Біяфак 3.0. Вадзім Дзямідчык распавёў пра новыя кірункі ў развіцці біялагічнага факультэта

28 Mar, 2019.

Вадзім Дзямідчык

«Неабходна захаваць лідарскія пазіцыі ў профільнай адукацыйнай і навуковай дзейнасці, а таксама ўкараняць найноўшыя лічбавыя падыходы і метады дыстанцыйнага навучання», – так лічыць Вадзім ДЗЯМІДЧЫК, новы дэкан біялагічнага факультэта, прафесар, доктар біялагічных навук. Якія задачы ставіць перад сабой кіраўнік, якія змены чакаюцца на біяфаку? Пра гэта ён распавёў на пасяджэнні Савета БДУ.

Уладзімір Лысак

Сёння біялагічны фа­культэт – гэта най­буйнейшы прырода­знаўчы факультэт БДУ і самы вялікі па коль­касці студэнтаў біяфак ва Усходняй Еўропе (каля 2000 студэнтаў). Тут 9 кафедраў і 9 на­вукова-даследчых лабараторый, працуе больш за 100 выкладчыкаў. Факультэт мае найбольшую коль­касць спецыялістаў са ступенямі дактароў і кандыдатаў біялагічных навук сярод устаноў краіны, а таксама найбольшую колькасць аспірантаў і магістрантаў па біялагічных спецыяльнасцях.
Больш за 20 гадоў біялагічны ­факультэт узначальваў Уладзімір Васільевіч Лысак. Ён сфарміраваў высокакваліфікаваны калектыў і асяроддзе, дзе кожны супрацоўнік змог зрабіць унёсак у агульны вынік. У. В. Лысаку была ўручана падзяка рэктара БДУ за прафесійнае кі­раўніцтва факультэтам, а таксама калегіяльна Савет БДУ прыняў ­рашэнне пра хадайніцтва аб прыс­ваенні яму звання «Заслужаны работнік адукацыі Беларусі».
Новым кіраўніком 5 сакавіка быў прызначаны Вадзім Віктаравіч Дзямідчык. Ён спецыяліст у галіне клетачнай біялогіі, біяфізікі, біяінжынерыі і фізіялогіі раслін. Яго кар’ера ў якасці выкладчыка БДУ пачалася ­ў 1997 годзе пасля завяршэння аспірантуры. У перыяд з 2000 па 2011 год працаваў навуковым супрацоўнікам Універсітэта Кембрыджа, а затым лектарам і кіраўніком другога года навучання ва Універсітэце Эсекса. З 2011 года – загад­чык кафедры клетачнай біялогіі і біяінжынерыі раслін біялагічнага факультэта БДУ. Прафесіяналізм, міжнародны досвед дазволяць дэкану працягнуць эфектыўную працу падраздзялення і вызначыць пер­спектыўныя кірункі. Ідэямі паляпшэння факультэта ён падзяліўся 18 сакавіка на Савеце БДУ.
– Вызначаны наступныя задачы: мадэрнізаваць матэрыяльна-тэх­нічную базу ў адпаведнасці з сучасным развіццём біялогіі для паспяховага выканання задач канцэпцыі «Універсітэт 3.0». Таксама ставім перад сабой мэту захаваць ­і прымножыць прамысловую і вы­прабавальную базу: біяэквівалентныя эксперыменты, вытворчасць лекаў і ветпрэпаратаў, мікраклонаў раслін, бактэрыяльных сродкаў абароны раслін і біярэгулятараў, – пералічвае Вадзім Віктаравіч.
Ключавы момант даклада – пашырэнне поля спецыяльнасцяў, праграм у галіне біяінжынерыі і біятэхналогіі, фармакалогіі, клетачнай, малекулярнай і сістэмнай біялогіі. Пастаўлена задача запусціць спецы­яльнасці на стыку навуковых галін.
– Плануем адкрыць новыя спецыяльнасці: «біятэхналогія», «біяінжынерыя», «клетачная біялогія» і, верагодна, іншыя, – кажа Вадзім Дзямідчык. – Важна забяспечыць збалансаванае спалучэнне фундаментальнай і прыкладной тэхнічнай падрыхтоўкі. У развіцці гэтых кірункаў, асабліва біятэхналогіі, маецца вялікая зацікаўленасць урада, буйных вытворчасцяў, прыватных кампаній і спонсараў.
Акрамя гэтага пастаўлена стратэгічная мэта – адкрыць сумесна з факультэтамі БДУ, якія моцныя ў ­інфармацыйных тэхналогіях, міждысцыплінарную спецыяльнасць «біяінжынерыя і біяінфарматыка». Дэкан разважае пра тое, што трэба рыхтаваць спецыяліста, які б валодаў ведамі адначасова па біялогіі, матэматыцы і інфарматыцы. А для гэтага навучанне павінна прыкладна роўна ажыццяўляцца некалькімі факультэтамі БДУ.
Актуальны фокус на ўстойлівую падрыхтоўку маладых навуковых кадраў. Рыхтуюцца новыя магістарскія праграмы (у тым ліку на англій­скай мове), такія як «біяхімія» (з 2019 г.), «мікрабіялогія» (з 2019 г.), у найбліжэйшай будучыні таксама «біятэхналогія» (2020–2022 гг.) і «клетачная і малекулярная біялогія» (English; 2019–2022 гг.). Таксама гэта новыя спецыяльнасці падрыхтоўкі ў аспірантуры: «клетачная біялогія», «біяінжынерыя», «малекулярная біялогія» і «нейрабіялогія». Яшчэ адзін пункт на разгля­дзе – свой доктарскі савет па аба­роне дысертацый па дадзеных спецыяльнасцях. Вядома, гэта задачы няпростыя, яны патрабуюць стараннай рас­пра­цоўкі.
Што яшчэ тычыцца навучальнай працы, то ў планах адзначана нарошчванне і паляпшэнне якасці электронных навучальна-метадычных комплексаў, распрацоўка кантэнту для электроннага навучання. Яшчэ ноу-хау для біяфака – увя­дзенне сістэмы кейс-стадыс у дысцыпліны старэйшых курсаў і ў магістарскую падрыхтоўку. Апроч іншага ёсць задачы па стварэнні ­сумесных праграм навучання з замежнымі УВА.
Была вылучана значнасць навуковай працы. Па меркаванні кі­раўніка факультэта, сёння выкладчык павінен займацца навукай, а
для гэтага трэба стварыць прыдатныя ўмовы, таму важнае стымуляванне ўдзелу ў НДР і НДРС. Факуль­тэту варта больш актыўна ўвахо­дзіць у ДП Беларусі, навуковыя праграмы ЕС, міжнародныя праекты ДКНТ, праграмы Саюзнай дзяржавы.
Вадзім Дзямідчык звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення ­некаторых структур факультэта. ­Сярод іх батанічны сад, які з’яў­ляецца адным з найстарэйшых у краіне. Гэты важны навучальны ­цэнтр па фларыстыцы і аграбіятэхналогіях патрабуе пабудовы ландшафтных зон, больш актыў­на­га прыцягнення наведнікаў, пазабюджэтных сродкаў. Акрамя гэтага будзе правільным рашэннем на­даць калекцыі заалагічнага музея статусу «нацыянальнага здабытку», што забяспечыць мэтавае дзяр­жаўнае фінансаванне на захаванне ­і развіццё фондаў.
– Таксама мадэрнізацыя па­трэбная навучальна-навуковаму цэнтру «Нарачанская біялагічная станцыя імя Г. Г. Вінберга». Гэта ­адзіны ў ­краіне цэнтр высокакваліфікаванай падрыхтоўкі спецыялістаў па біяразнастайнасці і гідра­экалогіі. Ён патрабуе рэбрэндынгу, развіцця дзіцячага і падлеткавага экатурызму, – каментуе кіраўнік.

Алена ЛЯЎШЭНЯ


Даведка
В. В. Дзямідчык – выпускнік біяфака 1994 года, скончыў у 1997 годзе аспірантуру БДУ, ­у 1998 г. абараніў кандыдацкую, ­
а ў 2011 годзе – доктарскую дысертацыю (яна была прызнана найлепшай па прыродазнаўчых навуках па ацэнцы ВАК Беларусі). За час працоўнай дзейнасці кіраваў больш як 40 навуковымі праектамі ў Беларусі, Вялікабрытаніі і Расійскай Федэрацыі, а таксама з’яўляўся навуковым кіраўніком больш чым 60 студэнтаў і аспірантаў.
Аўтар каля 300 навуковых прац, уключаючы артыкулы ў Nature, Plant Cell і Annual Reviews of Plant Biology, манаграфій у выдавецтве Springer. Па сістэме Google Scholar колькасць цытаванняў аўтара складае 6272.
З’яўляецца членам рэдакцыйнай калегіі шэрагу міжнародных навуковых часопісаў, сакратаром экспертнага савета № 34 (фізіка-хімічная біялогія) ВАК ­Беларусі. Узначальвае навукова-тэхнічную секцыю экспертнага савета № 1 па прыродазнаўчых навуках ДКНТ Беларусі.

print

Вам таксама можа спадабацца: