Несмяротны подзвіг варвары Вырвіч

20 Mar, 2025.

Сакавік – самы лепшы час, каб успамінаць пра моцных і смелых жанчын у гісторыі нашай краіны. Многія з іх абаранялі Радзіму ў часы Вялікай Айчыннай вайны. І адной з такіх гераінь была студэнтка БДУ Варвара Вырвіч.

Дзяўчына нарадзілася ў Рэчыцы. Скончыўшы школу, яна паступіла ў Адэскі політэхнічны інстытут, але атрымаць дыплом не паспела – пачалася вайна.

Разам з сяброўкай Варвара папрасілася добраахвотніцай на фронт і стала медсястрой санітарнага эшалона. Яна ўдзельнічала ў баях і неаднаразова ратавала параненых салдат. Аднак пасля акупацыі тэрыторыі Беларусі звярнулася да ЦК Беларускай ССР з просьбай закінуць яе ў тыл ворага, каб дапамагчы партызанскаму руху. Дзяўчыну адправілі ў адмысловую школу, дзе яна навучалася стральбе заўтаматычнай зброі і асвоіла мінна-падрыўную справу.

Вясной 1943 года Варвара была закінутая на тэрыторыю Добрушскага і Веткаўскага раёнаў. Дзяўчына атрымала пазыўны «Каця». Яна стварыла дыверсійны атрад з камсамольцаў, які хаваўся ў добрушскіх лясах ля чыгункі Гомель – Бранск. Карэспандэнт часопіса «Змена» Леанід Корабаў у снежні 1943-га пісаў пра атрад: «Калі адзін партызан на сходзе сказаў: “Дыверсія – тое ж самае, што і ўдар шабляй. Яна імклівая, як казачая атака”, – вырашылі назваць малады атрад імем Будзённага».

Усе партызаны ў атрадзе ездзілі на адбітых у немцаў конях і дзейнічалі па звыклай тактыцы: выйсці з лесу, здзейсніць дыверсію і схавацца ў гушчары. Найвышэйшым дасягненнем атрада С. М. Будзённага стала знішчэнне склада боепрыпасаў у Нова-Беліцы: 4 тысячы артылерыйскіх снарадаў, 3 тысячы супрацьтанкавых мін і 25 тысяч ручных гранат. 

За галаву «бандыта Каці», як называлі Варвару Вырвіч, камендант Добруша обер-лейтэнант Брокман абяцаў суму ў 3000 рэйхсмарак, 5 пудоў солі і зямельны надзел у 25 гектараў.

Калі Чырвоная армія вызваліла Гомельскую вобласць, 150 камсамольцаў з 15 арганізацый, створаных партызанкай, выйшлі з падполля і сталі аднаўляць разбураную ворагам краіну.

Пасля вайны Варвара скончыла БДУ і на працягу многіх гадоў працавала ва ўпраўленні прадпрыемства «Рэчыца-нафта», якое займалася здабычай газу і нафты. Калі выйшла на пенсію, стала загадчыцай піянерскага лагера імя Марата Казея. Памерла былая партызанка ў жніўні 1998 года

За подзвігі, арганізацыю і выкананне сур’ёзных падпольных і партызанскіх аперацый Варвара Вырвіч узнагароджана ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны II ступені, а таксама медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.

Ганна КАЗАКОВА

на аснове матэрыялаў музея гісторыі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: