Ад школьнага факультатыва па хіміі да міжнародных канферэнцый – шлях Аляксея Зацарэнкі даказвае: калі ёсць запал да навукі, магчымасці бязмежныя. Малады даследчык упэўнены, што хімія – гэта не толькі формулы, але і творчасць, настойлівасць і бясконцае імкненне да адкрыццяў.
Аляксей вучыцца на спецыяльнасці «фундаментальная хімія». Выбраў факультэт ён даволі рана, у 9 класе. Школьніку падабалася хімія, і сваё жыццё ён вырашыў звязаць з навукай. Тады ж хлопец спыніўся на «фундаментальнай хіміі», бо гэта самая шырокая спецыяльнасць на факультэце. Студэнты-куратары яму сказалі, тут выкладчыкі распавядуць пра хімію ўсё, што самі ведаюць – гэта і прывабіла маладога чалавека.
Афіцыйна ў банк адоранай моладзі Аляксей трапіў ужо падчас навучання ў БДУ – за дасягненні, якія атрымаў яшчэ ў родным Віцебску ў школьныя гады. З хіміяй хлопца звязвала алімпіядная дзейнасць, з біялогіяй – навукова-даследчая работа.
– Разам з навуковым кіраўніком Георгіем Арнольдавічам Шыбанавым з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі з 8 па 11 клас мы правялі шмат даследаванняў у галіне гідрабіялогіі і экалогіі. Я трапіў у банк адоранай моладзі дзякуючы перамозе на XXXV Рэспубліканскім конкурсе біёлага-экалагічных работ у 11 класе.
Цікавасць да хіміі ўзнікла ў Аляксея, як толькі прадмет сталі выкладаць у школе. Па запрашэнні настаўніка ён пачаў хадзіць на факультатыў, дзе школьнікам расказвалі больш, чым на звычайных уроках. Ужо ў 7 класе наш герой удзельнічаў у першай анлайн-алімпіядзе па хіміі.
У навукова-даследчай дзейнасці студэнта больш за ўсё прывабліваюць рэспубліканскія і міжнародныя форумы і канферэнцыі. Самае захапляльнае – гэта абарона перад аўдыторыяй і членамі журы. Самы доўгі досвед – каля 50 хвілін – быў у 2024 годзе на міжнароднай канферэнцыі «Сахараўскія чытанні» ў Санкт-Пецярбургу, дзе яго даследаванне было ўдастоена дыплома I ступені.
За некалькі гадоў навуковай дзейнасці хлопец набыў досвед удзелу ў шматлікіх мерапрыемствах: штогадовая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Юні-цэнтра» БДУ, Міжнародны водны конкурс даследчых праектаў (дзе яго працы атрымлівалі самыя высокія ўзнагароды), а таксама Рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці «ТэхнаІнтэлект». Прыемны досвед узаемадзеяння з замежнымі калегамі быў і на міжнародным конкурсе «Школьная прэм’ер-ліга» пад эгідай ЮНЕСКА.
У 10–11 класах малады чалавек праводзіў даследаванні на тэмы «Уплыў Віцебскай ГЭС на экалагічны стан ракі Заходняя Дзвіна» і «Уплыў Лукомскай ДРЭС на экалагічны стан вадаёма-ахаладжальніка». Працы нагадалі пра ўздзеянне чалавечага фактара на навакольнае асяроддзе і мелі значэнне як для беларускай навукі, так і для эканомікі і вытворчасці. Дзякуючы гэтаму малады навуковец паўдзельнічаў у «Вялікай размове» з прадстаўнікамі ўлады для абмеркавання плана развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі.
Сваю будучыню ён звязвае як з навукай, так і з выкладаннем. Раней ён не любіў гаварыць пра сваю цягу да педагагічнай дзейнасці, але прыкладам для яго сталі выкладчыкі факультэта. Большасць з іх самі скончылі гэтую спецыяльнасць і сталі сапраўднымі навукоўцамі.
На думку студэнта, хімік павінен мець шырокую базу матэматыкі і фізікі, бо гэта яго асноўны інструментарый. Разбірацца таксама ў біялогіі і геаграфіі. Марат лічыць, што да ўсяго можна падысці з пункту гледжання хіміі, а для сапраўднага навукоўца важны кругагляд і эрудыцыя. Усе адкрыцці робяцца на стыку навук, таму хіміку трэба ведаць шмат. Таксама важныя практычныя навыкі і ўменне творча падысці да эксперыменту, бо, калі хочаш чагосьці дасягнуць, ты павінен праявіць і настойлівасць, і фантазію. Без агеньчыку ў вачах і без унутранага імкнення быць сапраўдным хімікам немагчыма – трэба смела ісці наперад.
Марыя КАРКВЕЛІС