Лічбавая трансфармацыя: погляд знутры [+відэа]

26 Dec, 2018.

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук, а таксама факультэт журналістыкі БДУ сталі пляцоўкай для правядзення круглага стала "Чалавек, цывілізацыя, культура ў эпоху лічбавай трансфармацыі", арганізаванага па ініцыятыве прэзідыума прафесарскага сходу БДУ сумесна з саветам маладых навукоўцаў універсітэта.

Змяненне чалавечага грамадства, звязанае з паўсюдным распаўсюджаннем і ўвядзеннем ва ўжытак лічбавых тэхналогій, было адным з галоўных пытанняў для абмеркавання маладымі навукоўцамі, прадстаўнікамі розных навуковых кірункаў ад гуманітарнага да прыродазнаўчанавуковага, заслужанымі прафесарамі і экспертамі з ліку спецыялістаў у гэтай галіне. Выкладчык кафедры філасофіі і метадалогіі навук ФФСН БДУ І. М. Калядка  у сваім выступленні "Інфармацыйнае грамадства: перспектывы і сацыякультурныя рызыкі", у прыватнасці, адзначаў, што "інфармацыйныя тэхналогіі сёння становяцца значным сацыяльным і ідэалагічным рэсурсам" і што "мноства людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у дынаміцы прасторы электронных сеткавых камунікацый, валодае шэрагам характэрных рыс, што фарміруюць свайго роду новы тып асобы". У дакладзе "Лічбавая эканоміка: будучыня сферы працы" старшага выкладчыка кафедры міжнародных эканамічных адносін ФМА БДУ Г. Г. Галавенчык было падкрэслена, што "развіццё рынку працы на аснове лічбавых тэхналогій прыводзіць да мадэрнізацыі працоўных адносін і што адным з найбольш распаўсюджаных відаў працоўных адносін у лічбавай эканоміцы становіцца праца дома. За ўкараненнем лічбавай эканомікі будучыня", – падкрэсліла дакладчыца.

Выступленне старшага выкладчыка кафедры тэхналогій камунікацыі ФЖ БДУ Г. А. Навуменкі

Тэмай выступлення старшага выкладчыка кафедры тэхналогій камунікацыі ФЖ БДУ Г. А. Навуменкі стала "Медыятызацыя як трэнд сучасных арганізацый". “Сёння карпарацыі, кампаніі, арганізацыі не толькі размяшчаюць свае паведамленні, прэс-рэлізы і дзеляцца навінамі са СМІ, але і самі з'яўляюцца стваральнікамі новых паведамленняў. Ва ўмовах лічбавай трансфармацыі кожная арганізацыя прымае на сябе функцыі медыя і становіцца медыя. БДУ можна назваць медыяхолдынгам, які не толькі транслюе ў СМІ паведамленні, але і стварае вялікую колькасць уласнага кантэнту для розных аўдыторый (для студэнтаў, унутраных арганізацый, супрацоўнікаў і інш.)”, – адзначала Г. А. Навуменка.

Асаблівую цікавасць у прысутных выклікаў даклад "Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў кантэксце лічбавай трансфармацыі: досвед фізічнага факультэта БДУ" малодшага навуковага супрацоўніка кафедры камп'ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ А. С. Фядотава.

“Сучасны ўніверсітэт – гэта дынамічная сістэма, якой неабходнае пастаяннае развіццё як навукі, так і формаў навучання, – сцвярджаў малады навуковец. – Лічбавая трансфармацыя ўплывае на формы навучання. Рынак працы прад'яўляе патрабаванні да выпускнікоў, такім чынам змяняючы навучальныя праграмы БДУ (прынамсі так павінна быць), а БДУ фарміруе рынак працы, паколькі кампетэнцыі спецыялістаў, якія трапляюць на гэты рынак, ствараюцца ўніверсітэтам”, – адзначаў А. С. Фядотаў.

Даклады маладых навукоўцаў выклікалі ў прысутных шмат пытанняў, што перарасло ў ажыўленую дыскусію. З вялікай цікавасцю былі выслуханы меркаванні спецыяльна запрошаных экспертаў, спецыялістаў у галіне лічбавых тэхналогій Ю. І. Варатніцкага , загадчыка кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій БДУ, а таксама Я. М. Радыны , кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта механіка-матэматычнага факультэта БДУ.

Старшыня прафесарскага сходу БДУ, доктар філасофскіх навук, прафесар, загадчык кафедры філасофіі і метадолагі навукі ФФСН Анатоль Зелянкоў

“Тэма лічбавай трансфармацыі важная не толькі для ВНУ, але для грамадства ў цэлым і нашай сістэмы адукацыі. Тое, як мы бачым лічбавую трансфармацыю, вызначае нашу працу са студэнтамі з пункта гледжання выкладчыкаў і тое, як студэнты будуць бачыць нас. Гэта сустрэча будзе пачаткам перспектыўнага супрацоўніцтва паміж саветам маладых навукоўцаў, прафесарскім сходам, паміж старэйшым і маладым пакаленнямі навукоўцаў БДУ, – адзначалі, падводзячы вынікі круглага стала яго мадэратары – старшыня прафесарскага сходу БДУ, доктар філасофскіх навук, прафесар, загадчык кафедры філасофіі і метадолагі навукі ФФСН Анатоль Зелянкоў і старшыня савета маладых навукоўцаў БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі Алеся  Кузьмінава.

Старшыня савета маладых навукоўцаў БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі Алеся Кузьмінава

У выніку дыялогу "Чалавек, цывілізацыя, культура ў эпоху лічбавай трансфармацыі" прэзідыумам прафесарскага сходу і саветам маладых навукоўцаў былі прыняты наступныя заключныя рэкамендацыі:

  1. Стварыць міждысцыплінарны творчы калектыў з прадстаўнікоў прафесараў і маладых навукоўцаў БДУ для выканання даследчага праекта, накіраванага на распрацоўку сучасных камунікацыйна-інфармацыйных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў выкладанні сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.
  2. Савету маладых навукоўцаў БДУ звярнуць асаблівую ўвагу на папулярызацыю тэматыкі навуковых даследаванняў па лічбавай трансфармацыі з улікам нацыянальнай спецыфікі.
  3. Факультэту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУ арганізаваць курсы, арыентаваныя на засваенне інавацыйных адукацыйных тэхналогій для ПВС БДУ.

Абмеркаванне дакладаў удзельнікаў, меркаванні фіксаваных экспертаў, адкрыты мікрафон і рэзюмэ ў выглядзе рэкамендацый – старт для развіцця дыялогу паміж рознымі пакаленнямі, для вырашэння шэрагу пытанняў і пераадолення магчымых рызык навукоўцамі БДУ.

Крысціна КЕЧКО
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: