Жаночы футбол БДУ: гісторыя стварэння каманд, яскравыя падзеі, перамогі

25 мая, 2026.

Спорт – неад’емная частка актыўнага і насычанага жыцця БДУ. Сёння летапіс універсітэта налічвае нямала важных спартыўных дасягненняў. Сярод іх адмысловае месца займаюць перамогі жаночых футбольных каманд БДУ. Да Года беларускай жанчыны пра жаночую зборную каманду БДУ па футболе і жаночую каманду «Універсітэт» па міні-футболе распавёў Віталь Валасюк, начальнік дэпартамента развіцця масавага і аматарскага футбола, галоўны трэнер каманд, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ.

– Распавядзіце, калі ласка, як вы пачалі захапляцца футболам?

– Футбол быў у маім жыцці з самага нараджэння. У малодшым узросце я часта быў гледачом футбольных турніраў і спаборніцтваў, дзе браў удзел мой бацька. Цікавасць да футбола нарастала, і я пачаў наведваць заняткі ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Бярозы. Ужо тады я адчуваў, што футбол – гэта мая сфера, і мне хацелася ў ёй развівацца. Так я стаў гульцом мясцовай футбольнай каманды.

Калі прыйшоў час паступлення ва ўніверсітэт, я абраў БНТУ. У маё жыццё прыйшоў этап вышэйшай адукацыі і далейшага развіцця футбольнай кар’еры. Прайшоўшы мноства адбораў, я стаў гульцом каманды БНТУ і паспяхова выступаў у Вышэйшай лізе чэмпіянату краіны па футзале. Пасля завяршэння вучобы я працягнуў гуляць і за розныя міні-футбольныя каманды: сталічныя «Абсалют» і «Атлант», а таксама «Граніт» (Мікашэвічы) і «Камунальнік» (Бяроза). Увогуле, этап спаборніцкай кар’еры ў маім жыцці быў яскравым, цікавым і насычаным.

– Як склаўся ваш трэнерскі шлях?

– Яшчэ калі я быў гульцом, разумеў, што неабходна задумвацца пра сваю будучыню. Хацелася застацца ў сферы футбола як мага доўжэй, таму тады прыняў рашэнне атрымаць прафесійныя веды і навыкі для працы трэнерам. Адпаведную адукацыю я атрымаў у Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі БДУФК.

Цікава, што спачатку мне давялося папрацаваць у БДУ па першай тэхнічнай адукацыі. Так, у 2007 годзе я стаў інжынерам-электрыкам Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення ўніверсітэта. Футбольны матч паміж супрацоўнікамі якраз і дазволіў на практыцы паказаць мае навыкі і ўменні, якія былі заўважаны кіраўніцтвам. Вось тады мне і прапанавалі варыянт сумяшчэння працы ў статусе трэнера-выкладчыка на кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ. І ў хуткім часе, у 2012 годзе, я ўзначаліў жаночую футбольную зборную каманду БДУ. Так пачаўся новы этап у маім жыцці і ў развіцці каманды.

– Як пачалася гісторыя каманд у БДУ?

– У 2010 г. пачынаецца гісторыя жаночай зборнай каманды БДУ па футболе. Тады гэты спорт набыў вялікую папулярнасць, і паўстала неабходнасць стварэння зборнай на базе ўніверсітэта. Чарговы этап у гісторыі каманды пачаўся ў 2012 г., калі я заняў пасаду трэнера. Быў арганізаваны новы трэніровачны працэс. З таго часу трэнерскі склад і спартсменкі разам ідуць да выніку. Прыемна адчуваць, што з кожным годам каманда мацнее, развіваецца і рухаецца наперад.

Новым этапам у развіцці жаночага футбола стала правядзенне чэмпіянату Беларусі па міні-футболе ў 2017 г. Для нас з’явілася магчымасць стварэння ўласнай каманды, якая змагла б выступаць у дадзеным спаборніцтве. З гэтага часу пачалася праца па падборы спартсменак і арганізацыі трэніровачнага працэсу.

Такім чынам, у 2018 г. узнікла жаночая каманда «Універсітэт» па міні-футболе. Назва для каманды была абрана невыпадкова. Хацелася падкрэсліць сувязь спартсменак з найстарэйшым вядучым універсітэтам краіны. Падчас далейшых абмеркаванняў будучай назвы ўспомніўся яскравы дызайн газеты «Універсітэт», і не засталося сумневаў, што назваць каманду трэба менавіта так.

У той жа год каманда пачала выступаць і актыўна ўключылася ў спаборніцкі працэс. Праз два сезоны спартсменкі дасягнулі першых высокіх вынікаў: перамога ў Кубку Беларусі па міні-футболе сярод жаночых каманд. Важна адзначыць, што сярод гульцоў ёсць і будучыя абітурыенты БДУ, і студэнты, і выпускнікі. Мы шчыра імкнёмся захоўваць пераемнасць паміж гульцамі. Для каманды лепш, каб атмасфера ў калектыве падтрымлівалася і захоўвалася аднолькавай на працягу доўгага часу. Усе спартсменкі знаёмяцца з нашым распарадкам, традыцыямі, правіламі і прывыкаюць да іх. Гэта дазваляе стварыць надзейную апору для каманды.

– Якія этапы падрыхтоўкі ўключае трэніровачны працэс?

– Гэта розныя трэніровачныя заняткі, дзякуючы якім мы рыхтуем спартсменак да спаборніцтваў. Усе заняткі праходзяць на базе навучальна-спартыўнага комплексу «Універсітэцкі» ў БДУ. Штогод падрыхтоўку мы пачынаем са складання трэніровачнага плана, пачынаючы з 1 верасня. Кожны тыднёвы перыяд трэнерскі штаб распісвае мікрацыкл падрыхтоўкі, дзе вызначаецца від заняткаў, дзень трэніроўкі і час.

Часцей за ўсё гэта заняткі на футбольным полі, каб навастрыць індывідуальнае майстэрства на полі і групавыя тактычныя дзеянні, трэніроўкі ў трэнажорнай зале, каб умацаваць фізічную форму, заняткі ў басейне, каб аднавіць арганізм пасля высокіх нагрузак. План працы складаецца так, каб да спаборніцтваў каманда падышла на піку сваёй формы. Нягледзячы на высокую нагрузку, імкнёмся арганізаваць трэніровачны працэс так, каб на заняткі футбалісткі прыходзілі з задавальненнем.

Трэба адзначыць, што падрыхтоўка ідзе ўвесь год. Нават на вакацыях у летні час мы арганізуем заняткі для падтрымання формы, якія спартсменкі па магчымасці наведваюць.

– Чаму вы надаяце больш за ўсё ўвагі пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў?

– Ключавымі момантамі ў працы з’яўляецца стварэнне спрыяльнай атмасферы і сяброўскага мікраклімату. Гэта непасрэдна ўплывае на дасягненне вынікаў у будучыні. Асноўны пасыл, які мы спрабуем данесці, гэта каб спартсменкі пачуваліся максімальна камфортна. У спрыяльных умовах значна лягчэй паказаць усё, на што здольны, і прынесці камандзе поспех.

Важная з’яўляецца індывідуальная праца са спартсменкамі, бо кожная з іх каштоўная і ўнікальная. Імкнёмся, каб кожны гулец каманды давяраў трэнерам і калектыву, каб мы ўсе разам ішлі да нашай агульнай мэты. Лічу важным, каб трэнерскі склад паказваў прыклад спартсменкам у сваёй працы. Упэўнены, што, калі бачыш поўную аддачу з боку трэнераў, падсвядома хочаш адказаць тым жа.

– Як атрымліваецца падтрымліваць камандны дух?

– Камандны дух – гэта сумесная праца трэнерскага складу і гульцоў. Толькі праца разам дазваляе дасягнуць добрага выніку. Для нас вельмі важна пастаянна падтрымліваць сяброўскую сувязь і бадзёрасць духу.

Варта сказаць, што важнае месца ў камандзе адведзена працы капітана і лідараў. Напрыклад, падчас матчу трэнер не можа выйсці на поле, у такія моманты вялікую ролю іграе менавіта згуртаванасць каманды. У сваю чаргу трэнеры імкнуцца максімальна падтрымаць спартсменак і накіраваць іх сілы ў патрэбнае рэчышча. Рад адзначыць, што з году ў год камандны дух сярод гульцоў толькі мацнее. Новыя гульцы паспяхова ўліваюцца ў атмасферу сяброўства, абароны і падтрымкі.

– Які матч ці спаборніцтва за перыяд вашай трэнерскай кар’еры вы лічыце самым важным?

– Гэта некалькі матчаў. У першую чаргу вельмі важнай стала перамога ва Універсіядзе па футзале ў 2015 годзе. Гэта першы трафей такога высокага ўзроўню жаночай студэнцкай каманды БДУ, які пацвердзіў прафесіяналізм каманды. Наступнай параўнальнай па ўзроўні перамогай стала 1 месца на Кубку Беларусі па міні-футболе ў сезоне 2019–2020 гг.

Яскравай падзеяй у гісторыі развіцця жаночай зборнай БДУ па футболе стаў фінал Універсіяды ў 2023 годзе, дзе каманда БДУ абыграла каманду БДУФК з лікам 5:1. У 2026 г. каманда дамаглася сапраўднага трыумфу: выйграла Суперкубак Беларусі, Кубак Беларусі і чэмпіянат рэспублікі па міні-футболе сярод жаночых каманд. Гэта 3 найважнейшыя спаборніцтвы, перамога ў якіх паказвае, што праца вядзецца ў правільным напрамку.

– Ацаніце, калі ласка, узровень развіцця жаночага футбола сёння.

– Выдатна, што ёсць такі спартыўны напрамак. Ён значна пашырае спартыўныя гарызонты і дазваляе ўбачыць новыя таленты. Калі ствараліся жаночая зборная каманда БДУ па футболе і жаночая каманда «Універсітэт» па міні-футболе, было нялёгка. Спатрэбілася шмат часу, каб прышчапіць гульцам псіхалогію пераможцы.

У спорт ніхто не прыходзіць проста так, усе перажываюць за вынік. Але, рупліва трэніруючыся з году ў год і фарміруючы згуртаваную каманду, разам у нас атрымалася прыйсці да стабільнага добрага выніку. Сёння жаночы футбол займае важнае месца ў жыцці БДУ і Беларусі. Выразна бачныя тэндэнцыі і павелічэнне колькасці спаборніцтваў, рост колькасці каманд і папулярнасці гэтага віду спорту.

– У чым, на ваш погляд, заключаецца ўнікальнасць жаночых каманд па футболе?

– Я трэнер не толькі жаночых зборных каманд па футболе, але і мужчынскіх, і я дакладна бачу розніцу паміж імі. Варта сказаць, што трэніровачны працэс у каманд падобны. Аднак унікальнасць заключаецца ў псіхалагічнай працы з камандамі. У першую чаргу мы імкнёмся знайсці тонкую грань, каб дасягнуць поўнага даверу і разумення.

Важна захоўваць камунікацыю не толькі на трэніроўках і спаборніцтвах, але і за іх межамі. Кожны гулец каманды яскравы і ўнікальны. Таму мы імкнёмся даць магчымасць паказаць сябе ўсім спартсменкам. Захоўваючы іх індывідуальнасць, падтрымліваючы іх упэўненасць у сабе і сваіх сілах, прыводзім каманду да сумеснай працы і згуртаванасці.

Музей гісторыі БДУ, кафедра фізічнага выхавання і спорту БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: