Што можа прымусіць абітурыента праехаць амаль 3500 кіламетраў?

14 Apr, 2023.

Будучая студэнтка факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Дар’я Віхарава прыехала паступаць у наш універсітэт з далёкага Нарыльска. Гэта рашэнне яна прыняла яшчэ ў 2019 годзе. Тады дзяўчына сачыла ў сацыяльных сетках за акаўнтам абітурыенткі з Оршы, у якім тая расказвала пра сваё паступленне ў БДУ.

У сваім жаданні атрымаць адукацыю ў Беларусі Дар’я не сумнявалася. Яшчэ з ранняга дзяцінства яна праводзіла летнія канікулы ў вёсцы ў бабулі і ўсім сэрцам палюбіла прыроду Беларусі.

— Кар’ер, рэчка, надвор’е. Пасля жыцця ў прамысловым горадзе з вельмі суровым кліматам правесці лета ў беларускай вёсцы было вельмі прыемна. Канікулы тут замянілі мне нават паездкі на мора. Нашто далёка ехаць? Краіна невялікая, але ўсё тут ёсць.

Для Дар’і было важна, каб ва ўніверсітэце, у які яна будзе падаваць дакументы, быў шырокі выбар спецыяльнасцей, звязаных з геаграфіяй, і высокія шанцы паступіць на бюджэт. Гэта стала вырашальным фактарам у выбары УВА. На той момант Дар’я яшчэ не ведала, на які напрамак хоча паступаць, але дакладна вырашыла, што гэта будзе БДУ.

Вызначыцца з будучай прафесіяй дапамагла настаўніца геаграфіі Дар’і.

— Мяне натхніла тое, як яна адказвае на розныя пытанні звязаныя з тым, што вакол нас. Я зразумела, што хачу ў будучыні таксама дзяліцца сваімі ведамі з іншымі людзьмі і стаць добрым выкладчыкам. Таму выбрала спецыяльнасць “Геаграфія”.

Каб мець магчымасць паступіць на бюджэтную форму навучання, Дар’я вырашыла паступаць па агульным конкурсе.

— Рыхтавалася да ЦТ дыстанцыйна. Глядзела сайты, рашала анлайн-тэсціравання. На жаль, праз  падрыхтоўку да АДЭ часу на дасканалую падрыхтоўку да ЦТ было зусім мала. 27 чэрвеня я прыехала ў Беларусь, здавала геаграфію, матэматыку і рускую мову. Два тэсціраванні прыйшлося пісаць у дадатковыя дні, бо 24 чэрвеня я толькі атрымала атэстат.

На студэнцкае жыццё Дар’я глядзіць аптымістычна. У першую чаргу пасля паступлення дзяўчына хоча ўліцца ў новы калектыў і звыкнуць да пакуль невядомай для яе сістэмы навучання.  Пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчына плануе застацца ў Беларусі, але пакуль стараецца не зазіраць так далёка.

Дар’я раіць іншым замежным абітурыентам не баяцца цяжкасцей, якія могуць сустрэцца на шляху да паступлення:

— Тэлефануйце ў прыёмную БДУ і даведвайцеся пра ўсё тое, што незразумела. Рыхтуйцеся да ЦТ, гарманічна сумяшчаючы гэта з падрыхтоўкай да іншых экзаменаў. Ну і, вядома ж, жадаю ўсім замежным абітурыентам паступіць на тую форму навучання, якую вы для сябе выбралі.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: