Эўрыка! Студэнты філфака выкладаюць італьянскую мову дзецям

21 Feb, 2019.

Паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка замежнай мовы студэнты могуць адразу на факультэце! Філалагічны факультэт запусціў курсы італьянскай для дзяцей і прадставіў свой курс на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, якая прайшла 6–10 лютага. Як праходзіць навучанне, даведалася газета "Універсітэт".

Арганізатарам майстар-класаў у рамках выставы-кірмашу выступіла Пасольства Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі. "З пасольствам Італіі ў нас заўсёды добрыя адносіны, яны ведаюць пра нашы праекты і прапанавалі такі варыянт супрацоўніцтва, – кажа загадчыца кафедры раманскага мовазнаўства Алеся Панцялеенка. – У нас вельмі даўно была ідэя арганізаваць курсы італьянскай мовы для дзяцей. У снежні кафедра раманскага мовазнаўства ўпершыню  арганізавала бясплатную "Зімовую лабараторыю італьянскай мовы" для дзяцей. Працуем тут са студэнтамі старэйшых курсаў, для нас гэта вельмі добрая магчымасць прыцягнуць кліентаў, а для студэнтаў – набыць новы досвед, яны вельмі натхнёныя".

Навучанне італьянскай праходзіць на базе факультэта, праграму кафедра распрацоўвала разам са студэнтамі старэйшых курсаў. Першы набор склаў 50 дзяцей. "Такой папулярнасцю мы абавязаны артыкулу на "Ребенок.BY", – удакладняе загадчыца кафедры, – бацькоў прыцягнула "Італьянская за цану шакаладкі" ў загалоўку. І сапраўды, бухгалтэрыя разлічыла, што гадзіна заняткаў будзе каштаваць менш за два рублі".

Кафедра і адміністрацыя факультэта ўбачылі, што курс запатрабаваны: бацькі хацелі працягнуць навучаць сваіх дзяцей на філфаку. І 2 лютага, пасля паспяховага пілотнага набору, кафедра запусціла паўнавартасныя платныя курсы італьянскай для дзяцей. Заняткі праходзяць па суботах у корпусе філалагічнага факультэта. На дадзены момант гэта тры рознаўзроставыя  групы: 6–8, 9–10 і 11–16 гадоў – усяго 35 чалавек.

Навучанне праходзіць у гульнявой форме, дзеці не завучваюць правілы і граматыку. "Як выкладчык замежнай мовы, скажу, што раз на тыдзень мала для таго, каб у традыцыйным разуменні вывучыць мову. Мы імкнёмся развіваць дзяцей праз гульнявыя формы, навучыць думаць і працаваць у калектыве, – адзначае Алеся Панцялеенка. – З-за гаджэтаў дзецям больш складана заводзіць сяброў. Я ўсё дзяцінства гуляла на вуліцы, а цяпер праз мноства машын каля дома бацькі баяцца выпусціць сваіх дзяцей адных. Таму навучыць самастойнасці – гэта ўжо вартая справа".

Студэнтка выпускнога 5 курса Дар'я Парашчанка вядзе заняткі ў групе з дзесяці дзетак 5–7 гадоў. Выкладанне дзяўчыне прапанавала загадчыца кафедры. "Я хацела сябе паспрабаваць ва ўзаемадзеянні з дзецьмі, бо гэта практыка для мяне, якая дапаможа ў працаўладкаванні. Хачу выразна разумець, з чым я звязваю сваё жыццё, і зарэкамендаваць сябе як добрага выкладчыка".  За выкладанне італьянскай студэнты атрымліваюць невялікую аплату, але працуюць больш на энтузіязме, каб атрымаць досвед і навыкі.

У навучанні дашкалят і малодшых школьнікаў, па словах Дар'і, ёсць асаблівасці. Напрыклад, іх увага можа ўтрымлівацца не даўжэй за пяць хвілін, тым больш калі гэта штосьці славеснае. А гэта значыць, што "зубрэнне" ім увогуле не падыходзіць. "На ўроку мы ўвесь час змяняем актыўнасць – то пляскаем у ладкі, то праводзім фізкультхвілінку, гуляем, працуем у камандзе. Імкнуся максімальна ўсіх задзейнічаць – тады ёсць вынік, праз гульню дзеткі добра засвойваюць італьянскую мову. Важная матывацыя, таму за вывучаныя словы хвалю і "ўзнагароджваю" наклейкамі", – распавядае студэнтка.

Першы год пасля ўніверсітэта Дар'я плануе працаваць у школе з пачатковымі класамі, каб замацаваць гэтыя навыкі. У нашых школах асноўная мова англійская, а італьянская, напрыклад, дадатковая для вывучэння.

Чакаць новага набору не трэба, групы фармуюцца, калі набярэцца дзесяць чалавек. Паспяховага навучання італьянскай мове!

Надзея МАРХЕЛЬ

print

Вам таксама можа спадабацца: