Старажытная культура і сучасны ўніверсітэт Пскова

29 мая, 2014.

 бгу псков Група студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам намесніка дэкана А. А. Прохарава і загадчыка кафедрай гісторыі Расіі А. А. Яноўскага наведала горад Пскоў і Пскоўскі ўніверсітэт. Гэта паездка стала магчымай, дзякуючы дзейсным і актыўным навуковым і адукацыйным кантактам паміж гістарычнымі факультэтамі дзвюх вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Расіі.. Паездка ўразіла. Вялікую цікавасць уяўляе характарыстыка культурнага ландшафта горада Пскова, які здзівіў істотна большай, у параўнанні з амаль поўнасцю савецкіх часоў архітэктурай Мінска, шчыльнасцю гістарычна-культурнай спадчыны. Справа, вядома ж, не столькі ў наяўнасці ў гарадскіх абрысах дзіўнага і магутнага Крома (Крамля), які ўяўляе сабой вытанчаны ўзор старажытнарускага абарончага дойлідства, у разнастайных музеях і незлічоных цэрквах, колькі ў агульнай прывычнасці даўніны ў гарадской прасторы. Разам з тым, горад вельмі рускі. Для людзей, выгадаваных у рамках іншых традыцый (дапусцім, беларускай), знаходжанне ў ім дазваляе выразна адчуць адрознасць і адчужанасць гэтых культур. З іншага боку, пскоўская культурніцкая прастора – гэта ў пэўнай ступені менавіта мясцовая традыцыя, з развітай тутэйшай міфалогіяй. У яе аснове ляжыць памяць пра аблогу Пскова войскамі Польшчы і Вялікага Княства Літоўска на чале з Стэфанам Баторыем у 1582–1583 гг. У тыражаванні гэтага міфа актыўны ўдзел бярэ царква: у прыватнасці, мы бачылі надзвычай адметны абраз, на якім выяўлена ўласна аблога горада, і Багародзіца дапамагае жыхарам горада вытрымаць аблогу гістарычнага саперніка Расіі. З пункту гледжання ўплыву мінуўшчыны на пскоўскую сучаснасць многазнакавы таксама вобраз княгіні Вольгі, якой у горадзе пастаўлены адметны помнік. А князь Даўмонт, выгнаны з Літвы ў канцы ХІІІ ст. (дарэчы, варта нагадаць, што ён з’яўляецца бацькам Давыда Гарадзенскага) і сёння з’ўляецца выбітнай фігурай, у розных варыянтах увасоблены праваслаўнай традыцыяй – напрыклад, творамі выдатнай школы пскоўскага іканапісу. Шмат часу мы аддалі наведванню шматлікіх знакамітых пскоўскіх сабораў і манастыроў. Асобна варта адзначыць Спаса-Прэабражэнскі сабор Мірожскага манастыра, пабудаваны ў ХІІ ст. епіскапам Ніфантам і ўнікальны тым, што быў пабудаваны ў своеасаблівай тэхніцы XII ст., а больш за ўсё – сваімі шматлікімі і цудоўна захаванымі фрэскамі візантыйскіх мастакоў ХІІ ст. Паводле сваёй унікальнасці і мастацкім узроўні фрэскі могуць быць параўнаныя толькі з мастацкай насычанасцю полацкай царквы Спаса ў Полацку. З агульнага шэрагу храмаў Пскова выразна вылучаецца кафедральны Траецкі сабор, збудаваны ў канцы XVІІ ст. на месцы першага драўляна храма часоў княгіні Вольгі. Акрамя ўнушальных памераў (залачоныя купалы і блакітныя сцены храма бачны за дзесяткі кіламетраў), пакідае дзівоснае ўражанне ўнутранае аздабленне сабора. А яго магутны (вышынёй аж 42 метры) і мастацка аздоблены іканастас – узор іканапіснага мастацтва і разьбы па дрэву.бгу псков Каб завершыць “архітэктурна-царкоўны” экскурс, патрэбна абавязкова згадаць паездку напрыканцы нашага візіту ў Пскоў на мяжу Пскоўскай вобласці – у Пскова-Пячэрскі Свята-Успенскі манастыр. На жаль, не ўсім нам давялося там пабыць (патрэбна было рыхтавацца да ад’езду ў Мінск), але палова дэлегацыі адважылася. Уражанні пераўзышлі нават грунтоўныя распавяданні нашага кіраўніка Андрэя Аркадзьевіча Прохарава, які шмат гадоў пржыў на Пскоўшчыне. Манастыр здзівіў сваёй веліччу і спакоем, нейкай асаблівай аўрай, якую падкрэсліла вясенняя цёплая навальніца і раптоўна выглянуўшае з аблокаў сонейка... Нельга абмінуць цікавую сустрэчу з іншаземнымі гуманітарыямі (з ЗША і Нідэрландаў), якая адбылася на пскоўскай зямлі. Мы ўсвядомілі, што руская культура можа быць вельмі цікавым аб’ектам для знешняга назірання не толькі для беларусаў, але і для прадстаўнікоў далёкага замежжа. Яна і стала прадметам нашых дыскусій, калі адначасова высветлілася, што гістфакаўцы БДУ не толькі дастаткова добра ведаюць старажытную рускую гісторыю, але і могуць гадзінамі разважаць аб яе вартасці на ангельскай мове... Асноўнай мэтай вандроўкі было азнаямленне з Пскоўскім універсітэтам, які ў цяперашнім выглядзе быў заснаваны ў кастрычніку 2011 г. і грае вялікую ролю ў бягучым культурным жыцці паўночна-заходняга расійскага рэгіёну. Зразумела, што ў цэнтры нашай увагі быў гістарычны факультэт гэтай ВНУ. У параўнанні з гістарычным факультэтам БДУ пскоўскі аналаг і па колькасці студэнтаў, і па колькасці выкладчыкаў і кафедраў досыць кампактны. Беларускія студэнты атрымалі магчымасць пазнаёміцца з адукацыйнымі практыкамі аднаго са шматлікіх “правінцыяльных” расійскіх універсітэтаў. У гэтым сэнсе асабліва заўважаецца розніца маўлення: у БДУ, здаецца, проціпастаўленне “бакалаўрыята” і “спецыялітэта” яшчэ не набыло такога значэння, як у ПскоўДУ, дзе ўжо тры курсы вучацца па чатырохгадовай праграме. Акрамя таго, перавагай БДУ можа лічыцца той факт, што ў нашым універсітэце рыхтуюцца “класічныя” гісторыкі, тады як у Пскоўскім універсітэце пераважае педагагічны ўхіл спецыяльнасці. Відаць, якраз з гэтай прычыны напісанне курсавых работ ажыццяўляецца на гістарычным факультэце ПскоўДУ (згодна з вучэбным планам), пачынаючы са Старажытнай Грэцыі. Яшчэ адна асаблівасць навучальнага працэсу – наяўнасць спецыялізацыі “рэгіёназнаўства”. Студэнты гэтай спецыяльнасці вывучаюць пераважна гісторыю Новага і Найноўшага часу краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі. Што да навуковай работы выкладчыкаў універсітэта, то яна можа быць параўнана з агульным кірункам даследаванняў, якія ў Беларусі вядуцца, напрыклад, у Полацку. Яны арыентаваныя перш за ўсё на вывучэнне мясцовай гісторыі. З гэтай прычыны ў горадзе досыць актыўна вядуцца раскопкі (якім спрыяюць таксама заканадаўчыя прадпісанні і нястомная дбайнасць мясцовых даследчыкаў), у якіх удзельнічаюць студэнты гістарычнага факультэта і вынікі якіх папаўняюць шматлікія музеі – не толькі ў Пскове, але і ў Санкт-Пецярбургу (Эрмітаж). Адносна нядаўна ў горадзе нават было здзейснена археалагічнае адкрыццё: знойдзена амаль некранутае часам пахаванне жанчыны эпохі Старажытнай Русі ў вопратцы і з адзнакамі яе сацыяльнага статуса. Акрамя таго можна назваць вельмі цікавую знаходку княжацкай тамгі з выявай так званага родавага знака Рурыкавічаў. Справа ў тым, што яна вельмі адрозніваецца ад сінхронных знаходак падобнага роду і змяняе нашае ўяўленне пра развіццё протагеральдыкі Рурыкавічаў Х–ХІІІ стагоддзяў. Неабходна асобна адзначыць наведванне Пскоўскага дзяржаўнага архіва, супрацоўнікі якога пазнаёмілі нас з бягучай работай архіва. Найбольш уразіла рэстаўрацыйная майстэрня архіва, дзе пашкоджаныя цвіллю ці вадой дакументы набываюць другое жыццё. Акрамя таго, адміністрацыя архіва ласкава дала магчымасць судакрануцца з некаторымі жамчужынам архіўных сховаішчаў: у гэтых дакументах памянёныя Аляксандр Пушкін, Кацярына ІІ, Аляксандр І, прадстаўнікі мясцовай знаці. Шмат якіх звестак напрамую адносяцца і непасрэдна да беларускай гісторыі. Наведванне замежнай вучэбна-навуковай установы чарговым разам прымушае звярнуць увагу на сучасны стан студэнцкай (і выкладчыцкай) мабільнасці ў беларускай вышэйшай школе. Нашы кіраўнікі не аднойчы выказвалі шкадаванне з прычыны сыходу ў нябыт савецкіх акадэмічных практык такога роду, калі камандзіроўкі ў тагачасныя навуковыя цэнтры, кшталту Ленінграда і Масквы, былі зусім звычнай з’явай. Сёння становішча складанейшае. Міжнародныя кантакты, па ўсім відаць, істотна скараціліся, дарма што адкрыліся новыя выдатныя магчымасці супрацоўніцтва ў заходнім кірунку. Зрэшты, гэта вялікая і хваравітая тэма, якая патрабуе зусім асобнай гаворкі. Можна толькі выказаць спадзяванне, што ў далейшым колькасць такога роду кантактаў істотна ўзрасце, спрыяючы развіццю і ўдасканальванню акадэмічных практык у беларускай вышэйшай школе ў цэлым і БДУ ў прыватнасці. Так што праведзенае экскурсія, як вынік дагавора аб супрацоўніцтве паміж беларускім і расійскім універсітэтамі, – выдатны ўзор рэалізацыі ўзаемных інтарэсаў па паглыбленню прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў-гісторыкаў. Вольга ЮРКЕВІЧ і Антон ЛЯВІЦКІ .  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *