Чэшскі беларусіст Адам Фалбр: “Я б параіў кожнаму прыехаць сюды, у Беларусь, каб пабачыць усё сваімі вачыма”

9 Sep, 2015.

 Адам Фалбр БГУ школа белоруссистики Калі б вы сустрэліся з Адамам Фалбрам на вуліцы, вы нават не заўважылі б нічога дзіўнага ў гэтым хлопцы. Адам свабодна без акцэнту размаўляе на беларускай і рускай мовах, добра арыентуецца у жыцці краіны (можа, нават лепей, чым большасць беларусаў). Але Адам чэх, які першы раз завітаў Беларусь толькі два гады таму. З тых часоў Адам пасеў вельмі шмат. Ён чатыры разы пабываў у Беларусі, завёў шмат сяброў, двойчы стажыраваўся на філфаку БДУ. А з пачатку 2015 года хлопец пражыў на радзіме толькі два месяцы, астатні час — тут. Вось і зараз ён браў удзел у Летняй школе беларусістыкі, якая прайшла на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ з 25 жніўня па 7 верасня. Чым вабіць чэха Беларусь і навошта ён удзельнічае ў школе беларусістыкі, распавёў хлопец газеце “Універсітэт”. — Ці заўважаюць людзі, што ты замежнік, калі з імі размаўляеш? — Не заўсёды. Раней звярталі ўвагу, быў нейкі акцэнт. Зараз ужо стала лепш. Але так сама можна заўважыць. Сам я тут не адчуваю сябе як у замежжы. Горад добра ведаю. Мне тут лепш, калі мяне прымаюць як мясцовага, як свайго. Я больш камфортна сябе адчуваю, калі я нічым не адрозніваюся, калі я такі ж, як усе навакол. Сёння Адам пераходзіць на трэці курс філасофскага факультэта Карлава універсітэта ў Празе. Хлопец спецыялізуецца на ўсходне-славянскіх даследаваннях і на першым курсе, калі большасць студэнтаў Карлава універсітэта абірае другой замежнай мовай украінскую, літоўскую або латышскую, ён адзін з нямногіх, хто пачаў вывучаць беларускую. Ну а потым здарылася ўсё тое, пра што зараз пойдзе размова, тое, праз што Адам стаў сапраўдным спецыялістам ў галіне беларусістыкі. У маі 2014 года хлопец першы раз завітаў у Беларусь. Гэта быў чэмпіянат свету па хакеі. Але Адам ехаў не столькі дзеля спорта. “Проста тады была магчымасць прыехаць без візы”, — кажа хлопец. Адам Фалбр БГУ школа белоруссистики
— Я заўсёды цікавіўся Беларуссю. Мне проста было цікава паглядзець сваімі вачыма, як тут усё выглядае. Таму што у нас няма амаль ніякай аб’ектыўнай інфармацыі пра вашу краіну. Па тэлебачанні, напрыклад, калі нешта кажуць, то гэта звязана з палітыкай і гэта зусім неаб’ектыўна. Ніхто у нас не ведае, як выглядае Мінск, як тут людзі жывуць.
Да рэчы, адна з галоўных мэтаў школы беларусістыкі — гэта даць як мага больш інфармацыі аб культуры, гісторыі і мове Беларусі замежным студэнтам з краін Еўрапейскага саюзу, Расіі і Японіі. Дзеля 70 удзельнікаў два тыдні выступалі з лекцыямі выкладчыкі БДУ, супрацоўнікі Акадэміі навук. А ў вольны час студэнтам прапанавалі разнастайныя экскурсіі, семінары і майстар-класы. — Так, на гэты раз была экскурсія ў Нясвіж, — распавядае Адам пра адзін за эпізодаў жыцця школы. — Але я там быў ўжо раней. Я у той дзень ездзіў у Баранавічы… Гэтак самастойна. А калі я тут жыў яшчэ летам, я шмат вандраваў па розных гарадах. Ну, напрыклад, Брэст, Магілёў, Полацк, Наваполацк. І такія невялікія гарады, як Смалявічы, Смаргонь, Мядзел. Транспарт тут значна танней. У прыватнасці, тут цягнікі такія танныя, што для нас гэта не зразумела нават. Я не мог прызвычаіцца, калі вярнуўся ў Чэхію, што там вось тая ж адлегласць у чатыры разы даражэй. Цягніком вандраваць амаль бясплатна для нас. Калі ў Маладзечна можна за дзесяць тысяч трапіць, а гэта недзе семдзесят кіламетраў, то у нас тая ж адлегласць каштавала б, можа сто тысяч рублёў. — А якія гарады найбольш спадабаліся? — Ну, Полацк спадабаўся. Там я прабыў тры дні. Маладзечна вельмі спадабалася. Больш сучасны горад, але вельмі прыемны. Я туды трапіў як раз падчас музычнага фестывалю на пачатку чэрвеня. Потым у Магілёве я быў, калі там адзначалі дзень горада. Чамусьці Смаргонь вельмі спадабалася. Там нядаўна так сама адзначалі пяцісотгоддзе горада, можа таму мне спадабалася. Там так перабудавалі цэнтральную плошчу. Калі буду вяртацца, хацеў праз Гродна і Беласток ехаць. Але, напэўна, не атрымаецца. Можа, ў наступны раз… Думаю, мне спадабаецца там. Мне, увогуле, падабаецца і такая сучасная, або сацыялістычная архітэктура. У Чэхіі яна таксама ёсць, але там менш, чым у Беларусі. — Да рэчы, а як ставяцца да сацыялістычнага мінулага ў Чэхіі, таму што ў нас, можа, ты заўважыў, вельмі абараняюць гэту спадчыну. — А гэта, мне здаецца, добра. Таму што у Чэхіі, там ставяцца да гэтага так, нібыта гэтых пяцідзесяці або шасцідзесяці гадоў не было. Вуліцы амаль усе там перайменаваны, усе помнікі убралі. Ставяцца, нібыта гэта не наша гісторыя, а нешта, што прыйшло, Бог ведае адкуль. Але усё роўна ёсць нейкая там спадчына, ад якой нельга адмаўляцца. Чэхі ж самі нават на выбарах яшчэ ў саракавыя гады прагаласавалі за камуністаў. так што гэта не тое, што да нас прыйшло. Гэта тое, што мы самі выбралі. Ну, можа быць, яны прыйшлі да ўлады без перамогі ў выбарах. Але гэтае пытанне сёння ужо не варта абмяркоўваць. Проста такой была наша гісторыя. Да рэчы, мне вельмі падабаецца, як у вас адзначаюць дзяржаўныя святы. Я трапіў таксама на ўрачысты канцэрт, на Дзень рэспублікі. Была такая акцыя “Спяваем гімн разам”. — Ты ведаеш наш гімн? — Так, ведаю. Лепш, чым чэшскі, — бянтэжыцца Адам і працягвае. — Ну Чэшскага толькі там першую частку, а беларускі — цалкам. Мне стала цікава. Я пачаў прагаворваць словы гімна. — Мы беларусы — мірныя людзі. Сэрцам адданыя роднай зямлі… —далей я забыўся на словы. Сорамна, але Адам падхапіў. —Шчыра сябруем, сілы гартуем. Што дзеецца…Размова рабілася для мяне усё больш і больш цікавай. Чэхія нечым вельмі падобная да Беларусі. Яна мае дзесяць з паловай мільёнаў насельніцтва супраць нашых дзевяці з паловай. Але Чэхія амаль што ў тры разы меней за Беларусь. Як і ў наша краіна, Чэхія не мае выхад да мора. Я пачаў выпытваць пра розніцу беларусаў і чэхаў. — Першае, на што я звярнуў увагу, гэта тое, што людзі тут становяцца дарослымі значна раней, чым у нас. У нас да таго, як паступіць ва ўніверсітэт, трэба вучыцца трынаццаць гадоў, а ў вас толькі адзінаццаць. Так што, маі адналеткі, яны ужо працуюць, асобна жывуць без бацькоў. А ў астатнім, мы ж славянскія народы. У нас і нейкія там агульныя рысы. Але я б сказаў, што беларусы больш гасцінныя, як і усе тут, на ўсходзе. Ну а каўказскія народы. Яны яшчэ больш у гэтым плане. —Можаш параўнаць навучанне ў чэшскім вузе і навучанне ў Беларусі? У мяне тут большасць прадметаў была для замежнікаў. Таму там трошкі іншая сістэма. Але я заўважыў, што задаюць тут нашмат больш хатняй працы, чым у Чэхіі. У нас можна скласці свой уласны расклад. Напрыклад, у нашым універсітэце ёсць прадметы, якія ўсё роўна, калі браць. Можна на першым курсе, а можна на трэцім. Але ёсць факультэт, напрыклад, медыцынскі, дзе ўсё ужо дадзена. І там няма ніякай свабоды. Проста таму што там трэба здаць шмат чаго, і трэба гэта ў пэўным парадку рабіць. Але у нас, на філасофскім факультэце, як раз вялікая свабода ў гэтым плане. —Табе гэтага не хапала тут? Ну, не. Таму што тут у мяне былі прадметы з замежнікамі. Але, можа, было б лепш, калі б я вучыўся больш з мясцовымі. У мяне быў тады ужо дастаткова высокі ўзровень валодання мовамі. Але нават так я шмат чаму навучыўся. — Складана прыехаць на стажыроўку ў Беларусь? — Не складана. Адзінае непрыемнае — гэта быў медыцынскі агляд. Там трэба было здаваць аналіз крыві. І увогуле, там такія падрабязныя аналізы. Чатыры гадзіны гэта працягвалася ў студэнцкай паліклініцы на Сурганава. Дастаткова жорстка. Я проста вельмі хваляваўся, амаль страціў прытомнасць, калі яны рабілі гэты аналіз. —Усё ж цікава паслухаць пра школу беларусістыкі. Што спадабалася? Што не? Праграма была разнастайная. Выкладчыкі спадабаліся.DSCF9492 Яны там сапраўды прафесіянальныя. Бачна, што яны займаюцца беларускай мовай вельмі добра. Напрыклад, калі у нас была экскурсія, можна было заўважыць памылкі ў беларускім маўленні (у гідаў — прым. аўт.). У выкладчыкаў іх няма. Што не спадабалася. Гэта вось тое, што не хапала перапынкаў. Яны ёсць, але яны такія, што нас часта там затрымліваюць на занятках, на лекцыях, на кансультацыях. А потым нават няма часу, каб паабедаць. Я есці і піць не паспяваў нават. Я думаю, варта было б даць ну хоць гадзіну на перапынак, а на абед дзве з паловай гадзіны. А у нас па раскладзе там, адна або адна гадзіна дзесяць хвілін. Гэтага не хапае. Цяжка было на адкрыцці. Таму што ўсё было на беларускай мове, а некаторыя людзі не маглі нічога сказаць. — Што па выніках?Калі цябе зноў запросяць прыехаць, ці згадзішся ты і ці будзеш раіць камусьці з сяброў? — Слоўнікавы запас пашырыўся. Я даведаўся шмат новага з фразеалагізмаў, з гісторыі беларускай мовы. Таксама вывучыў шмат новага пра Мінск на экскурсіях. Ну шмат чаму, увогуле, навучыўся на гэтай летняй школе. Для мяне гэта добры вопыт. Я б параіў кожнаму прыехаць сюды, у Беларусь, каб пабачыць усё сваімі вачыма. А не там верыць таму, што пішуць пра Беларусь у нашых газетах.Звычайна, калі я ўязджаў на два тыдні, я сумаваў. Але тут, у Мінску, я ні хвіліну не сумаваў. Не ведаю, чаму. Але проста мне тут было нават лепш, чым дома. Размову вёў Віталь Арэшка
Адам Фалбр Летняя школа белорусистики БГУ

Адам Фалбр: " Шмат чаму навучыўся на гэтай летняй школе… Для мяне гэта добры вопыт."

БГУ школа белоруссистики
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *