БеКаСС – птушка высокага палёту

23 мая, 2016.

4d10a14331a946f9424be7ba6eb3535c

Да Дня касманаўтыкі, які святкуюць 12 красавіка, студэнты зрабілі падарунак – стварылі першы беларускі ўніверсітэцкі спадарожнік. На арбіту яго запусцяць ужо ў наступным годзе.

 Кулём не паляціць!

Касмічны вандроўнік – зусім дробненькі, і вага, як у Дзюймовачкі (гл. фота). Таму трапляе ў катэгорыю нанаспадарожнікаў. А вось “мазгі” ў яго – як для волата. Праграмы і алгарытмы кіравання пішуць у Цэнтры аэракасмічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Памучыліся з БеКаССам (Беларускі касмічны спадарожнік студэнтаў) парадкам. Праблема ўсіх “малянят” у тым, што яны круцяцца падчас палёту.

— Чым меншы аб’ект, тым цяжэй ім кіраваць. Калі спадарожнік ляціць кулём, ён не зможа ні сабраць інфармацыю, ні перадаць яе на Зямлю, – распавядае загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій, навуковы кіраўнік Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, прафесар Уладзімір Саечнікаў.

Стваральнікі вырашылі паменшыць кручэнне ў космасе магнітнымі палямі.

4c2d227313e97cd0839596d3e1e324ec

Пакуль арбітальная «пташка» глядзіцца не вельмі. Але ў поўнай зборцы стане арлом — зможа перадаваць найкаштоўнейшую інфармацыю аб стане Зямлі і яе атмасферы.

— “Вестыбюлярны апарат” у парадак прывядуць праграмы, – за разлікі адказвае студэнт пятага курса факультэта радыёфізікі Сяргей Васіленка. – Дзякуючы адмысловым імпульсам мы звяжам магнітныя палі Зямлі і спадарожніка. Гэта спыніць кругазварот тэхнікі ў космасе і нават дазволіць замерці патрэбным бокам для перадачы сігналу.

Чарговы мазгавы штурм: камандуе “касмічным парадам” прафесар Уладзімір Саечнікаў (у цэнтры)

Свае распрацоўкі Сяргей тэсціруе на інжынернай мадэлі – дакладнай копіі спадарожніка, выкананай з танных матэрыялаў. Мадэль раскручваюць на лёсцы ў кубе з пастаянным магнітным полем.

— Калі атрымаецца затармазіць мадэль у лабараторыі, ёсць шанцы пракруціць тое ж самае на арбіце, – упэўнены Сяргей.

У камандзе стваральнікаў навучальна-адукацыйнага касмічнага апарата – не толькі студэнты-фізікі: ім дапамагае заслужаны прафесар. Іншыя факультэты прапануюць свае варыянты, як зрабіць апарат карыснейшым. БеКаСС абсталююць фотакамерай і навігацыйнай сістэмай. Ёсць ідэі ўсталяваць прыбор для счытвання магнітных палёў, датчыкі, здольныя ўлоўліваць высокаэнергетычныя часціцы і цеплавое выпраменьванне.

У беларускага нанаспадарожніка ў “брушку” схаваюць навігатар з сістэмай GPS/ГЛОНАСС, каб сапраўды ведаць, дзе ён пралятае. Гэта дазволіць складаць падрабязныя карты. І вызначаць месцы, дзе адбываюцца цікавыя з’явы, за якімі навукоўцы змогуць падглядваць з Зямлі. Унікальны навігацыйны модуль у космасе пакуль не выкарыстоўваўся, гэта найноўшыя распрацоўкі беларускай кампаніі NTLab.

Услед за МДУ

Платы электрасілкавання і сонечныя батарэі закупілі з дапамогай Берлінскага тэхнічнага ўніверсітэта. Нямецкія студэнты запусцілі ў неба каля дзесяці розных спадарожнікаў.   Супрацоўнічае ВНУ і з МДУ, які рыхтуе да палёту ўжо свой трэці касмічны лятальны апарат. Праўда, у расійскіх калегаў яны ставяцца да класа мікраспадарожнікаў (вага ад 10 да 100 кг), а значыць, і характарыстыкі ў іх іншыя.

Калі ўсё пройдзе паспяхова, тое звязвацца з БеКаССам цэнтр кіравання зможа пяць-шэсць разоў у суткі па дзесяць хвілін. Вось толькі паруліць апаратам змогуць не ўсе. Каб патрапіць у праект, студэнт павінен здаць няпросты іспыт і атрымаць сертыфікат радыёаматара.

— Запусціць спадарожнік і зрабіць так, каб ён працаваў, гэта мара, – дзеліцца ўражаннямі Максім Суровцаў, магістрант, адказны за энергазабеспячэнне. – Папрацаваўшы з сістэмай, можна даведацца шматлікія тонкасці і ў будучыні распрацаваць цалкам беларускі спадарожнік.

Калі да уіравання прыладай дапусцяць не кожнага, то прымаць інфармацыю з яго зможа любы ахвотнік на свой ноўтбук. Каб патрапіць у касмічную каманду, трэба зайсці на інтэрнэт-партал aerospace.by.

Пакуль арбітальнае “птушаня” глядзіцца не вельмі. Але ў поўнай зборцы стане арлом – зможа перадаваць найкаштоўнейшую інфармацыю пра стан Зямлі і яе атмасферы.

f2ef33aac94ebdd23e850737ca00bbc6

Даведка “СВ”

Усяго на арбіце знаходзяцца два беларускія спадарожнікі.

Беларускі касмічны апарат (БКА) ваой амаль паўтоны запусцілі ў 2012 годзе з касмадрома Байканур. Разам з расійскім спадарожнікам “Канопус” ён зандзіруе Зямлю.

Цяжкавагавік Belintersat-1 масай 5,2 тысячы кг адправілі ў неба ў студзені гэтага года. Ён будзе прапаноўваць паслугі сувязі, уключаючы теле- і радыёвяшчанне, а таксама спадарожнікавы інтэрнэт. Зона пакрыцця ўключыць у сябе ўсю краіну, частку Еўропы, Афрыкі і Азіі.

Каментарый рэктара

Сяргей Абламейка, акадэмік, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Гэты апарат дапаможа нам вырашаць шматлікія адукацыйныя, навуковыя і практычныя задачы. Прыкладам для нас стаў МДУ, які запусціў у космас ужо тры спадарожнікі. Думаю, не далёкі той дзень, калі і наш выйдзе на калязямную арбіту, што стане яшчэ адной цаглінкай у нашай агульнай справе засваення космасу.

Навуковыя падраздзяленні БДУ маюць вялікі досвед удзелу ў савецкіх і расійска-беларускіх касмічных праектах. Да прыкладу, апаратура, створаная ўніверсітэцкімі навукоўцамі, выкарыстоўваецца ў даследаваннях, якія праводзяць касманаўты на борце Міжнароднай касмічнай станцыі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, “Народная газета”

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: