Прафесарскі сход за дыферэнцыраванае навучанне. Гутарка з старшынёй прэзідыўма ПС Анатолем Зелянковым

2 Jun, 2015.

Зеленков А.И.Прафесарскі сход БДУ, у складзе якога каля 300 прафесараў і дактароў навук, сапраўды вельмі важная частка ўніверсітэцкай супольнасці, якая валодае ўнікальнымі кампетэнцыямі, высокім прафесійным патэнцыялам і безумоўным маральным аўтарытэтам. Мы сустрэліся з яго новым старшынёй доктарам філасофскіх навук прафесарам Анатолем ЗЕЛЯНКОВЫМ, каб пагутарыць пра забеспячэнне якаснай вышэйшай адукацыі ў нашай краіне. – Анатоль Ізотавіч, на Пра­фе­сарскім сходзе абраны новы прэзідыум. Які ён возьме курс? – Найбольш важнымі кірун­камі дзейнасці ПС з’яўляліся: апты­мі­зацыя кіраўніцкіх структур у БДУ; інфарматызацыя навучальнага пра­­цэсу; актыўнае ўзаемадзе­янне з навуковымі інстытутамі і цэнтрамі НАН Беларусі; а таксама сацыяльная абарона прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ. Згаданыя кірункі застаюцца пры­ярытэтнымі і цяпер. Калі мы хочам паляпшаць якасць адукацыі, варта таксама падумаць i над праблемай не толь­кi маральнай, але i матэрыяльнай зацiкаўленасцi выкладчыкаў уні­вер­­сітэта ў вынiках сваёй пра­фесiйнай дзейнасцi. Нашы папя­рэднікі выступілі з ініцы­ятывай заканадаўча аформіць павышэнне пенсій для выкладчыкаў, пра­фе­сараў і дактароў навук. Былі напі­саны адпаведныя звароты. Мы лі­чым сваім абавязкам дабівацца станоўчага рашэння гэтай важнай ініцыятывы. Акрамя таго, больш за год функцыянуе метадалагічны семінар па актуальных пытаннях адукацыйных тэхналогій і навуковых даследаванняў. Мяркуем працягваць традыцыю выступленняў прафесараў па пытаннях развіцця адукацыі і нават запрасіць да абмеркавання дзеячаў культуры. У сувязі з уваходжаннем Беларусі ў Балонскі працэс нашу сістэму адукацыі чакаюць пэўныя перамены. І хоць шмат у чым мы ўдас­канальвалі арганізацыю навучання ў адпаведнасці з нормамі Балонскай дэкларацыі, усё ж сёння нам прыйдзецца некаторыя пытанні вырашаць па-іншаму. – Якія канкрэтныя пытанні зараз абмяркоўваеце? – Сярод праблем, якія характэрныя для нашай краіны ў цэлым, я б назваў беспрэцэдэнтную камер­цыялі­зацыю вышэйшай адукацыі, паніжэнне ўзроўню падрыхтоўкі “студэнтаў-платнікаў”, бюракратызацыю і неапраўданую цэнтралі­зацыю адукацыйнай сферы, стварэнне грувасткай  і пры гэтым не­эфектыўнай сістэмы фармальнай справаздачнасці, заўважнае зні­жэнне сацыяльнага статусу і папу­лярнасці навуковага супрацоўніка, выкладчыка вышэйшай школы, да якой дадаецца відавочна неадпаведная аплата працы. Усе гэтыя праблемы ў той або іншай ступені праяўляюцца i ў нашым ўнівер­сі­тэце. Менавіта таму яны і стануць вызначальнымі ў дзейнасці новага складу прэзідыума ПС на найблі­жэйшую перспектыву. – Эксперты лічаць, што маса­візацыя вышэйшай адукацыі не вельмі пасуе якасці навучання. Што думаеце на гэты конт? – Тое, што сёння Беларусь уваходзіць у пяцёрку лідараў еўрапейскіх краін па колькасці студэнтаў ВНУ на 100 тыс. адзінак насельніцтва – з аднаго боку, фактар прыемны. Аднак, з другога боку, масавасць стварае на адукацыю пэўную нагрузку. Праблемы селекцыі і адбору вырашаюцца ўжо не так, як гэта было 20–30 гадоў таму. І мы з практыкі ведаем, што ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў значна знізіўся, і зараз ва ўнівер­сітэце нямала студэнтаў, якія не здольныя здужаць універ­сітэцкую праграму, асабліва па матэматыцы і фізіцы. Аднак гэта не менш характэрна і для гуманітарных навук. Што тычыцца філасофіі, то недастатковы ўзровень падрыхтоўкі тут вельмі адчувальны. Сёння да нас паступаюць такія студэнты, з якімі гаварыць нават на самым папя­рэднім узроўні пра філасофскія праблемы цяжкавата. Яны проста не разумеюць многіх паняццяў. Асабіста я бачу выйсце ў ды­ферэнцыяцыі адукацыйных праграм. У нас павінны быць праграмы, што арыентаваны на пад­рых­тоўку такіх спецыялістаў, якія ў поўнай меры будуць адпавядаць жорсткім стандартам сучаснай вышэйшай адукацыі і ў будучыні стануць нашай зменай. Аднак некаторая частка студэнтаў можа займацца па іншых праграмах, якія падымаюць іх агульнакультурны i інтэлек­туальны ўзровень, хоць і не маюць акадэмічнай накіраванасці. Дыферэнцыяцыя праграм павінна паспрыяць раз­віццю найважнейшых стратэгічных ліній у адукацыі ва ўмовах яе масавізацыі. – Вы зазначылі, што звыш­цэнтралізаванае кіраванне таксама замінае адукацыйным працэсам… – Сапраўды, бюракратычная мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі вельмі насцярожвае. Гэта тычыцца і сістэмы менеджменту якасці аду­кацыі, якая прынята таксама i ў нашым  універсітэце. На маю думку, яна вельмі грувасткая, бо не адаптавана да спецыфікі адукацыйнай сферы. За аснову ўзята тая сістэма якасці, якая выкарыстоў­ваецца ў прамысловасці і ў іншых сферах. Яна ўключае, як правіла, функцыю кантролю над працэсам, а не над вынікам. Адукацыйная ж сфера вельмі спецыфічная. Калі мы спрабуем давесці да максімуму кантроль над працэсам і асобнымі яго функцыямі, то не атрымліваем вы­ніку. Такім чынам, вялікія нама­ганні страчваюць сэнс. На жаль, мы працуем ва ўмовах вельмі моцнай цэнтралізацыі кі­равання вышэйшай адукацыяй. Яна не заўсёды эфек­тыў­ная. Пры такім падыходзе мы можам сутыкнуцца з праблемай, калі не бярэцца пад увагу асабісты погляд. Сёння яўна пераважаюць фармальныя тэхналогіі ў кіраванні вышэйшай адукацыяй. Выкладчыкі стогнуць ад вялікай колькасці папяровай працы, справаздач і іншага кантролю. І часцяком пры гэтым з поля зроку выпадае змест самой адукацыі. Якасць адукацыі апошнім часам таксама зводзіцца да розных формаў справа­здач­насці, да любых яе колькасных параметраў. Мы збіраемся пра­весці першасны аналіз гэтай ве­льмi актуальнай праблемы і даць свае рэкамендацыі па яе магчы­мым вырашэнні. – Чаму, на Вашу думку, павінны прыслухацца да голасу прафесараў? – Трэба разумець, што Прафесарскі сход – гэта грамадская  арганізацыя, своеасаблівы інстытут адукацыйнага грамадства. Аднак гэта не структура вы­канаўчай улады. Мы не валодаем тымі паўнамоцтвамі, рэсурсамі і кампетэнцыямі, якімі валодае рэктарат, дэканаты і іншыя структуры кіравання на факультэтах. У нас няма іх магчымасцяў, і мы на іх не прэтэндуем. Наша праграма дзей­насці павінна ўлічваць гэту рэальнасць. Сваёй стратэгічнай перспектывай мы лічым наладжванне плённага дыялогу паміж кiраў­нicтвам унiверсiтэта i яго прафе­сарскiм таварыствам. Сёння мы сутыкаемся з такімі выклікамі, якія рэсурсамі толькі выканаўчай і заканадаўчай улад не вырашыць. Абавязкова патрэбныя ініцыятыва і энтузіязм людзей, іх зацікаў­ле­насць. Іх добрыя памкненні павін­ны быць аформлены ў свое­аса­б­лi­выя інстытуты грамадзянскай су­поль­насці. Ва ўніверсітэце існуе нямала гра­мадскіх арганізацый. Але Пра­фесарскі сход – гэта ўсё ж вельмi спецыфiчны кампанент унутры­ўні­версітэцкай супольнасці. Прафесары – гэта людзі, якія валодаюць высокімі прафесійнымі кампетэн­цыямі. І калі яны аб’яд­ноўваюцца ў такую кансалідаваную супольнасць, то іх меркаванні абавязко­ва будуць пачуты. Мы лічым даволi рэалістычнай падрыхтоўку сіламі Прафесарскага сходу штогадовага аналітычнага даклада рэктару БДУ, у якім будуць прад­стаўлены найбольш актуальныя для ўнівер­сітэта праблемы і магчымыя шляхі іх вырашэння. Спадзяёмся, што канструктыўная зваротная сувязь стане дадатковым пазітыўным рэсурсам у агульных намаганнях усяго нашага ўні­версітэцкага калектыву і дапаможа захаваць яго вядучы статус сярод устаноў вышэйшай адукацыі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Гутарыла Ганна ЛАГУН
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *