Стартап – праект прыбытковы

18 Feb, 2014.

стартап Журавков БДУ далучыўся да міжна­роднага праекта SUCSID праграмы Еўрапей­скага саюза TEMPUS, у які ўжо ўваходзяць універсітэты з Францыі, Швецыі, Партугаліі, Малдовы, Украіны Напярэдадні новага года ў БДУ быў створаны цэнтр інавацыйных ідэй і праектаў Startup, аналагі якога існуюць у перадавых універсітэтах свету. Мы пагутарылі з яго куратарам першым прарэктарам БДУ прафесарам Міхаілам ЖУРАЎКОВЫМ пра спадзевы абудзіць студэнцкую ініцыятыву і карысць гэтага праекта для БДУ ў цэлым. журавков – Міхаіл Анатольевіч, як БДУ ўдалося ўключыцца ў праект SUCSID праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS? – Год таму мы з начальнікам упраўлення міжнародных сувязяў пабывалі з візітам у Францыі ва ўніверсітэце Манпелье, дзе прайшоў сход па дадзеным праекце кіраўнікоў універсітэтаў і прадстаўнікоў фінансавых еўрапейскіх арганізацый. Мы прадставілі БДУ і нашы патэнцыйныя магчымасці, важна было даказаць, што такі цэнтр сапраўды будзе ў нас працаваць. У выніку еўрапейскія калегі ацанілі нашы высілкі па развіцці інавацыйнай дзейнасці і БДУ быў прыняты ў гэты праект ад Беларусі нароўні з БНТУ. Дарэчы, гэты міжнародны праект спрыяе якраз адкрыццю стартап-цэнтраў у СНД для таго, каб у адпаведных краінах студэнты больш актыўна займаліся інавацыйнай працай і навучаннем праектам малых фор­маў, якія цяжка рэалізаваць у межах вялікіх прадпрыемстваў. Калі прааналізаваць развіццё ў 70-я гг. фірмаў, звязаных з вылічальнай тэхнікай, персанальнымі камп'ютарамі, то амаль усе вядомыя на сёння сусветныя брэнды паў­сталі са стартапаў маладых ініцыятыўных груп, тыя ж Apple, Microsoft. Шматлікія прадпрыемствы з беларускага ПВТ таксама выраслі з крэатыўнага асяроддзя. Аднак сусветны досвед паказвае, што маладым, як правіла, мала мець ідэю, неабходна ведаць, як гэтую ідэю раскруціць, то бок трэба быць добрымі арганізатарамі. Мы жадаем, каб наш стартап-цэнтр быў такім акумуляцыйным ядром, якое б дапамагло маладым лю­дзям у здабыцці ведаў, як стварыць сваё прадпрыемства, як укараніць сваю ідэю, як яе абараніць і як данесці да тых людзей, што маюць фінансы і гатовыя іх укласці ў вытворчасць. Гэта значыць ім трэба даказаць, што ідэя прыбытковая. Напрыклад, на нашым эканамічным факультэце працуе СНДЛ, мэтай якой з'яў­ляецца арганізацыя лекцый, дзе распавядаюць студэнтам, як пачаць сваю справу ў галіне прамысловасці, ІТ, інтэлектуальнай уласнасці якраз у рэчышчы стартапа. Па­добных структур у нас некалькі – IT Housе, Школа менеджменту і прадпрымальніцтва для моладзі. Мы жадаем іх аб'яднаць і стварыць магутнае ядро, якое дапамагло б нашай моладзі навучыцца ствараць высока­інтэлектуальныя прадпрыемствы і проста прадаваць свае ідэі. – Грунтоўнасць праекта падкупляе, ёсць фонд і стажыроўкі для персаналу. Што яшчэ прадугледжваецца? – Стажыроўкі працягваюцца і будуць здзяйсняцца кожны месяц у краінах, якія ўдзельнічаюць у праекце. У сваю чаргу, мы будзем рэгулярна арганізоўваць стажыроўкі на базе нашага ўніверсітэта. І, натуральна, будзем даваць кансультацыі для заці­каў­леных студэнтаў і супрацоўнікаў. Адзначу, што стажыроўкі прызначаныя галоўным чынам для выкладчыкаў нашага ўніверсітэта, якія будуць праводзіць трэнінгі і вучобу са студэнтамі. На сёння для нас самае галоўнае – прафесійна падрыхтаваць людзей. У рамках праекта ў прынцыпе прадугледжаныя і азнаямленчыя паездкі для студэнтаў, каб яны ўбачылі, як працуюць такія цэнтры ў іншых краінах. – Як Вы ацэньваеце патэнцыял нашых студэнтаў? Яны наогул цікавяцца такімі рэчамі і гатовыя прапаноўваць ідэі? – Ініцыятыўных, у якіх ёсць цікавыя ідэі, даволі шмат. Але тут ёсць тонкі момант. Як сапраўдную ідэю адрозніць ад, скажам так, непрафесійнай прапановы? Мы будзем шукаць экспертаў у адпаведнай галіне ў нас, у іншай ВНУ, або нейкім прадпрыемстве, каб яны далі ацэнку. У рэчышчы стартапаўскага руху мы правядзём 21–23 лютага разам з ПВТ пілотны конкурс для школьнікаў. Аўтарам пяці найлепшых праектаў у якасці заахвочвання дырэкцыя ПВТ абяцае зладзіць экскурсію ў Крэмніевую даліну ў ЗША, паказаць, як арганізаваная праца такіх прадпрыемстваў у Амерыцы. Дадзены конкурс добра ўпісваецца ў ідэалогію стартап-цэнтра. Сваю ідэю трэба прадставіць і ўвасобіць у рэальны прадукт, гэта значыць альбо напісаць праграму, альбо зрабіць выраб, прэзентацыю змадэляванага працэсу. Тут поле дзейнасці не абмежавана. Мы вырашылі звязаць конкурс з уступнай кам­паніяй, каб выявіць таленавітых школьнікаў і прыцягнуць іх да вучобы ў нашым уні­версітэце. Адначасова мы будзем стыму­ляваць і нашых студэнтаў.
ФАКТЫ Крыніцы  інтэрнэту адзначаюць, што ўпершыню тэрмін «стартап» з'явіўся ў ЗША ў 1939 г. У той час паблізу Сан-Францыска, у даліне Санта-Клары (Каліфорнія), скан­цэнтраваліся амаль усе прадпрыемствы і фірмы, якія займаюцца распрацоўкамі ў сферы высокіх тэхналогій. Студэнты Стэнфардскага ўніверсітэта Дэвід Пакард і Уільям Х'юлет, ствараючы тут свой невялікі праект, назвалі гэтую справу стартапам (ад англ. start-up – стартаваць, запускаць). Як вядома, стартап гэтых студэнтаў перарос у паспяховую кампанію Hewlett-Packard. Іншыя класічныя прыклады паспяховых стартапаў – гэта сучасныя кампаніі з сусветнымі імёнамі: заснавальнікі Microsoft Біл Гейтс і Пол Ален, заснавальнікі Apple Computer inc. Стыў Джобс і Стыў Возняк і заснавальнікі Google Лары Пэйдж і Сяргей Брын. Не­дзе з канца «нулявых» стартапаўскі рух пачаў паступова ахопліваць і тэрыторыю СНД. Ідэя стварэння беларускага аналага «Крэмніевай даліны» пачала абмяркоўвацца ў 2004 г. Дэкрэт № 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій» быў падпісаны Прэзідэнтам Рэс­публікі Беларусь 22 верасня 2005 г.  Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) – асаблівая эканамічная зона са спецыяльным падаткова-пра­­вавым рэжымам у Рэспубліцы Беларусь са спрыяльнымі ўмовамі для рас­працоўкі праграмнага забеспячэння, інфармацыйна-каму­ні­кацыйных тэхналогій, накіра­ва­ных на павышэнне кан­курэн­та­здольнасці нацыянальнай гаспадаркі. Беларускія спецыя­лісты ўдзе­льнічаюць у ІT-праектах любога ўзроўню, пачынаючы з сіс­тэм­нага аналізу, кансалтынгу, падбору апаратных сродкаў і заканчваючы канструяваннем і распрацоўкай складаных сістэм. Парк высокіх тэхналогій пачаў дзейнасць у чэрвені 2006 года. Са студзеня 2011 г. адкрыты адукацыйны цэнтр ПВТ. У верасні 2011 г. пачалося будаўніцтва першых дамоў для рэзідэнтаў. У верасні 2012 г. ПВТ зарабіў свой першы мільярд долараў. Сёння ПВТ – адзін з вядучых інавацыйных ІТ-кластараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У яго складзе на 1 лістапада 2013 г. – 134 кампаніі-рэзідэнты, агульная колькасць супрацоўнікаў большая за 16 тыс. чалавек. Паводле даных СМІ, па экспарце камп'ютарных паслуг на аднаго жыхара Беларусь у два разы пераўзыходзіць Расію, у 2,5 раза – Украіну. Прычым гэты разрыў з кожным годам павялічваецца. Беларусь стала сапраўдным «руха­віком» развіцця інфармацыйных тэхналогій у рэгіёне. Больш за палову кампаній беларускага IT-сектара – альбо сумесныя кампаніі, альбо з замежным капіталам.
– Праект разлічаны на тры гады, а калі, на Ваш погляд, можна чакаць першых вынікаў? – У прынцыпе, усё залежыць ад ініцыятывы саміх студэнтаў. Я думаю, што добрыя вынікі з'явяцца ўжо да канца гэта­га года хоць бы таму, што той жа IT House актыўна працуе і праводзіць шмат цікавых мерапрыемстваў. Ёсць праекты, якія перададзеныя прадпрыемствам ПВТ для рэа­лі­зацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Трэба сказаць, што для прадпрыемстваў таксама вельмі важна знайсці для сябе цікавы праект, які можна было б раскруціць і здабыць эканамічны прыбытак. – А вось у якой, на Ваш погляд, сферы, акрамя ІТ, можа быць патэнцыйная запатрабаванасць свежых ідэй? – Перш за ўсё гэта малы бізнес. Любы бізнесмен, які зарабіў пачатковы капітал і мае жаданне пашыраць сваю справу. Гэта могуць быць і самавітыя прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці, якія шукаюць новыя падыходы… Напрыклад, раней прадпрыемствы складалі свой задачнік, дзе публікавалі розныя праблемы, важныя для іх. Гэты задачнік – адна з крыніц распрацоўкі цікавых ідэй. На нашых вялікіх прадпрыемствах (МАЗ, БелАЗ, МТЗ, велазавод) таксама ёсць маса нявырашаных праблем, якія, на першы погляд, падаюцца дробнымі, напрыклад, як завастрыць пяро. А ў моладзі якраз крэатыўнае мысленне, яны могуць прапанаваць абсалютна нестандартнае рашэнне. Прывяду прыклад з часу, калі такога стартапаўскага руху яшчэ не было. Неяк на мехмаце мой аспірант з Іарданіі, дзе ёсць Мёртвае мора, сказаў, што для мясцовых дамоў адпачынку вялікай праблемай з'яўляецца адсутнасць прыстасавання, якое б дазваляла людзям перасоўвацца на паверхні мора. Як вядома, там высокая шчыльнасць вады, і немагчыма ні грэбці, ні рухацца. Калі будзеш тузацца, то можаш перавярнуцца. Я прапанаваў студэнтам паспрабаваць знайсці рашэнне ў рамках курсавых прац. Адзін з іх распрацаваў цікавую канструкцыю, цалкам наватарскую. Гэта і не водны ровар і не катар, а вельмі простая прылада, якая складаецца ў сумачку. Яго можна было лёгка сабраць і, спакойна круцячы лопасці, перасоўвацца па гэтым моры. Той аспірант з'ехаў на радзіму і арганізаваў малое прадпрыемства, якое, наколькі ведаю, вырабіла некалькі партый гэтых срод­каў перамяшчэння. Чым не стартапаўскі праект? Мы жадаем зрабіць некалькі сумесных сустрэч з прадпрыемствамі і малым бізнесам. Але для гэтага трэба падрыхтавацца, стварыць пэўны банк ідэй, каб ім прадэманст­раваць і прыцягнуць іх увагу. – Цікава паглядзець, наколькі нашы студэнты скарыстаюцца гэтай шыкоўнай бясплатнай магчымасцю для самасцвярджэння. Але ж і цэнтр не будзе стаяць на месцы, як Вы бачыце яго ў далёкай перспектыве? – Упэўнены, што гэта будзе вельмі цікава для студэнтаў. Яны ж паказваюць у апытаннях, што ва ўніверсітэце недастаткова ўвагі надаецца практычным навыкам. Ім даюць шырокія веды, навучаюць навуковым даследаванням, а вось як ім рэалізаваць усё гэта ў вытворчай сферы? Тры гады – цэлы цыкл, і за гэты час старанныя і мэтанакіраваныя студэнты ўсяму могуць навучыцца. Але на гэтым праект не скончыцца, і мы спадзяёмся, што стартап-цэнтр пяройдзе на самаакупнасць і стане зарабляць грошы менавіта на продажы ідэй. Гэта самы ідэальны варыянт. Мы хочам да гэтай справы падлучыць цэнтр кампетэнцый, які будзе займацца якраз падборам для працадаўцаў пэўнага калектыву. Не асобнага спецыяліста, а цэлай групы спецыялістаў для рэалізацыі праекта. Вось ідэя, вось каманда, якая гэтую ідэю гатовая рэалізаваць – набывайце яе. Правобраз стартапа ў пэўнай ступені – гэта нашы сту­дэнцкія лабараторыі – СНДЛ. Непасрэдна праз стартап-цэнтр СНДЛ са сваімі ідэя­мі і распрацоўкамі могуць складаць дамовы з прадпрыемствамі для выканання прац або прадаць свой патэнт. – Дзякуй Вам, Міхаіл Анатольевіч, за размову і поспехаў у пачынанні. Гутарыў Сяргей ШАФАЛОВІЧ  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *