Чыталі Гары Потэра па-старажытнагрэчаску. Студэнты філфака пра стажыроўку на факультэце “Artes Liberales” Варшаўскага ўніверсітэта

27 Jun, 2016.

YmFiOh-bQaw

 

Пяць студэнтаў III курса спецыяльнасці “Класічная філалогія” – Ангеліна Герус, Алена Капліч, Крысціна Качур, Сяргей Лунскі, Анастасія Шылава – з 1-га па 30-е мая 2016 г. прайшлі навуковую стажыроўку ў Варшаўскім універсітэце на факультэце “Artes Liberales”.

Значнай часткай стажыроўкі былі семінары, канверсаторыумы і лекцыі разам з польскімі студэнтамі. Нашы студэнты займаліся у прафесара Роберта Сухарскага (курсы “Гісторыя старажытнагрэчаскай мовы”, “Чытанне старажытных аўтараў”), прафесара Адама Зюлкоўскага (“Структура наратыва аналаў: Livius, “Ab urbe condita”), прафесара Маўгажаты Бароўскай (“Антычная культура”), у доктара Ганны Паўлоўскай (“Культура рэвалюцыі і Антычнасць”), прафесара Катажыны Марцінек (“У пошуках міфалагічных істот і монстраў”). Сваімі ўражаннямі дзеліцца Ангеліна Герус:

 

“Нам пашчасціла цэлы май правесці ў Варшаве. Спачатку мы, калі ўбачылі расклад, а разам з ім – колькасць святаў, хітравата перамігваліся і ўсміхаліся, бо былі ўпэўнены: атрымліваем сапраўдныя вакацыі замест навуковай стажыроўкі. Але адпачыць амаль не было часу. Тым не менш, гэты цудоўны месяц падарыў кожнаму з нас зусім асаблівы вопыт, новыя мэты і цёплыя ўспаміны пра Варшаўскі ўніверсітэт і саму польскую сталіцу.

Наша невялікая група класікаў-стажораў накіравалася за мяжу, каб з яшчэ большай руплівасцю працаваць над уласным праектам, які мы ствараем пад кіраўніцтвам В. Г. Пракапчук на спецсемінары: пераклад з лацінскай мовы на беларускую фрагментаў з трактата Квінтыліяна “Institutio oratoria”. Няцяжка здагадацца, якое пытанне стала па-сапраўднаму нас пераследваць: “З якой жа нагоды ў такім выпадку патрэбна ехаць ў суседнюю Польшу?” А нагода была: цудоўныя бібліятэкі і каштоўныя парады замежных спецыялістаў-класікаў.vSOk4tnp13Y

На занятках было вельмі цікава, і апроч новых ведаў мы атрымлівалі і мора задавальнення. Магчыма, таму, што там заўсёды было месца для эксперыментаў: разам з тэкстамі Лукіяна і Еўрыпіда мы па-старажытнагрэчаску чыталі Гары Потэра, альбо (з іншым выкладчыкам) абмяркоўвалі сувязь якой-небудзь міфалагічнай пачвары з пэўным мультфільмам ці дзіцячай казкай, альбо спрабавалі замяніць адно слова на іншае ў тэксце Лівія і растлумачыць, чаму аўтар піша менавіта так. А магчыма, таму, што нам заўсёды даводзілася нешта параўноўваць, шукаць, абгрунтоўваць – а гэта падобна на сапраўднае “паляванне” на адказ. Стажыроўка ў іншай краіне дазваляе крыху інакш паглядзець і на свае веды і здольнасці, і на дысцыпліны, якія вывучаеш. І ізноў у іх закахацца.s2EJIAhAJzU

Гэта быў шэраг вельмі прыемных знаёмстваў: з Варшавай, яе ўніверсітэцкім жыццём, з факультэтам “Artes Liberales”, разам з яго выкладчыкамі і студэнтамі, з буйнымі міжнароднымі канферэнцыямі “Chasing Mythical Beasts… The Reception of Creatures from Graeco-Roman Mythology in Children’s & Young Adults’ Culture as a Transformation Marker” і “Heredes et scruta tores: attitudes towards Antiquity in the Renaissance and in the Early Modern Period”, польскай кухняй, музеямі, узбярэжжам Віслы і ўтульнымі вуліцамі. Прыемныя знаёмствы, якія за трыццаць дзён зрабілі нас крыху больш прафесіянальнымі, крыху больш упэўненымі, адкрытымі і мэтанакіраванымі”.

Ангеліна ГЕРУСppk22VL0vHo

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *