Як вас прывабіць? Хіба станчыць?..

26 Mar, 2014.

17483_original+

Студэнцтва – вясёлая пара. Спраўдзіць гэту агульнавядомую ісціну дапаможа факультэцкі фальклор: анекдоты, байкі, забаўныя выказванні выкладчыкаў і «ляпсусы» студэнтаў…

АНЕКДОТЫ
ад фізікаў
Калі фізіку трэба даследаваць устойлівасць стала на чатырох ножках, то спачатку ён разгледзіць стол без ножак, затым – стол з бясконцай колькасцю ножак, а рэшту жыцця выдаткуе на даследаванне агульнага выпадку ўстойлівасці стала з n ножкамі.
Са зборніка «Фізікі жартуюць».
* * *
Колькі трэба фізікаў-тэарэтыкаў, каб укруціць лямпачку?
– Мінімум трое: адзін піша тэорыю ўкручвання лямпачак, другі піша разгромную рэцэнзію на тэорыю ўкручвання лямпачак, а трэці шукае лабаранта, які ўкруціў бы лямпачку…
* * *
– У чым сіла, брат?
– У грашах.
– Вось і мой брат гаворыць, што ў грашах! А сіла – яна ў ньютонах!
* * *
Хімік, фізік, матэматык і філолаг атрымалі заданне вымераць вышыню вежы з дапамогай барометра.
1. Хімік вымераў ціск каля падножжа вежы і на страсе і высветліў, што яе вышыня ад 0 да 100 метраў.
2. Фізік скінуў барометр са страхі, замераў час падзення і вылічыў, што вышыня вежы ад 60 да 70 метраў.
3. Матэматык вымераў вышыню барометра, даўжыню ценю барометра і даўжыню ценю вежы, вылічыў тангенс вугла і высветліў, што вышыня вежы ад 63 да 64 метраў.
4. Філолаг прадаў барометр, напаіў на выгандляваныя грошы вартаўніка, і той распавёў яму, што вышыня вежы 63 метры 40 сантыметраў.
* * *DSC00406
Сустракаюцца неяк фізік і матэматык. Фізік пытае:
– Слухай, чаму ў цягніка колы круглыя, а калі ён едзе, яны стукаюць?
– Гэта элементарна, фізік. Формула круга – пі R2, дык вось якраз гэты квадрат і стукае.
* * *
Сустракае фізік свайго таварыша, той яму гаворыць:
– Мне тут такі класны анекдот распавялі: «Бяжыць мышка па краі абрыву: пі-пі-пі-а-а-а-а-а!!!».
– Ну і што асаблівага – звычайны эфект Доплера, – адказвае фізік.
* * *
Рэктар універсітэта праглядзеў каштарыс, які яму прынёс дэкан фізфака, і, уздыхнуўшы, сказаў:
– Чаму гэта фізікі заўсёды патрабуюць такое дарагое абсталяванне? Вось, напрыклад, матэ­ма­тыкі просяць толькі грошы на паперу, алоўкі і гумкі.
І, падумаўшы, дадаў:
– А філосафы, тыя яшчэ лепшыя. Ім нават гумкі не патрэбныя.
* * *
Лекцыя па вышэйшай матэматыцы. Выкладчык піша на дошцы мудрагелістую формулу і, паварочваючыся да залы, гаворыць:
– Фігура, намаляваная па дадзенай формуле, будзе мець выгляд пясочнага гадзінніка.
З залы:
– Якую форму?
Выкладчык без ценю ўсмешкі:
– Ну, гіпербалічны парабалоід.
З залы:
– Зараз зразумела.

ад гісторыкаў
Гісторыя пачынаецца тады, калі ўжо нічога немагчыма праверыць.
Цяжка змяніць будучыню, яшчэ цяжэй сучаснасць. Лягчэй за ўсё змяніць мінулае…
Аpхеалагічны паpадокс: найбольшы ўклад у стварэнне «кyль­тypнага пласта» ўносяць найменш кyльтypныя індывіды.
* * *
Размаўляюць двое гісторыкаў:
– Кажуць, знакамітаму Галілеа Галілею належыць крылатая фраза: «І ўсё-такі яна круціцца!» – якую ён вымавіў перад інквізіцыяй, не зракаючыся свайго пераканання ў тым, што Зямля круціцца вакол Сонца?
– На жаль, калега, гэта гіс­та­рычны міф. Мудры Галілеа ўсё-такі зрокся сваіх пера­кананняў, вымавіўшы пры гэтым іншую фразу: «Хочаш жыць – умей круціцца!»

ад журналістаў
Журналіст:
– Я прыйшоў узяць у вас ін­тэрв’ю.
Вядомы дзяржаўны дзеяч:
– Ды напішыце самі, потым дайце яго мне на прагляд. 18394_original
– Калі ласка, вось яно, азнаёмцеся.
* * *
– Скажыце, – дапытваецца малады пісьменнік у рэдактара, – а ці ёсць наогул надзея, што мой аповед з’явіцца ў вашым часопісе?
– Ну, зразумела. Усе людзі смяротныя, і я не вечны…
* * *
У кабінеце рэдактара ідзе абмеркаванне свежых рэпарцёрскіх матэрыялаў:
– Братка, – звяртаецца рэдактар да рэпарцёра, – ты проста малайчына! Даў такі выдатны загаловак.
– Дзякуй.
– Да яго б яшчэ рэпартажык…

ад эканамістаў
Эканаміст вырашыў наведаць свой інстытут. Яму захацелася даведацца, якія зараз пытанні задаюць на іспытах. Як жа ён здзівіўся, даведаўшыся, што яны такія ж, як і дзесяць гадоў назад.
– Пытанні тыя ж, адказы змяніліся, – растлумачыў стары прафесар.
* * *
Першае правіла пераходнай эка­номікі:
– На кожнага эканаміста зной-дзецца эканаміст такой жа велі­чы­ні з процілеглым меркаваннем.
Другое правіла пераходнай эканомікі:
– І абодва яны не маюць рацыі.
* * *
Кажуць, што першым эка­на­містам быў Калумб. Калі ён ад­правіўся адкрываць Амерыку, ён не ведаў, куды накіроўваецца. Калі ён яе дасягнуў, ён не ведаў, дзе знаходзіўся. І ўсё гэта ён зрабіў на дзяржаўныя сродкі.

ад юрыстаў
Сустракаюцца два юрысты.
– Дабрыдзень, як я рады з вамі пазнаёміцца, я столькі чуў пра вас!
– Ці мала што балбочуць людзі. А вы паспрабуйце даказаць!
* * *
У чым розніца паміж добрым і дрэнным юрыстам?
Дрэнны юрыст можа валакіціць справу некалькі гадоў. Добры юрыст можа рабіць гэта значна даўжэй.

ад псіхолагаў
– Што такое парапсіхалогія?
– Гэта калі заходзіш у кабінет, а там сядзяць два псіхолагі.
* * *
Стаяць два псіхааналітыкі. Адзін паднімае галаву і, гледзячы на неба, прамаўляе:
– Неяк пахмурна сёння.
Другі, зазіраючы яму ў вочы:
– Ты хочаш пагаварыць пра гэта?
* * *
– Ура, доктар, Вашы сеансы падзейнічалі!!! Я ўпэўнены, што змагу перамагчы свой песімізм і адкіну думкі пра самазабойства!
– Што здарылася?
– Сёння раніцай мой бутэрброд зваліўся маслам уверх!!!
– Э-э-э не, Вы яго проста не з таго боку намазалі.

ВЫРАЗЫ ВЫКЛАДЧЫКАЎ:

Гістфак
Панфілаў У. А.: «Тут не толькі пальцы ў разетку ткнуць, тут іншыя рэчы».
Аргучынцаў Г. К.: «Спрэчка павінна быць паважлівай, тактоўнай, а не па прынцыпе: «Сам казёл!», «Мой сантэхнік гаворыць: «Усё цячэ… і нічога не змяняецца», «Я вам даў не ўсё, яшчэ можна прыдумаць».
Плавінскі А. М.: «У мяне ёсць нядобрая звычка: я чытаю рэфераты, таму вы таксама чытайце».
Раманоўскі І. Ф.: «Малады чалавек піша ў сачыненні: «Вольга з Дуброўскім мелі зносіны праз дупло».
Любы А. У.: «Езуіты вучылі па-польску, але думалі, што вучаць па латыні».
«Прыехаў да бабулі, паставіў сабе фанетыку – ідэальны беларус».
Пісараў В. М.: «У ноч з 30 на 4 чэрвеня».
Корзун М. С.:
Быў іспыт у завочнікаў, і я запытаў пра валхвоў, а студэнт-завочнік адказвае і на «жречество» кажа «жрачество». Я пачуў, і настрой у мяне быў такі, што не хацелася яго збянтэжыць, ды і ўсё астатняе ён правільна адказаў.  Я вырашыў высветліць, ці выпадкова ў яго вырвалася, і задаў ас­татнія пытанні так, што трэба было гэта слова яшчэ раз ужыць.  Высветлілася, што не выпадкова… тры разы яшчэ паўтарыў.
Фядосік В. А.:
1. «..ішлі на вайну з-за грошай: то жонцы сукенку трэба набыць, то сыну – камп’ютар…»
2. «…старажытныя грэкі клаліся пад танкі..»
3. «Гамер існаваў, пра гэта сведчыць ягоны бюст на нашай кафед­ры».
Студэнт-завочнік пытае шлях:
– Дзе кафедра?
– Якая кафедра?
– Гістарычная…

Журфак
Самусевіч В. М.: Мой мабільны тэлефон – 5** – ** -03. Калі будзе зусім дрэнна, набірайце проста 03.
Касько У. К.: Прыгожае проз­вішча. Але не такое прыгожае, як маё.
Драбеня Ф. М.: Я ведаю, што ў вас шмат літаратуры, але маю трэба прачытаць.
Градзюшка А. А.: У Хойніках усім месца хопіць.
Прановіч Т. І.: Як гэта вас прывабіць, каб вы слухалі? Хіба станчыць?..
Ад студэнтаў:
Здаваў Дасаевай экзамен
Як зваць Гарэцкага забыў
Праз месяц ля дзвярэй
ваенкамата
Успомніў, што Максім

ФПМІ
Сыроід Ю. Б.:
– Гэта экспанента ў два разы большая за нуль.
–  У нас апарат ужо моцна развіты.
– Што мы робім з гэтым інтэгралам? Мы абразаем яму асаблівасці…
Матвееў Г. В.:
– Што такое алгебра? Гэта зусім не тое, што вы думаеце!
– Тое, што я гавару правільна,  мая годнасць, прычым адзіная.
– Перш чым фармуляваць гэтую ўласцівасць, я растлумачу яе на словах.
– Гэтыя аксіёмы настолькі простыя, што я не магу іх даказаць.
– Пасля перапынку я вам дакажу, чаму круг выглядае больш круглым, чым трохвугольнік.
– Я вось тут заўважыў: студэнт з набліжэннем да дошкі катастра­фічна тупее… А я вось усё жыццё стаю каля дошкі!
Левакоў А. А.:
– Добра. Сядайце… Дрэнна!
– Дзяўчыне: Скажыце, калі ласка, умовы існавання лакальнага экстрэмума… Як? Вы не ведаеце? З вамі нават і размаўляць няма пра што!
– Функцыя любой лічбы раздыферэнцыруемая, і нават больш.
Вядзернікаў С. В.:
– Я настолькі спрасціў доказы гэтай тэарэмы, што яна перастала што-небудзь даказваць.
– Пачакай за калідорам.
– Сёння вы ўбачыце, што ўсё, што я вам сёння гаварыў, мае здаровы сэнс!

Матэрыялы студэнцкага і выкладчыцкага «фальклору» перабірала Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца: