Калыска характару | «Я ганаруся сваёй сям’ёй»: Таццяна Гаеўская пра малую радзіму

1 Jul, 2019.

“Калыска характару” – гэта серыя матэрыялаў, дзе кіраўнікі структурных падраздзяленняў БДУ расказваюць пра тое, які куток краіны стаў для іх малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў іх жыцці. Таксама мы папрасілі назваць 5 фраз ці слоў, якія асацыіруюцца з малой радзімай.

Зараз сваёй гісторыяй дзеліцца Таццяна Васільеўна ГАЕЎСКАЯ, дырэктар НДІ ФХП.

– Я нарадзілася ў Магілёве ў сям’і дзярж­служачага, праз год сям’я пераехала ў Брэст. Аднак лічу сваёй малой радзімай адзін куток на Магілёўшчыне, дзе нара­дзілася мая мама. Гэта вёска Забалоцце  ў Чавускім раёне. Там праводзіла свае летнія канікулы да паступлення ва ўні­версітэт. З гэтым месцам у мяне асацы­іруюцца такія словы:

1. Цётачкі

Бацька нарадзіўся ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна. З боку бацькі ў маіх бабулі і дзядулі было 8 дзяцей, з іх двое мужчын. У астатніх жанчын мужы загінулі  на вайне. Таму дзядулю і бабулі хапала клопатаў, каб даглядаць унукаў. Так маё ­лета праходзіла пад наглядам мамчыных сясцёр.

На здымку матуля Таццяны Гаеўскай (справа) разам з сёстрамі, 1954 г.

Дзве сястры мамы жылі ў вёсках Забалоцце і Украіна. Паміж гэтымі кропкамі была адлегласць у 4 кіламетры, якія я праязджала на веласіпедзе. Мае цётачкі лічылі, што мяне трэба было прывучаць да працы. Мяне навучылі жаць жыта, складаць снапы, касіць траву. І цяпер магу гэта рабіць, можа, не вельмі якасна. Заўсёды паважала сваіх цётачак, яны жылі ў нялёгкіх умовах у цяжкі час. Гро­шай не было, яны трымалі гаспадарку, хоць гэта цяжкая фізічная праца. На жаль, вайна забрала іх мужоў. Разлічваць яны маглі толькі на сябе.

Маленькая Таццяна (ў самым ніжнім куце справа, побач брат, матуля, і яшчэ адзін брат). Брэстчына, 1961 г.

2. Грэцкія палі

Яны былі велізарнымі, хораша квітнелі ўлетку. Памятаю, як еду на веласіпедзе і адчуваю гэты пах.

3. Яблыневы сад

Там я звычайна чытала кнігі, якія брала ў мясцовым клубе.

4. Лес

Хадзілі ў грыбы, ягады. Збіралі мяшкамі арэхі і ўзімку іх лузалі. Гэта была вялікая падмога ў гаспадарцы.

5. Простая ежа

Малако, смятана, тварог, квас з бярозавіку, цыбуля, сала. Мае сваякі – доўгажыхары, пэўна, у некаторай ступені дзякуючы такому харчаванню.

Вялікая радня бацькі ў Пустынках на Магілёўшчыне, 1952 г.  Маленькая Таццяна ў ніжнім куце справа.

Сёння вёскі Украіна няма, побач ідзе нафтаправод «Дружба». Вёскі Пустынкі таксама не адшукаць, там зараз аднаўляюць Успенскі сабор, памятаю, як у дзяцінстве лазіла па гэтых развалінах. Забалоцце ­цяпер лічыцца вялікім пасёлкам. На жаль, родных там у мяне не засталося.

Вам таксама можа спадабацца: