Клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”, які створаны пры Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта больш як чатыры гады назад, з цікавасцю і надзеяй назіраў за літаратурным конкурсам, які прайшоў ва ўніверсітэце ў адыходзячым годзе і быў прысвечаны Году малой радзімы. Конкурс пад назваю “Я гэты край радзімаю заву” аб’яднаў студэнтаў розных факультэтаў жаданнем прысвяціць дарагім сэрцу мястэчкам, дзе яны нарадзіліся і выраслі, свае лепшыя літаратурныя радкі. Такім чынам выявіліся новыя аматары мастацкага слова, якія спадяемся папоўняць рады ўніверсітэцкіх клумбаўцаў.
Напрыканцы года на філалагічным факультэце БДУ прайшло падвядзенне вынікаў конкурсу .
У склад журы ўвайшлі кандыдат філалагічных навук, намеснік дэкана факультэта журналістыкі Фёдар Драбеня , кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Ігар Запрудскі і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Славяна Шамякіна.
Дасведчанае журы вызначыла дзесяць пераможцаў. Сярод іх аказаліся студэнты факультэта журналістыкі, філалагічнага і біялагічнага факультэтаў, а таксама дзяржаўнага экалагічнага інстытута БДУ імя Сахарава і навучэнка ліцэя БДУ Вольга Нікіценка, якая стала пераможцай ў намінацыі “Вершы”. Лепшымі ў паэтычным жанры аказаліся таксама студэнтка філалагічнага факультэта Віалета Ускова і студэнтка факультэта журналістыкі Кацярына Ігнатовіч.
А вось ў намінацыі “Апавяданне” аўтарытэтнае журы вызначыла толькі адну пераможцу. Ёю стала Кацярына Тарасава, першакурсніца факультэта журналістыкі.
Намінацыю “Эсэ” раздзялілі паміж сабою філалагіня Віялета Ускова і журналістка Кацярына Касцевіч.
Студэнткі факультэта журналістыкі Лейчанка Анастасія, Кастэнка Елізавета і Марыя Мядзьведзева не аддалі пальму першынства іншым факультэтам і ў намінацыі “Артыкулы” раздзялілі яе паміж сабою.
На жаль, толькі па аднаму канкурсанту прынялі ўдзел у намінацыях “Рэпартаж”, “Інтэрв’ю” і “Фэнтазі”, але аўтарскія работы аказаліся дастаткова цікавымі і журы вызначыла іх аўтараў дыпламантамі конкурсу
Імі сталі студэнтка факультэта журналістыкі Кацярына Касцевіч, студэнтка міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава Анастасія Лубнеўская і Надзея Лазерка, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ.
На літаратурным свяце пераможцы і лаўрэаты конкурсу натхнёна чыталі ўрыўкі з сваіх твора. А студэнты першага курса гістарычнага факультэта на памяць дэкламавалі вершы А. Пісьмянкова і Я. Янішчыц , а таксама выконвалі песні на словы Ул. Караткевіча і Лявона Вольскага .
На роднай мове, з добрым імпэтам вялі вечарыну Мікіта Крыцук, пяцікурснік факультэта міжнародных адносін, і філалагіня-першакурсніца Маша Пятрэнка.
Ганаровым госцем на свяце стаў лаўрэат нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, пісьменнік Міхаіл Пазнякоў, які ўважліва прачытаў работы ўдзельнікаў конкурсу і лепшых узнагародзіў дыпломамі і памятнымі падарункамі ад Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Так сярод вызначаных аказаліся яшчэ Ганна Сакалова і Мацвей Зайцаў, студэнты факультэта журналістыкі, а таксама Аляксандр Паршанкоў, студэнт гістарычнага факультэта БДУ.
Удзельнікаў конкурсу павіншавала прафесар, доктар філалагічных навук, намеснік старшыні першаснай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» БДУ і старшыня грамацкага аб’яднання “Саюза жанчын БДУ” Ірына Казакова.
Ад імя азначаных аб’яднанняў, арганізатараў конкурсу, яна ўручыла пераможцам памятныя сувеніры.
На падвядзенні вынікаў конкурсу акрамя яго ўдзельнікаў прысутнічалі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, а таксама супрацоўнікі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, якая была адным з галоўных конкурсных арганізатараў.
Перад тым як уручыць дыпломы пераможцам, дырэктар бібліятэкі Уладзімір Кулажанка пажадаў усім удзельнікам абавязкова прадаўжаць займацца літаратурнаю справаю і звярнуў іх увагу на літаратурны клуб “КЛУмБа”, які з’яўляецца гонарам бібліятэкі і ўжо мае сваю добрую гісторыю.
Кіраўнік клуба, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, маладая паэтка Кацярына Роўда запрасіла ўсіх, хто шчыра цікавіцца мастацкім словам, апантаны літаратурнай творчасцю, каму не стае зацікаўленых чытачоў i магчымасцi выступаць на ўсемагчымых пляцоўках i форумах краiны, папоўніць рады перспектыўнага моладзевага аб’яднання “КЛУмБа”.
І тут жа, пасля ўрачыстасці, ў чытальнай зале фiлалагiчнага факультэта адбылося iмправiзаванае пасяджэнне літаратурнага клуба, у якiм асаблівую зацiкаўленасць і актыўнасць праявілі ўдзельнiкi конкурсу. Усцешыла жаданне творчай моладзi БДУ працаваць, развiвацца, несцi ў cвет шчырасць, наталяць i наталяцца добрым мастацкім словам.
Ірына ШКІРОНАК

