Ірына Раманоўская: «Неруш» была маёй школай жыцця

17 Dec, 2025.

Наступны ўдзельнік праекта музея гісторыі БДУ «Размовы пра культуру і творчасці» – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш» БДУ. Пра дзейнасць ансамбля, яго мэты і планы распавяла мастацкі кіраўнік і хормайстар ансамбля. Ірына Іванаўна Раманоўская нарадзілася 12 красавіка 1967 г. у в. Парэчча Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. У 1987 г. скончыла Магілёўскае культасветвучылішча імя Н. К. Крупскай, у 1991 г. – Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці «кіраўнік самадзейнага народнага хору». У 2020 г. скончыла магістратуру БДПУ па спецыяльнасці «Музычная адукацыя і выхаванне». З лістапада 2023 г. з’яўляецца кіраўніком калектыву.

Што прывяло вас у прафесію?

У «Неруш» я прыйшла яшчэ студэнткай Мінскага інстытута культуры і адразу палюбіла фальклор, атмасферу калектыву, які прыцягваў сваёй энергетыкай, натуральнасцю, шчырасцю, чысцінёй і здаровым гумарам! Заслуга ў гэтым была, вядома ж, кіраўніка – заснавальніцы «Нерушы» Валянціны Фёдараўны Гладкай. Менавіта яна для мяне была першым настаўнікам, правадыром у творчае прафесійнае жыццё. Валянціна Фёдараўна прафесійна накіроўвала мяне як будучага спецыяліста, дапамагала заўсёды добрай парадай і ў іншых важных жыццёвых пытаннях. У «Нерушы» мы заўсёды пачуваліся адной сям’ёй. Увогуле, у калектыве я спявала каля 12 гадоў. Аднак прафесійныя мэты і асабістыя акалічнасці склаліся так, што мне прыйшлося пакінуць калектыў. За гэты час я заявіла пра сябе як спявачка, аўтар-выканавец хітоў, выступала і выступаю з канцэртнымі праграмамі на тэрыторыі Беларусі і ў блізкім замежжы, выпусціла некалькі альбомаў песень. Таксама я стварыла дзіцячую вакальную студыю «Мікс», якая пасля атрымала званне ўзорнай. У 2027 г. студыі спаўняецца 20 гадоў.

З чаго пачалося ваша кіраўніцтва ансамблем?

Усё змяніла выпадковая сустрэча з В. Ф. Гладкай. У размове яна папрасіла мяне прыняць кіраўніцтва. Валянціна Фёдараўна была ўпэўнена, што я спраўлюся, і падкрэслівала, што нікога больш не бачыць у гэтай ролі. Гэта было вельмі прыемна, але я не адразу прыняла рашэнне. Роздум заняў каля паўгода. Сумневы ўзнікалі з-за занятасці працай у маім узорным дзіцячым калектыве. Я разумела, што кіраваць двума такімі магутнымі калектывамі будзе вельмі складана. Тым не менш праз нейкі час я прыняла рашэнне і стала кіраўніком «Нерушы».

Што ўваходзіць у рэпертуар калектыву?

Рэпертуар цікавы і разнастайны. Гэта вакальныя, танцавальныя, музычныя нумары, канцэртныя праграмы, адроджаныя беларускія нацыянальныя абрады розных рэгіёнаў Беларусі. «Неруш» з’яўляецца рэгулярным удзельнікам рэспубліканскіх канцэртаў і святочных мерапрыемстваў, тэлевізійных праграм. Песні «Нерушы» гучаць на беларускім радыё.

Якім павінен быць артыст ансамбля «Неруш»?

Гэта звычайны чалавек, ва ўзросце ад 16 гадоў, які сапраўды захоплены фальклорам, любіць народныя песні, танцы, ну і, вядома ж, спявае! Чалавек, які імкнецца ўпрыгожыць калектыў сваім талентам, можа ахвяраваць асабістым свабодным часам, працоўным адпачынкам на карысць калектыву: выступленні могуць праходзіць удзень, у выхадныя, падчас адпачынку, ва ўмовах гастроляў. У правілах для нашых удзельнікаў таксама не быць занятым у іншым творчым калектыве, бо гэта стварае пэўныя складанасці ў працы. Зразумела, трэба рэгулярна наведваць рэпетыцыі.

Як праходзіць падрыхтоўка калектыву да выступленняў і гастроляў?

Асноўная праца праводзіцца на рэпетыцыях 2 разы ў тыдзень. Кожнае выступленне патрабуе добрай падрыхтоўкі. У залежнасці ад гэтага мы загадзя рыхтуем праграму. Апрача падрыхтоўкі да асноўнай канцэртнай праграмы, увесну 2025 г. аднавілася праца калектыву па рэканструкцыі абрадаў. Цяпер «Неруш» працуе над гэтым у парку гісторыі «Вялікае княства Сула». З вясны да восені гэтага года мы аднавілі абрады «Юр’я», «Ваджэнне куста», «Купалле», «Дажынкі», «Багач». Кожны новы абрад мае свае асаблівасці, і мяне радуе, што ўдзельнікі калектыву з задавальненнем паглыбляюцца ў атмасферу падрыхтоўкі і правядзення абрадаў. Яшчэ важным складнікам нашых выступленняў па рэканструкцыі абрадаў з’яўляецца тое, што мы залучаем гледачоў у гэтыя дзеянні, такім чынам падтрымліваючы, распаўсюджваючы і ўкараняючы найлепшыя ўзоры традыцыйнай нацыянальнай культуры ў масы. Акрамя ўсяго калектыў пастаянна працуе ў студыі гукапісу. У сучасным свеце такая праца калектыву з’яўляецца не менш важнай, чым рэпетыцыйныя заняткі.

Як у вашым калектыве папаўняецца інфармацыя з фальклору?

Для гэтага я ўзаемадзейнічаю з фалькларыстамі, якія кансультуюць нас па многіх пытаннях, дзеляцца відэаінфармацыяй, асабістымі запісамі. Таксама шмат карысных тэматычных матэрыялаў утрымліваецца ў архівах Нацыянальнай бібліятэкі, на абшарах інтэрнэту. У наш час калектыў аднаўляе паездкі для збору фальклору. Найбліжэйшая – у в. Скірмантава Дзяржынскага раёна для ўдзелу ў традыцыйным беларускім абрадзе – ігрышчы «Ката пячы». Апрача таго, мы чэрпаем фальклорныя веды, наведваючы майстар-класы, лекцыі на тэмы нацыянальных традыцый і фальклору. Падзяліцеся, калі ласка, самым яркім успамінам, звязаным з «Нерушшу». Адзін з яскравых успамінаў – першая паездка на гастролі ў Нарвегію ў 1990-х гг. Гэта было незабыўнае падарожжа. Нас чакала пераправа на пароме па Балтыйскім моры. Я і ўявіць сабе не магла, якіх памераў будзе гэты карабель! Першае ўражанне пра краіну, пра людзей, пра падрыхтоўку да выступлення – усё гэта стала цікавай, захапляльнай прыгодай.

У канцэртнай дзейнасці «Нерушы» ёсць і незвычайныя выпадкі. Дагэтуль прыгадванню адзін выязны канцэрт. На вулічнай сцэне выступаў амаль увесь калектыў, каля 30 чалавек. Было шмат нумароў. І калі мы пачалі танчыць «Явар», у нейкі момант падлога сцэны не вытрымала – і частка правалілася. На шчасце, ніхто сур’ёзна не пацярпеў. Але надоўга запомніліся жартаўлівыя фразы: «Вось яна, НЕРУШ, моц, рухавік і сіла! Сцэны не вытрымліваюць нашай энергетыкі!» 

Якім дасягненнем калектыву вы ганарыцеся больш за ўсё?

Ганаруся тым, што калектыў існуе ўжо 47 гадоў і не за гарамі паўвекавы юбілей! Прыемна ўсведамляць, што многія ўдзельнікі захавалі адданасць калектыву і з’яўляюцца яго часткай больш за 10-20-30 гадоў! Многія артысты «Нерушы» сталі прафесійнымі выканаўцамі, напрыклад, Валянціна Альшанская, Вячаслаў Статкевіч, Аляксандра Мелех і іншыя. Кажучы пра свой досвед, я ганаруся, што «Неруш» была маёй школай жыцця, пачаткам майго творчага шляху і прафесійнага майстэрства і як будучай спявачкі, і як кіраўніка.

У чым, на ваш погляд, заключаецца ўнікальнасць ансамбля «Неруш»?

Унікальнасць «Нерушы» ў першую чаргу вызначае манера гучання, тэмбр калектыву. Гэта магутны, яскравы, напоўнены жыццёвай сілай і струменем невычэрпнай энергіі вакал. Гучанне калектыву – душэўная цеплыня і неабыякавасць кожнага з удзельнікаў да таго, пра што ён спявае і што хоча сказаць слухачу. Гэтая шчырасць прыцягвае людзей і дазваляе закрануць іх сэрцы, пусціць «мурашкі» па целе. Хочацца захаваць і ўмацаваць гэту асаблівасць калектыву і далей. Яшчэ адной важнай асаблівасцю з’яўляюцца ўнікальныя касцюмы рэгіёнаў Беларусі, якія падбіраюцца для кожнага артыста. Падчас выступленняў мы знаёмім гледачоў з рэгіянальнымі строямі Беларусі. Якіх мэт «Неруш» хацела б дасягнуць у будучыні? Я вельмі рада, што калектыў цяпер папоўнілі юныя таленавітыя выканаўцы! Упэўнена, што ў такім абноўленым складзе мы захаваем усе традыцыі калектыву, створаныя за 40 з лішнім гадоў, і прымножым творчыя дасягненні. У нас шмат новых цікавых, займальных задумак і планаў не толькі ў традыцыйных фальклорных напрамках, але і ў суперсучасным вектары. «Неруш» – гэта ўнікальны скарб, які трэба берагчы і захоўваць.

print

Вам таксама можа спадабацца: