На біялагічным факультэце БДУ адкрылася ўнікальная лабараторыя структурнай і функцыянальнай біялогіі бялку – першая ў краіне комплексная пляцоўка, якая дазваляе праводзіць поўны цыкл даследаванняў бялковых малекул. Новае падраздзяленне заклікана злучыць адукацыйны працэс з перадавой навукай і рэальнай вытворчасцю. Лабараторыя аснашчана інавацыйным абсталяваннем, якое дазволіць студэнтам і навукоўцам не толькі атрымліваць і аналізаваць бялкі, але і дэталёва вывучаць іх структуру, дынаміку і механізмы ўзаемадзеяння на малекулярным узроўні. Яе стварэнне адкрывае магчымасці для падрыхтоўкі спецыялістаў сусветнага ўзроўню, рэалізацыі сумесных праграм з замежнымі партнёрамі і для распрацоўкі новых біятэхналагічных прадуктаў – ад вакцын да лекавых прэпаратаў, запатрабаваных у медыцыне, сельскай гаспадарцы і экалогіі.

На ўрачыстым адкрыцці рэктар універсітэта Андрэй Кароль назваў новae падраздзяленне важным звяном, якое аб’ядноўвае адукацыю, навуку і вытворчасць. Па яго словах, лабараторыя дазваляе заяўляць пра паўнавартасны запуск айчыннай біятэхналагічнай школы на базе БДУ.
- Гэта было б немагчымым без непасрэднага ўдзелу нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і яго валявога рашэння. Вялізная падзяка кіраўніку дзяржавы за ўцягнутасць і неабыякавасць у стварэнні ўнікальнага навукова-адукацыйнага, інтэлектуальнага цэнтра, дзе нашы студэнты змогуць рэалізавацца як спецыялісты і вывесці біялагічную навуку на абсалютна новы ўзровень.
Пры аснашчэнні лабараторыі выкарыстоўваўся вопыт кітайскага ўніверсітэта-партнёра. Новае абсталяванне дапаможа як студэнцкім даследаванням, так і пры напісанні дысертацыйных прац.
Асобную ўдзячнасць рэктар выказаў намесніку старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандру Косінцу за падтрымку ідэі і фарміраванне цэласнай канцэпцыі лабараторыі.
Выступаючы на цырымоніі адкрыцця, Аляксандр Косінец падкрэсліў, што развіццё біяіндустрыі – пытанне нацыянальнай бяспекі і якасці жыцця грамадзян. Ён назваў адкрыццё лабараторыі першым этапам маштабнага навукова-тэхнічнага праекта.
- Унікальнасць лабараторыі ў тым, што яна адзіная на постсавецкай прасторы. Акрамя таго, у БДУ ствараецца навукова-адукацыйны цэнтр эксперыментальнай біялогіі. У наступным годзе ў нас будзе навукова-даследчы цэнтр, у якім размесціцца самае сучаснае абсталяванне, што дазваляе вывучаць бялок, яго структуру, ажыццяўляць у далейшым генныя мадыфікацыі; на практыцы – атрымліваць генна-мадыфікаваныя арганізмы, вакцыны, новыя лекавыя сродкі, біялагічна актыўныя рэчывы і многае іншае, што забяспечвае эфектыўнае развіццё біяіндустрыі Беларусі, нацыянальную бяспеку дзяржавы.

Галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Абельская ахарактарызавала новую пляцоўку як высокатэхналагічны цэнтр, які адкрывае шырокія перспектывы для аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і экалогіі. Яна падкрэсліла важнасць практычнага выкарыстання лабараторыі:
- Я хацела б зрабіць акцэнт на тым, што сённяшняе адкрыццё – цудоўнае супадзенне інтарэсаў студэнтаў, прафесарска-выкладчыцкага складу, кіраўнікоў інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікоў Міністэрства адукацыі і, вядома, тых навукоўцаў, якія чакаюць гэтай падзеі. Бо дзяржаўныя інтарэсы маюць на мэце рэалізацыю як навуковага, адукацыйнага развіцця, так і практычнага прымянення, што надзвычай неабходна нашай краіне. Падзея дапаможа шырока паглядзець на ахову здароўя, сельскую гаспадарку, экалогію, навуковыя распрацоўкі. Каб лабараторыя не стала музейным экспанатам, працаваць тут трэба кругласутачна. І тады вынік абавязкова будзе.
Уладзімір Каранік, старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, адзначыў, што дзяржава заўсёды надавала асаблівую ўвагу якасці адукацыі.
– Павышэнне ўзроўню і якасці адукацыі, адкрыццё інавацыйных лабараторый, новыя магчымасці для студэнтаў – усё гэта не толькі спрыяе падрыхтоўцы высокапрафесійных кадраў для рэальнага сектара эканомікі, але і дапамагае нашай таленавітай, крэатыўнай моладзі рэалізаваць патэнцыял даследчыка.

З прывітальным словам выступіў і Аляксандр Бахановіч, першы намеснік міністра адукацыі.
Я ўпэўнены, што ўнікальная лабараторыя бялку, якую мы адкрываем, стане цэнтрам для павышэння якасці адукацыі, новых навуковых дасягненняў і будзе працаваць перш за ўсё на карысць нашай краіны.
Лабараторыя з’яўляецца адзінай у Беларусі комплекснай платформай, якая дазваляе праводзіць поўны цыкл даследаванняў бялку – ад атрымання да дэталёвага аналізу структуры і функцый. Варта адзначыць, што студэнты-біёлагі ўжо прадэманстравалі гасцям першыя вынікі працы на найноўшым абсталяванні, прадставіўшы свае даклады.
Стварэнне лабараторыі прадыктавана задачамі сумеснай адукацыйнай праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта ў сферы біятэхналогій. Тут студэнты асвояць культываванне клетак, сінтэз бялку ў стэрыльных умовах і кланаванне генаў. Асаблівасць лабараторыі – падыход, які аб’ядноўвае мікрабіёлагаў, біяінжынераў, біяхімікаў і біятэхнолагаў, што спрыяе фарміраванню навыкаў каманднай працы.
Важнасць такога міждысцыплінарнага і міжнароднага супрацоўніцтва падкрэсліў Аляксандр Косінец:
- Гэты праект дазволіць кансалідаваць перадавых навукоўцаў нашай краіны, стварыць магутную навукова-педагагічную школу, ажыццяўляць трансфер ведаў і навуковых дасягненняў паміж БДУ і Пекінскім універсітэтам, а таксама атрымаць новыя эксперыментальныя біяэкзэмпляры і ўкараніць іх у практычную дзейнасць праз стварэнне генна-мадыфікаваных арганізмаў, вакцын, лекавых прэпаратаў.

Пра важнасць малекул бялку, якія даследуюцца ў лабараторыі, распавёў Алег Баранаў, акадэмік-сакратар аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі, якое з’яўляецца адным з асноўных заказчыкаў кадраў для выпускнікоў біялагічнага факультэта:
- Да гэтай малекулы прыкавана самая пільная ўвага. Можна сказаць, што яна нумар адзін у жывым арганізме. З такіх малекул пабудаваны ўсе целы жывых арганізмаў: раслін, жывёл, мікраарганізмаў. З іншага боку, асаблівая функцыя малекул бялку – кантраляваць усе хімічныя рэакцыі ў нашых арганізмах: любы працэс росту, развіцця, устойлівасці да хвароб.
Як адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль, інавацыйная лабараторыя стане важным крокам у развіцці айчыннай біялогіі і забеспячэнні інтэлектуальнага суверэнітэту краіны. Акрамя таго, ён нагадаў пра маштабнае будаўніцтва Цэнтра біялогіі БДУ. Для гэтых мэтаў узводзіцца навучальна-лабараторны корпус, які аб’яднае сучасныя аўдыторыі, віварый і аранжарэю ў адзіны навукова-адукацыйны комплекс.

- Пасля заканчэння ўсіх будаўнічых работ, аснашчэння абсталяваннем будзе створаны Цэнтр біялогіі, які аб’яднае ўсе наяўныя і ў перспектыве пабудаваныя карпусы, віварый, аранжарэю ў адзіную ўнікальную навукова-адукацыйную структуру, – дадаў кіраўнік ВНУ, удакладніўшы, што заняткі ў новым корпусе пачнуцца ў 2027/2028 навучальным годзе.
Адзін з вынікаў адкрыцця лабараторыі – сціранне межаў паміж тэорыяй і практыкай. Цяпер будучыя біёлагі, біяхімікі і біяінжынеры праходзяць шлях ад студэнцкай лавы да навуковага эксперыменту ва ўмовах, набліжаных да рэальных даследчых цэнтраў. Такі падыход гарантуе, што са сцен БДУ выйдуць не проста дыпламаваныя спецыялісты, а гатовыя даследчыкі і стваральнікі новых тэхналогій, здольныя вырашаць найскладанейшыя задачы сучаснасці.
Марыя КАРКВЕЛІС
