Інстытут нямецкіх даследаванняў прапануе студэнтам і выкладчыкам стажыроўкі ў Германіі і Аўстрыі

17 Aug, 2017.

Інстытут нямецкіх даследаванняў быў заснаваны ў 1998 годзе ў рамках праграмы TRANSFORM Федэральнага ўрада Германіі. 3 кастрычніка 2011 года інстытут быў уключаны ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў студзені 2016 года быў пераназваны ў Інстытут вывучэння Германіі і Еўропы. Цэнтр «Інстытут нямецкіх даследаванняў» уключаны ў склад упраўлення міжнародных сувязяў і дзейнічае ў інтарэсах усіх факультэтаў і службаў БДУ, а таксама супрацоўнічае з іншымі ўніверсітэтамі Беларусі. Пра працу і поспехі гэтаў установы распавёў кіраўнік інстытута Уладзімір ЦІХАНАЎ і супрацоўніца інстытута Дар’я КУЧЫНСКАЯ.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці Інстытута нямецкіх даследаванняў як цэнтра адукацыі і кантактаў з’яўляюцца:
— Цэнтр сустрэч усіх, хто цікавіцца Германіяй;
— Спрыянне акадэмічнаму і практычнаму пазнанню Германіі;
— Нямецка-беларускае супрацоўніцтва і акадэмічная мабільнасць.

Праекты і праграмы:
— праграмы абмену з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі;
— курсы павышэння кваліфікацыі, што праводзяцца нямецкімі лектарамі;
— нямецкія моўныя курсы;
— дні інфармавання пра нямецкую і аўстрыйскую культуру і грамадства;
— арганізацыя тэматычных адукацыйных паездак;
— інфармацыйная падтрымка ахвотнікам вучыцца за мяжой;
— распрацоўка міжнародных адукацыйных праграм;
— арганізацыя форумаў і канферэнцый;
— міжнародныя летнія школы;
— спецыялізаваная бібліятэка на нямецкай мове;
— навуковыя публікацыі, падтрымка навуковага супрацоўніцтва.

У склад інстытута ўваходзяць лектар Германскай службы акадэмічных абменаў, нямецкі лектар з фонду Роберта Боша, лектар Аўстрыйскай службы акадэмічных абменаў і двое мясцовых беларускіх супрацоўнікаў.

Уладзімір ЦІХАНАЎ

Мы задалі некалькі пытанняў кіраўніку інстытута Уладзіміру ЦІХАНАВУ.

– Уладзімір Юр’евіч, ваш інстытут не стаіць на месцы. Кожны год распрацоўваюцца новыя праграмы і праекты, якія паспяхова дзейнічаюць на працягу шматлікіх гадоў. Распавядзіце пра іх падрабязней, калі ласка.

– З апошніх дасягненняў інстытута – магістарская праграма на англійскай мове “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” (Industrial Management) на базе эканамічнага факультэта з прыцягненнем выкладчыкаў іншых факультэтаў, якая дазваляе студэнтам атрымаць двайны дыплом. Спецыяльнасць рыхтуе кіраўнікоў сярэдняга звяна ў прамысловасці, сферы паслуг і дзяржкіраванні. Праграма праводзіцца БДУ сумесна з Універсітэтам прыкладных навук г. Мітвайда (Германія) пры падтрымцы Германскай службы акадэмічных абменаў. У рамках Праграмы партнёрства паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі прадугледжваецца вылучэнне стыпендый удзельнікам праграмы для навучання ў Германіі.

З 20 жніўня па 3 верасня сёлета будзе праводзіцца штогадовая міжнародная летняя школа з прыездам вялікай групы нямецкіх удзельнікаў (студэнтаў і магістрантаў). У ліку запланаваных мерапрыемстваў – правядзенне 30 жніўня круглага стала з запрашэннем супрацоўнікоў МЗС, пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь і іншых дзяржаўных структур.

Інстытут актыўна ўдзельнічае ў наладжванні навуковых і эканамічных сувязяў паміж Германіяй і Беларуссю. У прыватнасці, у кастрычніку ў Германіі будзе праведзены беларуска-германскі эканамічны форум “Беларусь-Саксонія” з удзелам зацікаўленых у супрацоўніцтве фірмаў абедзвюх краін. Будзе арганізаваны выезд беларускіх прадпрыемстваў з мэтай прыцягнення інвестыцыій, пошуку цікавасці да нашых фірмаў з боку нямецкіх партнёраў.

Мы спрабуем знайсці новыя навуковыя тэхналагічныя распрацоўкі, якія можна было б рэалізаваць сумесна. З падтрымкай інстытута хутка прыбудзе група нямецкіх навукоўцаў, якая сустрэнецца са спецыялістамі Магілёўскага заводу ліфтавага машынабудавання для сумеснай рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь новай германскай тэхналогіі.

– Годныя маштабы. Але ж гэта толькі пачатак. Ваша дзейнасць ахоплівае шматлікія сферы атрымання адукацыі і развіцця міжнародных адносін.

– Так, вядома. У нас ёсць сувязі з шэрагам германскіх універсітэтаў. Мы аказваем падтрымку пры напісанні дакументаў, робім пры неабходнасці пераклады з нямецкай на рускую. Калі навукоўцы шукаюць партнёра па сваіх навуковых доследах, мы рэкамендуем, дапамагаем у моўным плане і ў плане кантактаў.

Наш інстытут супрацоўнічае таксама з універсітэтам г. Клагенфурт у Аўстрыі. Там мы штогод атрымліваем дзве семестравыя стыпендыі для студэнтаў БДУ. Разлічваем на развіццё адносін з іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Аўстрыі ў найбліжэйшай будучыні, з улікам таго, што ў нас ёсць супрацоўнік з Аўстрыі, які працуе ў інстытуце, доктар Фларыян Рынеш.

Рэгулярна даюць кансультацыі лектары Германскай і Аўстрыйскай службаў акадэмічных абменаў ахвотнікам вучыцца ў Германіі: куды можна звярнуцца і як пісаць заяўкі, рэкамендуюць лінію паводзін з партнёрамі.
Праводзяцца курсы павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў замежных моў. У прыватнасці, для выкладчыкаў нямецкай мовы.

Інстытут завяршае праект праграмы Tempus. Стварэнне магістратуры для настаўнікаў нямецкай і англійскай моў. Ажыццяўляецца ён дыстанцыйным спосабам і патрабуе значнага часу.

Запрашаем усіх зацікаўленых у супрацоўніцтве і навучанні ў Германіі і Аўстрыі звяртацца да нас. Наш сайт – www.ifde.bsu.by.

Дар’я КУЧЫНСКАЯ

Супрацоўніца інстытута Дар’я КУЧЫНСКАЯ таксама адказала на нашыя пытанні.

– Дар’я, распавядзіце калі ласка пра свае ўпадабаныя праекты, бо вы непасрэдны ўдзельнік шматлікіх з іх.

– Акрамя вышэй сказанага жадалася б згадаць пра краіназнаўчыя курсы на нямецкай мове, нямецкія тыдні, семінары, фэсты нямецкіх кароткаметражных фільмаў.

З апошніх падзей такога кшталту прайшоў навуковы слэм 2017 г. Falling Walls. Гэта міжнародны конкурс, дзе ўдзельнікі робяць кароткую прэзентацыю сваіх навуковых дасягненняў хутка, цікава і з гумарам. Пераможцам нацыянальнага этапу конкурсу стаў магістрант Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Бурак. Аляксей вывучае матэматычнае мадэляванне і ўстойлівасць працэсаў. Менавіта Аляксей прадставіць Беларусь у лістападзе 2017 года на міжнародным конкурсе Falling Walls, які пройдзе ў Берліне.

Упершыню ў нашай краіне быў праведзены жаночы беларуска-нямецкі фэст raCAMAha ў Баранавічах, дзе была створана прастора для творчасці і дыскусій. У фэсце прынялі ўдзел больш за 60 жанчын з усёй краіны, а рэферэнтамі выступілі прафесіяналы з нямецкага і беларускага боку.

Рэгулярна ладзім каляды разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і з удзелам нямецкага пасольства. Так званыя беларуска-нямецкія калядкі. Кожны год на свяце збіраюцца школьнікі, студэнты і ўсе, хто мае цікавасць да калядных традыцый абедзвюх краін.

Сумесна з цэнтрам турыстычных паслуг Universum ІБМТ БДУ падтрымлівае праекты, звязаныя з адукацыйным выездам нашых студэнтаў і супрацоўнікаў за мяжу.

У вясновым семестры пачнецца падрыхтоўка нашым высокакваліфікаваным выкладчыкам да здачы іспыту па нямецкай мове TestDaf.

У нас у інстытуце ёсць нямецкая бібліятэка, дзе змяшчаецца больш за 3000 тамоў па эканоміцы, гісторыі, юрыдычных навуках, краіназнаўстве, міжнародных адносінах. Абсалютна ўсе могуць да нас прыйсці, запісацца і карыстацца гэтай бібліятэкай, беручы кнігі да сябе дахаты ці вывучаючы іх на месцы. Гэта найбуйная спецыялізаваная нямецкая бібліятэка ў Рэспубліцы Беларусь.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт дае неабмежаваныя магчымасці для павышэння ўзроўню адукацыі, навуковай творчасці і міжнароднага супрацоўніцтва. Застаецца толькі разлічваць на актыўную пазіцыю ахвотнікаў скарыстацца гэтымі рэсурсамі для перспектыўнай бліскучай будучыні.

Таццяна БАГАМАЗАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: