Ірына КАЗАКОВА: «Вечнай вясны ў любую пару года, пры любым надвор’і» [+cлайды]

11 Mar, 2019.

Ирина Казакова Союз женщин БГУ Ірына Казакова старшыня Саюза жанчын БДУ

Ірына Казакова, старшыня Саюза жанчын БДУ

«Не жывіце ў свеце навязаных стэрэатыпаў, штампаў і клішэ. Кожная жанчына ўнікальная», – кажа Ірына КАЗАКОВА, старшыня Саюза жанчын БДУ. Мы сустрэліся  з Ірынай Валер’еўнай з нагоды 20-годдзя арганізацыі і пагаварылі пра гэту круглую дату, пра вясновае абнаўленне і жаночую душу.

«Ад сакавіка да мая» – цыкл, прысвечаны круглай даце арганізацыі
Першая дата ў летапісе ГА «Саюз жанчын БДУ» – 1999 год. Тады ініцыятыўная жаночая група, якую ўзначальвала Святлана Рыгораўна Савіна (яна і стала першай старшынёй Саюза жанчын), вырашыла, што не хапае аб’яднання, якое б актуалізавала ролю жанчын у БДУ, дапамагала б у абароне іх правоў і інтарэсаў. І гэту ініцыятыву падтрымаў рэктарат. Ірына Валер’еўна распавядае:
– Заўсёды абараняючы інта­рэсы членаў нашай арганізацыі, мы перш за ўсё працуем на імідж універсітэта. Пратакол пра ства­рэнне аб’яднання быў падпісаны на Савеце БДУ 6 чэрвеня 1999 года, аднак падрыхтоўка да гэтага рашэння пачалася з пры­ходам вясны. Таму мы вырашылі назваць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных круглай даце, «Ад сакавіка да мая». Праграма ўключае круглыя сталы: «Роля жанчыны ў развіцці навукі і адукацыі», «Роля жанчыны ў захаванні нацыяналь­ных тра­ды­цый і сямейных каштоўнасцяў», «Жанчына ў прафсаюзным руху» і інш. Будуць кніжныя выставы пра ролю жанчыны ў бе­ларускай гісторыі, выстава фундаменталь­ных прац жанчын – дактароў навук нашай арганізацыі. Таксама адбу­дзецца форум маладых жанчын – будучых лідараў на тэму фармі­равання актыўнай грамадзянскай пазіцыі нашай моладзі; семінар, прысвечаны прапагандзе здаро­вага ладу жыцця, і іншыя важныя падзеі і сустрэчы.

«Каб не толькі паважалі яе пасаду, але і шанавалі як асобу»
Нездарма дэвіз грамадскай арга­нізацыі «Verbo еt Facto», што азначае «Словам і справай». Гэта фраза стала ключавой у яе дзейнасці. Яны заўсёды побач, дапамогуць і словам, і справай. Саюз жанчын БДУ функцыянуе ў цесным супрацоўніцтве з рэктаратам, дэкана­тамі, з усімі структурнымі падраз­дзяленнямі БДУ. Сёння ў арганізацыі налічваецца каля 450 чалавек.
Шмат увагі надаецца сацыяльнаму кірунку дзейнасці. Аказваецца падтрымка шматдзетным маці; людзям з абмежаванымі магчы­масцямі; пенсіянерам; студэнтам, якія пазбавіліся бацькоўскай апекі; арганізоўваюцца бясплатныя кан­сультацыі з рознымі спецыялістамі: юрыстамі, псіхолагамі, урачамі.
Рэалізуюцца некалькі міжнародных ініцыятыў. Праект «Я вы­біраю Беларусь!» накіраваны на сумесную дзейнасць з замежнымі сту­дэнтамі і выкладчыкамі, якія аб­ралі Беларусь для вучобы, працы і жыцця. Адбыўся моладзевы фэст культур «Беларусь вiтае сяброў!» з удзелам 5 дыпмісій.

Союз женщин БГУ Саюз жанчын БДУ

Туркменскія студэнты на фестывалі «Беларусь вітае сяброў»

– Таксама ў нас створаны клуб міжкультурных камунікацый Global Vitae. На яго базе арганізуюцца адукацыйныя візіты ў розныя ўніверсітэты свету для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў БДУ. Летась мы наведалі Германію. Цяпер распрацоўваем наступную праграму, – працягвае старшыня арганізацыі. – Для членаў Саюза жанчын у межах дадзенага клуба працуюць бясплатныя курсы па вывучэнні замежных моў ­і культур. Ужо сфарміраваны тры праграмы, разлічаныя на паўгода: «Кітайская мова і культура», «Нямецкая мова і культура», «Польская мова і культура». Заняткі вядуць галоўным чынам носьбіты мовы.
Саюз жанчын спрыяе развіццю навукі ва ўніверсітэце: арганізоў­вае навукова-практычныя канфе­рэнцыі і семінары. Пра гэта Ірына Валер’еўна кажа так:
– Мы з’яўляемся аўтарамі першай у Беларусі серыі канферэнцый «Роля жанчыны ў развіцці навукі і адукацыі», у 2016 г. удзель­нікамі пілотнай канферэнцыі стала больш за 350 навукоўцаў з 26 краін. Летась мы зладзілі канферэнцыю «Жанчыны-на­вукоўцы Беларусі і Казахстана», а ўжо 15 сакавіка пройдзе канферэнцыя «Жанчыны-навукоўцы Беларусі і Кітая».
Саюз жанчын БДУ з’яўляецца адным з заснавальнікаў агульна­ўніверсітэцкага электроннага на­вукова-асветніцкага часопіса
«Са­фія». Праект аб’яднаў навукоўцаў па прыродазнаўча-гумані­тарных галінах. Ірына Казакова адзначае, што ў планах стаіць развіццё рубрыкі «Педагогіка і інавацыі», бо сёння гэта адна з найважнейшых тэм у адукацыі.
Саюз жанчын выступае за прапаганду здаровага ладу жыцця, ­арганізоўвае мерапрыемствы па­трыятычнай, асветніцкай, гісторы­ка-культурнай скіраванасці. Дзейнічаюць клубы: «Спадарыня», «Ефрасіння», «Алімпія БДУ» і інш.

Союз женщин БГУ Саюз жанчын БДУ

Калектыў Саюза жанчын БДУ на выставе «Ад родных вытокаў – у гонар Бацькаўшчыны і БДУ»

– Мы ганарымся яшчэ адным нашым рэалізаваным праектам – конкурсам «Жанчына года БДУ». Упершыню ён быў праведзены ў 2017 годзе. Вырашылі праводзіць яго кожныя 5 гадоў да юбілейных дат універсітэта, – кажа кіраўнік ­саюза. – Конкурс праходзіў па 5 ­намінацыях: «навуковыя дасягненні», «навукова-метадычная праца», «кіраўнічая праца», «праца са студэнтамі» і «найлепшы работнік». Было пададзена больш за 120 заявак ад членаў аб’яднання, а да ­фіналу дашлі каля 30 чалавек. Падчас конкурсу мы пераканаліся, што нават калі жанчына займае ­высокі пост, то для яе мае значэнне таксама і грамадскае прызнанне. Каб не толькі паважалі яе пасаду, але і шанавалі як асобу.

«У чым таямнічая сутнасць жанчыны?»
ГА «Саюз жанчын БДУ» прапануе адзначыць прыход вясны і Міжнародны жаночы дзень  канцэртам «Для мам і мілых дам!», выставай творчых прац выкладчыкаў і сту­дэнтаў ­«Вясна–2019», літаратурна-музычнымі вечарамі з удзелам ­замежных студэнтаў і выкладчыкаў.
З 5 па 12 сакавіка арганізавана інтэрактыўная выстава «Бабкі Ёжкі ­і Ягабабачкі» з больш чым 50 уні­кальнымі экспанатамі ад рамеснікаў з Беларусі, Літвы і Поль­шчы, а таксама ­калекцыямі з фондаў кабі­нета-музея беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта і супрацоўнікаў БДУ.

– Цэнтральнае месца на выс­таве адведзена працам майстра-­лялечніка з Гродна Галіны Жам­чужнікавай, – распавядае Ірына Валер’еўна. – Гэта чалавек неверагоднага таленту, з неардынарным светапоглядам. Яна робіць розных лялек, і сярод яе тварэнняў ёсць і Баба-Яга. Гэта адзін з самых за­гадкавых вобразаў у міфалогіі і фальклоры, і гэта сімвалічны жа­ночы вобраз. Нельга адназначна адка­заць: станоўчы ці адмоўны гэта персанаж.

Вам таксама можа спадабацца: