Універсітэту патрэбны сучасны выкладчык

12 Jun, 2014.

IMG_5739 «Я сучасны выкладчык вядучай ВНУ» – па такой навучальнай праграме ў школе развіцця кампетэнцый прайшлі падрыхтоўку каля 100 выкладчыкаў БДУ ва ўзросце да 35 гадоў. Усяго ва ўніверсітэце працуе каля 500 маладых выкладчыкаў, якім патрэбныя веды для сваёй прафесійнай дзейнасці. «Раней у БДУ ўжо быў рэалізаваны праект школы лідара, – расказала нам начальнік упраўлення кадраў Наталля Няпеўная. – Аднак ён прызначаўся толькі для тых вык­ладчыкаў, якія занесены ў рэзерв кіраўнічых кадраў. Таму было прапанавана аргані­заваць навучанне не толькі для «рэзервіс­таў», але для ўсіх маладых выкладчыкаў універсітэта, і пажадана выязное». Школа развіцця кампетэнцый працавала ў САК «Брыганціна» ля Радашковіч з 28 па 30 мая. Праграма навучання «Я сучасны выкладчык вядучай ВНУ» дала маладым выкладчыкам практычны інструментарый для іх эфектыўнай працы. Яны вучыліся спраў­ляцца з канфліктамі і стрэсамі, якіх нямала ў адукацыйным асяроддзі. IMG_5206 Канстанцін Мулярчык, старшы выкладчык кафедры тэлекамунікацый і інфарма­цыйных тэх­налогій ФРКТ, напрыклад, са здзіўленнем даведаўся, што група слухачоў мае схаваныя ад вачэй асаблівасці. І ў ёй абавязко­ва ёсць лідар, а часам і некалькі лідараў, якія таксама могуць паўплываць на ход заняткаў. Для яго стала адкрыццём, што часам варта нацэліцца на студэнтаў, якія гатовыя на да­дзены момант успрыняць новы матэрыял, а ўжо тыя пазней перададуць веды тым, у каго не было жадання слухаць на лекцыі. Юліі Лень, старшаму выклад­чыку кафедры культуралогіі гуманітарнага факультэта, таксама было карысна выс­ветліць усе заканамернасці фармі­равання навучальнай групы, бо яна да ўсяго выконвае абавязкі куратара. Ёй спадабалася, што трэнінг «Кіраванне групавой дынамікай» быў праведзены ў інтэрактыўнай форме і яна, як і ін­шыя выкладчыкі, увайшоўшы ў склад адной з груп, змагла знутры па­назіраць, як больш актыўныя, схільныя да лідарства члены групы дамінавалі, стараліся паўплываць на погляды і думкі астатніх. Трэнінг, які тычыўся анлайн-метадаў у навучанні (у сістэме MOODLE), таксама падаўся ёй перспек­тыўным. Іншым выкладчыкам было цікава даведацца, у якіх выпадках дакладчык выклікае ў студэнтаў зацікаўленасць і таму будзе імі пачуты, а таксама што такое моў­ны імідж і як ён уп­лывае на суразмоўцу. На самым пачатку школа развіцця кампетэнцый успрымалася як праект, які будзе праходзіць у вольным фармаце. «Абставіны дзіцячага лагера сталі вельмі даспадобы, – расказала Юлія Лень. – Нават харчаванне нагадвала пра школьныя канікулы. Гэта настройвала на гуллівы і ў той жа час дыс­цыплінаваны лад, калі вымушаны жыць па раскладзе, хадзіць строем на абед, строем – на адпачынак. І ўсё весела і з запалам». Выкладчыкам вельмі спадабалася ўдзель­нічаць у інтэлектуальна-забаўляль­ным шоу «МэдХэд». IMG_5082Падчас гульні ім прапанавалася выступіць у ролі знаўцаў у галіне музыкі, літаратуры, кіно і спорту, а таксама ў спецыяльных турах-сюрпрызах.IMG_5064Для ўдзельнікаў школы быў арганізаваны «тымбілдынг», які скіраваны на камандную працу. Камандныя спартыўныя спаборніцтвы на свежым паветры прыйшліся якраз дарэчы. «Коратка апісаць тое, чым мы займаліся ў школе, проста немагчыма, – прызнаўся нам асістэнт кафедры аналітычнай хіміі хімічнага факультэта Віталь Кондраў. – Гэта і прадук­тыўная праца, і абмеркаванні розных навуковых і псеўданавуковых пытанняў да самай рані­цы, і песні пад гітару, усяго не перадаць… Атрымліваць новыя веды ў такой прыемнай і нязмушанай атмасферы – лёгкая справа».IMG_5698 Школа развіцця кампетэнцый дала магчымасць маладым выкладчыкам розных факультэтаў падзяліцца адзін з адным праблемамі, расказаць пра свае дасягненні. IMG_5777«Самае галоўнае, што яны адчулі, што працуюць у адной вялікай сям’і, дзе іх любяць, цэняць і стараюцца, каб яны заўсёды былі на вышыні. Пацвярджэннем стала тое, што рэктар Сяргей Абламейка знайшоў час, каб прыехаць у «Брыганціну» і нефармальна пагутарыць з удзельнікамі школы», – адзначыла Наталля Няпеўная. Надалей упраўленне кадраў, якое рэалізоўвае ў БДУ комплексную праграму па развіцці кваліфікацыі персаналу, збіраецца распрацаваць для маладых спецыялістаў спецыяльны курс, накіраваны на іх пра­фесійную адаптацыю. У планах і навучанне выкладчыкаў больш сталага ўзросту. Бо тут лічаць, што авалодваць сучаснымі ведамі, якія спатрэбяцца для прафесійнай дзей­насці, нікому і ніколі не зашкодзіць. Ганна ЛАГУН IMG_5871 Фотарэпартж з  школы кампетэнцый развіцця «Я сучасны выкладчык вядучай ВНУ»  глядзіце тут
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *