Апрані маску і памяняй жыццё

5 Dec, 2016.

1257361359_motolko_img_7243_h1n1Азначэнне “Вострыя рэспіраторныя інфекцыі” (ВРІ) ахоплівае вялікую колькасць захворванняў, выкліканых рознымі групамі вірусаў. Для тых, хто хварэе на ВРІ, характэрны такі набор сімптомаў: павышэнне тэмпературы, кашаль, боль у горле, насмарк, закладзенасць носа, галаўны боль, боль і ламота ў целе, дрыжыкі, слабасць, часам дыярэя, ваніты. Грып з’яўляецца адной з самых цяжкіх ВРІ. Спецыфічная прафілактыка гэтых захворванняў – прышчэпка ад грыпу, а неспецыфічная – цэлы шэраг захадаў, якія дапамогуць пазбегнуць захворвання. Пра тое, як паменш хварэць, чаму і як мы хварэем і што важна рабіць або не рабіць захварэўшы, гутарым з загадчыцай медпункта БДУ Святланай Яфімоўскай.

Святлана Яфімоўская, загадчыца медпункта БДУ

Святлана Яфімоўская, загадчыца медпункта БДУ

Па-першае, варта пазбягаць блізкіх кантактаў з людзьмі, у якіх выяўлены сімптомы віруснай інфекцыі, апранаць маску, калі такога кантакту пазбегнуць немагчыма. Пры першых прыкметах хваробы – кашлі, болях у горле ці іншых – лепш застацца дома, а не хадзіць сярод людзей і распаўсюджваць заразу. Калі ж хвораму студэнту абавязкова трэба быць на лабараторных занятках, то яму лепш апрануць аднаразовую маску, праз тры гадзіны выкінуць і, калі яшчэ нельга прыехаць дамоў і легчы, апрануць новую. А вось па горадзе хадзіць хвораму ў масцы не мае асаблівага сэнсу: кранеш рукой месца, дзе кранаўся іншы хворы, потым паправіш маску – усё, лічы сам сябе заразіў. Увогуле, для жыхароў вялікага горада важна захоўваць рэспіраторны этыкет: прыкрываць рот і нос пры кашлі і чханні, прытым не голай рукой, якой потым будзеш усё кранаць, а насоўкай ці лепш аднаразовай сурвэткай.

Па-другое, трэба старанна і часта мыць рукі і “хадзячаму” хвораму, і тым, хто вымушаны быць каля яго, каб не заразіцца кантактна-побытавым шляхам.

Істотнае частае і якаснае праветрыванне памяшкання і вільготная ўборка. Нарэшце, вялікае значэнне мае ўвогуле здаровы лад жыцця, у тым ліку добрае харчаванне (свежая агародніна і садавіна, часнок), вітаміны, асабліва аскарбінавая кіслата ў сезонны пад’ём вірусных інфекцый. Такі час асабліва бачны сярод студэнтаў – палова, а то і дзве траціны групы захварэлі і адсутнічаюць на занятках. Можна ў такі час у прафілактычнай дозе прымаць прэпараты з групы антывірусных – азельтамавір, арпетол, грапрынасін, размаітыя інтэрфероны. Заўважым, аднак, што інтэрферон выпрацоўваюць самі клеткі арганізма, і калі яго ўводзіць звонку, гэта можа нават і зашкодзіць. Бо арганізм хутка прывыкае да лекавай дапамогі: напрыклад, ёсць прэпараты, якія паляпшаюць страваванне – фестал ці мезім – і нават пасля аднаразовага ўжывання арганізм ужо чакае, што ты яму і надалей будзеш дадаваць гэтых “памочнікаў”, лянуецца страваваць. Тое ж інтэрфероны. Добра, калі чалавек займаецца спортам, загартоўваецца (пачынаць, вядома, трэба ўлетку, а не ў сезон захворванняў) – у клетках спартсмена інтэрферон выпрацоўваецца сам і абараняе ад хваробы. Фізічна актыўны чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця, менш падлеглы ВРІ.

ginger_tee_700_3- Як быць, калі ў халодную пару пахадзіў па справах і адчуваеш, што змерз?

- Трэба абавязкова прыйсці ў цяпло і выпіць гарачы чай, можна з імберцам, цынамонам і лімонам.

- А што рабіць, калі студэнт змерз, пакуль даехаў ад інтэрната да факультэта? І ў транспарце на яго ўжо і накашлялі, і начхалі?

- Абавязкова выпіць гарачага: забегчы ў буфет-сталовую або прыхапіць з дому тэрмас, тэрмакубак. Сёння такі кубачак можа купіць любы студэнт – а гэта ж цудоўная супрацьвірусная абарона. Гарачае харчаванне вельмі істотнае. Ніколі нельга выходзіць з дому не паснедаўшы. Калі вельмі спяшаешся, можна запарыць кашку кіпнем, цяпер шмат такіх, якія імгненна гатуюцца. Тады чалавек выходзіць ужо абаронены, менш падлеглы захворванням, не толькі вірусным, але і з боку страўнікава-кішачнага тракта (СКТ). Большасць нашых візітаў на факультэт пачынаю з пытання: “А ты сёння еў?” Найчасцейшы адказ: “Не”. Пайшоў студэнт на кантрольную, расхваляваўся, сняданак у горла не лез, а там панерваваўся – і страчвае прытомнасць...

suxofrukty-polza4Прывозяць да нас такіх пацыентаў – ім найчасцей нават лячэння не трэба, робім ім тут гарбату, булачкай або цукеркай пачастуем, глядзіш, ужо і акрыяў чалавек. Калі ж ёсць магчымасць, то найлепей харчавацца правільна, ужываць свежую агародніну і садавіну, браць з сабой у якасці перакусу не цукеркі, а прынамсі сухафрукты. Яблыкі, напрыклад, зусім недарагія, а гэта ж каралеўскі фрукт! І для здароўя, і для прыгажосці карысны...

Важна апранацца ў адпаведнасці з надвор’ем. Часта да нас звяртаюцца студэнты, якія ўжо хворыя – а прыйшлі ў тоненькай куртачцы, хаця на дварэ халадэча. Прыгожыя цёплыя рэчы дорага каштуюць, сапраўды, але піць лекі штомесяц – даражэй. Можна ў якасці прафілактыкі ўжываць прыродныя сродкі, напрыклад, сіроп шыпшыны з рабінай – цудоўны прыродны антывіруснік, прадаецца ў аптэцы, асаблівае дапамагае тым, у каго нізкі ціск і адчувальны недахоп вітаміну С. Добра есці лімоны, дый нават простая салата з капусты з морквай ужо выдатная крыніца вітаміну С. Таксама хораша ўжываць марожаныя ягады, асабліва кіславатыя – маліны, трускалкі, парэчкі, журавіны, можна піць імбірныя чаі – імберац выступае як імунамадулятар, а ў даважку да супрацьвіруснага дзеяння, спрыяе страваванню: хто пастаянна прымае імберац, не набірае лішнюю вагу.

polza_redki-2 Цынамон (карыцу) таксама можна дадаваць у гарбату ці іншыя гарачыя напоі. Можна нацерці чорнай рэдзькі, змяшаць з мёдам або цукрам – атрымаецца файны сіроп ад кашлю.

- На жаль, прыродныя лекі эфектыўныя толькі ў прафілактыцы і для аблягчэння лёгкіх сімптомаў. А што рабіць, калі ўжо “зваліўся” ў хваробу?

- Шмат піць, выклікаць урача або наведаць паліклініку ці медпункт, пазбягаць, наколькі магчыма, кантактаў з іншымі людзьмі, каб не распаўсюджваць вірусную інфекцыю. У медпункце можна атрымаць даведку аб часовай непрацаздольнасці, рэкамендацыі, рэцэпты...

- Сёння многія людзі сумняваюцца, ці варта прымаць антыбіётыкі, або не ведаюць, як іх правільна прымаць. Спярша трэба, каб іх нехта выпісаў, затым трэба піць поўным курсам, каб не ўтваралася ўстойлівых мікраарганізмаў, нарэшце, пасля курсу часта пачынаецца дысбактэрыёз, даводзіцца прымаць прабіётыкі, так што міжволі думаеш: а яно мне трэба?..

- Антыбіётыкі мы прызначаем, калі да віруснай інфекцыі дадаюцца нейкія ўскладненні: глыбокі кашаль, трахеіты, трахеабранхіты, цяжкія ларынгіты, калі ідзе моцны агрэсіўны працэс з ацёкам тканак, атыты, гаймарыты, пнеўманіі. А проста так ні ў якім разе нельга прымаць антыбіётыкі: яны наносяць удар па імуннай сістэме, пры віруснай інфекцыі не дапамагаюць выздаравець, а, наадварот, падаўжаюць хваробу. Часта прыходзяць студэнты і кажуць, што ўжо прымаюць амаксіцылін – ён прадаецца без рэцэптаў. Пытаю, хто табе прызначыў – кажа, мама параіла ці сам сабе купіў... А так нельга, антыбіётыкі прымаюцца строга па паказаннях, пасля агляду ўрача, калі без іх ніяк не абысціся, калі да віруснай інфекцыі далучаецца бактэрыяльная.

- Чаму ж мы так часта хварэем на розныя вірусы? Урбанізацыя, глабалізацыя ці што іншае віной?

- Па-першае, вірусы ствараюцца штучна: праводзяцца лабараторныя даследаванні, адбываецца ўцечка. Па-другое, вірусы маюць тэндэнцыю да мутацыі. Мы ад іх абараняемся, а яны – ад нас. Па-трэцяе, узраслі сувязі паміж рознымі народамі. Паглядзіце, колькі ў нас і азіятаў, і афрыканцаў вучацца, і ўсе абменьваюцца не толькі культурнымі адметнасцямі, але і хваробамі. У структуры захворванняў нашых студэнтаў бачная розніца паміж мінчанамі і іншагароднімі: апошнія маюць вышэйшыя паказчыкі па здароўі, радзей трапляюць у спецгрупы па фізкультуры (ЛФК, спецмед). Верагодна, яны растуць у больш здаровых умовах, харчуюцца чысцейшымі прадуктамі, дыхаюць чысцейшым паветрам. Мы любім горад, у ім шмат выгодаў перад сельскай мясцовасцю – але маюцца і свае недахопы.

angina_768x0_rozmiar-niestandardowy- Здаецца, у наш час змянілася сама псіхалогія лячэння: чалавеку няма калі “вылежаць” хваробу, спыніцца і агледзець сваё жыццё, трэба як найхутчэй стаць на ногі...

- Цалкам згодная. Людзі не любяць хварэць, як раней: захварэў і ляжыш, лечышся. Наадварот, найчасцей да нас прыходзяць з просьбай прызначыць штосьці, каб можна было назаўтра ўдзельнічаць у канферэнцыі, семінары, нарадзе, прысутнічаць – і не хварэць. Гэта няправільна. Калі захварэў – трэба застацца дома і лячыцца. Але людзі хочуць быць паспяховымі, запатрабаванымі... Быў у нас выпадак, калі чалавек “дахадзіўся” да пнеўманіі, ледзь выйшаў з яе. Нездарма ж пры віруснай інфекцыі абавязкова прызначаецца амбулаторны пасцельны рэжым. Не толькі медыкаменты патрэбныя, але і проста вылежацца. Раней часу выйдзеш на работу ці вучобу – рызыкуеш расхварэцца яшчэ горш. Мы зазвычай даём даведку на тры дні – калі чалавек за гэты час не папраўляецца, то ідзе да тэрапеўта ў паліклініку. А студэнт часта ў час дзеяння гэтай даведкі наведвае лабараторныя!

- Вострыя рэспіраторныя захворванні займаюць першае месца па колькасці зваротаў у медпункт. А якія яшчэ хваробы дадаюць вам работы?

- Найперш, сапраўды, захворванні органаў дыхання. На другім месцы група ВСД – вегета-сасудзістыя праблемы, затым праблемы СКТ, траўмы і, нарэшце, дзявочыя нямогласці – з альгаменарэяй да нас пастаянна звяртаюцца, штодня такіх дзяўчат адна-дзве на прыёме. Але рэспіраторныя захворванні – несумненны лідар.

Гутарыла Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

Чытайце таксама:

connector2-php-kopiyaВучыціся правільна падаць! Прафілактыка “зімовага” траўматызму

 

 

 

pravilnoe-pitanie-na-nedelju-1-768x462-kopiyaРазвенчваем міфы аб здаровым харчаванні

 

 

37152893-vliyaet-li-probezhka-na-prostatit-768x482-kopiyaНа ўласным досведзе. Усё, што табе трэба – бег

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *