Армрэстлінг – гэта фізіка. Тут вуглы, хуткасць, вектары [+cлайды]

1 Jun, 2018.

Каманда студэнтаў БДУ заваявала залаты медаль па армрэстлінгу на Рэспубліканскай універсіядзе–2018 і стала найлепшай сярод 28 зборных ВНУ Беларусі.

У лік прызёраў увайшлі: першакурснікі юрфака Ілья Паклонскі і  Юлія Каласкова, другакурснік біяфака Міхаіл Ашла, першакурсніца Лаліта Фядотава, а таксама чацвёртакурсніца гэтага ж факультэта Людміла Віленчыц, чацвёртакурснік мехмата Дзяніс Казека, трэцякурсніца ФФСН Дар'я Комлева і чацвёртакурснік ІБМТ Іван Данілевіч, а таксаама выпускнік фізфака Канстанцін Паляціла.
Мы наведалі трэніроўку зборнай БДУ па армрэстлінгу і пагутарылі з трэнерам спартсменаў Аляксандрам ХМЯЛЕЎСКІМ.  

–    Аляксандр Мікалаевіч, распавядзіце, чаго Вы чакалі ад спаборніцтваў?

–    Калі ідзеш на спаборніцтвы, думаеш толькі пра тое, якіх людзей уключыць у склад каманды, бо трэніруецца шмат студэнтаў, а абраць трэба найлепшых і найдужэйшых. Варта думаць пра расстаноўку спартсменаў па вагавых катэгорыях, трэба ведаць, хто прыедзе з супернікаў, даведацца іх магчымасці.    

Чаканні могуць залежаць ад колькасці каманд. Сёлета іх было 28 – гэта 191 удзельнік. У мінулым – усяго 21 каманда. Гэта значыць, што армрэстлінг набывае папулярнасць у студэнцкім спорце.    

Не люблю загадваць. Заўсёды спадзяюся на перамогу, але супернікі, цяжкасці з фармаваннем складу каманды, траўмы і да т.п. не заўсёды даюць магчымасць гэтаму свершиться. Удача ў гэты раз была на нашым баку.
–    Як Вы трэніруеце падапечных?
 
–    Армрэстлінгам студэнты займаюцца ў зале цяжкай атлетыкі БДУ ў вольны ад вучобы час. Мая задача – даць магчымасць трэніравацца, стварыць калектыў, каб ім было цікава, каб яны паміж сабой камунікавалі, каб больш слабыя спартсмены атрымлівалі досвед у мацнейшых і ўдасканальваліся. Да кожнага патрэбны асобны падыход, зыходзячы з іх фізічных здольнасцяў. Таксама я лічу, што спартсмены павінны па ўласным жаданні хадзіць на трэніроўкі і дасягаць пэўнага выніку.

–    Якія фактары ўплываюць на вынік спартсмена?

–    Галоўным чынам усё залежыць ад спадчыннасці і працавітасці.  Але я ўвесь час кажу, маўляў, вы трэніруецеся, каб ўдасканальвацца як у фізічным, так і маральным плане. Заняткі ў нашай зале носяць развіваючы характар. Галоўны фактар для дасягнення спартыўнага выніку – жаданне трэніравацца і перамагаць, няма нічога лепш перамогі над уласнымі слабасцямі.

–    Хто часцей прыходзіць займацца: хлопцы ці дзяўчаты?

–    Гэта сілавы від спорту, таму дзяўчаты ў нас на вагу золата. Сярод іх менш канкурэнцыі. Чым больш моцных дзяўчат, тым вышэйшая верагоднасць, што каманда атрымае перамогу. Але іх мала. Іх адзінкі. Вядома, хлапцоў больш.    

Армрэстлінг – хуткасна-сілавы, тэхнічна складаны від спорту, у ім павінны быць людзі, якія добра кемяць. Бо ў армрэстлінгу, акрамя сілы і хуткасці, трэба ўмець зразумець, якім спосабам (тэхнічным дзеяннем) можна перамагчы ў сутычцы з супернікам. Для дасягнення спартыўнага выніку патрабуецца досыць глыбокае разуменне біямеханічных характарыстык рухаў армрэстлера. Суцэльная фізіка. Можа быць таму армрэстлінг больш папулярны сярод студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцяў.          

Я хацеў бы, каб нашы дзеці прыходзілі і адукоўваліся тут, каб яны разумелі, што такое фізічная культура, што такое спорт. Каб атрымлівалі веды па методыках трэніровак, асновах развіцця фізічных якасцяў і не толькі. У групах пачатковай падрыхтоўкі займаюцца ўсе жадаючыя студэнты. Галоўная ўмова на пачатковым этапе – рэгулярнае наведванне заняткаў. Спартыўнае майстэрства прыходзіць пазней, а з ім перамогі і жаданне перамагаць у спорце, і у жыцці.

    Падчас размовы з трэнерам, мы заўважылі, што на трэніроўку прыйшла дзяўчына. Яна была адзінай сярод хлапцоў. Мы не змаглі выпусціць шанец пагутарыць з ёй. Аказалася, што спартсменка –  Лаліта ФЯДОТАВА.

–    Лаліта, чаму абрала менавіта армрэстлінг?

–    Выкладчык фізічнай культуры  параіў сыходзіць на трэніроўку. Я паслухала яго, паспрабавала. У мяне стала атрымлівацца.  

–    З якім настроем ты ішла на спаборніцтвы? Гэта быў першы досвед? 

–    Да гэтага я паспрабавала свае сілы на спартакіядзе БДУ, першынстве Беларусі сярод юніёрак. На ўніверсіядзе мне хацелася перамагчы, але я разумела, што там былі дзяўчаты мацнейшыя за мяне, разраду КМС. Я перажывала, таму што перад спаборніцтвамі пашкодзіла запясце, але ў выніку атрымалася ўзяць два першыя месцы.

–    Ці моцна хвалявалася перад спаборніцтвамі?

–    Ноч не спала, нервавалася. У такіх сітуацыях звычайна выпіваю энергетык, і ўсё праходзіць (смяецца).

Побач з Лалітай размінаўся Іван ДАНІЛЕВІЧ, які таксама прыняў удзел у універсіядзе.

–    Іван, якія ўражанні засталіся ад універсіяды?

–    У такіх спаборніцтвах я ўдзельнічаў упершыню. Мне вельмі спадабалася. У маёй вагавай катэгорыі (да 75 кг) было 13 чалавек. Заняў 5 месца. Такім вынікам не задаволены, бо я займаюся даволі доўга, каля 1,5 гадоў. Мне здалося, што мог выступіць лепей, але стаў змагацца няправільным спосабам.

–    Што дае сіл перад барацьбой?

–    Падчас спаборніцтваў дапамагаюць сябры, якія змагаліся з супернікамі з маёй катэгорыі. Распавядаюць пра спосабы барацьбы, падказваюць як зразумець суперніка.

–    А ці з'явіліся ў цябе прыклады для пераймання?

-    У гэтым спорце вельмі шмат куміраў, такіх як  Яўген Пруднік, Андрэй Пушкар, Дзяніс Цыплянкоў. Гэтыя спартсмены з’яўляюцца чэмпіёнамі свету.

     Будзем сачыць за поспехамі гэтых дужых и кемлівых спартсменаў.

Анастасiя САВIЦКАЯ
Фота Таццяны Багамазавай
print

Вам таксама можа спадабацца: