Пра iдэю i яе ўвасабленне. Iнавацыя маладых навукоўцаў БДУ (+ вiдэа)

1 Apr, 2015.

бгу инновации У канцы лютага адбыўся фінал Рэспубліканскага моладзевага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», на якім быў адзначаны праект навукоўцаў БДУ. І гэта не адзіная інавацыя. Спецыялісты ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю маюць добры досвед увасаблення студэнцкіх ідэй у запатрабаваную прадукцыю. Сёлета маладыя навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсі­тэта сярод 1000 праектаў, прад­стаўленых на разгляд, атрымалі перамогу ў намінацыі «Медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя». Пад кіраўніцтвам дацэнта Паўла Бычкоўскага малодшыя навуковыя супрацоўнікі НДІ ФХП БДУ Дзяніс Адамчык і Сяргей  Саламевіч прэзентавалі праект «Біярассмоктвальныя супрацьпух­лін­ныя прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных наватвораў «Тэмадэкс» і «Праспідэлонг». Праца маладых навукоўцаў БДУ атрымала высокую ацэнку экспертаў. Дарэчы, па  статыстычных дадзеных, за чатыры гады ў адрас аргкамітэта конкурсу паступіла больш за 6 500 заявак. Праект набірае папулярнасць у моладзі: каля 7 500 маладых людзей заявілі пра сябе праз сваю справу. Даўно вядома: людзей навукі мала турбуе ўдзел у якіх-небудзь конкурсных спаборніцтвах ці «навукападобных тусоўках». Прычына простая: бракуе часу, каб заняцца руціннай працай: афармленнем дакументаў, пошукам фундатараў, падрыхтоўкай прэзентацый і г. д. Навукоўцы, апантаныя ідэяй, працуюць на вынік. Але калі выка­рыстоўваць метафару, то навуковая распрацоўка як дыямент – заўсёды мае патрэбу ў добрай аправе! Каб ацаніць камень, трэба адцяніць яго «гранне» ў пера­лам­ленні святла. Усе адценні і нюансы патрабаванняў арганізатараў любога конкурсу і, галоўнае, запатрабаванасць вынаходства ці навуковага адкрыцця ведаюць супра­цоў­нікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ. Спецыялісты аддзела моладзевых праграм і пра­ектаў гэтай структуры перш за ўсё займаліся пошукам кандыдатаў з эксклюзіўнымі ідэямі і нечаканымі даследаваннямі. Затым афармлялі і сачылі за суправаджэннем даку­ментаў для ўдзелу ў Рэспублі­канскім моладзевым конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Ды і не толькі гэта спаборніцтва курыравалі! Менавіта яны, як добрыя прадзюсары, першымі далі ацэнку перс­пектыўнасці ідэй маладых наву­коўцаў нашай ВНУ. Словам, зай­маліся «агранкай» самых розных праектаў: ад добраахвотніцкіх да інавацыйных. Больш за тое, дзякуючы створанаму стартап-цэнтру, у студэнтаў з’явілася магчымасць навучыцца працаваць у камандзе, генераваць ідэі, планаваць бізнес і проста рэалізоўваць уласныя праекты. Пра гэта больш дэталёва і адбылася наша гутарка з намеснікам начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталляй РАМАНАВАЙ.
Романова Наталья

Наталля Раманава: мы адкрытыя для ўсіх, у каго ёсць ідэя і план рэалізацыі

– Наталля Сяргееўна, Вам, як каардынатару стартап-цэнтра БДУ, чалавеку, інтуітыўна наладжанаму на бізнес-планы студэнтаў, прапаную накіраваць нашу гутарку на аўдыторыю, якая чула звон, ды не ведае дзе ён. Распавядзіце пра вытокі прадпрымальніцкай ініцыятывы студэнтаў, стартапаў, інтарэсы фундатараў і факты, якія акрыляюць цяперашніх рэзідэнтаў бізнес-інкубатараў. Ізноў-такі, можа, ва ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю БДУ з’я­ві­ліся навіны для людзей, апантаных наватарскай ідэяй? –  Пачну з гісторыі пытання па дадзенай наватарскай справе.  Стартапам прынята зваць толькі што створаную кампанію, якая будуе свой бізнес на аснове інавацыйных ідэй або на аснове тэхналогій, якія толькі што ўзніклі. У перакладзе з англійскай «стартап» азначае «запускаць» ці «стартаваць». Найбольш сучаснае значэнне і паняцце стартапа – венчурны праект. У нас, у Беларусі, толькі ідзе фармі­раванне культуры венчурнага бізнесу, а вось у ЗША ён даў­но існуе і актыўна развіваецца на працягу амаль сямідзе­сяці апошніх гадоў. Так здарылася ў 1939 годзе, калі Пакард і Х’юлет, яшчэ студэнты Стэнфардскага ўні­вер­сітэта, толькі-толькі запус­цілі свой біз­нес. Сёння іх стварэнне, як вядома, з’яўля­ецца брэндам сусветнага ўзроўню. Аднак вельмі часта нашы рэзідэнты згад­ваюць і іншае імя – легендарнага камп’ю­тарнага генія Стыва Джобса, які, маўляў, не маючы вышэйшай адукацыі, ства­рыў IT-імперыю. Вось тут зай­здроснікам жадаю нагадаць, што яшчэ ў школе Джобс перамагаў на матэматычных алімпіядах і захапляўся элек­тронікай. Фінан­савы прыбытак любой справы не з’яўляецца проста так, ён будуецца на моцным бэкграўндзе (су­праваджэнні – заўв. аўтара).  Да­пусцім, поспех пілотнага праекта можна пра­лічыць, а ўдачу – прадказаць. Але веды ўвесь час трэба ўдас­канальваць. Прадукт, які сёння карыстаецца поспехам у фун­датараў, ужо заўтра, можа так здарыцца, нікому не будзе патрэбны. Думку чалавека, як і час, спыніць нельга! Бізнесмен павінен працаваць на апярэджанне  зацікаў­ленасцяў спа­­жыўца. Зыхо­дзячы з досведу амерыканскіх і еўрапей­с­кіх дас­ледаванняў, укладанні ў IT-сфе­­ру з’яўляюцца аднымі з самых стабільных і прыбытковых. Цяперашняму стартаперу неабходна ведаць прадпры­мальніцкую культуру і маркетынгавую стратэгію. І ён абавязкова павінен валодаць прэзентацый­нымі навыкамі. – Вядома, што шматлікія ўдзельнікі конкурсу «100 ідэй для Беларусі» жадаюць раз­віваць уласны бізнес. Але на прэзентацыі праектаў перад вялікай аўдыторыяй яны баяцца, ім бракуе ўпэўненасці ў сабе ці што... Дарэчы, якую кансультацыю ў БДУ могуць атрымаць суіскальнікі? –  У БДУ за паўгода дзейнасці цэнтра быў арганізаваны шасці­тыднёвы цыкл лекцый, семінараў і трэнінгаў па прадпрымальніцтве, абароне інтэлектуальнай улас­насці, бізнес-планаванні, інава­цый­ным менеджменце, а таксама лідарстве і камандаўтварэнні. Інды­відуальную кансультацыю па прасоўванні свайго праекта можа атрымаць кожны суіскальнік у нашых выкладчыкаў. – На які бізнес арыентавана моладзь? Якія сферы сёння найбольш папулярныя? – Найбольш прывабнымі з’яў­ляюцца такія сегменты, як  IT, турыстычны бізнес, навукаёмістыя вытворчасці. Аналізуючы карту рэзідэнтаў, адзначу і мабільныя дадаткі для карпаратыўнага асяроддзя. Напрыклад, студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ю­тарных тэхналогій БДУ прапана­валі арыгінальную версію праграмы для павышэння эфектыўнасці элементаў агульнай сістэмы справаводства ў нашай ВНУ. – На што Вы і Вашы калегі арыентуецеся, калі разглядаеце і даяце ацэнку дзелавой прапанове маладых навукоўцаў і прадпрымальнікаў? – Маё асабістае перакананне: праект можа быць удалым пры наяўнасці прадпрымальнай ка­манды аднадумцаў і канчатковага прадукту, які запатрабаваны спажыў­цом. Фундатар павінен ра­зумець спецыфіку тавару і быць упэўненым у камандзе. – Калі хутка ўспомнілі пра паплечнікаў: ці патрэбны калектыву чалавек, які будзе «камандаваць парадам»? – Безумоўна, лідар неабходны ў любым распачынанні. Любая камандная гульня прадугледжвае выразнае размеркаванне функцый. У нашым выпадку ў складзе зборнай павінны быць менеджары, генератары ідэй, эканамісты і г. д. Калектыў не толькі падае ідэю, але абавязаны забяспечыць яе рэалі­зацыю. – Якія праекты асабіста Вам спадабаліся навізной і крэа­тыўнасцю? – Мне падабаюцца ўсе рэа­лізаваныя праекты нашых сту­дэнтаў! Такія буйныя рэспуб­ліканскія праекты, як «Святло Вя­лікай Перамогі» і Школа студэнцкай журналістыкі калісьці былі проста студэнцкай ідэяй. Аўтар­ства агульнаўніверсітэцкіх праек­таў «Універсітэт – твой крок у бу­дучыню», «БДУ ў тваім фармаце», «Адкрытая інтэлектуальная ліга БДУ», «Фотавеламарафон», «Май­скі калейдаскоп» таксама належыць студэнтам БДУ. Сярод праектаў стартап-цэнтра хочацца адзначыць працу студэнтаў фізічнага факультэта Стаса Працэнкі і Аляксандра Бядуліна «Сучасны інвестыцыйны кансультант ProfitPAM». Хлопцы ўжо вядуць перамовы з фундатарам пра далейшую рэалізацыю.  Цікавы IT-праект Дзмітрыя Куратніка «Changing the World». Створаны таксама добра­ахвотніцкія праграмы: «Прафарыентацыя», «Дзецям свету» і «Мая школа». Кожны з прапанаваных праек­таў – эксклюзіў, адрозніваецца ўні­кальнасцю аўтарскай ідэі, крэ­а­тыўным падыходам да, здавала­ся б, штодзённых, банальных рэчаў. – У якіх конкурсах і навуковых спаборніцтвах наша ВНУ возь­ме ўдзел з дапамогай Вашага ўпраўлення? – Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю імкнецца пад­трымліваць усе распачынанні нашых студэнтаў. У дадзенай сітуа­цыі адміністрацыйны рэсурс накі­раваны на рэалізацыю і ўвасаб­ленне ў жыццё навуковага і творчага патэнцыялу студэнтаў. Мае ка­легі забяспечваюць суправаджэнне праектаў ад падачы заяўкі да фінальных прэзентацый на ўсіх рэспубліканскіх конкурсах. З планаў на будучыню… Упершыню сёлета ўпраўленне будзе арганізоўваць студэнцкі турнір па прыродазнаўчанавуковых дыс­цы­п­лінах на базе Белдзярж­уні­версі­тэту сумесна з НАН нашай краіны. Ініцыятарамі правядзення турніру выступілі студэнты хімічнага факультэта. Працы ад прапанаванай ідэі да яе ўвасаблення хопіць на ўсіх супра­цоўнікаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Нагадваю: мы адкрытыя для ўсіх, у каго ёсць ідэя і адэкватны план яе рэалізацыі! I вiдэа: Гутарыла Жанна ВАСАНСКАЯ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *