Пашыраем супрацоўніцтва з Кітаем

11 Apr, 2014, усяго праглядаў: 509.

  бгу БДУ падпісаў чатыры буйныя кант­ракты з Інстытутам нафтахіміі Хэйлунцзянскай акадэміі навук (г. Харбін, Кітай). Такі вынік паспяховых перамоў кіраўнікоў навуковых падраздзяленняў БДУ з кітайскай дэлегацыяй, якія прайшлі ў Мінску 20 сакавіка. Да выканання гэтых дарагіх кантрактаў з нашага боку будуць прыцягнутыя навукоўцы НДІ фізіка-хімічных праблем, хімічнага факультэта і НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі. Такое міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва будзе спрыяць распрацоўцы кампазіцыйных матэрыялаў, узмоцненых вугляроднымі валокнамі, стварэнню тэрма­ўстойлівага матэрыялу на аснове фасфатаў, мадыфікава­нага арганічнымі смоламі, і сілікатных кампазіцый, мады­фікаваных крэмній-арганічнымі смоламі. Таксама, абапі­раю­чыся на навуковыя распрацоўкі, атрыманыя ў ла­ба­раторыі оптыкі кандэнсаваных асяроддзяў НДІ ПФП, будзе ажыццёўлены сінтэз новых вадкакрышталічных матэры­ялаў і арганічных злучэнняў. Арганізацыйнае суправаджэнне і кантроль за выкананнем прац, прадугледжаных афіцыйнымі дакументамі, бу­дзе здзяйсняць Беларуска-кітайскі інавацыйны цэнтр БДУ. Падкрэслім, харбінскі Інстытут нафтахіміі з’яўляецца даўнім і асноўным дзелавым партнёрам БДУ ў Кітаі. Першая сумесная навуковая лабараторыя была створана ў 2006 г. менавіта ў Інстытуце нафтахіміі. Летась тут адбылося адкрыццё вытворчай базы высокіх тэхналогій па стварэнні хімічных матэрыялаў з выкарыстаннем распрацовак навукоўцаў БДУ. Акрамя таго, на рахунак БДУ дадалося пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым НДІ ФХП і Інстытутам нафтахіміі Хэйлунцзянскай акадэміі навук у даследаван­нях у галіне каталізу, вывучэння сумяшчальнасці арганіч­ных і неарганічных матэрыялаў з наступным падпісаннем кантракта. Паводле інфармацыі Беларуска-кітайскага інавацыйнага цэнтра БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *