Гісторыя не ў датах

29 Oct, 2014.

ходин бгу истфак 80-гадовы юбілей – гэта гістарычная дата для  факультэта. Гістфак за такі перыяд прайшоў  складаны шлях. Дэкан факультэта дацэнт Сяргей Ходзін падзяліўся з намі сваімі меркаваннямі наконт ролі сучаснай гістарычнай навукі.  – Сучаснае грамадства змяняецца з такой хуткасцю, што, здаецца, навуцы складана свое­часова адказваць на яго новыя патрабаванні. Сяргей Міка­ла­евіч, на Ваш погляд, ці захоў­ваюць гістарычныя даследа­ванні сваю актуальнасць у новых умовах? – Мне адразу ж узгадваюцца словы мітрапаліта Філарэта пра тое, што ўсе дасягненні навукі і тэхнікі ў першую чаргу павінны быць скіраваны на высокае служэнне Чалавеку. Зараз, калі так хутка ўзрастае роля інфар­мацый­нага складніка, істотна павяліч­ваецца роля асэнсавання і разумення ўсёй гэтай інфармацыі. Таму я б казаў і пра ўзрастанне ролі гісторыі, і пра вялікую значнасць гуманітарных навук у цэлым. –  Што менавіта можа даць чалавеку гістарычная аду­ка­цыя? – Перш за ўсё яна дае магчымасць ведаць і кіравацца высокімі ідэямі, быць сучаснай, адукаванай асобай. –  У чым заключаецца, на Вашу думку, сэнс сучаснай гіс­та­рычнай навукі? – Гісторыя як навука сёння ста­новіцца менавіта тым цэнтрам, які збірае і асэнсоўвае вялікі аб’ём інфармацыі, атрыманы ад шмат­лікіх гуманітарных і нават прыро­дазнаўчых дысцыплін у дачыненні да Чалавека. Сучасны гісторык імкнецца разгледзець за масамі і рознымі грамадскімі класамі звычайнага чалавека: чым ён жыў, што яго захапляла і непакоіла. Гісторык таксама бачыць у факце вынік пераемнасці адной эпохі ад другой. Маладому пакаленню часам здаецца, што можна змяніць усё ў імгненне вока, і вельмі часта яно тут памыляецца. Гісторыі выпадае аналізаваць глыбінныя працэсы і вучыць пазбягаць памылак. – У чым роля беларускага гісторыка? – Сучаснае грамадства напоў­нена супярэчлівымі працэ­самі. Яскравы прыклад гэтаму – працэс глабалізацыі, які прывёў да ўзрас­тання незвычайнай цікавасці да нацыянальнай гісторыі, да сваіх родных каранёў, адчування непарыўнай сувязі з Радзімай. І гісторык на фоне ўсяго гэтага выконвае велізар­ную ролю па аднаўленні сваёй мовы, гісторыі, традыцый. Аднак пры ўсім ён не павінен спрыяць пагаршэнню ад­носінаў паміж суседзямі, хутчэй, наадварот. Гісторыя – тое, што нас аб’ядноўвае. І сапраўдны гісто­рык павінен умець не супраць­пастаў­ляць адно іншаму. – Назавіце, калі ласка, га­лоў­ныя, на Ваш погляд, падзеі ў 80-гадовым жыцці факультэта, якія паўплывалі на яго лёс, найбольш адбіліся на ім. – Жыццё факультэта непарыўна звязана з гісторыяй БДУ і краіны. Таму тут складана вылучыць нейкія асобныя старонкі. Вялікім выпрабаваннем стала вайна. Студэнты і супрацоўнікі факультэта, аднак, не толькі змагаліся на фронце і ў тыле ворага, але і ўдзельнічалі ў ад­наўленні БДУ на ст. Сходня. Пас­ля вайны ў аўдыторыях побач пра­цавалі студэнты, выкладчыкі і з навуковымі ступенямі, і з вай­сковымі ўзнагародамі. Што хацелася б пазначыць: вайна не зніш­чыла ў іх спагаду, павагу да чала­века. Прыкладам можна пры­весці танкіста, ардэнаносца, дэкана фа­культэта Пятра Захаравіча Савачкіна. На мерапрыемствах, якія адбыліся з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння, пра яго з цеплынёй і шчырасцю ўспаміналі яго вучні і ўвогуле ўсе тыя, хто меў шчасце быць побач з ім хоць нейкі час. І пералік такіх асоб мог бы заняць увесь артыкул. – Сяргей Мікалаевіч, якую ролю Вы надаяце развіццю гіст­фака ў пасляваенны перыяд? – Калі ідзе размова пра той час, то любяць узгадваць пра моцную ідэалагізацыю гісторыі, што, па вялікім рахунку, з’яўляецца праў­дай. Але гэта не азначае, што ідэалогію ўвогуле трэба адкінуць і забыцца пра яе. Калі няма сваёй ідэалогіі, то на яе месца прыходзіць чужая. Аднак і ў той час ствараліся па-сапраўднаму таленавітыя працы, якія не губляюць актуальнасці і зараз. Мы да нашага часу не толькі памятаем сваіх настаўнікаў, але і прапануем сваім вучням падруч­нікі, манаграфіі, артыкулы, створаныя імі. Факультэт заўсёды быў багаты на асобы. – Сяргей Мікалаевіч, што змянілася на гістарычным факультэце за апошні перыяд развіцця? – Факультэт з’яўляецца са­праўды сучасным. І тут маюцца на ўвазе не толькі методыка, абста­ляванне і тэхналогіі. Ідзе істотнае амаладжэнне выкладчыцкага складу. Пры гэтым мы з’яўляемся першымі ў БДУ па колькасці супрацоўнікаў, якія маюць навуковыя ступені. Адукацыя, выхаванне і даследаванне вызначаюцца намі ў непарыўным адзінстве. Ведаючы мінулае, прымаючы актыўны ўдзел у сучасным жыцці, мы накіраваны ў будучыню. Уладзіслаў ШУР
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *