Мой маленькі Парыж. Што думаюць турысты, якія пабылі ў нашым Нясвіжы?

9 Jun, 2017.

Заходняя Беларусь прыцягвае турыстаў сваёй адкрытасцю, прыязнасцю, непаўторнай старадаўняй архітэктурай. Многія кажуць, што менавіта на захадзе Беларусі адчувальны дух даўніны. Так і ёсць. Людзі, якія наведалі гэтыя мясціны, забываюць пра свае хатнія клопаты, праблемы, пакідаюць усё свае незадавальненне дома і выпраўляюцца ў эпоху сярэднявечча. Адно з такіх месцаў, якое зможа вас пагрузіць у далёкае гістарычнае мінулае – Нясвіж, які ўваходзіць у лік самых гістарычна значных месцаў краіны.

Нясвіжскі замак

Нясвіж – культурная сталіца Беларусі 2012 года. Нягледзячы на тое, што на дварэ 2017, гэты тытул захаваўся і сёння, ён цалкам адпавядае і апраўдвае сваю назву. А  яго насычанае падзеямі  мінулае не магло не адбіцца на абліччы горада. Помнікі архітэктуры гэтага горада даюць магчымасць прасачыць, як з'явілася і развівалася ў Беларусі барока. Прыехаўшы ў Нясвіж, госці перш за ўсё накіроўваюцца ў Нясвіжскі замак і парк са створанымі чалавекам старадаўнімі  азёрамі і цяністымі алеямі – самы прыгожы палацава-паркавы ансамбль Беларусі, які прываблівае мноства турыстаў.

Адны з першых архітэктурных помнікаў ранняга барока, пабудаваныя італьянскім архітэктарам Янам Марыяй Бернардоні – фарны касцёл (1593) і былы манастыр бенедыктынак, у якім цяпер  размешчаны педкаледж імя Я. Коласа. У цэнтры Нясвіжа размешчана ратуша. Насупраць яе стаіць і дагэтуль хатка рамесніка ці купца. Па-іншаму яго завуць "Хатка на рынку". Недалёка ад цэнтра знаходзіцца Слуцкая брама. Калісьці яна ўваходзіла ў сістэму гарадскіх умацаванняў, абараняючы ўезд у горад з боку Слуцкага гасцінца.

Як бачыце, Нясвіж – добры турыстычны гарадок, які варта наведаць. А што думаюць турысты, якія пабылі ў нашым мястэчку?

Анастасія  33 гады, Брэст (Беларусь): Прыгожы гарадок! Паркавая зона для такога гарадка вельмі ўражвае. Ёсць дамкі, якія выклікаюць цікавасць, а калі ўважліва вывучыць старадаўнюю гравюру Тамаша Макоўскага (1562–1630), на адным з дамкоў, паблізу фарнага касцёла, будзе яшчэ цікавей!

Ягор 47 гадоў, Кіеў (Украіна):  Грамадзянскай старадаўняй архітэктуры тут практычна няма – ну хіба што парачка дамоў на галоўнай плошчы. Затое замак з паркам, касцёл і ратуша з гандлёвымі шэрагамі занесены ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА , як адзіны комплекс 16 стагоддзя. І дзеля гэтага варта прыехаць у Нясвіж хоць бы раз.

Нясвіжскі парк

Марыя 23, Наварасійск  (Расія): Паркавая зона толькі чаго варта! А асноўныя выбітнасці ў крокавай даступнасці. Здзівіла чысціня горада. У нас у горадзе такога не ўбачыш.

Андрэй 39, Мінск (Беларусь): Вельмі прыгожы і цікавы замак, які здзівіў сваёй экспазіцыяй і прыгажосцю пейзажаў вакол. Багатая калекцыя экспанатаў, цікавыя залы з багатым строем. Гіды займальна праводзяць экскурсіі. Рэкамендуем усім! У Еўропе такіх добра захаваных замкаў са свечкаю ў руках не знайсці.

P.S  Насупраць замка ёсць кафэ са смачнай нацыянальнай беларускай кухняй па даступных коштах. Побач ёсць зручная платная паркоўка, дарога ад Мінска заняла 40 хвілін па добрай трасе.

Марк 55, Ліверпуль (Англія): Beautiful well-groomed park, local residents were lucky with such a park. In autumn this park is especially beautiful! 

Лайма 25, Вільнюс (Літва): Выдатны варыянт для аднадзённага вандравання. Апроч знакамітага палаца варта пагуляць па горадзе, дзе ёсць нямала іншых выбітнасцяў. Таксама недалёка размешчаны Мірскі замак, які таксама варта абавязкова паглядзець.

Таццяна 32, Нясвіж (Беларусь): Магу сказаць толькі адно. Нясвіж – мой маленькі Парыж!

Анастасія ЛАБАТАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *