаў на сусветных (алімпійскія чэмпіёны, чэмпіёны свету), рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах і інш. Знакавай падзеяй стала зацвярджэнне знака адзнакі «За заслугі»:

Гэта афіцыйны геральдычны сімвал, найвышэйшая ўзнагарода юрыдычнага факультэта БДУ, якая ўручаецца па рашэнні савета юрыдычнага факультэта за асаблівыя заслугі ў галіне юрыдычнай адукацыі, навукі і правапрымяняльнай практыкі, – падкрэслiў дэкан.

На факультэце атрымліваюць агульную вышэйшую адукацыю каля 3000 навучэнцаў: 1500 – дзённая форма, 1100 – завочная форма, 150 – другая і наступная вышэйшая адукацыя (завочная форма). Паглыбленую вышэйшую адукацыю атрымліваюць каля 50 магістрантаў, паглыбленую вышэйшую адукацыю на англійскай мове – 250 студэнтаў (навучэнцы замежных дзяржаў).

У структуру факультэта ўваходзяць 12 кафедраў, цэнтр адукацыйных інавацый, аддзел «Юрыдычная клініка», навучальная лабараторыя крыміналістычнай тэхнікі і судовых экспертыз, крыміналістычны палігон, музей юрыдычнага факультэта. На факультэце функцыянуюць навуковыя цэнтры: міжнародны навукова-адукацыйны цэнтр медыяцыі, прымірэння і трацейскіх працэдур, цэнтр дзяржаўна-прававой палітыкі і кіравання, цэнтр устойлівага развіцця.

На факультэце выкладаюць больш за 250 выкладчыкаў, у тым ліку вядомыя юрыстыпрактыкі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, 23 дактары навук, прафесары і 143 кандыдаты навук, дацэнты. Падрыхтоўку ажыццяўляюць заслужаныя юрысты, дзеячы навукі і работнікі адукацыі, прафесары і дацэнты, самыя лепшыя тэарэтыкі і практыкі ў сферы юрыспрудэнцыі. Факультэтам усталяваны цесныя сувязі з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, юрыдычнымі кансультацыямі, юрыдычнымі кампаніямі, навуковымі ўстановамі Беларусі і краін СНД, Еўразійскай эканамічнай супольнасці.

Юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – флагман айчыннай юрыдычнай навукі і класічнай універсітэцкай юрыдычнай адукацыі; вядучы навукова-адукацыйны юрыдычны цэнтр краіны. Сапраўдны гонар юрыдычнага факультэта – адораныя студэнты, вопытныя выкладчыкі, найлепшыя выпускнікі! Жадаю калектыву юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўсім яго выпускнікам росквіту і радасных падзей, новых асабістых дасягненняў і памятных перамог, прафесійнага даўгалецця і ўдачы! Са 100-годдзем, родны факультэт!

Таццяна САВІЦКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: