Пра ролю асоб. У БДУ ўзнагародзілі найлепшых студэнтаў за 2019 год

29 Jan, 2020.

Пераможцамі і лаўрэатамі штогадовага конкурсу сталі 18 таленавітых студэнтаў, якія за 2018/2019 навучальны год дасягнулі значных вынікаў у галіне навукі, культуры, спорту, студэнцкага самакіравання. 6 з іх атрымалі  галоўнаю узнагароду па чатырох намінацыях.

Конкурс «Студэнт года БДУ» праводзіцца для студэнтаў першай і другой формы атрымання вышэйшай адукацыі, якія дасягнулі значных вынікаў у навуцы, спорце, культуры, студэнцкай актыўнасці за мінулы год. У чатырох намінацыях шэсць пераможцаў і 12 лаўрэатаў. Экспертная камісія разгледзела 49 заявак ад прадстаўнікоў 17 факультэтаў і ўстаноў адукацыі. Сёлета ў намінацыю «Спорт» падалі тры заяўкі, у «Культуру» – шэсць, «Навуку» – 16, а больш за ўсё ў намінацыю «Лідар» – 24 заяўкі. 

Універсітэт дае пляцоўку, дзе студэнты могуць раскрыць таленты і рэалізаваць задумкі ў выглядзе праектаў ці творчасці. У актывістаў адразу ж знаходзяцца аднадумцы, гатовыя разам ствараць новае і паляпшаць свет, а БДУ падтрымлівае іх сваімі рэсурсамі. Поспехі ў гэтай справе захапляюць – і ўніверсітэт гатовы адзначыць заслугі і ўзнагародзіць найлепшых студэнтаў.

Першы прарэктар БДУ Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ падкрэсліў, што наш універсітэт будуецца на ўзаемадзеянні абсалютна розных людзей: філолагаў, фізікаў, хімікаў, матэматыкаў. Гэта і робіць нас найлепшай ВНУ. Ён павіншаваў студэнтаў з тым, што яны займаюцца ўлюбёнай справай, а значыць, хутка будуць працаваць па спецыяльнасці ці працягваць сваю адукацыю.

Уручаючы ўзнагароды пераможцам, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван ЯНУШЭВІЧ звярнуў увагу на ўнікальную асаблівасць конкурсаў. Яны аб’ядноўваюць студэнтаў і іх навуковых кіраўнікоў, што надае БДУ дадатковую рухальную сілу. Начальнік цэнтра карпаратыўных камунікацый Таццяна ЗАЙКОЎСКАЯ, узнагароджваючы канкурсантаў, пажадала ім заставацца мэтанакіраванымі і заўсёды і ва ўсім быць першымі.

Эльжбета СКШЫДЛЕЎСКА, студэнтка магістратуры юрыдычнага факультэта, пераможца ў намінацыі «Навука»: «Гультайства не для мяне»

Перамога ў гэтай намінацыі ўжо трэцяя запар. Мне важная наяўнасць выніку, абавязкова ўвасабляць думкі. Дарэчы, не люблю чытаць кнігі – пачынаю засынаць. Таму чытаю толькі юрыдычныя і псіхалагічныя кнігі, цікавая тэма матывацыі.

У мяне такі характар: калі штосьці зачэпіць, там і застаюся. Так было са спортам: у мяне ёсць разрады па лёгкай атлетыцы і кулявой стральбе. Узнагароды па веласпорце, спартыўным арыентаванні – адно захопіць, і іду адразу далей. На першым курсе юрфака зачапіла грамадская дзейнасць. Так у маім жыцці з’явіліся прафкам БДУ і творчая студыя «МіМ-БДУ». Затым зацягнула і не адпускае ўжо навуковая дзейнасць, зараз у мяне ўсе хобі ў гэтай галіне.

Я ўвесь час падарожнічаю, выступаю на навуковых канферэнцыях у розных краінах і гарадах. Аднак у студэнцтве зарабіць на канферэнцыях, каб шмат падарожнічаць, практычна нерэальна. Навука становіцца прыбытковай, калі ты ў ёй шмат гадоў. Гранты з вялікімі грашовымі фондамі даюцца навукоўцам са ступенямі. Розны менталітэт і рознае стаўленне нават да маёй навуковай тэматыкі. Я абрала спецыфічную і новую тэму – медыяцыя ў крымінальным працэсе. Пару гадоў я яе распрацоўвала, і вось яна стала трэндам, а мая праца – запатрабаванай. Усім студэнтам раю знайсці тэму і праблематыку, для якой яшчэ не знойдзена рашэння, і будзьце ёй верныя, метадычна даследуючы і распрацоўваючы.

Раман ШУЛІНСКІ, студэнт 5 курса біялагічнага факультэта, пераможца ў намінацыі «Навука»: «Сыходжу з факультэта пад закрыццё і зноў прыходжу рана раніцай»

— Сёлета праект «Праграмнае забеспячэнне для таргетаванай зборкі мэтавых генаў з дадзеных поўнагеномнага секвеніравання», які мы зрабілі разам з Уладзіславам Вярцёлкам, перамог у конкурсе грантаў студэнтаў і аспірантаў БДУ. Мэта праекта — спрасціць працэс чытання геному, які называецца секвеніраваннем. Мы распрацавалі праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе гэта зрабіць.

Дарэчы, праект не асноўны мой занятак, а больш хобі. Вось ужо пяць гадоў я працую ў БДУ і цесна звязаны са СНДЛ біяінфарматыкі і малекулярнай эвалюцыі жывёл. Мяне вельмі захапляе навуковая дзейнасць, часам я сыходжу з факультэта пад закрыццё і зноў прыходжу рана раніцай. Перыядычна я з’язджаю ў Маскву на стажыроўкі ў Інстытут праблем перадачы інфармацыі імя Харкевіча РАН. У ім працуе «рок-зорка» біяінфарматыкі Міхаіл Гельфанд, які супрацоўнічае з маёй навуковым кіраўніком Нінай Воранавай і курыруе мяне падчас стажыроўкі.

Вольнага часу застаецца вельмі мала, вялікую частку вырывае асабістае жыццё, іншую вось ужо шэсць гадоў аддаю акрабатычным скачкам. Люблю іграць на гітары і паглядзець навучальныя лекцыі.

Вераніка ЦУБІКАВА, студэнтка 5 курса біялагічнага факультэта, пераможца ў намінацыі «Культура»: «У нейкі момант адкрываецца другое дыханне – і я працую 20 гадзін у суткі»

— Я вучуся на спецыяльнасці «біяхімія лекавых сродкаў», адной з самых складаных на факультэце. У той жа час я актыўна выступаю на тэлебачанні, канцэртах, запісваю песні і кліпы. Я навучылася паспяваць усё і спалучаць шмат важных рэчаў у жыцці. Сакрэт у тым, што я здолела знаходзіць унутраныя рэсурсы дзякуючы таму, што раблю. Гэта мяне натхняе, і я атрымліваю энергію ў адказ, імкнуся рабіць больш. Калі гаварыць пра творчасць, гэта фідбэк ад гледачоў на мае выступленні, песні, кліпы. Ёсць людзі, якія назапашваюць энергію, нічога не робячы. А я наадварот: чым больш раблю, чым больш “нон-стоп”, тым больш энергіі. У нейкі момант адкрываецца другое дыханне, і я працую 20 гадзін у суткі, і мне гэта вельмі падабаецца. Калі ў мяне незагружаныя перыяды, як, напрыклад, сесія, я пачынаю перажываць, нервавацца, хвалявацца, што штосьці прапускаю.

Галоўнае правіла – каб табе падабалася тое, што ты робіш! Таму я паспяхова сумяшчаю вучобу і культурную дзейнасць, і ўсё паспяваю. Сёлета я заканчваю біяфак, і, хутчэй за ўсё, паступлю ў магістратуру на журфаку, мне б вельмі хацелася застацца ва ўніверсітэце яшчэ на год. Не хочацца з ім раставацца – і гэта спецыяльнасць блізкая маёй творчай кар’еры.

Міхаіл САЛАНЕНКА, студэнт 3 курса механіка-матэматычнага факультэта, пераможца ў намінацыі «Спорт»: «Паддацца, каб перамагчы»

— Я займаюся дзюдо з 12 гадоў, трэніруюся кожны дзень. Гэта японскі від спорту, яго філасофія і задача – паддацца, каб перамагчы. Я вельмі рады, што стаў студэнтам года, вельмі гэтага хацеў і імкнуўся. І цяпер сапраўда шчаслівы! Я займаюся няпростым відам спорту, тут трэба шмат думаць, разлічваць, у гэтым мне карысная любоў да дакладных навук. Дзякуючы ёй я паступіў на мехмат. У вольны час люблю слухаць музыку, іграць на гітары, асабліва ў кампаніі ля вогнішча, тады я магу яшчэ і праспяваць. Люблю актыўны адпачынак: паход у горы з палаткамі, адпачынак на моры, рыбалка, туры-вандраванні.

Аліса СЕЛЯЗНЁВА, студэнтка 3 курса МДЭІ імя Сахарава, пераможца ў намінацыі «Лідар»: «У мяне заўсёды ёсць энергія, якую я хачу ўкласці ў студэнцкі актывізм»

— Мая актыўнасць умацавалася яшчэ ў кадэцкім вучылішчы: там нельга нічым не займацца, мы заўсёды знаходзілі сабе занятак. Для мяне адпачынак – гэта змена дзейнасці, таму ў мяне заўсёды ёсць энергія, якую я хачу ўкласці ў студэнцкі актывізм. У 2019 годзе ў мяне быў «пік»: я стала старшынёй жылога комплексу ў Пятроўшчыне, сакратаром Студэнцкай асамблеі БДУ, старшынёй Каардынацыйнага савета БДУ. Я паказала ўсім, што я магу, і я рада ўнесці і працягваць уносіць свой уклад ва ўніверсітэт.

Я ў Каардынацыйным савеце таму, што я зразумела: гэта тое месца, у якім я хачу быць. Гэта тая самая сям’я, якая з’явілася ў мяне ў Мінску, тая самая падтрымка, якая мне была патрэбная на першым курсе. Вольны час у самакіраванні бывае рэдка, у хвіліны адпачынку думкі самі накіроўваюцца ў гэту галіну.

З майго «вядомага» імя шмат хто жартуе, я 19 гадоў чую гэты жарт, але кожны раз імкнуся падтрымліваць. Само імя Аліса мне вельмі падабаецца, яно рэдкае, напэўна, таму я лічу сябе не зусім звычайнай. Я люблю займацца фатаграфіяй, сёлета я выйграла фотакрос «Восеньскі букет», манцірую відэа. Часам пішу вершы, але мала каму паказваю, бо гэта асабістае, для сябе. Але, магчыма, я калі-небудзь адкрыюся свету.

Юлія АТРОШЧАНКА, студэнтка 4 курса эканамічнага факультэта, пераможца ў намінацыі «Лідар»: «Ніводны пераможца не верыць у выпадковасць»

— Успрымаю БДУ не толькі як месца, дзе магу атрымаць веды па дысцыплінах, але і як месца, дзе магу навучыцца жыць. Я вельмі рада, і ўдзячная ўніверсітэту, што ёсць такая магчымасць. Я цесна займаюся навуковай дзейнасцю: напісана каля 15 навуковы артыкулаў, частка якіх узяла прызавыя месцы на конкурсах. У грамадскай дзейнасці маё сэрца належыць прафкаму БДУ. Мне падабаецца, што тут сапраўды вырашаюць важныя для студэнтаў пытанні і дапамагаюць ім падчас навучання і не толькі. У добрым і суладным калектыве з задавальненнем хочацца працаваць і развівацца. Я арганізоўваю мерапрыемствы на ўзроўні факультэта і ўніверсітэта, напрыклад, «Вакацыі ў Лагойску», Bright Fest BSU, «Віват, студэнт!».

Я прафесійна спяваю ўжо 11 гадоў: фіналістка адбору на «Дзіцячае Еўрабачанне» ў 2010 і 2012 гадах, перамагала ў шматлікіх міжнародных конкурсах і фэстах. Стала стыпендыятам прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Цяпер таксама займаюся вакалам, рэжысурай, харэаграфіяй! Мой дэвіз па жыцці: «Ніводны пераможца не верыць у выпадковасць», у чым пераконваюся з кожным годам усё больш і больш, бо толькі дзякуючы зацятай працы можна дамагчыся вышынь.

 

Лаўрэаты конкурсу «Студэнт года 2019»

Намінацыя «Спорт»:

Пераможца Міхаіл Саланенка, 3 курс механіка-матэматычнага факультэта

Намінацыя «Культура»:

Пераможца Вераніка Цубікава, 5 курс біялагічнага факультэта

Лаўрэаты: Арына Анісава, 3 курс філалагічнага факультэта

Уладзіслава Трашко, 3 курс факультэта міжнародных адносін

Намінацыя «Навука» (паднамінацыя «Прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі»)

Пераможца Раман Шулінскі, 5 курс біялагічнага факультэта

Лаўрэаты: Дар’я Хвір, 5 курс біялагічнага факультэта

Іуліана Бушкевіч, 6 курс фізічнага факультэта

Ілья Навасельскі, 5 курс біялагічнага факультэта

Намінацыя «Навука» (паднамінацыя «Сацыяльныя і гуманітарныя навукі»)

Пераможца Эльжбета Скшыдлеўска, 2 курс магістратуры юрыдычнага факультэта

Лаўрэаты: Станіслаў Якутовіч, 4 курс Інстытут бізнесу БДУ

Намінацыя «Лідар» (паднамінацыя «Факультэт»)

Пераможца Юлія Атрошчанка, 4 курс эканамічнага факультэта

Лаўрэаты: Васіліса Зайцава, 4 курс юрыдычнага факультэта

Ягор Падаляк, 4 курс факультэта філасофіі і сацыяльных навук

Ангеліна Касталомава, 3 курс гістарычнага факультэта

Намінацыя «Лідар», паднамінацыя «Універсітэт»

Пераможца Аліса Селязнёва, 3 курс МДЭІ імя А. Д. Сахарава БДУ

Лаўрэаты: Арцём Латышаў, 4 курс эканамічнага факультэта

Гадам Чарыеў, 3 курс філалагічнага факультэта

Ангеліна Федасенка, 4 курс філалагічнага факультэта

 

Надзея МАРХЕЛЬ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: