Жанчыны года абвешчаны ў БДУ. Прызнанне, падарункі і турыстычныя пуцёўкі (+відэа)

20 Mar, 2017.

У юбілейным 2016 годзе ў нашым універсітэце стартаваў конкурс «Жанчына года БДУ», які праводзіўся ўпершыню. Сімвалічна, што імёны пераможцаў і лаўрэатаў былі названы на ўрачыстай цырымоніі ў самым пачатку вясны.

Конкурс адбыўся па ініцыятыве савета ГА «Саюз жанчын БДУ» сярод членаў арганізацыі па пяці намі­нацыях: навуковыя дасягненні, навукова-метадычныя дасягненні, кіраўнічая праца, праца са студэнтамі, найлепшы работнік (найлеп­шы ў прафесіі). У кожнай намінацыі былі вызначаны па 3 лаўрэаты і   адзін пераможца. У журы ўвахо­дзілі члены савета Саюза жанчын БДУ, прарэктары, прадстаўнікі   грамадскіх арганізацый, кіраўнікі падраздзяленняў БДУ, а таксама незалежныя эксперты.

Рэктар Сяргей Абламейка i старшыня савета ГА «Саюза жанчын БДУ» Ірына Казакова

На ўдзел у конкурсе было атрымана больш за 100 заявак. Пасля адбору ў адпаведнасці з крытэрыямі намінацый у фінал конкурсу выйшлі 27 чалавек. З іх – 5 пераможцаў, 10 лаўрэатаў і 12 фіналістаў-дыпламантаў конкурсу. У конкурсе бралі ўдзел і вылучалі кандыдатуры: геаграфічны факультэт, галоўнае ўпраўленне навучальнай і навукова-метадычнай работы, Інстытут жур­налістыкі, механіка-матэматычны факультэт, студэнцкі гарадок, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю, факультэт міжнародных адносін, факультэт філасофіі і сацыяльных навук, фізічны факультэт, філалагічны факультэт, Фундаментальная бібліятэка, хімічны факуль­тэт, юрыдычны факультэт. Правя­дзенне дадзенага конкурсу вык­лі­кала вялікую цікавасць універсітэцкай грамадскасці.


Урачысты фінал конкурсу «Жанчына года БДУ» і цырымонія ўзнагароджання адбыліся 2 сакавіка ў актавай зале ліцэя, дзе не было вольных месцаў. Фіналістаў прый­шлі павіншаваць іх кіраўнікі, калегі, студэнты, сем’і. Ушаноў­ванне найлепшых жанчын года БДУ шырока асвятлялася ў СМІ. У цырымоніі прынялі ўдзел: рэктар акадэмік  С. У. Абламейка, прарэктар па навучальнай і выхаваўчай рабоце   У. В. Сувораў, старшыня мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі М. П. Пазнякоў, прадстаўнікі пасольства Казахстана ў Беларусі і Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Усе фіналісты атрымалі прызы і падарункі ад Саюза жанчын БДУ. Сярод пераможцаў і лаўрэатаў  таксама былі разыграныя бясплатныя турыстычныя пуцёўкі – паездка ў Еўропу па маршруце Бельгія–  Галандыя, прадстаўленая турыс­тыч­най кампаніяй «Турлюкс», і паездка па Беларусі «Архітэктурныя і гістарычныя помнікі Міра і Нясвіжа» ад кампаніі «Белагратрэвэл». Дып­ламанты ж адправяцца на экс­клюзіўную экскурсію па Мінску з найлепшым экскурсаводам года Сяргеем Бусько.


Фінал конкурсу завяршыў святочны канцэрт, у арганізацыі якога вялікую дапамогу аказала «Настаўніцкая газета» і асабіста намеснік галоўнага рэдактара  У. У. Фалалееў, які разам са старшынёй савета ГА «Саюза жанчын БДУ» І. В. Казаковай былі бліс­кучымі вядучымі ўсёй ура­чыстай цырымоніі.

ПЕРАМОЖЦЫ КОНКУРСУ
«ЖАНЧЫНА ГОДА БДУ»:

НАМІНАЦЫЯ
НАВУКОВЫЯ ДАСЯГНЕННІ
Таццяна Румянцава, доктар філасофскіх навук, прафесар кафедры філасофіі культуры ФФСН.
Таццяна Румянцава на працягу многіх гадоў выкладае на факуль­тэце філасофіі і сацыяльных навук, яна ўкараніла ў навучальны працэс цэлы шэраг аўтарскіх курсаў і спецкурсаў для студэнтаў-філосафаў і гуманітарыяў БДУ. Яна актыўна займаецца навуковай працай, публікуе артыкулы, навукова-метадычныя і навучальныя дапаможнікі, слоўнікі, манаграфіі, змест якіх знаходзіць сваё адлюстраванне і практычную рэалізацыю ў адукацыйным працэсе. Удзельнічае ў працы міжнародных канферэнцый. Агульная колькасць апублікаваных ёю прац – 555. Сярод іх 8 мана­графій і 5 навучальных дапаможнікаў (два апошнія выйшлі ў 2014 і 2015 гг.), вялікая колькасць навуковых ар­тыкулаў, у тым ліку і ў прэстыжных часопісах і зборніках Расіі і далё­кага замежжа.


НАМІНАЦЫЯ
НАВУКОВА-МЕТАДЫЧНЫЯ ДАСЯГНЕННІ
Святлана Ганчарова-Грабоўская, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчыца кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта.
Асноўныя кірункі навуковай працы – гісторыя рускай літаратуры, паэтыка жанраў драматургіі. Адмысловы ўнёсак зрабіла ў распрацоўку тэорыі камедыі, трагікамедыі, камедыі-памфлета. Вялікая частка прац прысвечана рускай і беларускай драматургіі XX–XXI стст. (5 манаграфій, 10 навучальных дапаможнікаў, каля 300 артыкулаў). Міжнароднае прызнанне атрымала сярод літаратуразнаўцаў Расіі, Украіны,  Польшчы, Чэхіі, Літвы, Славакіі, Англіі, пра што сведчаць рэцэнзіі на яе публікацыі кніг і артыкулаў за мяжой, а таксама актыўнае цытаванне і спасылкі на навуковыя працы.
С. Я. Ганчарова-Грабоўская – лаўрэат прэміі У. Пічэты (2016) за навучальна-метадычны комплекс: «Сучасная руская драматургія» і «Сучасная беларуская (рускамоўная) драматургія». Да іх прыкладаецца зборнік навуковых артыкулаў, выдадзены таксама пад рэдакцыяй С. Я. Ганчаровай-Грабоўскай.


НАМІНАЦЫЯ
КІРАЎНІЧАЯ ПРАЦА
Людміла Хухлындзіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ.
Досвед кіраўнічай працы з 1978 г. Прымала актыўны ўдзел у ства­рэнні факультэта міжнародных адносін і з 1995 па 2006 г. працавала намеснікам дэкана ФМА. З 2006 г. – начальнік ГУВНМР. Кіравала распрацоўкай адукацыйных стандартаў, тыпавых і навучальных планаў трэцяга пакалення па ўсіх спецы­яльнасцях БДУ.
 Л. М. Хухлындзіна – прафесар кафедры міжнародных адносін. Пад яе кіраўніцтвам абаронена        4 кандыдацкія дысертацыі. Аўтар больш як 140 публікацый.
Удзельнічае ў правядзенні круглых сталоў у РІВШ па адукацыйных праграмах павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, а таксама для спецыялістаў, якія займаюцца арганізацыяй навучальнага працэсу ва УВА краіны.
Пры яе непасрэдным удзеле ў БДУ створана Сістэма менедж­менту якасці, якая адпавядае па­трабаванням ISO 9001. Л. М. Хух­лындзіна – член нацыянальнай гру­пы экспертаў па Балонскім працэсе.
Ганаравана медаля «За працоўныя заслугі» (2011) і звання «Заслужаны работнік БДУ» (2010). У 2016 годзе яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў і падзякамі міністра адукацыі Беларусі і рэктара БДУ.

НАМІНАЦЫЯ
ПРАЦА СА СТУДЭНТАМІ
Анжаліка Садоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта.
Чытае аўтарскія курсы «Беларус­кая этналінгвістыка», «Нацыяналь­на-культурны кампанент беларускай фразеалогіі», «Тэорыя і практыка перакладу фразеалагізмаў», з’яўляецца аўтарам манаграфіі «Фразеалагізмы з кампанентам-арнітонімам у беларускай мове:  этналінгвістычны аспект», кіраў­ні­ком фундаментальнай навуковай тэмы «Беларуская мова і трады­цыйная духоўная культура: пра­блемы метадалогіі і лексікагра­фічнае апісанне», кіраўніком сту­дэнцкага гуртка «Роднае слова», які стаў пераможцам конкурсу навуковых гурткоў БДУ–2016 у галіне гуманітарных навук.
Пад кіраўніцтвам А. Л. Садоў­скай апублікавана больш за 70 студэнцкіх навуковых работ, у тым ліку і ў замежных выданнях, падрыхтавана больш за 100 навуковых дакладаў студэнтаў, прадстаўленых на ўніверсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях; яе вучні станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, гасцямі перадач Першага канала Беларускага радыё і радыё «Сталіца», уладальнікамі імянных стыпендый імя Янкі Купалы, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, у розныя гады былі занесены на Дошку гонару БДУ і інш.

НАМІНАЦЫЯ
НАЙЛЕПШЫ РАБОТНІК (НАЙЛЕПШЫ Ў ПРАФЕСІІ)
Наталля Карбановіч – загадчыца аддзела камплектавання інфармацыйных рэсурсаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.
Наталля Леанідаўна самастойна распрацавала вялікую колькасць арганізацыйных і тэхналагічных дакументаў як на ўзроўні аддзела, так і Фундаментальнай бібліятэкі. З’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў Беларускага камунікатыўнага фармату прадстаўлення бібліяграфічных запісаў у машыначытальнай форме (BELMARC). Шмат сіл і ўвагі Наталля Леанідаўна надае працы з маладымі спецыялістамі. На працягу 16 гадоў з’яўляецца кіраўніком вытворчай практыкі студэнтаў факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ.

 


  ЛАЎРЭАТЫ КОНКУРСУ
«ЖАНЧЫНА ГОДА БДУ»

Лаўрэаты конкурсу «Жанчына года БДУ»

 

Намінацыя навуковыя дасягненні:

•    загадчыца кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій геаграфічнага факуль­тэта, доктар геаграфічных навук, прафесар Ядзвіга Яловічава
•    прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі доктар філалагічных навук Таццяна Арлова

Намінацыя навукова-метадычная праца:

•    загадчыца кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі, прафесар, доктар філалагічных навук Таццяна Дасаева
•    прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта доктар юрыдычных навук Таісія Доўнар

Намінацыя кіраўнічая праца

•    загадчыца кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта, дацэнт, кандыдат філалагічных навук Таццяна Казакова
•    дырэктар Студэнцкага гарадка Ала Мелех


Намінацыя праца са студэнтамі

•    начальнік аддзела моладзе­вых праграм і праектаў УВРМ Наталля Капацэвіч
•    дацэнт кафедры біяфізікі фізічнага факультэта кандыдат біялагічных навук Алена Каваленка

Намінацыя найлепшы работнік

•    начальнік службы засялення і рэгістрацыі Студэнцкага гарадка БДУ Алена Васільева
•    начальнік навучальнага цэнтра інфармацыйных тэхналогій філалагічнага факультэта Ганна Хайрова

ДЫПЛАМАНТЫ
КОНКУРСУ «ЖАНЧЫНА ГОДА БДУ»

Дыпламанты конкурсу «Жанчына года БДУ»

Намінацыя

навукова-метадычная праца:

•    дацэнт кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта кандыдат геаграфічных навук Юлія Глядко
•    дацэнт кафедры тэорыі функцыі ММФ кандыдат фіз.-мат. навук Вольга Далгаполава
•    дацэнт кафедры філасофіі і метадалогіі навукі ФФСН кандыдат філасофскіх навук Наталля Кісель
•    дацэнт кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі фізічнага факультэта кандыдат фіз.-мат. навук Алена Мельнікава

Намінацыя
кіраўнічая праца:

•    намеснік дэкана па навуковай працы ФМА, дацэнт, кандыдат эканамічных навук Вольга Малашанкава
•    намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі, загадчыца кафедры перыядычнага друку, дацэнт, кандыдат філалагічных навук Вольга Самусевіч

Намінацыя
праца са студэнтамі:

•    загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі, дацэнт, кандыдат філалагічных навук Людміла Саянкова
•    дацэнт кафедры раманскіх моў ФМА кандыдат філалагічных навук Таццяна Саладоўнікава
старшы выкладчык кафедры псіхалогіі ФФСН Галіна Фафа­нава
•    старшы выкладчык кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факуль­тэта Жанна Цабкала

Намінацыя
найлепшы работнік:

•    вядучы бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай працы і папулярызацыі кніжных помнікаў ФБ БДУ Ірына Шкіронак
•    вядучы спецыяліст дэканата факультэта міжнародных адносін Людміла Муслімава

Паводле інфармацыі
Саюза жанчын БДУ

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота ў архіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *