Праціўніка – адной левай. Чым жыве армрэслінг у БДУ

31 Oct, 2014.

армрэслінг  БДУШто будзе рабіць студэнт ў пятніцу вечарам? Нехта пойдзе адсыпацца, нехта – весяліцца, пакуль не схлынуў перадвыходны настрой. А ёсць хлопцы і нават дзяўчаты, што адпраўляюцца ў спорткомплекс БДУ, спускаюцца па лесвіцы на першым паверсе і трапляюць ... не, не ў склеп, а на заняткі цяжкай атлетыкай, у прыватнасці - армрэслінгам. Жадаючых паказаць сілу ў барацьбе на руках хапала ва ўсе часы. Пакуль што гэтая дысцыпліна не атрымала свайго месца сярод прызнаных алімпійскіх відаў спорту, затое засталася даступнай для ўсіх і кожнага. На першым курсе прыйсці ў групу, добрасумленна займацца, і разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі панесці з універсітэта ганаровае званне майстра спорту – гэта цалкам рэальна. Спартсмены па армрэслінгу, як і іншыя асілкі БДУ, з 1991 года трапілі пад апеку заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь В. Ф. Кавалёва. 2007-2009 гады былі зорным часам для А. Савені і А. Кашпея – майстроў міжнароднага класа, бронзавых прызёраў свету. І хаця сёння такіх спартыўных велічынь на ўніверсітэцкіх факультэтах пакуль няма,  трэнер Аляксандр Мікалаевіч ХМЯЛЕЎСКІ ўпэўнены, што таленты яшчэ прыйдуць. - Новая каманда па армрэслінгу займаецца два гады. У ёй каля 30 чалавек, - распавядае А. Н. Хмялеўскі. – Усе з розных факультэтаў, розных курсаў і з рознай ступенню падрыхтоўкі. Асабліва ўпадабалі цяжкую атлетыку фізічны і радыёфізічны факультэты, а таксама факультэт прыкладной матэматыкі. Для таго, каб прыйсці на занятак, не трэба з дзяцінства ламаць цэглу рукамі. Нават, калі гантэлі ты бачыш упершыню ў жыцці, на якасць заняткаў гэта не паўплывае. - Спачатку ідуць больш агульныя практыкаванні, потым, з вопытам, павялічваецца працягласць трэніроўкі і колькасць спецыфічных спартыўных заданняў. – Тлумачыць трэнер “рэцэпт чэмпіёна”. – Ужо праз дзве-тры трэніроўкі будзе бачна: затрымаецца чалавек у камандзе, ці не. Звычайна, моладзь успрымае спорт як нешта крышачку цяжэй фізвыхавання і часцяком новыя людзі прыходзяць у залу “па прыколу”. Для некаторых, гэты паход так і застаецца прыгодай, а бывае, што чалавека нешта зачэпіць і ён застаецца. армрэслінг  БДУ На трэніроўках “навічкі” і “масцітыя” спартсмены займаюцца разам. Маладыя бяруць прыклад з больш моцных. Прызнацца, паглядзеўшы, з якой лёгкасцю Аляксандр КАВАЛЁЎ круціць над галавой дыск ад штангі, мімаволі пранікаешся павагай да спартсмена. Выпускнік фізічнага факультэта аказаўся яшчэ і кампанейскім чалавекам, і дзеля размовы навад адклаў спартыўны снарад. -  Аляксандр, адкуль такое спецыфічнае спартыўнае захапленне? - Барацьбу на руках, напэўна, кожны бачыў па тэлевізары ці ўжывую. А тое, што пайду менавіта на армрэслінг, ведаў з першага курса. - Спаборніцтва, на першы погляд, здаецца простым: хто каго “перацісне”. А ці ёсць нейкія агульныя правілы, каб перамагчы праціўніка? - Нехта выкарыстоўвае крукавую, нехта – верхнюю барацьбу. Ёсць умельцы, што карыстаюцца змешаным стылем. А наогул, у армрэслінгу галоўнае – хуткасць. Хто першы ўзяў ініцыятыву, той і перамог. -У вашым жыцці было адмысловае спаборніцтва, якое запомнілася сярод іншых? - На пятым курсе, падчас “Кубка Рэспублікі” ўдалося выканаць нарматыў на майстра спорту. Уражанні былі незабыўныя. - А ці атрымлівае заваяваўшы званне студэнт што-небудзь акрамя добрых уражанняў і пачуцця ўласнага гонару? - Тыя, хто атрымоўваюць званне кандыдатаў майстра спорту(КМС), маюць шанец трапіць ва ўніверсітэцкі  інтэрнат па хадатайству. - Што адчувае студэнт, калі пасля заняткаў трэба ісці яшчэ і на трэніроўку? - Сумясціць фізічную і разумовую падрыхтоўку, часам, бывае  цяжка. Асабліва, калі даводзіцца папрацаваць на семінарах, а дома цябе яшчэ чакае практычная работа. - Кінуць спорт не хацелася? - Часам была такая думка. Але тыдзень не займаешся – і ўжо адчуваеш, што нечага не хапае, сумуеш па трэніроўках. А ў час сесіі прыйсці ў залу нават прыемна: пакуль цела працуе, галава адпачывае. - Ёсць любімы занятак акрамя армрэслінгу? - Захапляюся падарожжамі. Выбіраюся у незнаёмыя месцы на цягніку, з кампаніяй сяброў. Так можна паўдзельнічаць у спартыўным арыентаванні, даследаваць раней чужую для цябе мясцовасць. Напрыклад, запомніліся мелавыя кар’еры ў Ваўкавыску. Падчас гутаркі бачна, што ў зале займаюцца толькі хлопцы. Напэўна, дзяўчат цяжкія гіры і фізічная сіла не прывабліваюць. Аднак Аляксандр з такім вывадам не пагадзіўся. Па яго меркаваннях, дзяўчатам у цяжкай атлетыцы прысутнічаць можна і важна. Хлопец нават прыгадаў своеасаблівую “гісторыю-страшылку”: Валянціна Сліжэўская, яго знаёмая, таксама займалася армрэслінгам, але падазраваць у невысокай дзяўчыне барцовую сілу было цяжкавата. А між тым, падчас спаборніцтваў Валянціна выпадкова зламала сваёй саперніцы руку. Пагаджаецца з Аляксандрам і трэнер: - На знешнасць заняткі цяжкай атлетыкай ніякім чынам не ўплываюць, наадварот, можна скарэктаваць фігуру, адчуць у сабе ўнутраную сілу, бо трэніроўка дзейнічае не толькі на цягавіцы, але і на дух, унутраны стрыжань. Звычайна, дзяўчаты “даходзяць” да заняткаў армрэслінгам толькі на чацвертым-пятым курсах. Зразумела, што за такі кароткі перад выпускам час цяжка дасягнуць відавочных вынікаў. Хацелася б бачыць больш спартсменак, але пакуль іх мала, таму да кожнай патрэбна індэвідуальнае стаўленне. Дарэчы, у камандзе цяпер займаюцца тры дзяўчыны. Праўда на трэніроўку сёння змагла прыйсці толькі Паліна ДЗЯРЖЫНСКАЯ. армрэслінг  БДУ - Па камплекцыі я не хрупкі чалавек, ды і наглядны прыклад у мяне быў – знаёмы студэнт, - пасміхаецца дзяўчына на пытанне, чаму з усіх відаў спорту яна выбрала сілавы. Між іншым, на казачную багатырку, як і на бледную “трысцінку” Паліна не падобная. Усмешлівая, упэўненая ў сабе дзяўчына. - Не было страшна ў першы раз прыйсці ў залу і ўбачыць столькі “жалеза”? - На заняткі па армрэслінгу прыйшла дзеля самаацэнкі. А напачатку ўсё падаецца цяжкім і нязвыклым. Бывала, справа даходзіла да сінякоў на лакцях. Але калі нешта баліць, гэта азначае, што ты добра трэніраваўся, і з тваіх заняткаў будзе плён. - Колькі часу вы займаецеся армрэслінгам? - Ужо год. І буду працгваць далей, пакуль будзе магчымасць бываць у спортыўнай зале. Час пакуль ёсць: цяпер вучуся  на чацвёртым курсе філілагічнага факультэта. - Якая ваша матывацыя, каб працягваць трэніроўкі? армрэслінг  БДУ - Лічу, што трэба быць моцнай. Ва ўсім. - Якія вашы мэты: спартыўныя і жыццёвыя? -  У спорце хачу атрымаць званне КМС, да таго, як скончу ўніверсітэт. У жыцці ж хочацца рэалізавацца ў прафесіі: рыхтуюся выкладаць дзецям беларускую мову. - Чым вам дапаможа захапленне цяжкай атлетыкай у будучым? - (Смяецца) Мяркую, што так вучні будуць больш паслухмянымі. - Ці не перашкаджае армрэслінг вашым адносінам з людзьмі сёння? - Блізкія мне людзі лічаць, што я дастаткова дарослая і самастойная, каб выбіраць сабе занятак па душы. А што тычыцца адносінаў з маладым чалавекам, то стараюся размяжоўваць спорт і звычайнае жыццё. Калі на трэніроўцы я спартсменка, то на спатканні – дзяўчына. - Чым вы яшчэ захапляецеся? - На гэты момант – вучуся па спецыяльнасці, наведваю заняткі ў аўташколе, вывучаю польскую мову, спяваю на факультэцкіх мерапрыемствах. Як бачна, на армрэслінг ідуць людзі самыя рознабаковыя. Добрыя адзнакі ў залікоўцы толькі вітаюцца: калі студэнт звыклы да вучобы, то і ў спорце будзе кеміць. Таму, як кажа трэнер А. Н. Хмялеўскі, галоўнае, каб быў кірунак на самаразвіцце, на вынік працы, і магчымасць дасягнуць мэты з’явіцца, нават калі раней яе не было.  Рагнеда ЮРГЕЛЬ армрэслінг  БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *