Жыццё ў тэатры – усяго толькі адзін сезон, а сезон – гэта цэлае жыццё (Джозеф Манкевіч)

26 Sep, 2014.

тэатральны куфар бгу Ужо ў 11 раз БДУ гасцююць студэнцкія тэатры розных краін. 22 верасня “Тэатральны куфар” адкрылі ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Незважаючы на кепскае надвор’е, удзельнікі, арганізатары і госці фестывалю ярка сустрэлі пачатак тэатральнага тыдня. Касцюмаванай акцыяй пачалося адкрыццё фестывалю яшчэ ля Нацыянальнай бібліятэкі. Едучы па запланаваным маршруце ад Нацыянальнай бібліятэкі да ПК прафсаюзаў, «арт-аўтобус» не раз спыняўся  на мінскіх вуліцах. А яго пасажыры раздавалі людзям бясплатныя запрашальныя квіткі і праграмкі спектакляў. Адкрыў “Тэатральны куфар” тэатр старажытнай музыкі «Яварына». Пад цудоўную музыку ўдзельнікі фестывалю і канкурсанты запрашалі гасцей танчыць, дружна вадзілі карагоды. Сімвалічным пачаткам тэатральнага свята стала адкрыццё вялікага куфра, які быў напоўнены разнакаляровымі паветранымі шарамі. Для многіх было  нечаканым з’яўленне маленькага Арлекіна, які выскачыў з куфра разам з шарамі. Шмат іншых арлекінчыкаў пранеслі таблічкі ў выглядзе дарожных указальнікаў. На іх пазначана месца, час правядзення спектакляў і розных мерапрыемстваў. Нездарма дэвіз сёлетняга фестывалю – “Усе шляхі вядуць на куфар”. І гэты дэвіз цалкам сябе спраўджвае. Змагацца за галоўны прыз – Вялікі куфар – прыехалі найлепшыя студэнцкія калектывы і тэатральныя дзеячы з 15 краін: Албаніі, Беларусі, Бельгіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ірана, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Харватыі.тэатральны куфар бгу На фестывалі будуць прадстаўлены 20 спектакляў, якія пройдуць на сцэнах Дома культуры прафсаюзаў і ліцэя БДУ. Гэты «Тэатральны куфар» прысвечаны 450-годдзю з дня нараджэнняУільяма Шэкспіра. Арганізатары свята абяцаюць гледачам незабыўнае шоў. Па традыцыі ацэньваць спектаклі будуць гледачы і міжнароднае журы – Джон Фрыман (Вялікабрытанія), Таццяна Ратабыльская (Германія), Марцаў Тэдэскі (Італія), Нерыюс Гедмінас (Літва), Таццяна Траяновіч (Беларусь), Радрыга Фішэр (Бразілія); старшыня журы – Давід Мгебершвілі (Грузія). У гэтым годзе вызначаны наступныя намінацыі: «Найлепшая жаночая роля» і «Найлепшая жаночая роля другога плана», «Найлепшая мужчынская роля» і «Найлепшая мужчынская роля другога плана», а таксама «Найлепшая сцэнаграфія» і «Найлепшая рэжысура». Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства ўсе госці і канкурсанты адправіліся на прагляд першага монаспектакля літоўскага тэатра LAISVASIS TEATRAS «Наташына  мара». тэатральны куфар бгу Сюжэт пастаноўкі вельмі цікавы і захапляльны – гісторыя кахання і злачынства Наталлі Банінай, дзяўчынкі з дзіцячага дома. Яна, падлетак, які вырас у атмасферы, дзе за сваё шчасце заўсёды трэба змагацца, дзе заўсёды трэба прабіваць сабе шлях і сілай даказваць сваю правату, закахалася ў журналіста мясцовай газеты. І, можа, гэта яе шчаслівы квіток у дарослую будучыню? Ці ж гэта дарога да чарговага расчаравання, якога і так не мала ў жыцці дзяўчыны ? Актрыса, якая ўвасобіла ролю дзяўчынкі-сіраты на сцэне, зусім не спрабуе апраўдаць злачынства сваёй гераіні, але і не імкнецца давесці гледачоў да слёз. Яна проста заяўляе пра факты. Усё было так, як было, а ці магло здарыцца па-іншаму – вырашаць гледачу… Спектаклі студэнцкіх калектываў і тэатральных дзеячаў пройдуць на працягу тыдня  на сцэнічных пляцоўках Мінска. За пяць фестывальных дзён госці форуму змогуць наведаць каля дваццаці спектакляў. Кожная з пастановак – гэта свежы погляд на вечныя праблемы, пераказ вядомых гісторый на новы лад і чарговы спосаб даказаць тое, што дабро, прыгажосць і імкненне да лепшага мы ўсе ўспрымаем аднолькава, хоць і гаворым на розных мовах. Ганна ЗАНКОВІЧ фота аўтара т т Яшчэ больш фота з адкрыцця імпрэзы   глядзіце тут Відэасюжэт пра адкрыццё імпрэзы стрелкa

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *