 Рэктару Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта Го ДУНМІНУ 13 мая быў уручаны дыплом ганаровага прафесара БДУ.
Рэктару Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта Го ДУНМІНУ 13 мая быў уручаны дыплом ганаровага прафесара БДУ.
Го Дунмін ужо шмат гадоў спрыяе супрацоўніцтву паміж ВНУ дзвюх краін. «Агульнае дзіця» – Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, створаны ў 2007 годзе, адзін з самых паспяховых праектаў. РІКК БДУ ў 2011 годзе прызналі адной з найлепшых падобных устаноў ва ўсім свеце.
У 2013 годзе РІКК БДУ правёў буйны Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя ў Мінску, а таксама наладзіў цесныя кантакты з іншымі кітайскімі партнёрамі. Гэта немагчыма было б зрабіць без падтрымкі Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта.
 Пра плённае ўзаемадзеянне з ДПУ распавёў рэктар БДУ Сяргей Абламейка:
«Дзякуючы акадэміку Го Дунміну ў нас моцна пашырылася навуковае супрацоўніцтва. Навукоўцы БДУ ажыццяўляюць разам з кітайскімі калегамі перспектыўныя даследаванні і рэалізавалі некалькі сур’ёзных праектаў. Гэта тычыцца як тэхнічных дысцыплін, так і гуманітарных».
У Кітаі Го Дунмін вядомы навуковец у галіне механікі і інжынерыі. Яго тэматыка – даследаванне новых тэхналогій, кантраляванай апрацоўкі кампазітных матэрыялаў. Ён узначальвае велізарную колькасць асацыяцый і камітэтаў, з’яўляецца віцэ-старшынёй кітайскага акадэмічнага савета па механіцы і інжынерыі.

 Акадэмік Го Дунмін падрыхтаваў 46 кандыдатаў навук, апублікаваў больш за 300 навуковых прац і 7 манаграфій. Ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі тэхналагічных вынаходстваў.
 Па традыцыі Савета БДУ рэктар ДПУ выступіў з лекцыяй, у якой расказаў пра адукацыю ў Кітаі і магчымасць абмену студэнтамі.
 Далянскі політэхнічны ўніверсітэт з’яўляецца адным з самых вядомых універсітэтаў КНР. Ён заснаваны ў 1949 годзе і размяшчаецца на самай паўднёвай частцы паўвострава, з трох бакоў якога мора. Таму тут проста прыемна вучыцца. Надвор’е заўсёды добрае: зімой не холадна, летам не горача.
 Ва ўніверсітэце навучаецца 36 тыс. студэнтаў, 10 тыс. магістрантаў і 4 тыс. аспірантаў.

 «Гэта галоўны тэхналагічны ўніверсітэт Кітая, які пастаянна развіваецца. За апошнія 30 гадоў мы пачалі рыхтаваць спецыялістаў у самых новых галінах, павялічылася колькасць гуманітарных навук, з’явіліся дысцыпліны, звязаныя з эканомікай і кіраваннем», – падкрэсліў рэктар ДПУ.
 У Кітаі сістэма вышэйшай адукацыі ў апошнія гады моцна змянілася, што звязана з хуткім развіццём эканомікі. Таму ёсць вялікія   магчымасці па развіцці адукацыі не толькі колькасна, але і якасна.
 Пад канец сустрэчы Го Дунмін шчыра запрасіў студэнтаў БДУ на стажыроўку ў Кітай.
 Таццяна МОРАВА
Відэа:

 
																								 
																								 
																								 
																								