Газета "Універсітэт" уваходзіць у Цэнтр карпаратыўных камунікацый БДУ. Пры ёй дзейнічае грамадская студэнцкая рэдакцыя з ліку заўзятараў з розных факультэтаў. Наша рэдакцыя стала стартавай пляцоўкай для многіх перспектыўных журналістаў
Кексы, сэлфі і танцавальны флешмоб. Як БДУ вітаў першакурснікаў (+вiдэа)
4 Sep, 2015.
Каля пяці тысяч новых студэнтаў у 2015 годзе папоўнілі шэрагі БДУ. І па традыцыі 1 верасня ўніверсітэт павітаў першакурснікаў святам "Віват, студэнт", якое адбылося ў Палацы спорту.
У Палацы спорту з самай раніцы было ажыўлена. Студэнты-старшакурснікі старанна рыхтаваліся да свята. А да пяці гадзін пачалі збірацца і самі ўдзельнікі імпрэзы. У холе будынка панавала радасная атмасфера, новыя студэнты гутарылі, знаёміліся і рабілі фатаграфіі на памяць.
Студэнты гутарылі, знаёміліся і рабілі сэлфі
Свята "Віват, студэнт" – гэта выдатны шанец для першакурснікаў даведацца пра студэнцкія арганізацыі ўніверсітэта. Таму ў холе Палаца спорту размясціліся стэнды мноства студэнцкіх арганізацый БДУ, на якіх распавядалася пра іх дзейнасць. Вядома, што шлях да сэрца студэнта ляжыць праз страўнік, таму студэнты-актывісты студэнцкага савета па якасці адукацыі частавалі першакурснікаў хатнімі кексамі і печывам.
Шлях да сэрца студэнта ляжыць праз страўнік)))
А супрацоўнікі Медыяцэнтра БДУ арганізавалі мабільную фотамайстэрню, у якой першакурснікі маглі зрабіць фота на памяць.
Мабільная фотамайстэрня Медыяцэнтра БДУ
Велізарныя чэргі выбудаваліся ў "тату-салон", дзе ўсім ахвотнікам адмысловай фарбай малявалі на целе знакі ўніверсітэта. А таксама для першакурснікаў праходзіла латарэя, пераможцу якой у падарунак дастаўся заплечнік, напоўнены ласункамі.
Святочная праграма пачалася з гімна "This is BSU", які выканалі Валянціна Паўлава, Alen Hit, Улад Чыжыкаў і Анжаліка Пушнова, эфектна выехаўшы на танцпляц на квадрацыклах і мапедах. Пасля запальнага выканання гімна адбыўся “парад факультэтаў”. Пад бурныя авацыі першакурснікам прадставілі дэканаў і дырэктараў усіх факультэтаў БДУ. Павіншаваў студэнтаў з днём ведаў і пажадаў ім поспехаў у вучобе і рэктар Сяргей Уладзіміравіч Абламейка.
Рэктар, акадэмiк БДУ Сяргей Абламейка, вiншуе студэнтаў
Ён падкрэсліў, што ў БДУ паступаюць толькі самыя лепшыя абітурыенты нашай краіны, а паступленне ў гэтую ВНУ – гэта першы крок на шляху да поспеху. Для студэнтаў падрыхтавалі прэзентацыю, дзякуючы якой дзеці даведаліся яшчэ больш пра сваю alma mater.
Народная харавая капэла БДУ выканала гімн універсітэта, затым першакурснікі прамовілі клятву. Як прызналася пазней студэнтка хімфака, гэты момант быў самым хвалюючым за ўвесь вечар. Найлепшым першакурснікам БДУ, якія набралі 380 і 397 балаў, уручылі сімвалічны студэнцкі квіток, поспех іх быў сустрэты выбухам апладысментаў.
Далей для студэнтаў была падрыхтавана забаўляльная праграма.
Выступілі такія паважаныя ўніверсітэцкія калектывы, як ансамбль танца "Крыжачок", фальклорна-этнаграфічны ансамбль "Неруш", а таксама танцавальны калектыў ІБМТ, таленавітыя студэнты нашага ўніверсітэта і артысты беларускай эстрады. Хэдлайнерамі свята стаў беларускі гурт "Лепрыконсы". Вядучыя мерапрыемствы зладзілі самы вялікі флэшмоб БДУ, запрасіўшы станцаваць усіх першакурснікаў, а таксама зрабілі самае масавае сэлфі ў гісторыі ўніверсітэта.
Зараз будзе зроблена самае масавае сэлфі ў гісторыі ўніверсітэта...
З кожным годам жыццё моладзі ўсё больш звязана з сацыяльнымі сеткамі, таму вядучыя свята заклікалі выкладваць фатаграфіі з мерапрыемства адзначаючы іх хэштэгамі. Фатаграфіі можна знайсці ў Instagrame па хэштэгах: #віватстудэнт, #віватстудэнтбду і #віватстудэнт2015. А таксама ў афіцыйных групах "УКантакце": "Культурныя людзі БДУ" і "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ)".
Першакурснікі былі ў захапленні ад свята. Спявалі, танчылі, заводзілі сяброў і шмат смяяліся. Новаспечаны студэнт ФПМІ падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі:
"Троху страшна пачувацца студэнтам, але спадзяюся, што ва ўніверсітэце атрымаю новыя веды і змагу завесці сяброў. Шоу "Віват, студэнт!" вельмі спадабалася. Усё вельмі хораша, атрымалася прасякнуцца сяброўскай атмасферай. БДУ лепшы за ўсіх!"
Скакаць з парашутам зусім не страшна. Адчыняеш дзверы ў самалёце, а там Gооglе Марs. Ты ж не баішся Gооglе Марs?
Скарыстайце!
«Калі хочаш быць разумным, важна навучыцца не супадаць з уласнай дасведчанасцю»
Уладзімір ФУРС
Цікавы факт
Паводле ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Мілагучнасць беларускай мовы ў многім абумоўлена мяккасцю, якая перадаецца ад суседніх гукаў. Напрыклад, у словах пес[с’]ня ці пе[н’]сія. Плаўную музычнасць мове надае вялікая колькасць адкрытых складоў. Павышае мілагучнасць мовы адметны санорны гук “ў”, які ўжываецца ў самых розных формах слоў: зрабіў, аўторак, заўтрашні, за ўсё, паўсюль. А наколькі прыемныя слыху падоўжаныя л’, н’, з’, с’, дз’, ц’! Толькі прыслухайцеся: адцен-н-не, шматгалос-с-се, завугол-л-ле...
Беларуская мова — адна з самых багатых у свеце. На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. І калі ў літаратурнай мове налічваецца 250—500 тысяч слоў, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! Беларуская мова і адна з самых жывых моў. Калі ў мове беларусу чаго не хапае — ён дадае, калі, наадварот, штосьці перашкаджае — адбірае.
Самая мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная... Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.