«Подзвіг даўжынёю ў 1100 дзён і начэй у лёсе горада-героя Мінска»

5 мая, 2014.

бгу победа«Я ведаю, што будзе рабіць мой народ… У занятых ворагам раёнах створацца народныя атрады – конныя і пешыя, вока – за вока, зуб – за зуб адкажам мы фашыстам, не дамо ім ні адпачынку, ні тэрміну. Паляцяць у паветра масты, склады і абозы. Любяць у Беларусі прошаных гасцей і не любяць няпрошаных. Пакуль будзе жывы хоць адзін беларус, не будзе на беларускай зямлі супакою фашысцкім захопнікам».
Янка Купала

22 чэрвеня 1941 г. Нядзеля. Чатыры гадзіны раніцы. У мірную цішыню сёлаў і гарадоў урываюцца выбухі бомбаў і снарадаў. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна.
23 чэрвеня ў Мінску гарэлі будынкі, заводы, фабрыкі, а ўжо праз дзень цэнтр горада пера­тварыўся ў суцэльныя руіны. Фашыстам быў патрэбны Мінск як шлях на Маскву, але менавіта тут яны сустрэлі адчайны супраціў байцоў Чырвонай Арміі: за тры дні баёў вораг страціў 300 танкаў і быў адкінуты на 14 км назад, але сілы былі няроўныя.
У суботу 28 чэрвеня 1941 г., на сёмы дзень вайны, немцы ўвайшлі ў Мінск, а раніцай 29 чэрвеня ў парку Чалюскінцаў былі знойдзены забітымі два нямецкія афіцэры. У іх не было ні зброі, ні дакументаў. З гэтага дня Мінск пачаў змагацца, і барацьба працягвалася 1100 дзён і начэй.
Па задуме фашыстаў, Мінск павінен быў стаць ваенна-адміні­страцыйным і палітычным цэнтрам акупаваных заходніх абласцей СССР. У горадзе размясцілася больш за 100 ваенных устаноў і тыл арміі «Цэнтр», паліцыя, штаб па барацьбе з партызанамі, часткі СС, жандармерыя, генеральны каміса­рыят на чале з гаўляйтарам Віль­гельмам Кубэ, кіраванне чыгункай, гандлёвае таварыства «Остланд», буйны гарнізон і каля 6000 салдат.
Але ўсё гэта так і не дапамагло фашыстам скарыць жыхароў горада, якія ў першыя ж месяцы акупацыі самастойна, па сваёй уласнай ініцыятыве, не ведаючы спачатку ні правілаў барацьбы, ні правілаў канспірацыі, супраць­стаялі гэтым узброеным да зубоў нямецкім вайскоўцам, бо галоўнай зброяй гараджан была нянавісць да акупантаў.
Мінскія камуністы ўжо ў ліпені 1941 г. сталі ствараць у горадзе першыя падпольныя групы і далучаць да барацьбы з ворагам тысячы людзей. Сярод іх былі студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяр­жаўнага ўніверсітэта, якія, не паспеўшы эвакуявацца ў тыл ці пайсці на фронт, засталіся ў акупаваным горадзе і сталі выпра­цоўваць свае далейшыя крокі па барацьбе з захопнікамі. Збіраліся часцей за ўсё ў Яўгена Ермалін­скага. Пад кіраўніцтвам дасведчаных камуністаў раёна камсамольцы сталі аб’ядноўвацца ў групы для актыўнай падпольнай барацьбы з ненавіснымі акупантамі. Склалася камсамольска-моладзевая група Я. Ермалінскага з цэнтрам на пладова-агародніннай базе № 1 (вул. К. Лібкнехта, 43), а другая група – вакол Г. Г. Фалевіча з цэнтрам у аптэцы № 1 (вул. Савецкая).
фолевич георгий бгуПерад вайной Георгій Фалевіч паспеў скончыць 4 курсы хімічнага факультэта БДУ. Ці думаў ён, што пры гітлераўцах стане загадчыкам аптэкі? Але падпольшчыкам патрэбна была надзейная явачная кватэра, патрэбныя былі медыкаменты, і студэнту-хіміку прыйшлося гэтым заняцца. Услед за Геор­гіем, якога сярод сваіх звалі «Жорж», у аптэку на Савецкай вуліцы побач з будынкам гестапа ўладкаваліся яго нявеста – Ніна Ярмоленка, студэнтка 2 курса хімічнага факультэта, Дзмітрый Макееў – студэнт 3 курса медыцынскага інстытута, прыняты вар­таў­ніком. Прыйшоў і Алік Суша – студэнт геаграфічнага факультэта БДУ, з якім Г. Фалевіч быў добра знаёмы.
Сам выбар месца дзеяння групы меў вялікія магчымасці для падпольшчыкаў. У аптэцы № 1 заўсёды збіраўся народ па лекі, якіх было не так густа ў горадзе.
Г. Фалевіч меў невялікі ізаляваны пакойчык, які стаў яму службовым кабінетам.
Усю восень і зіму 1941–1942 гг. кабінет загадчыка аптэкі служыў надзейным месцам хованкі для сувязных партызан, тут жа захоўваўся друкарскі шрыфт, пачкі бланкаў хлебных картак, якімі забяспеч­валіся падпольшчыкі і сем’і партызан. Нямала дэфіцытных медыка­ментаў было перапраўлена адгэтуль у партызанскія атрады.
26 мая 1942 г. у аптэцы была ўладкавана засада. Г. Г. Фалевіч,
Н. А. Ярмоленка, Д. Макееў былі арыштаваны. Пасля допыту Ніну Ярмоленку адпусцілі за адсутнасцю доказаў. Г. Фалевіча ўсё лета падвяргалі страшным катаванням, спадзеючыся атрымаць ад яго звесткі пра ўдзельнікаў падполля, адрасы явак, прозвішчы сувязных. Адважны юнак трымаўся выключна мужна, узяў на сябе ўсю віну, каб выратаваць астатніх падполь­шчы­каў. У верасні 1942 г. Г. Фалевіч
быў расстраляны. Узнагароджаны Геор­гій ордэнам Айчыннай вайны
II ступені (пасмяротна).
Дзмітрый Макееў загінуў, а Алік Суша, пазбегнуўшы арышту, быў схоплены пазней і загінуў у СД у 1943 г.
омельянюк владимир бгуАдным з пастаянных наведнікаў аптэкі №1 быў сябар Г. Фалевіча студэнт 4 курса Беларускага ка­муні­стыч­нага інстытута журналіс­тыкі імя С. М. Кірава Уладзімір Амель­янюк.
Ён быў членам новага гаркама партыі, адказным за выпуск падпольнай газеты «Звязда», выхад якой для немцаў быў як гром сярод яснага неба. Яны думалі, што падполле раздушана. І раптам, пасля масавых пакаранняў смерцю –камуністычная газета, ды яшчэ падпісаная гаркамам партыі. За раскрыццё падпольнай друкарні была абяцана ўзнагарода ў 75 тыс. марак. звязда бгу
А газету набіралі літаральна на вачах у немцаў – у Доме друку, дзе выпускаліся нямецкія газеты і часопісы. Набор выносілі па начах у малочных бітонах на кватэру Воранавых, дзе валікам адкатвалі спачатку адну паласу, потым іншую. І так 2000 асобнікаў. Тыраж газеты хутка распаўсюдзілі па ўсёй Бела­русі. Яе з’яўленне выклікала прыліў новых сіл для барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, што выклікала разгубленасць і лютасць акупацыйных улад, якім у дапамогу з Берліна для пошуку друкарні былі прысланыя дасведчаныя контр­разведчыкі.
Уладзіміра Амельянюка агенты СД высачылі на вуліцы. Але схапіць яго ім так і не ўдалося: ён загінуў у перастрэлцы з гітлераўцамі. Пасля яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імем героя названы вуліцы ў гарадах Дно і Мінск.
Так, выпуск падпольнай газеты з’явіўся сапраўдным подзвігам мінскіх падпольшчыкаў. Дарэчы, абяцаная ўзнагарода так і засталася незапатрабаванай.
осипова мария бгуАдну з першых патрыятычных груп у Мінску стварыла выпускніца, а ў далейшым і выкладчык юрыдычнага інстытута Марыя Бары­саўна Осіпава. У гэту групу ўваходзілі студэнты Р. Бромберг, М. Сталоў, выкладчыкі М. Ф. Мала­ковіч (МЮІ), Н. Н. Крачатовіч (БПІ), І. Р. Некрашэвіч (БДУ) і іншыя.
Сярод шматлікіх патрыятычных спраў М. Б. Осіпавай («Чорнай») і яе групы – распаўсюд зводак Саўінфармбюро і газеты «Звязда», выратаванне савецкіх ваеннапалонных і адпраўка іх у партызанскія атрады, дастаўка партызанам зброі, боепрыпасаў і медыка­ментаў, якія яна сама перавозіла праз нямецкія пасты. Была і яшчэ адна, самая галоўная, справа.
А менавіта ў 1943 г. у горадзе была праведзена падрыхтоўка і ажыццяўленне аперацыі па зніш­чэнні ката беларускага народа Вільгельма фон Кубэ. М. Б. Осіпава была непасрэдным выканаўцам акцыі. Яна, рызыкуючы жыццём, пранесла міну з хімічным дэтанатарам праз гітлераўскія пасты і перадала яе А. Р. Мазанік, якая працавала прыслугай у доме В. Кубэ. Міна была закладзена пад матрац ложка гаўляйтара, і 22 верасня 1943 г. В. Кубэ быў забіты.
За гэты подзвіг у 1943 г. М. Б. Осіпавай (разам з А. Р. Мазанік і
Н. В. Траян) было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
З Мінскім падполлем быў цесна звязаны і прафесар Ілья Рыгоравіч Некрашэвіч. Ён сам распавядаў: «У кастрычніку 1943 г. пасля правя­дзення М. Б. Осіпавай аперацыі па знішчэнні гаўляйтара Кубэ я ў якасці байца паступіў у распара­джэнне 2-й Мінскай чырвонапартызанскай брыгады». У парты­занскім атрадзе разам з жонкай, урачом па спецыяльнасці, Ілья Рыгоравіч знаходзіўся па ліпень 1944 г. і прымаў непасрэдны ўдзел ва ўсіх баявых аперацыях у якасці шараговага байца. Пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў ён вярнуўся ў БДУ і працаваў на ка­федры агульнай фізікі.
Яшчэ адным выкладчыкам БДУ, які падчас акупацыі арганізаваў групу з ліку былых выкладчыкаў і студэнтаў-юрыстаў, была Марына Фядосаўна Малаковіч.молокович марина бгу Увосень 1941 г. М. Ф. Малаковіч узначаліла ўтвораную з разрозненых падпольных груп (участка Мінскага аддзялення чыгункі) адзіную Каладзіш­чанскую падпольную арганізацыю. Арганізацыя перадавала партызанам і мінскім падпольшчыкам каштоўныя разведданыя, зброю, боепрыпасы, а таксама праводзіла дыверсіі на варожых камунікацыях. Уласнымі сіламі М. Ф. Малаковіч зда­была схемы дыслакацыі фа­шысц­­кіх аэрадромаў, баз, якія павінны былі забяспечваць аэрадромы палівам, а таксама звесткі пра сістэму радыёсувязі ў авія­цыйных частках нямецкай арміі.
У жніўні 1943 г. пры падрыхтоўцы чарговай баявой аперацыі тале­навітая педагог-выхавальніца і ўмелая арганізатар-падпольшчыца была схоплена і закатавана гіт­лераўцамі. М. Б. Малаковіч пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Цяпер яе імя носіць вуліца мястэчка Калодзішчы.
клумов евгений бгуЗ пачаткам Вялікай Айчыннай вайны звязаны лёс яшчэ аднаго выкладчыка, прафесара Беларускага медыцынскага інстытута, Яўгена Уладзіміравіча Клумава, сям’я якога не паспела эвакуявацца. Прафесар працягнуў сваю працу ў 3 клінічнай бальніцы. Як патрыёт ён звязаўся з падполлем і стаў дапамагаць падпольшчыкам і партызанам. Я. У. Клумаў пад псеў­данімам «Самарын» і іншыя дактары бальніцы выдавалі «ліпавыя» даведкі, якія ратавалі людзей ад згону ў Германію, перадавалі медыкаменты, дапамагалі абсталёў­ваць два палявыя шпіталі, аказвалі медыцынскую дапамогу партызанам і насельніцтву.
У кастрычніку 1943 г. Я. У. Клумаў і яго жонка, выкладчык-фізік мед­інстытута Г. М. Анісімава, былі арыштаваны. Гітлераўцы прапана­валі прафесару працаваць на рэйх, але ён адмовіўся. Гітлераўцы ад­пра­вілі прафесара і яго жонку ў лагер смерці Трасцянец, дзе ён пера­носіў нечалавечыя пакуты. У 1944 г. Клумаў загінуў у газавай камеры.
За мужнасць і гераізм, пра­яўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прафесару Я. У. Клумаву пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Таксама яго імем названа бальніца, дзе ён працаваў, і адна з вуліц Мінска.
Зубкович евгений бгуУсяго некалькі дзён не дажылі да вызвалення Мінска ўдзельнікі падпольнай групы дацэнта біяла­гічнага факультэта БДУ Яўгена Мі­хай­лавіча Зубковіча, у якую таксама ўваходзілі асістэнт А. В. Вязовіч і аспірантка Зінаіда Завістовіч.
Калі пад свой шпіталь фашысты адвялі будынак біялагічнага факультэта, яны пачалі выкідваць адтуль экспанаты заалагічнага музея. Удзельнікі падпольнай групы, рызыкуючы ўласным жыццём, пера­неслі экспанаты на Віцебскую ву­ліцу і схавалі іх. Потым яны ўста­лявалі сувязь з гарадскім падпольным антыфашысцкім цэнтрам. Літа­ральна за некалькі дзён да вызвалення Мінска, у канцы чэрвеня 1944 г., фашысты не толькі арыш­тавалі, але і расстралялі іх. Я. М. Зубковіч загінуў у канцлагеры «Трасцянец» 29 чэрвеня; звесткі пра дату і месца пакарання смерцю А. В. Вязовіча і З. І. Завістовіч пакуль, на жаль, не вядомыя.
Вялікая Айчынная вайна – самая кровапралітная і цяжкая, самая значная па сваіх выніках і наступствах. Пачуццё патрыятызму беларускага народа ў гады вайны дасягнула найвышэйшага апагею. Гэта была не толькі ваенная, але і духоўная перамога дабра над злом, жыцця над смерцю, волі над рабствам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі велізарную колькасць людзей. Хоць кожны з іх уяўляў цэлы незвычайны свет. Дзеці не паспелі пабудаваць свае дамы, напісаць свае кнігі, праспяваць свае песні, нарадзіць дзяцей. Ім было тады гэтулькі ж гадоў, колькі зараз і нашым навучэнцам, ім таксама вельмі хацелася жыць, але Героі абралі шлях барацьбы і ўвайшлі ў гісторыю краіны, выка­наўшы святы абавязак перад Радзімай, якой яны былі самаахвярна адданыя.
За гэта ім вечная памяць і нізкі паклон!
Мы ў іх у неаплатным даўгу!
Дар’я ПРЫГОДЗІЧ,
супрацоўнік музея
гісторыі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *