Пашыраем межы. “Саюз жанчын БДУ” зладзіў адукацыйны візіт у Германію

31 мая, 2018.

Новая праграма адукацыйных візітаў накіравана на наведванне ўніверсітэтаў краін Еўрапейскага саюза і СНД. Праект распрацаваны паводле стратэгіі развіцця акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў БДУ. Яго першай ластаўкай стала паездка ўдзельнікаў з 5 па 9 мая ў Германію. Лагістыкай маршруту займаўся турыстычны цэнтр нашай ВНУ Universum. 

Усяго было 25 удзельнікаў: гэта прадстаўнікі 8 факультэтаў і Экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава. Паехаць маглі ўсе ахвотнікі, для якіх прадугледзелі бонусы ў выглядзе бясплатнай візы для студэнтаў і адсутнасці консульскага збору для выкладчыкаў. Аднак фінансавы бок – самастойнае пытанне ўдзельнікаў. Арганізатары адзначаюць, што з Universum паездка абышлася танней, чым было б у іншых тураператараў.

За некалькі дзён убачылі Патсдам, Дрэздэн і Берлін, у апошнім наведалі Свабодны ўніверсітэт. Тут прадстаўнікі БДУ разгледзелі нямецкі адукацыйны стандарт, вывучылі арганізацыю навучальнага працэсу, міжнародныя праграмы ВНУ, паглядзелі, як праходзяць аўдыторныя заняткі, пазнаёміліся з побытам берлінскіх студэнтаў. Таксама ўдзельнікі наведалі ўніверсітэцкі цэнтр імя Маргрэт фон Брэнтана, які займаецца прасоўваннем жаночых і гендарных даследаванняў. Акрамя гэтага, у паездку былі ўключаны экскурсіі па славутасцях і музеях. А 8 мая студэнты і выкладчыкі БДУ ўшанавалі памяць нашых воінаў у мемарыяла ў Трэптаў-парку.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі паездкі.

Лія КУЧКО, вядучы лабарант кафедры генетыкі біялагічны факультэт:

– Ва ўніверсітэце цікава арганізаваны навучальны працэс, дзе заняткі ідуць у свабодным фармаце, спадабаліся карпусы ВНУ. Напрыклад, у іх выдатная бібліятэка, дзе поўна студэнтаў і выкладчыкаў. Здалося вельмі мілым тое, што ў кампусе можна было ўбачыць маладых бацькоў з каляскамі і маленькімі дзецьмі. Прыцягнула ўвагу сістэма добраахвотных унёскаў, калі кожны семестр студэнты вылучаюць пэўную суму на навучанне.

Таксама нас цікавіла тэма гендара. З 2017 года ў іх функцыянуе цэнтр Маргрэт фон Брэнтана, яна займалася праблемамі жанчын, пачала весці працу ў гэтым напрамку. Мы пазнаёміліся з кіраўнікамі цэнтра, быў праведзены круглы стол, дзе мы распавядалі пра БДУ і працу жаночай паловы ўніверсітэта ў рамках саюза. Нямецкі бок зацікавіўся аб’яднаннем “Саюз жанчын”, у прыватнасці было пазітыўна ўспрынята тое, што ў нас маецца студэнцкае падраздзяленне. Зыходзячы з гэтага, мы абмеркавалі будучыя магчымасці супрацоўніцтва, правядзенне сумесных канферэнцый, форумаў, круглых сталоў.

Ганна САКАЛЮК, магістрант біялагічнага факультэта:

– Гэта была мая першая паездка ў Еўропу, таму ўражанняў засталося мноства. Спадабалася архітэктура Патсдама, Берліна, Дрэздэна. Экскурсіі былі пазнавальнымі. Мне было дзівосна глядзець на ўмоўны падзел Берліна на два раёны – усходні і заходні – і як яны ўжываюцца ў нашы дні. Мы лавілі сябе на думцы пра тое, як усходняя частка некаторымі будынкамі нагадвае родныя месцы ці Маскву. Мне прыйшоўся дааспадобы выгляд універсітэта, яго карпусы, зацікавіла тое наватарства, якое ўведзена ў навучанне. Напрыклад, індывідуальны падыход. Расклад складаецца як з абавязковых прадметаў, так і з тых, якія студэнт упісвае самастойна.

Планамі праграмы падзялілася Ірына КАЗАКОВА, старшыня ГА “Саюз жанчын”:

– Праграма накіравана на знаёмства з сістэмамі адукацыі ў розных краінах. Яна карысная для пашырэння далягляду, для паляпшэння навуковых і адукацыйных праектаў як студэнтаў, так і выкладчыкаў. Прынята рашэнне арганізоўваць паездкі падчас зімовых вакацый і па завяршэнні летняй сесіі. Мы з калегамі сышліся на тым, каб ажыццяўляць два візіты на краіну, выбіраючы для наведвання вядучыя ўніверсітэты.

Як распавяла Ірына Валер’еўна, ужо вядуцца падрыхтоўчыя крокі візіту ў эстонскі Тартускі ўніверсітэт, у планах таксама наведаць Карлаў універсітэт у Чэхіі, кракаўскую ВНУ, было б цікава вывучыць сістэму адукацыі на Мальце.

– Мы спадзяёмся, што наш праект будзе развівацца, што ён прывядзе да знаёмства з калегамі, навукоўцамі, выкладчыкамі іншых краін. Адсюль з’явіцца магчымасць правядзення сумесных канферэнцый, праектаў. Галоўнае – пачаць. У стагоддзе інтэрнэту, калі даступная любая інфармацыя, усё-такі жывыя зносіны непараўнальныя ні з якай карцінкай з Сеціва. Апусканне хай нават на дзень у іншую адукацыйную сістэму – гэта перспектыва адчуць універсітэцкае жыццё іншай краіны. Для выкладчыкаў будзе шанц пераняць досвед ці падзяліцца з замежнымі калегамі сваімі напрацоўкамі. Можа, гэта стане для кагосьці творчым штуршком, – дзеліцца Ірына Казакова.

ДАВЕДКА

Свабодны ўніверсітэт Берліна па колькасці студэнтаў з’яўляецца найбуйнейшым універсітэтам сталіцы Германіі. Заснаваны ў 1948 годзе і размешчаны ў берлінскім раёне Далем. Уваходзіць у спіс 10 вядучых вышэйшых навучальных устаноў Германіі, складзены Федэральным урадам Германіі.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: