Стваральнікам вышэйшай адукацыі і навукі Беларусі прысвячаецца…

29 Mar, 2019.

Да стагоддзя першай вышэйшай навучальнай установы Беларусі выдадзена другая кніга з серыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: 100 гадоў на карысць Айчыны». У ёй прадстаўлены жыццёвыя і творчыя біяграфіі 28 выбітных навукоўцаў у розных галінах ведаў, якія працавалі ў БДУ ў 1919–1961 гг. Мы пагаварылі з навуковым рэдактарам кнігі і адным з аўтараў нарысаў, загадчыкам кафедры гісторыі Расіі прафесарам Алегам ЯНОЎСКІМ пра ўнёсак выдатных навукоўцаў БДУ ў развіццё нацыянальнай адукацыі і навукі, а таксама пра значэнне гістарычнага кантэксту ў сучасным абліччы нашага ўніверсітэта.

– Алег Антонавіч, першая кніга дадзенай серыі выйшла ў 2017 годзе, у ёй апавядаецца пра бацькоў-заснавальнікаў БДУ. Вы, як спецыяліст па гісторыі БДУ, доўгі час выношвалі гэту ідэю. У чым яе ўнікальнасць?

Алег Яноўскі

– Серыя кніг пад агульнай назвай «Інтэлектуальная эліта Бела­русі» прымеркавана да надыходзячага 100-гадовага юбілею нашага ўніверсітэта. Гэта знакавая падзея для ўсёй краіны, паколькі гаворка ідзе не толькі пра стварэнне першага сапраўды беларускага Уні­версітэта, але і пра пачатак фармі­равання цэласнай сістэмы вышэйшай адукацыі і навукі Беларусі, у чым ролю БДУ цяжка пера­ацаніць. Пры падтрымцы кіраўніцтва БДУ ­за апошнія тры гады выкладчыкі гістарычнага факультэта прарабілі комплексную пошукавую працу, якая дазволіла сабраць унікальныя гістарычныя матэрыялы. У аснову дадзенай кнігі і серыі ў цэлым па­кладзены прасапаграфічны метад. Ён дазволіў стварыць не проста нейкую калектыўную біяграфію найбольш выбітных прадстаўнікоў універсітэцкай карпарацыі, але праз персаніфікацыю аповеду ад­люстраваць незвычайнасць кож­нага чалавека і яго значны ўнёсак для нашай краіны.
Аб’ектам гістарычных даследаванняў можа быць мегагісторыя – яна падуладная глабальнаму мыс­ленню, усёахопнасці. Ёсць і мікрагісторыя – дапусцім, гісторыя нашай alma mater у межах наву­кова-адукацыйнай сферы краіны. Але абодва падыходы ў асэнса­ванні гісторыі без чалавека не іс­нуюць, бо гісторыя саткана з вынікаў дзейнасці канкрэтных лю­дзей. Захапляючыся мегапраек­тамі, мы пакідаем у забыцці асоб, якія пражылі вельмі складанае і выніковае жыццё. Нават у гісторыі нашага ўніверсітэта мы шмат чаго не ведаем з таго, што было важным складнікам яго дзейнасці 20, 50 і 100 гадоў назад. Мы «забраліся на плечы тытанаў» і не ўсведамляем, дзякуючы каму мы сёння маем магчы­масць ганарыцца сваёй ВНУ. Мы прывыклі казаць пра сябе, пра сучасныя вынікі, а пра дасягненні папярэднікаў нярэдка згадваем ­мімаходзь. Але зададзімся пытаннямі: ­а кім усебакова прапісаны асоба і заслугі Усевалада Ігнатоўскага? Хто належным чынам увекавечыў імя і дзеі нашага першага рэктара Уладзіміра Пічэты? Свайго актыўнага працягу чакае ўніверсітэцкая серыя «Памяць і слава», у якой абавязкова павінны знайсці адлюстраванне справы і думкі сотняў інтэлектуалаў Бела­рускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так, імёны некаторых ушанаваны ў мемарыяльных дош­ках, але хацелася б, каб імя У. І. Пічэты гучала ў назве адной з цэнтральных вуліц горада: там, дзе ён ствараў наш беларускі Універсітэт!
– У дзвюх кнігах апавядаецца пра 55 выбітных навукоўцаў, якія пакінулі вялікую інтэлектуальную спадчыну для нашай краіны. Чаму выбар спынілі менавіта на іх?
– Я з 1973 года пагружаны ў гісторыю вышэйшай школы Беларусі і ўсяго СССР. За дзесяцігоддзі ў асабістым архіве назапасіўся вялікі дакументальны і бібліяграфічны матэрыял, фактаграфія. Гэта дазваляе бачыць БДУ і маштабна, і ў дэталях. Але важнейшае за ўсё тое, што побач сабралася кола неабыякавых, добра дасведчаных у «рамястве» гісторыка калегаў – сталых і маладых даследчыкаў. А імёны для ўключэння ў дзве кнігі, якія ўжо адбыліся (як і ў трэцюю, што рыхтуецца сёння), усебакова абмяркоўваліся з удзелам кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканаў і прафесараў многіх факультэтаў. І не было нейкіх вострых спрэчак, пярэчанняў. Усе імкнуліся да аднаго: як бы не забыцца кагосьці, як максімальна поўна суаднесці асабістую біяграфію з біяграфіяй універсітэта ці канкрэтнага факультэта, кафедры. Вядома, зыходзілі з несумненна высокай знакавасці асобы, як і прымаючы ў разлік магчымасць правядзення паўнавартаснага даследавання.
Я ганаруся тым, што ўсе аўтары вельмі добрасумленна і творча правялі свае даследаванні. Яны адкрылі такія «навуковыя шлюзы», пра наяўнасць якіх я раней і не ­думаў. Выйшлі на сайты, музеі, бібліятэкі, усталявалі цесныя кантакты са сваякамі. Мы многіх асоб проста рэанімавалі з гэтага бяс­памяцтва.
 
Самыя разумныя людзі займаліся аналізам і рэалізацыяй таго, што вызначыла на дзесяцігоддзі першынство ўніверсітэта ў сістэме вышэйшай школы БССР, яго высокі аўтарытэт у цэлым у СССР.
Узяць таго ж Фаму Георгіевіча Асіпенку – найцікавейшая біягра­фія. Адзін з заснавальнікаў арганічнай хіміі, стваральнік адпаведнай кафедры. У асабістай справе не было звестак, калі ён памёр. І на факультэце ніхто не змог нам дапамагчы. У выніку аўтар нарыса Сцяпан Цемушаў і я выйшлі на загс, дзе працуе выпускніца гістфака. І з яе дапамогай знайшлі-такі дакладную дату смерці прафесара, дакладны адрас яго апошняга месца працы, месца жыхарства.
Ці яшчэ была нагода ўскрык­нуць «эўрыка!». А. П. П’янкоў – трэці дэкан гістарычнага факуль­тэта і першы, хто абараніў доктар­скую дысертацыю па расійскай медыевістыцы. Калі я ўжо пад­рых­таваў матэрыял пра яго, выйшаў ­на мяне ўнук Аляксея Пятровіча і паведаміў, што ў яго захаваўся надзвычай багаты сямейны архіў дзеда. Цяпер з маім калегам Міхаілам Фёдаравічам Шумейкам ­яго вывучаем. А там унікальныя рэчы – перапіска з акадэмікам Дзмітрыем Грэкавым, гісторыкам і наркамам Міхаілам Пакроўскім. Гэта не апошнія людзі ў гісторыі СССР. Хоць перапіску наш дэкан вёў з імі ледзь не на «сяброўскай назе»! П’янкоў сам быў буйным расіязнаўцам, але ён жа стварыў першую праграму па гісторыі Бе­ларусі, вывучыў беларускую мову, хоць сам нарадзіўся ў Пермі і паспеў папрацаваць у Палтаве – вось такі наш герой. Аляксандр Савіч – унікальны гісторык, таксама расія­знаўца, але ўжо беларускага паходжання. Шмат гадоў назад яшчэ ў Мардовіі неяк трапіў мне ў рукі каляндар. У ім была паказана дата і месца нараджэння беларускага гісторыка Савіча. А вось на радзіме ў Беларусі не сустракаў нічога падобнага. Прыйшлося грунтоўна засесці ў архівы, каб імя аднаго з першых прафесараў БДУ было адроджана. Тым больш што, як выявілася, яго творчае жыццё ўсеяна проста дэтэктыўнымі сюжэтамі.

Не менш цікавым і павучальным было жыццё ў навуцы і ў савецкіх універсітэтах намесніка Пічэты ­Саламона Кацэнбогена (а быў ён яшчэ і намеснікам наркама асветы ССРБ). Пра яго, скрупулёзна са­браўшы шырокі фактычны матэ­рыял, напісаў мой вучань Андрэй Максімчык. Ён падняў унікальны пласт дакументаў, знайшоў у Екацярынбургу сямейны архіў, унука – у Германіі, унучку – у Піцеры (яны далі сапраўды неацэнныя даку­менты пра БДУ і Беларусь пачатку 1920-х гадоў). Гэты ўніверсітэцкі філосаф быў рэктарам ­Казанскага ўніверсітэта, потым выявіў сябе ў ВНУ Свярдлоўска. Калі ён пакідаў універсітэт, студэнты напісалі яму шчыры падзячны ліст, які цяпер ­упрыгожвае калекцыю музея гісторыі БДУ.
У абедзвюх кнігах шмат гучных прозвішчаў, той жа Георгій Канстанцінавіч Жукаў, які займаўся ваен­най падрыхтоўкай студэнтаў
у 20–30-я гг. Ваенная падрыхтоўка не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. А калі пачалася фізкультурызацыя? Раней гэта лічылася буржуазнай з’явай, пакуль у 1928 годзе на палявыя зборы пад Бабруйскам не прыехалі рэктар У. І. Пічэта, ваенкам М. М. Пятроў і некаторыя члены Савета БДУ. Афіцэры ім кажуць: вашы студэнты кволыя і фізічна не падрыхтаваныя. Кіраўнікі ўніверсітэта вяртаюцца ў Мінск, збіраюць савет і прымаюць рашэнне ўвесці рэгулярныя фіз­культурныя заняткі ў рамках навучальнага працэсу. І да ваеннай кафедры дадаецца фізкультурная. Нават за такой як бы ардынарнай падзеяй у гісторыі БДУ стаялі канкрэтныя людзі, іх ініцыятыва і ўменне знайсці дакладнае рашэнне рухалі наш універсітэт, удас­канальвалі яго шматбаковую дзейнасць. А якія гарачыя дыскусіі разгортваліся ў 20–30-я гады вакол асэнсавання шляхоў далейшага развіцця! Напрыклад, як арганізаваць максімальна эфектыўны на­вучальны працэс – колькі гадоў вучыць будучага спецыяліста, якія методыкі выкарыстоўваць, у якім аб’ёме даваць лекцыйны матэ­рыял, якое месца павінна займаць практыка? Гэтыя і шматлікія іншыя пытанні былі арганічнай часткай ­інтэлектуальнай працы тых, хто ўвасабляў БДУ.
Самыя разумныя людзі займаліся аналізам і рэалізацыяй таго, што вызначыла на дзесяцігоддзі першынство ўніверсітэта ў сістэме вышэйшай школы БССР, яго высокі аўтарытэт у цэлым у СССР. Так, гэта інтэлектуальная эліта Беларусі, а не толькі БДУ. Таму што яны, працуючы ў БДУ, працавалі на ўсю рэспубліку, на ўвесь Савецкі Саюз.
– Якім будзе працяг у серыі?
– Мы ўжо рыхтуем трэцюю кнігу. Храналагічна ва ўсіх пяці кнігах задумана працягнуць аповед пра тых, каго мы называем «заснавальнікамі», гэта значыць пачынаць апавяданне з 1919 года. Аднак у кожнай наступнай кнізе будуць прадстаўлены нарысы пра тых, хто прыняў інтэлектуальную эстафету, прымножыў славу БДУ. Так што ўмоўна вылучаны пяць перыядаў па 20 гадоў кожны. У першай кнізе ахопліваецца міжваеннае 20-годдзе, у другой – да 1961 года і гэтак далей. У трэцяй кнізе павінны быць прадстаўлены спецыяльнасці, напрамкі навуковай і педагагічнай дзейнасці.
Можна без перабольшання канстатаваць, што ўсе аўтары нарысаў (прафесар А. Гужалоўскі, дацэнты А. Малюгін, А. Бурачонак, А. Максімчык, В. Яршова, С. Захаркевіч, В. Кахновіч, С. Цемушаў, ­В. Макарэвіч, А. Тарканеўскі, М. Шумейка, выкладчыкі А. Назаранка, І. Грыбко, Э. Маліноўская і інш.) выявілі такія цікавыя факты, якія прымушаюць па-новаму ўсведамляць веліч нашага ўніверсітэта, яго калектыву. У цэлым і стаіць задача выкарыстоўваць у апавяданні не толькі вядомы матэрыял, але і імкнуцца знайсці новы, у значнай ступені эксклюзіўны. Вядома, было б выдатна, калі б на ўсіх факуль­тэтах вяліся ўласныя даследа­ванні. Бо шмат у чым толькі так можна максімальна дакладна ўзнавіць творчае жыццё чалавека і дзейнасць усяго ўніверсітэта!

Нядаўна ў нас прайшла канферэнцыя, прымеркаваная да 100-годдзя дэкрэта пра адкрыццё БДУ. Яна сабрала многіх сур’ёзных навукоўцаў розных спецыяльнасцяў. Напрыклад, фізікі прадставілі цікавыя сюжэты пра астранамічныя даследаванні ва ўніверсітэце. Але калі я спытаў, ці вядомае ім імя Арсенія Міхайлоўскага, то ў адказе прагучалі толькі агульныя ўяўленні.
Хоць Арсеній Аляксеевіч – родапачынальнік у Беларусі і выкладання, і правядзення даследаванняў у галіне астраноміі! Ён да нас «прывёз» астраномію! Па-за ўвагай на канферэнцыі застаўся і засна­вальнік школы дзяржаўнага і канстытуцыйнага права Усевалад Дурдзянеўскі, хоць тэма «беларуская канстытуцыя» гучала. Ці яшчэ прыклады. У парку Горкага, куды я ўвесь час хаджу, нядаўна пастаўлены памятны знак, што тут у 20-я гады была прабурана свідравіна, якая дала Мінску мінеральную ваду. Непасрэднае дачыненне да гэтага мелі ўніверсітэцкія географы, у першую чаргу Мікалай Бліядуха. А наш выбітны хімік Міхаіл Паўлючэнка ў 50-я гады першым ацаніў магчымасці распрацоўкі Старобінскага радовішча калійных соляў і знайшоў рашэнне па эфектыўнай ачыстцы і вылучэнні сільвініту. Пра гэтых навукоўцаў трэба не толькі памятаць, але і голасна агучваць на ўсіх узроўнях іх заслугі, іх інтэлектуальную спадчыну. Бо нядобра, калі зараз у паўзабыцці апынуліся выбітныя матэматыкі Цэлестын Бурсцін, Уладзімір Дыдырка, Іосіф Пятосін, фізік Яфім Сіроцін, псіхолаг Серафім Васілейскі, хімік Эміль Змачынскі і многія іншыя, нарысы пра якіх мы ўжо апублікавалі ў дзвюх выдадзеных кнігах.
Гэтыя навукоўцы ўсведамлялі, што яны працуюць, ствараюць, рэалізуюць свае ідэі, рыхтуюць ­сабе змену ў Беларускім дзяржаўным універсітэце! Разумелі сваю гістарычную місію і ўсімі сі­ла­мі паднімалі інтэлектуальны ўзровень грамадства ўсёй краіны. Яны працавалі ў неймаверна складаных умовах (палітычных, эканамічных, маральных), але заўсёды заста­валіся Навукоўцамі. Дарэчы будзе заўважыць, што менавіта ­навукоўцы БДУ стваралі і затым сваёй інтэлектуальнай працай увасаблялі шматлікія, асабліва навуковыя, установы рэспублікі – у першую чаргу Інстытут белару­скай культуры, а затым Беларускую ака­дэ­мію навук. Яны вучылі студэнтаў, займаліся фундамен­тальнай і прыкладной навукай, рабілі велізарны ўнёсак у розныя сферы народнай гаспадаркі.

П. Я. Панкевіч (крайні справа) сярод калег-акадэмікаў БАН: справа налева – гісторык В. К. Шчарбакоў, матэматык Ц. Л. Бурстын, філосаф С. Я. Вальфсон, хімік Б. М. Шпенцэр. Мінск, 1935 г.

– Хто браў удзел у пад­рыхтоўцы такога маштабнага выдання?
– Гэта калектыўная праца, універсітэцкая. Кніга сабрала многіх нашых калегаў з іншых факуль­тэтаў. Усе працавалі і працягваюць працаваць на належнае прадстаўленне імёнаў тых, дзякуючы каму мы амаль дасягнулі будучага, ужо такога блізкага 100-годдзя alma mater. Хацеў бы выказаць шчырыя словы падзякі супрацоўнікам і кіраўніцтву Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, усіх трох Фундаментальных бібліятэк Беларусі. Шмат у чым дзякуючы іх садзейнічанню ў пошуку дакументаў і самых розных матэрыялаў, іх капіраванні і сканіраванні стала магчымым стварыць нашу кнігу і займацца далейшай працай. Вялікі ўклад у рэалізацыю задуманага праекта ўнеслі спецыялісты ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ на чале з Н. М. Герасімовіч – рэдактары А. А. Лагвіновіч, А. В. Яфімаў і інш., мастацкі рэдактар Т. Ю. Таран, тэхнічны рэдактар Л. У. Жабароўская, карэктар Н. В. Яненка і іншыя (так, кам­п’ютарную вёрстку цудоўна вы­канала В. У. Гасюк). І аўтары, і выдаўцы паставіліся да зместу кніг, да герояў са шчырай пашанай і глыбокай удзячнасцю. А як кнігі ­будуць успрыняты чытачом, па­кажа час.

Гутарыў
Сяргей ШАФАЛОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: