Марына Грас: “Самы лепшы ўрок, які я засвоіла: ад іншага чалавека можна прыняць і перажыць іншае жыццё”

9 Apr, 2014.

грасс марина

У студзені падчас працы міжнароднага праекта нямецкай праграмы падтрымкі Беларусі сумесна з грамадскай арганізацыяй ЕМI “Еўрапейскія медыяініцыятывы” выкладчыкі і студэнты Інстытута журналістыкі БДУ пабывалі на тыднёвай стажыроўцы ў Берліне. Падчас стажыровак збіраўся матэрыял для новага электроннага часопіса “AGENDA-Magazine”, які з’явіцца як вынік гэтага супрацоўніцтва.
Адным з самых запамінальных было інтэрв’ю з доктарам Марынай Грас і Данай Джыроус, якія працуюць у інтэрнацыянальным адукацыйным праекце “Жаночая памяць. Пошук жыцця і самабытнасці жанчын”.
У 1995 годзе ў сацыёлага і заснавальніка гендарных даследаванняў у Празе Ірыны Жыклавай (Jiřina Žiklová) з’явілася ідэя, якая пазней стала праектам “Жаночая памяць”. Ідэя заключалася ў тым, каб апытаць жанчын розных пакаленняў, якія жылі ў сацыялістычным рэжыме, пра іх жыццё. З гэтага моманту больш за 500 біяграфічных інтэрв’ю праводзілася ў розных краінах з жанчынамі, якія нарадзіліся ў перыяд 1920–1960 гг.

Праект “Еўрапейскія жанчыны ў дыялогу” (EFID – European Women in Dialogue) стварае план па пашырэнні рэгіёнаў праграмы “Жаночыя ўспаміны” і адкрыцці дыялогаў з жанчынамі з Усходняй Еўропы. Цэнтральны архіў “Жаночых успамінаў” размешчаны ў Празе. Усе матэрыялы сабраныя на сайце праграмы для даследчых мэт.

Падзенне жалезнай заслоны ў 1989 годзе суправаджалася вялікімі чаканнямі, асабліва ў сферы ведаў. Магчыма, нідзе не былі гэтыя чаканні настолькі высокія, як у галіне гендарных даследаванняў. У той час многія заходнія феміністкі “кінуліся” да рэгіёна Усходняй Еўропы пад сцягам глабальнага сястрынства. Яны спрабавалі меркаваць пра становішча жанчын на Усходзе на аснове іх уласнага сацыяльнага і культурнага досведу.fSzFGzIVqos+
Вялікая частка фемінісцкіх артыкулаў былі пададзеныя з няправільнымі звесткамі і інтэрпрэтацыямі. У той жа час ва ўсходнееўрапейскіх СМІ паўстала непрыманне, алергія на ўсё, што патыхае фемінізмам. У гэтым кантэксце антыфемінізму без фемінізму, некалькіх жанчын і адзін мужчына сустрэліся ў Празе ў кватэры выбітнай чэшскай праваабаронцы і прафесара сацыялогіі ў Карлавым універсітэце Ірыны Жыклавай для таго, каб абмеркаваць пытанні гендарных узаемаадносін. У выніку абмеркаванняў з’явіўся праект “Гендарныя даследаванні ў Празе”. Неўзабаве стала ясна, што існуе патрэба ў буйным даследаванні, якое можа служыць крыніцай ведаў па гендарных пытаннях не толькі ў кантэксце Чэхіі, але ва ўсім рэгіёне былога савецкага блока. Так, у 1996 годзе ўзнікла ідэя праекта “Жаночая памяць”. Яго мэтай было зразумець гісторыю жанчын пры сацыялізме, ва ўсёй яе складанасці.
“Мы хацелі кінуць выклік міфам і клішэ пра жыццё сацыялістычнай жанчыны, якая часта ўяўлялася як свайго роду гераічная жанчына-трактарыст. Мы імкнуліся дакументаваць жыццёвы досвед трох пакаленняў, якія нарадзіліся паміж 1920 і 1960 гадамі. Мы былі зацікаўленыя, галоўным чынам, у апісанні іх жыццёвых стратэгій і шляхоў выжывання”, – гаворыць Марына Грас.
Складанасць адносін паміж сацыялізмам і гендарнымі пытаннямі ніколі не можа быць цалкам усвядомленая з адной сферы ведаў. Таму ў нацыянальныя даследчыя групы ўвайшлі жанчыны, звязаныя з рознымі дысцыплінамі: сацыялогіяй, гісторыяй, лінгвістыкай, псіхалогіяй, філасофіяй, этнаграфіяй, антрапалогіяй і журналістыкай. Тым не менш мэта праекта не можа быць зведзеная толькі да навуковага вывучэння “гендарнага пытання”.
– Што робіць праект “Жаночая памяць” унікальным?
– Мы хацелі выкарыстаць для інтэрв’ю асаблівую методыку, – працягвае Марына Грас. – У выніку выбралі прыклад Габрыель Разенталь – адкрытыя біяграфічныя інтэрв’ю. А менавіта: у самім пачатку інтэрв’ю ставіцца адкрытае ўступнае пытанне, адзінае для ўсіх, у каго бралі інтэрв’ю. Даваліся час і вольная прастора, каб жанчыны распавялі ўсё тое, што лічаць патрэбным. Праект унікальны ў тым сэнсе, што ён выходзіць далёка за рамкі акадэмічнай супольнасці і арыентаваны на вялікую колькасць насельніцтва ў розных краінах і, спадзяюся, будзе мець уплыў на грамадства ў цэлым.fv9iBpeOE6o
Марына Грас жыла сорак гадоў у ГДР. Там яна скончыла ўніверсітэт, нарадзіла чацвярых дзяцей. “Я думала, што ведаю сваю краіну. Але былі гісторыі, пра якія я ані кроплі не ведала. Самы лепшы ўрок, які я засвоіла, – гэта тое, што ад іншага чалавека можна прыняць і перажыць іншае жыццё. Гэта павучальна і складана. А складанасць у тым, што мы не з’яўляемся ўласнікамі праўды, гэта значыць для кожнага праўда свая. Праўда існуе незалежна ад нас”.
Сёння праект, а з ім і ідэя, выходзіць за рамкі блізкага замежжа, набывае міжнародны характар. Акрамя таго, даследаванні праводзяцца па вызначаных тэмах – эмансіпацыя, гендарныя складанасці і г. д. Улічваюцца новыя гендарныя аспекты, якія з’явіліся не так даўно.
Напрыклад, Дана Джыроус – прадстаўніца маладога пакалення – называе сваю сям’ю заходне-ўсходняй не толькі па геаграфічным прынцыпе. Яе бацька з Чэхіі, эміграваў у Германію ў 1968 годзе. Яна вырасла ў заходнегерманскім Кёльне, а вучыцца прыехала ў Берлін. Зараз – актывістка праекта “Жаночая памяць”, працуе з партнёрамі з Расіі, Арменіі, Азербайджана.
“У нас добры досвед працы з Нагорным Карабахам, – гаворыць Дана. У гэтым і ва ўсіх іншых выпадках мы тлумачым, што не гаворым пра нацыянальнасць. Нацыянальнасць – гэта толькі малая катэгорыя. Нам цікавае жыццё жанчын па-за месцам жыхарства. Працуем з адукацыйнымі арганізацыямі, напрыклад, у праекце “Мабільная акадэмія для гендарнай роўнасці і міратворчасці”.
Беражлівае стаўленне да ўласнай гісторыі, жаданне разабрацца ў складанасцях сацыяльных жыццёвых перыпетый нямецкіх калегаў пераканала ў тым, што ўдзельніцы праекта нясуць высакародную місію павышэння ўзроўню культуры, адукацыі і проста сумленных чалавечых адносін, роўнага стаўлення да ўсіх.
Гэтая тэма мае працяг у нямецка-беларускім праекце. Створаны анлайн-часопіс, прысвечаны абмеркаванню пытанняў, звязаных з гендарам, грамадствам і культурай. У ім будуць публікавацца матэрыялы, напісаныя маладымі журналістамі.

Фаіна НАКАНЕЧНАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: