Інтэлектуальная сіла прыцягнення

1 Jun, 2016.

ДФ 2007_5

Invisible College – так называў знакаміты англійскі навуковец Роберт Бойль свой навуковы гурток, у якім ён і іншыя прыхільнікі «эксперыментальнай філасофіі» сустракаліся для палемікі з нагоды эксперыментальных даследаванняў.
Сёння навуковы гурток – самая распаўсюджаная форма творчага аб’яднання даследчыкаў па інтарэсах незалежна ад галіны навук.

Нефармальная структура, актыўная рата­цыя складу ўдзельнікаў і адкрыты характар навуковых дыскусій – галоўныя перавагі навуковага гуртка. Базісам навуковага лідарства як абавязковага атрыбута інтэ­лектуальнай супольнасці служыць успрымальнасць да новых ідэй, нестандартных падыходаў і педагагічнае майстэрства кі­раўніка. Адмысловая ўнутраная культура, агульнасць навуковай мовы і прыёмаў даследчай дзейнасці – яшчэ адна адметная прыкмета гэтай структурнай адзінкі навукі.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт налічвае 109 навуковых гурткоў, у працы якіх удзельнічае больш за 1700 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Яшчэ 10 гадоў таму гэтыя паказчыкі былі ўдвая меншымі.
Універсітэцкія навуковыя гурткі выконваюць шырэйшы спектр задач, чым «вольныя дыскусіі».
Першае. Навуковы гурток як сістэма фарміравання больш высокага ўзроўню акадэмічных і прафесійных кампетэнцый, чым прадугледжана адукацыйнымі стан­дартамі. З аднаго боку, гэта своеасаблівая зваротная рэакцыя ўніверсітэцкай навукі на ўсеагульную стандартызацыю ва ўмовах масавай вышэйшай адукацыі. З іншага – задавальненне адукацыйных запатраба­ванняў студэнтаў і працадаўцаў, што нарастаюць на фоне высокай канкурэнцыі выпускнікоў на рынку працы.BGU06
Прыладамі рашэння задач такога роду традыцыйна выступаюць лекцыі вядучых прафесараў універсітэта і ВНУ-партнёраў БДУ, акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сустрэчы-дыялогі з кіраўнікамі і спецыя­ліс­тамі-практыкамі. Напрыклад, на пасяджэннях навуковых гурткоў юрыдычнага факультэта абмяркоўваюцца актуальныя праблемы галін права, прадстаўляецца навуковае абгрунтаванне хуткіх і адбытых змен у зака­надаўстве, аналізуюцца праблемы тэорыі і практыкі праваўжывання.
«Каларытныя ілюстрацыі да самых складаных грамадзянска-прававых канструкцый, «сакрэтная методыка» – ключык да разумення грамадзянскага права» вызначае ў якасці канкурэнтнай перавагі сваіх гурткоўцаў навуковы кіраўнік, дацэнт І. М. Шчамялёва на кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта.
Студэнцкі навуковы гурток Museum пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка гістарычнага факультэта А. І. Кушніра стаў пляцоўкай для пашырэння ведаў студэнтаў у галіне музейнай справы праз кантакты з калекцыянерамі Беларусі і ўключэнне ў дзейнасць Міжнароднага савета музеяў (ICOM) па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.
Прыцягненне студэнтаў да навукова-даследчай дзейнасці, пачынаючы з малодшых курсаў, фарміруе навыкі інтэграцыі ведаў, развівае здольнасці спраўляцца са скла­данымі пытаннямі і выносіць меркаванні.
Для студэнтаў першага і другога курсаў фізічнага факультэта працуюць навуковыя гурткі на кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі (кіраўнік – дацэнт Я. А. Ушакоў), на кафедры біяфізікі (кіраўнік – прафесар     Р. Р. Марціновіч), на кафедры ядзернай фізікі гурток па радыёэлектроніцы (кіраўнік – дацэнт А. Я. Прахін).
На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі для студэнтаў другога курса дзейнічаюць навуковыя гурткі «Статыстычнае мадэляванне і аналіз дадзеных» (кіраўнік – дацэнт А. М. Арлова) і «Камп’ютарнае мадэляванне ў эканоміцы» (кіраўнік – дацэнт     У. І. Малюгін).

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Другое. Навуковы гурток як даследчы калектыў, які сумесна распрацоўвае адзінае праблемнае пытанне, даследчую праграму.
Больш за 5 гадоў функцыянуе на гістарычным факультэце навуковы гурток «Радавод», які распачаў сваю дзейнасць на хвалі цікавасці да генеалагічных пошукаў.
Тэматыка пасяджэнняў навуковых гурткоў, іх фармат з’яўляюцца дадатковым стымулам для развіцця навыкаў прафесійнай камунікацыі па кірунку спецыяльнасці з роўнымі па статусе, навуковай супольнасцю і спецыялістамі.
У якасці ўнікальнага досведу адзначым гурткі факультэтаў па падрыхтоўцы ўніверсітэцкіх каманд, якія ўдзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах і прафесійных конкурсах – ФПМІ, юрфак, ФМА і інш.
Трэцяе. Навуковы гурток – інкубатар, які актыўна ўзаемадзейнічае са сваімі выпускнікамі і дэманструе здольнасць да генерацыі новага пакалення даследчыкаў на аснове ўзаемасувязі студэнцкай навукі і пасляўніверсітэцкай адукацыі.
Праграма гуртка кафедры матэматычнага мадэлявання і аналізу дадзеных (кіраўнік – дацэнт У. І. Малюгін) факультэта прыкладной механікі і інфарматыкі з’яўляецца таму пацвярджэннем. Заняткі студэнтаў-гурт­коўцаў арганізаваны з удзелам выпускнікоў.
Яшчэ адзін прыклад гэтага факультэта: навуковы гурток «Дадатковыя часткі матэматычнага аналізу», які ўзначальвае аспірант  Д. І. Пірштук, уключаны ў рэспубліканскі банк адоранай моладзі і неаднаразова гана­ра­ваны заахвочваннямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
З ліку адораных студэнтаў універсітэта, якія прайшлі ў розныя гады школу інтэлектуальных студэнцкіх аб’яднанняў, 155 выпускнікоў паспяхова абаранілі дысертацыі і звязалі сваю прафесійную дзейнасць з навукай. У іх ліку 77 прафесарска-выкладчыцкіх і навуковых супрацоўнікоў БДУ.
Уносяць свае карэктывы ў традыцыі навуковых гурткоў і сучасныя ІТ-тэхналогіі. Электронны студэнцкі навуковы часопіс Historicus Iuvenis пачаў выдавацца ў 2015 годзе.
У глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт на сайце «УКантакце» створана група «Студэнцкая навука ФМА БДУ» (http://vk.com/student_science_fir_bsu).
Будучыя даследчыкі актыўна асвойваюць прафесійныя супольнасці LinkedIn, Google Academy і інш.
НаукаБГУСёння БДУ, займаючы высокія пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах універсітэтаў, вы­рашае больш амбіцыйную задачу: спрыяць паспяховай прафесійнай дзейнасці сваіх выпускнікоў у арганізацыях-лідарах розных галін.
Робячы стаўку на шматстайнасць формаў і метадаў арганізацыі навукова-даследчай працы студэнтаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прапануе новыя магчымасці навучэнцам, якія актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай працы.
У 2015 годзе загадам рэктара БДУ акадэміка С. У. Абламейкі заснаваны што­гадовы конкурс на найлепшы навуковы гурток, прыярытэтамі якога з’яўляюцца:
• спрыянне прасоўванню навуковых ідэй, гіпотэз і інавацый студэнтаў і магістрантаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай працы;
• стымуляванне настаўніцкай дзейнасці вядучых навукоўцаў, прафесарска-выкладчыцкага складу, у тым ліку тых, хто з’яўляецца куратарамі навучэнцаў, уключаных у банк дадзеных адоранай моладзі.
Конкурс прадугледжвае два этапы: на ўзроўні факультэта (інстытута, іншага структурнага падраздзялення) і ўніверсітэцкі.
Адметнай рысай першага этапу з’яўляецца ацэнка дасягненняў гурткоўцаў на прынцыпах акадэмічнай аўтаномнасці.
Другі – універсітэцкі – этап уключае дэманстрацыю своеасаблівага летапісу навуковага гуртка, якая прадстаўляецца ў выглядзе аўтаматычна прайграванай прэзен­тацыі (відэароліка). Пры гэтым на суд кам­петэнтнага журы (камісіі) прадстаў­ляюцца:
• найважнейшыя навуковыя дасягненні гуртка (за апошнія тры гады), у т. л. у галіне падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі;
• навуковыя ідэі, гіпотэзы, інавацыі гурткоўцаў (з указаннем мэтавай групы спажыўцоў, магчымай эканамічнай і сацыяльнай каштоўнасці навуковай ідэі);
• «навуковая лесвіца» выпускнікоў БДУ, якія працавалі ў навуковым гуртку ў розныя гады. Могуць быць прадстаўлены іх водгукі пра працу ў складзе калектыву даследчыкаў.
Навуковы кіраўнік мае магчымасць падзяліцца сваім педагагічным досведам, прыёмамі і метадамі стымулявання пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, асобаснымі педагагічнымі каштоўнасцямі.
Творчы палёт удзельнікаў абмяжоўваецца толькі часам прэзентацыі відэароліка – не больш за 7 хвілін.
Пераможцы конкурсу – найлепшыя навуковыя гурткі і іх навуковыя кіраўнікі – будуць адзначаны граматамі БДУ і грашовымі прэміямі, а таксама заслужаным грамадскім прызнаннем.
Арганізатары конкурсу прадугледзелі магчымасць удзелу прадстаўнікоў ар­гані­зацый-замоўцаў кадраў, інавацыйных прадпрыемстваў, бізнес-структур, дзяр­жаў­ных органаў кіравання і іншых арга­нізацый, зацікаўленых у прафесійным росце адоранай і таленавітай моладзі. Ім дадзена права ўсталявання ўласнай намінацыі.
Падрабязней з парадкам, умовамі і тэрмінамі правядзення конкурсу прапануем азнаёміцца на сайце НДРС БДУ (http://www.nirs.bsu.by).
Напрыканцы падкрэслім, што конкурс на найлепшы навуковы гурток дазволіць адкрыць новыя грані інтэлектуальных студэнцкіх супольнасцяў і падтрымаць ініцыятыву іх навуковых кіраўнікоў.

Наталля ШАВВО,
спецыяліст па падрыхтоўцы навуковых
работнікаў вышэйшай кваліфікацыі
Галоўнага ўпраўлення навукі

print

Вам таксама можа спадабацца: