Справа інтэлектуала – быць адказным за свой соцыум. Дэпутат Ігар Марзалюк сустрэўся са студэнтамі ФФСН

13 Jun, 2017.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Марзалюк сустрэўся з сябрамі студэнцкай лігі маладых выбаршчыкаў на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

На нефармальным выступе Ігар Марзалюк быў гаваркі: распавядаў пра свой жыццёвы вопыт, асабістае жыццё і прыход у палітыку, абарону гісторыка-культурных каштоўнасцяў, даваў парады студэнтам, цытаваў класікаў сусветнай і нацыянальнай літаратуры, філосафаў. Напачатку сваёй прамовы выступовец папярэдзіў пра пытанні, якія задаваць “не камільфо”.

 

«Гэта пытанні інтымнага жыцця, веравызнання і фінансавае пытанне. Яны з’яўляюцца сферай унутранай аўтаноміі», – заўважыў парламентарый. «У кожнага з нас павінна быць прафесія, і чалавек павінен у ёй рэалізавацца. Бывае, што чалавек з першага разу дае маху (Бутусаў збіраўся быць архітэктарам, а стаў цудоўным рок-музыкантам). Самае вялікае шчасце –атрымліваць задавальненне ад таго, што ты робіш, ды яшчэ зарабляць на гэтым», – дадаў палітык і падмацаваў сваё выказванне ўласным прыкладам: «Я вельмі рана ведаў, кім я буду. Я хацеў быць гісторыкам».

А ўжо праз навуку і абарону гісторыка-культурных каштоўнасцяў дэпутат прыйшоў у палітыку, каб змяніць рэчы, якія яму не падабаюцца. «Я туды не збіраўся ісці, шчыра кажучы, мяне ўсё задавальняла. Я надзвычай паспяховы чалавек. І ніколі не жыў на адну зарплату. Ніколі не стагнаў, што мне мала плацяць. Я зарабляў сваёй прафесіяй. Я быў самым маладым кандыдатам гістарычных навук у сваім профілі (у 27 стаў кандыдатам, у 34 доктарам), – распавёў парламентарый. – Калі мне прапанавалі стаць сенатарам, за мной быў шлейф: у мяне было 12 манаграфій за спіной, я паспяхова займаўся рэстаўрацыяй помнікаў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі, у мяне было імя. Я пастаянна браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ў сваім сегменце».

Ігар Марзалюк сенатарам прабыў чатыры гады. «Штука ў тым, што ў Савеце Рэспублікі ты ўжо, што называецца, як апошні фільтр. А калі закон з нуля – уносіць штосьці, “абгаблёўваць” – гэта Палата прадстаўнікоў, тут свая спецыфіка», – патлумачыў дэпутат. Наконт пытання выбару ў штодзённым жыцці, у тым ліку і палітычным, парламентарый заўважыў, што тут вельмі шмат залежыць выключна ад самога чалавека. «Кожны чалавек адказвае за свой выбар. Таму наша з вамі задача – разумець, дзе мы знаходзімся і чаго хочам», – дадаў ён. «Справа інтэлектуала – быць адказным за свой соцыум. Інтэлектуал – гэта прадстаўнік духоўнай арыстакратыі, калі ён сапраўдны інтэлектуал».

Адказваючы на ​​пытанне студэнткі хімічнага факультэта наконт папулярызацыі беларускай мовы, дэпутат сказаў, што, на яго думку, у Беларусі ідзе нармальны, натуральны працэс. «Важна, што беларуская мова сёння ўспрымаецца як сімвал ідэнтычнасці, як мова сэрца, як рэч, якая з’яўляецца маркерам на ўзроўні эмоцый, – адзначыў Ігар Марзалюк. – Беларуская мова жыве стагоддзямі, і ніякія цяжкасці яе не знішчылі». У якасці прыкладу дэпутат прывёў дзяржаўную мову Ізраіля – іўрыт. На ёй цяпер размаўляюць мільёны людзей. Калісьці гэта мова была па сутнасці мёртвай, мовай набажэнстваў, а гутарковай быў нямецкі дыялект ідыш. Мова стала жывой з-за калектыўнага жадання грамадзян.

«Ёсць нацыі, дзе дзве мовы ўжываюцца, ёсць такія, дзе тры. І ўсё роўна яны нацыі», – падзяліўся меркаваннем Ігар Марзалюк. І дадаў: «Дзяржава магла б зрабіць больш для беларускай мовы, у тым ліку і ў школьнай сферы, але штука ў чым: палітыкі рэагуюць на патрэбу знізу, – дадаў дэпутат. – Немагчыма прымусіць размаўляць па-беларуску. Мы можам стварыць асяроддзе, якога цяпер няма, але гэта асяроддзе павінна фарміравацца з дзіцячага садка праз школу. Цяпер быццам бы ніхто так не націскае, але беларуская мова ў мэйнстрыме ў літаратуры, музыцы, рэкламе».

Гэта была другая сустрэча студэнцкай лігі маладых выбаршчыкаў з прадстаўніком улады. Праект стартаваў з удзелам старшыні Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай 18 лістапада 2016 года на  факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Наталля КУДРАШОВА

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: