Знайсці свой шлях. Кіраўнікі некалькіх цікавых моладзевых ініцыятыў распавялі пра змест сваіх праектаў [+cлайды]

8 Jun, 2018.

Моладзевы праект «Публіка і Я»

Штогадовы конкурс «Найлепшы моладзевы праект» праводзіцца ў БДУ з 2003/04 навуч. года дзеля выяўлення і падтрымкі арыгінальных студэнцкіх ініцыятыў, рэалізацыя якіх адкрые новыя магчымасці самаадукацыі і самаразвіцця для навучэнцаў універсітэта.

З кожным разам расце колькасць удзельнікаў, як і маштаб саміх праектаў. Некаторыя з іх становяцца традыцыйнымі і рэгулярна праводзяцца ў БДУ. Некаторыя, пасля ўдзелу ў конкурсе, падхопліваюцца факультэтамі і падраздзяленнямі і ў далейшым рэалізуюцца па-за конкурсам як самастойныя праекты.

«СТЕНД»

Вольга САКАЛОЎСКАЯ, хімічны факультэт, 4 курс, старшыня аргкамітэта студэнцкага турніру прыродазнаўчых дысцып­лін­–­ 2018

– Наш праект створаны для студэнтаў прыродазнаўчых спецыяльнасцяў. Яго мэтай з’яўляецца фарміраванне навуковага мыслення ва ўдзельнікаў, а таксама развіц­цё навыкаў рашэння нетрывіяль­ных фундаментальных навуковых і прыкладных вытворчых задач. Да ўдзелу прыцягваюцца студэнты розных універсітэтаў краін СНД і Еўропы. Напрыклад, сёлета ў турніры прынялі ўдзел студэнты з універсітэтаў Беларусі, Украіны, Расіі, Францыі і Германіі. Мы прапануем удзельнікам вырашаць задачы, актуальныя як для навуковай сусветнай супольнасці, так і для лакальных кампаній. Напрыклад, аднойчы кампанія, якая займаецца піваварствам, папрасіла нашых  удзельнікаў прапанаваць тэхналагічны працэс для варэння новага гатунку піва. Нашы студэнты ўжо распрацоўвалі датчыкі для кантролю свежасці прадуктаў, вывучалі магчымасць спынення глабальнага пацяплення і прыдумвалі спосабы «зялёнай» ачысткі будынкаў ад графіці. Каманды рыхтуюць свае рашэнні ў выглядзе прэзентацый, і ў вочным этапе яны спаборнічаюць у фармаце навуковага бою: удзель­нікі розных каманд дакладваюць свае рашэнні і выступаюць апанентамі іншых каманд. Так як усе рашэнні з’яўляюцца навукова абгрунтаванымі і часта пацверджаныя эксперыментамі, можна параўнаць турнір з абаронай навуковых прац. Усе навуковыя баі ацэньваюцца кампетэнтнымі сябрамі журы, які­-мі з’яўляюцца супрацоўнікі БДУ, Нацыянальнай акадэміі навук, вы­кладчыкі ВНУ іншых краін і прадстаўнікі спонсарскіх кампаній. Гуль­ні доўжацца 4 дні, па выніках якіх вызначаюцца прызёры і пераможцы. Часцяком прадпрыемствы, якія прасілі нашых удзельнікаў вырашыць іх праблему, далей падтрымліваюць з імі зносіны, запрашаюць на працу, выдаюць гранты на далейшыя даследаванні ў гэтай сферы ці купляюць аўтарскія правы на іх ідэі.

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– Наш праект актуальны для БДУ, бо «СТЕНД» выступае пляцоўкай для ўзаемадзеяння студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ, НАН РБ і ВНУ іншых краін. Такое мерапрыемства – гэта своеасаблі­вая рэклама навуковых традыцый  і ўзроўню адукацыі БДУ: з году ў год каманды студэнтаў нашага ўніверсітэта паказваюць высокі   ўзровень падрыхтоўкі, і ўжо двойчы студэнты БДУ выйгравалі ў   «СТЕНД». Зносіны з моладдзю, зацікаўленай у навуцы і выкарыстанні ведаў, атрыманых ва ўніверсітэце, у незвычайным фармаце, безу­моўна, важныя для далейшага развіцця навукі ў Беларусі. Варта ад­значыць, што турніры – папулярная практыка для студэнтаў у Расіі,    Украіне і Еўропе, але ў Беларусі «СТЕНД» – адзінае мерапрыемства падобнага фармату.

– Як часта вы яго праводзіце?

– У 2018 годзе «СТЕНД» прайшоў ужо ў чацвёрты раз. Турнір праводзіцца раз у год, гэта ўжо традыцыйнае для БДУ мерапрыемства. Мы лічым, што часцей праводзіць турнір не варта, бо ў свеце турніраў ёсць своеасаблівы, ужо пастаянны, каляндар правядзення спаборніцтваў, а дасведчаныя гуль­цы, як правіла, бяруць удзел у некалькіх турнірах за год.

– Ці ёсць у вас планы па развіцці праекта?

– З кожным годам мы прыцягваем да ўдзелу ўсё больш каманд з Беларусі. На жаль, наш турнір папулярны больш сярод удзельнікаў з іншых краін, таму мы актыўна працуем у бок пашырэння ліку ўдзельнікаў з нашай краіны. Менавіта таму ў планах стварэнне турніру па хіміі для навучэнцаў старэйшых класаў. Мы хочам пры­цягваць моладзь да навукі з юнага ўзросту, бо часцяком, вучачыся ў школе, людзі зусім не ўяўляюць, чым жа займаюцца ў навуковым свеце.

– Што вы можаце параіць студэнтам БДУ?

– Самае галоўнае і, мабыць, самае цяжкае – знайсці тое, чым сапраўды хочацца займацца. Таму хацелася б пажадаць студэнтам знайсці той шлях, па якім хочацца ісці, і ісці па ім, нягледзячы на ўсе цяжкасці. У нейкі момант вы азірняцеся назад, убачыце ўсё тое, што вы зрабілі, і зразумееце, што кожны выдаткаваны джоўль энергіі каштаваў таго. А калі вы вырашылі, што цярністы шлях у навуку – гэта ваша, то мы чакаем вас!
Сачыць за навінамі можна ў групе vk.

FIRMUN

Дзмітрый БЯЛЬКО, факультэт міжнародных адносін, 2 курс

– Праект, які я прадcтаўляю, называецца FIRMUN, ці «Мадэляванне ААН» на ФМА. Некалькі слоў   пра канцэпцыю праекта. Мадэль ААН – гэта злучэнне канферэнцыі і ролевай гульні, дзе імітуецца   праца гэтай арганізацыі. Кожны з удзельнікаў мадэлявання з’яўля­ецца дэлегатам ад якой-небудзь краіны свету і засядае ў адным з камітэтаў сістэмы ААН, які займаецца пэўнымі пытаннямі, няхай гэта будзе Савет Бяспекі ААН ці ЮНЕСКА. Галоўнай задачай для дэлегатаў з’яўляецца пошук кампрамісу паміж усімі краінамі-­ўдзельнікамі перамоў і складанне выніковага дакумента – рэзалюцыі, якая змяшчае рашэнні, што задавальняюць усіх.

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– «Мадэляванне ААН» на ФМА БДУ ўжо стала візітнай карткай універсітэта. Як студэнцкі праект гэта ўнікальная ініцыятыва, якая праводзіцца на добраахвотніцкай    і бясплатнай аснове. Актуальнасць праекта выяўляецца ў нарастанні значнасці ААН у міжнародных адносінах і таму папулярызацыі   дзейнасці арганізацыі ў першую чаргу сярод моладзі.

Для БДУ значнасць правядзення «Мадэлявання» выяўляецца ў трох галоўных рэчах. Па-першае, гэта павышэнне прэстыжу ўніверсітэта за кошт рэалізацыі ўнікальнай сацыяльна-арыентаванай сту­дэнцкай ініцыятывы. Па-другое, запатрабаванасць праекта вядзе да пашырэння маштабаў універсітэцкага супрацоўніцтва з ААН праз мадэляванне яе функцый.  Па-трэцяе, праект сваёй мэтай ставіць развіццё навыкаў студэнтаў, што паспяхова робіць ужо на працягу 20 гадоў.

– Як часта вы яго праводзіце?

– Мы ладзім праект раз на семестр. Не думаю, што ёсць сэнс праводзіць яго часцей – хутка надакучыць, ды і арганізаваць яго не так і проста. Аднак і ісці на зніжэнне частаты мы не плануем.

– Ці збіраецеся развіваць праект?

– Вядома, у нас кожны год узнікае мноства планаў і ідэй. Так,  мы праводзілі пасяджэнні на чаты­рох афі­цыйных мовах ААН: рускай, англійскай, французскай і іспанскай. Аднак ёсць яшчэ дзве: арабская і кітайская – і мы ўпэўнены, што гэта ўсяго толькі пытанне часу, калі мы будзем весці пасяджэнні і на гэтых мовах.

Таксама мы імкнёмся павялі­чыць колькасць нашых удзельні­каў і, такім чынам, колькасць камітэтаў. Увосень у нас было каля 200 удзельнікаў з усіх абласцей і нават з суседніх краін. Але і гэта    не мяжа!

– Што вы можаце параіць студэнтам БДУ?

– Думаю, самае важнае, што трэба не забываць усім студэнтам – гэта быць актыўнымі. Універсітэт праходзіць хутка, таму трэба атрымліваць асалоду ад яго па максімуме, як мага часцей браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах і праектах. Гэта развівае не менш чым навучальны складнік!


«Дні прававога інфармавання БДУ»

Уладзіслаў ЛАЎРЫНОВІЧ, юры­дычны факультэт, 2 курс

– Наш праект мае на мэце аду­кацыю студэнтаў іншых факуль­тэтаў у сферы прыкладной юрыспрудэнцыі ў рамках адпаведных профіляў, адначасова з гэтым выхаванне ў маладых людзей прававой маральнасці «дарослага жыцця».

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– У нашым універсітэце вучацца найлепшыя розумы сваіх пакаленняў, таму падрыхтоўка высакакласных спецыялістаў не можа лічыцца завершанай без юрыдычнай падкаванасці, менавіта гэты прабел і закліканы папоўніць наш праект.

Да таго ж БДУ – найбуйнейшая ВНУ нашай краіны, і, калі рэалізаваць такую прававую пляцоўку тут, значыць, падобны досвед можна будзе ўжываць паўсюдна.

– Як часта вы яго праводзіце?

– Наш праект з’яўляецца цыклічным з прычыны часовасці статусу студэнта: на змену выпускнікам прыходзяць першакурснікі, якія  таксама маюць патрэбу ў прававой падтрымцы. Зыходзячы з дадзенага факта робім выснову, што пра­ект не страчвае сваю актуальнасць з часам, што не абмяжоўвае коль­касць мерапрыемстваў (у рамках і на працягу навучання ў прынцыпе.

– Ці ёсць у вас планы па развіцці праекта?

– У будучыні мы лічым неабходным вялікую кастамізацыю праекта: магчымасць для студэнтаў розных факультэтаў самім аддалена выбіраць тэмы для абмеркаванняў, кола пытанняў, якія патрабу­юць тлумачэння, што дапаможа і павялічыць мэтавую скіраванасць праекта, і падтрымліваць пастаянны прадметны дыялог са студэнтамі непасрэдна. Таксама ў распрацоўцы знаходзіцца ідэя стварэння на базе юрыдычнага факультэта спецыяльнай юрыдычнай кансультацыйнай службы для ўсіх студэнтаў БДУ.

– Што вы можаце параіць студэнтам БДУ?

– Для любога студэнта самае галоўнае – гэта ставіць МЭТУ! Адзінае, што сапраўды дапаможа студэнту дасягнуць усяго, што ён задумаў. Не баяцца марыць, не страчваць веры ў сябе, і тады ваша бачанне аднойчы стане рэальнасцю!
Сачыце за навінамі нашай гру­пы ў адукацыйнай прасторы «УніверсітэтПЛЮС БДУ»
vk.com/proekt_bsu.

«Экастыль БДУ»

Аляксандра ЗАХАРАВА, хімічны факультэт, 2 курс

– Мэта нашага праекта – прышчапіць студэнтам і супрацоўнікам БДУ экалагічнае мысленне, а таксама стварыць зоны псіхалагічнай разгрузкі. Праект вельмі актуальны і патрабуе ўкладання немалых сіл для ўвасаблення.

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– Пры ажыццяўленні нашага праекта будзе павышана экакамфортнасць для студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў. БДУ дасягне больш высокага ўзроўню экала­гічнасці. Таксама праект будзе падтрымліваць і рэалізоўваць ідэі канцэпцыі ўстойлівага развіцця – гэта супрацоўніцтва з кампаніямі і рэк­лама ў СМІ.

– Як часта вы яго праводзіце?

– На дадзены момант напісаны каляндарны план, у адпаведнасці     з якім будуць праводзіцца лекцыі, трэнінгі, семінары на экалагічную тэматыку. Таксама вядзецца распрацоўка дызайну зон псіхалагічных разгрузак, наладжванне сувязяў з зацікаўленымі прадпрыемствамі, збор валанцёраў, лектараў, планаванне працы ў супрацоўніцтве са спецыялістамі ў галіне экалогіі.

– Ці мяркуеце развіваць праект?

– Планы ёсць, задуманым выні­кам нашага праекта стане фарміраванне экалагічнай цікавасці сярод студэнтаў БДУ, інфармаванасць студэнтаў БДУ пра экалагічны стыль паводзін, а таксама распаўсюджанне досведу экалагізацыі адукацыйнага асяроддзя.

– Што параіце студэнтам БДУ?

– Фарміраванне экалагічнай свя­домасці – неад’емная задача для кожнага чалавека, які імкнецца жыць у гармоніі з прыродай.
Сачыце за навінамі праекта ў групе: vk.com/ecostylebsu.

«Публіка і Я»

Кірыл ДЗЯШКЕВІЧ, механіка-матэматычны факультэт, 4 курс

– Асноўная мэта праекта «Публіка і Я» – навучыць прамоўніцкаму майстэрству. Фармат праекта не проста лекцыйны, асноўны ўпор     ідзе якраз на практычныя заняткі, што значна эфектыўней. Удзельнікі праекта рыхтуюць хатнія заданні,   на кожным занятку ўдзельнічаюць у трэнінгах, рыхтуюць прамову і ў фінале выступаюць з ёй. У адрозненне ад большасці іншых трэнінгаў, наш праект цалкам бясплатны, што таксама даволі прывабна для студэнтаў. Не кажучы ўжо пра тое, што ў выніку атрымліваецца навучыць чалавека выступаць перад публікай.

– Чаму ваш праект важны і патрэбны БДУ?

– Студэнты часта рыхтуюць выступленні як на парах, у рамках усяго ўніверсітэта, так і перад болей маштабнай аўдыторыяй. Таму праект, несумненна, патрэбны БДУ. Але прамоўніцкае мастацтва – гэта не толькі тое, як ты выступіш з гатовым дакладам. У паўсядзённым жыцці ўменне гаварыць – адно з найважнейшых для чалавека. Усё тое, чаму мы навучаем на праекце «Публіка і Я», спатрэбіцца не толькі людзям, якія часта ўдзельнічаюць у канферэнцыях, напрыклад, але і любому, хто хоча хораша, пісьменна і даходліва падаваць абсалютна любую інфармацыю. Мэта нашага ўніверсітэта – падрыхтаваць добрых спецыялістаў, але вельмі складана чагосьці дасягнуць, не ўмеючы выказваць свае думкі, баючыся публікі. Наш праект дапамагае зламаць сцяну паміж адным чалавекам і грамадствам.

– Як часта вы яго праводзіце?

– З гэтага года праект рэалізуецца два разы на год, у сувязі з    павелічэннем колькасці ахвотнікаў удзельнічаць.

– Якія перспектывы ў праекта?

– Праект пашыраецца. Сёлета   з удзельнікамі будзе працаваць зусім новы склад спікераў, кожны    з якіх прынясе ў праект штосьці   новае ад сябе. Таксама будзе абнаўляцца спіс тэм для выступленняў і пашырацца сама праграма трэнінгаў.

– Што вы можаце параіць студэнтам БДУ?

– Хачу параіць студэнтам БДУ выходзіць з зоны камфорту, спрабаваць новае, самаразвівацца і, вядома ж, паўдзельнічаць у нашым праекце.
Сачыце за навінамі ў групе: vk.com/audienceandme.

«Зялёны ўніверсітэт»

Алеся СМЯХОВІЧ, факультэт міжнародных адносін, 3 курс

– «Зялёны ўніверсітэт» – гэта экалагічная ініцыятыва студэнтаў і студэнтак БДУ. Наша мэта – уні­версітэт, у якім прасунутая, экалагічна пісьменная моладзь паасобна збірае смецце, эканоміць ваду, электрычнасць, імкнецца да нулявых адходаў і цікавіцца, як зрабіць сваё жыццё больш экалагічна сяброўскім. Для гэтага мы працуем у двух напрамках: арганізацыя паасобнага збору адходаў ва ўніверсітэце і студэнцкіх інтэрнатах і фарміраванне экалагічнай культуры ў студэнцкім асяроддзі.

Мы праводзім мерапрыемствы, якія даюць магчымасць студэнтам даведацца пра стан навакольнага асяроддзя, пра экалагічныя праб­лемы і, галоўнае, пра тое, што можа зрабіць кожны з нас, каб дапамагчы іх рашэнню ці хоць бы не спрыяць іх паглыбленню.

Разам з «Зялёным універсітэ­там» вы можаце глядзець фільмы, сустракацца з экспертамі, вучыцца працаваць сваімі рукамі, паасобна збіраць смецце і чысціць ад яго прыродныя тэрыторыі, гуляць у экалагічныя гульні, удзельнічаць у дэбатах, круглых сталах і форум-тэатры, наведваць экасцежкі і шматлікае іншае.

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– Па-першае, студэнты – гэта велізарны патэнцыял. Яны буду­чыя супрацоўнікі і прадпрымаль­нікі, таму важна фарміраваць у іх пісьменнае і клапатлівае стаўленне да навакольнага свету.

Па-другое, экалагічныя ініцыяты­вы ў ВНУ стымулююць экалагічнае развіццё гарадоў і краіны ў цэлым.

Па-трэцяе, экалагізацыя ўніверсітэтаў – гэта міжнародны трэнд, і мы хочам, каб БДУ яму адпавядаў. Гэта ўплывае ў тым ліку на прэстыж ВНУ.

Праект важны не толькі для БДУ, але і для краіны, для свету, для кожнага з нас! Ад нашага стаўлення да навакольнага свету цяпер наўпрост залежыць якасць нашага жыцця і цяпер, і ў будучыні.

– Як часта вы яго праводзіце?

– У сярэднім, адно мерапрыемства на два-тры тыдні. Часцей не трэба. Для нас важная якасць узаемадзеяння з удзельнікамі.

– Ці плануеце развіваць праект?

– Планы вялікія, як і сам праект. Цяпер у нашай камандзе ёсць прадстаўнікі 5 факультэтаў БДУ (міжнародных адносін, гістарычны, філалагічны, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій і МДЭІ імя А. Д. Сахарава). Мы плануем, што да нас далучацца прадстаўнікі астатніх факультэтаў, а ў будучыні імкнёмся стаць адзінай платформай БДУ, якая аб’ядноўвала б студэнцкія экалагічныя ініцыятывы.

– Што вы можаце параіць студэнтам БДУ?

– Змены магчымыя, і яны пачынаюцца з кожнага з нас. Некаторыя лічаць, што ад дзеянняў аднаго чалавека мала што можа змяніцца. Аднак калі кожны прысвеціць трохі свайго часу экалогіі, то вынік будзе заўважны. Не трэба чакаць, калі іншыя пачнуць штосьці рабіць. Усё пачынаецца з нас саміх. Кропля за кропляй – і акіян.

Далучайцеся да праекта «Зялёны ўніверсітэт» і сачыце за навінамі ў нашай групе ў vk.

«Бітва дызайнераў»

Валерыя КАЗЛОВА, біялагічны факультэт, 4 курс

– «Бітва дызайнераў» – праект для студэнтаў БДУ і яго падраздзяленняў. Асноўная мэта праекта – стварэнне творчай пляцоўкі для  маладых дызайнераў. Ва ўніверсітэце, на мой погляд, ужо дастаткова праектаў для вакалістаў, танцораў, вядучых, тэатралаў і г. д.
Дызайнеры – гэта людзі, ад якіх залежыць першасная рэакцыя на любое мерапрыемства. Пра іх не варта забываць, а то аднойчы яны змовяцца і зладзяць вайну вышэй­згаданым напрамкам. Сёлета ў «біт­вы» быў «выпрабавальны забег»: на працягу 2,5 тыдняў мы збіралі дызайнераў і прапанавалі   ім розныя заданні як ад аргані­затараў, так і ад брэндынгавай кампаніі. У праекце бралі ўдзел не толькі студэнты спецыяльнасці «дызайн», што мяне, як арганіза­тара, прыемна парадавала. Апроч конкурснай часткі ў праекта ёсць адукацыйная частка: майстар-класы для ўсіх ахвотнікаў.

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– На выхадзе мы стварылі базу дызайнераў БДУ, доступ да якой у хуткім часе атрымаюць усе ахвотнікі. Пасля праекта мы працягваем дапамагаць дзецям з пошукам працы, каб яны «набівалі руку» і вучыліся працаваць з патэнцыйны­мі заказчыкамі. Чым дрэнна, калі наш універсітэт будзе слаўны не толькі добрымі вакалістамі, але і, напрыклад, дызайнерамі?

– Як часта вы яго праводзіце?

– Праект стартаваў у канцы 2017 года. Я лічу, што раз на год хопіць. На працягу года будуць ла­дзіцца майстар-класы для дзяцей, таму праца з праектам будзе весціся ўвесь год. Гэта новаўвядзенне ў праекце. На працягу конкурсных тыдняў колькасць майстар-класаў будзе большай.

– Якім бачыце праект надалей?

– Веру, што «Бітва дызайнераў» будзе запатрабавана ў БДУ, ад­-крые шмат таленавітых дзяцей, якія будуць працаваць на карысць сабе і нашай альма-матар. Нам ёсць куды імкнуцца! Прыемна,    што пасля праекта водгукі пра      яго былі не толькі ад студэнтаў БДУ. Таму мы падумваем, а ці не зрабіць нам міжуніверсітэцкую   біт­ву дызайнераў?

– Што вы можаце параіць студэнтам БДУ?

– Не бойцеся брацца за самыя вар’яцкія (на ваш погляд) ідэі і праекты! Усё рэальна! Ва ўніверсітэце вас заўсёды пачуюць і дапамогуць!

Стварайце і не дазваляйце творчасці сысці з вашага жыцця!

Сачыце за навінамі праекта «Бітва дызайнераў» у групе vk.

Падрыхтаваў Уладзімір МЕШЧАРАКОЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: