Англійская мова ад першай загадчыцы

15 Oct, 2014.

караичева кафедра английского  Сёння факультэт міжнародных адносін можа пахваліцца выкладаннем англійскай мовы на вельмі высокім узроўні. І ў гэтым заслуга тых людзей, якія стаялі ля вытокаў стварэння кафедры англійскай мовы на ФМА. З таго часу прайшло амаль 20 гадоў. Першая загадчыца кафедры Таццяна КАРАІЧАВА дагэтуль працуе на факультэце і дзеліцца сваім багатым вопытам з калегамі. Згаджаючыся ў 1995 годзе на пасаду загадчыцы такой важнай кафедры факультэта міжнародных адносін, як кафедра англійскай мовы, Таццяна Васільеўна разумела, што лёгка не будзе. Замежная мова павінна была стаць неад’емнай часткай спецыяльнасці і дазволіць выпускнікам нароўні з яе носьбітамі дзейнічаць у міжнародных арганізацыях і кампаніях. Выкладанне замежнай мовы для прафесійных  мэтаў да таго часу ў краіне не вялося. На кафедры ўдалося сабраць аднадумцаў – прафесіяналаў і энтузіястаў – і распрацаваць новыя канцэптуальныя падыходы і асновы праграмы навучання англійскай мове на прасунутым узроўні.  Лінгвісты, а іх было ўсяго 6 чалавек, адразу пачалі супрацоўнічаць з выкладчыкамі вядучых кафедраў ФМА па падрыхтоўцы новых методык і фарміраванні іншамоўных кампетэнцый.караічева Таццяне Васільеўне і яе калегам пашчасціла, што на той час была створана Беларуская асацыяцыя выкладчыкаў англійскай мовы, якая ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў англійскай мовы як замежнай (IATEFL),  і новыя падручнікі, сучасныя метадычныя падыходы, напрацоўкі сусветнага ўзроўню ў дадзенай вобласці аказаліся даступнымі і для  беларускіх спецыялістаў. Дапамог ёй у працы і ўласны досвед працяглай працы ў БДУ, куды яна прышла ў 1979 годзе. Ёй, як маладому кандыдату філалагічных навук, даверылі ва ўніверсітэце выкладанне ў групах паглыбленага вывучэння англійскай мовы.  За плячыма былі прафесійныя стажыроўкі ў Солфардскім універітэце, Оксфардскім універсітэце, Лонданскім універсітэце Тэмз Вэллі (Велікабрытанія) і стажыроўкі па праграме “Навучанне англійскай мове як другой мове зносін” (ЗША), а таксама вопыт выкладання ў Мінскім дзяржаўным інстытуце замежных моў. Яна са  шкадаваннем адзначае, што сёння патрапіць ў англамоўнае асяроддзе, дзякуючы розным адукацыйным праграмам, хутчэй атрымліваецца у студэнтаў, чым у іх выкладчыкаў. Свой узровень англійскай мовы яе калегі павышаюць пакуль уласнымі сіламі, чаму спрыяе і абмен вопытам паміж сабой. “Мы неаднаразова прапаноўвалі запрасіць замежнага прафесара з англамоўнай краіны ва ўніверсітэт, каб той займаўся з выкладчыкамі па спецыяльнай праграме. Аднак пакуль лінгвісты вымушаны выкарыстоўваць любую іншую магчымасць паслухаць замежнага лектара”, -- дзеліцца Таццяна Васільеўна. Яна, як і раней, выкладае на старэйшых курсах тэорыю і практыку перакладу, агульналітаратурную англійскую мову, праводзіць курс падрыхтоўкі да экзамену кандыдацкага мінімуму па англійскай мове для магістрантаў. І не супраць, калі да яе на лекцыі, заняткі і метадычныя семінары прыходзяць маладыя выкладчыкі, якія імкнуцца навучыцца чамусьці новаму для сябе. На яе думку, адкрытыя заняткі па аўдыраванні, перакладзе, а таксама круглыя сталы і канферэнцыі на англійскай мове, якія часта праводзяць яе калегі, маглі б стаць адной з формаў павышэння кваліфікацыі ўнутры кафедр замежных моў. Лепшых выкладчыкаў на кафедры затрымлівае тое, што студэнты факультэта міжнародных адносін ставяцца да заняткаў вельмі сур’ёзна і матываваны на вывучэнне англійскай мовы. Аднак кожны год адзін, два выкладчыкі, памацнеўшы ў прафесійным сэнсе, набраўшыся вопыту, знаходзяць сабе больш прыбытковы занятак у іншым месцы. Зразумець іх можна: за ўменне добра перакладаць у некаторых прыватных фірмах плацяць значна больш. “Для выкладчыка-практыка важна, каб яго цанілі, падтрымлівалі ў фінансавым плане”, -- упэўнена Таццяна Караічава. Выкладчыкі кафедры замежных моў займаюцца не столькі перадачай ведаў, колькі перадачай практычных уменняў размаўляць на замежнай мове. Сумяшчаць практыку і тэорыю, на думку Таццяны Караічавай, цяжка, але можна. Сфера яе навуковых інтарэсаў звязана з праблемамі кагнітыўнай лінгвістыкі, тэорыі перакладу і методыкі выкладання англійскай мовы для прафесійных мэтаў. Яна з’яўляецца аўтарам 115 артыкулаў па гэтых праблемах  і 35 навучальных дапаможнікаў. Пад яе кіраўніцтвам і пры ўдзеле распрацаваны навучальныя праграмы і навучальна-метадычныя комплексы па англійскай мове, як 1-ай  і 2-ой замежнай, для студэнтаў спецыяльнасцей “Міжнародныя адносіны” і па дысцыпліне “Тэорыя і практыка перакладу”. Таццяна Васільеўна – адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў ФМА “Міжнародныя эканамічныя адносіны на англійскай мове: Крок за крокам”, які быў падрыхтаваны ў рамках міжнароднага праекта. У межах сумеснага праекта Міністэрства адукацыі Беларусі і Брытанскага савета Таццяна Караічава ў свой час распрацавала праграму тэсціравання англійскай мовы (вуснага маўлення) выпускнікоў школ, якая адпавядае міжнародным стандартам. Дацэнт, кандыдат філалгічных навук Таццяна Караічава справядліва мае ганаровае званне заслужанага супрацоўніка БДУ.  Ужо да 2001 года выкладчыцкі склад кафедры англійскай мовы, якую яна разам з калегамі стварала з нуля, павялічыўся да 47 чалавек, і тая была падзелена на дзве: кафедру англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў, якой працягвала кіраваць Таццяна Васільеўна да нядаўняга часу, і кафедру англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў. Сёння, калі адміністратыўных абавязкаў стала меней, яна збіраецца больш увагі надаваць сваёй выкладчыцкай дзейнасці. Праца па напісанні навучальных дапаможнікаў па англійскай мове і ўдасканаленні навучальнах праграм, якой яна займалася раней, таксама застаецца для яе важнай і прыцягальнай. Да ўсяго, Таццяну Караічаву запрасілі прыняць удзел у праекце па праграме ТЕМПУС, што патрабуе новых высілкаў. Ганна ЛАГУН
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *