Замежны студэнт выбірае БДУ

5 Jan, 2014.

Абламейко Сергей

У лістападзе ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на ўсе формы навучання было залічана 1 152 замежныя грамадзяніны (у 2012 г. – 894). Для атрымання вышэйшай адукацыі на першай ступені навучання паступіў 541 замежнік, у тым ліку на ўмовах аплаты і па міждзяржаўных пагадненнях – 451 студэнт з іншых краін. У аспірантуру ў гэтым годзе прыняты 23 замежныя грамадзяніны. Гэтыя паказчыкі з’яўляюцца найвышэйшымі за ўсю гісторыю БДУ.

Наконт паспяховага набору замежнікаў у наш універсітэт выказаўся рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка:

– Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт праводзіць сваю маркетынгавую палітыку. Гэта прафарыентацыйная праца, удзел у адукацыйных выставах за мяжой, рэкламная дзейнасць праз сайты і газеты ў краінах СНД, а таксама праз развіццё інфармацыйнага партала БДУ. Мы сапраўды прыклалі шмат намаганняў, каб заахвоціць да навучання ў нашым універсітэце як мага больш замежных студэнтаў. Тое, што БДУ мае свой брэнд, спрацоўвае на яго імідж і прыцягвае замежнікаў. У іншых краінах цэняць высокі адукацыйны патэнцыял нашага ўніверсітэта, шырокі спектр спецыяльнасцяў, высокі ўзровень практыка-арыентаванага навучання, фундаментальнасць адукацыі, а таксама параўнальна невысокі кошт навучання. Такім чынам, вялікая колькасць першакурснікаў з-за мяжы ў гэтым навучальным годзе – вынік вялікай і карпатлівай працы, якая была праведзена ўсімі падраздзяленнямі БДУ.
Прыёмная кампанія па залічэнні замежнікаў у наш універсітэт, якая працягвалася да сярэдзіны лістапада, прынесла свой плён. На сёння ў БДУ навучаецца 2620 замежнікаў з 42 краін, што складае 13 % ад колькасці студэнтаў дзённай формы навучання нашай установы вышэйшай адукацыі. Гэта высокі ўзровень па міжна­родных стандартах. Трэба сказаць, што ўсе міжнародныя рэйтынгі ўніверсітэтаў змяшчаюць паказчыкі, якія адлюстроўваюць навучанне замежных грамадзян і акадэмічную мабільнасць студэнтаў.
Гэта тычыцца ў першую чаргу такіх міжнародных рэйтынгаў, як Webometrics і QS, паводле якіх БДУ ўжо на працягу некалькіх гадоў займае вельмі высокія пазіцыі сярод універсітэтаў свету. У нядаўна апублікаваным рэйтынгу ўстаноў вышэйшай адукацыі краін СНД, Грузіі і Балтыі, дзе БДУ ўвогуле знаходзіцца на другім месцы пасля Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, колькасць замежных студэнтаў таксама з’яўляецца важным фактарам пры ацэнцы міжнароднай дзейнасці ВНУ.
У далейшым мы будзем арыентавацца не толькі на тыя краіны, дзе карыстаюцца рускай мовай, а пашырым выкладанне на англійскай мове, якраз для англамоўных краін. Сёлета, напрыклад, пачала працаваць магістратура на англійскай мове па шэрагу спецыяльнасцяў. Калі яна стане запатрабаванай, то гэтая практыка атрымае распаўсюджанне і на першай ступені адукацыі. Пры гэтым зазначу, што БДУ працуе ў першую чаргу на беларусаў і навучальныя планы спрыяюць падрыхтоўцы прафесіяналаў для беларускай эканомікі. Калі іншым гэта канцэпцыя падыходзіць – калі ласка, прыязджайце!

ПА ЗАМЕЖНАГА СТУДЭНТА ЕДУЦЬ
Самымі папулярнымі сярод замежнікаў з’яўляюцца сацыяльна-гуманітарныя факультэты: міжнародных адносін, эканамічны, філалагічны, юрыдычны, журналістыкі, гу­ма­нітарны. Паступаюць замежныя грамадзяне і на такія прыродазнаўчыя факультэты, як геа­­графічны, біялагічны, прыкладной матэма­тыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ю­тарных тэхналогій, хоць вучыцца там ім без добрай падрыхтоўкі даволі складана.
На сёння ў БДУ навучаецца 2 620 за­меж­нікаў з 42 краін, што на 150 чалавек больш у параўнанні з мінулым годам. Цікава, што і геаграфія краін, з якіх яны пры­ехалі, па­шыраецца. Студэнтамі і слухачамі БДУ ў 2013 годзе сталі грамадзяне 33 кра­ін, сярод якіх Кітайская Народная Рэспуб­ліка, Туркменістан, Расійская Федэрацыя, Рэс­публіка Карэя, Казахстан. Пашырэнне геа­графіі ў апошнія гады звязана і з па­ве­лі­чэннем колькасці замежнікаў з краін Еўро­пы. Напрыклад, сёлета на вучобу да нас прыехалі з Германіі, Іспаніі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Славеніі, Фінляндыі, Швецыі. У аспірантуру залічаны прадстаўнікі Ірана, Ірака, Кітая, Лівіі і іншых краін.
Прайшлі тыя часы, калі ва ўніверсітэце сядзелі і чакалі, што замежнікі завітаюць самі. Сёння ў нашай установе вышэйшай адукацыі пераглядзелі свае падыходы да гэтай справы і перайшлі ад пасіўнага чакання да актыўнай маркетынгавай палітыкі. На­чальнік упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Вадзім Рэзнікаў гаворыць, што прый­шлося вызначыцца, на якое менавіта замежжа ўніверсітэту лепш арыентавацца. Апо­ш­нім часам большую ўвагу ва ўпраўлен­ні пачалі надаваць тым краінам, дзе на­сельніцтва карыстаецца рускай мовай. Су­працоўнікі БДУ пачалі выязджаць у гэтыя рэгіёны на міжнародныя адукацыйныя выставы. Напрыклад, сёлета прадстаўнікі нашага ўнівер­сітэта пабывалі на такіх мерапрыемствах у Казахстане, Туркменістане, Азербайджане, Узбекістане, Расіі. Адна з выстаў, якую наведала дэлегацыя з БДУ, праходзіла ў Баку. Спецыялісты ўпраўлення міжнародных сувязяў заўважылі, што бацькі азер­байд­жанскіх школьнікаў мэтанакірава­на шукалі стэнд БДУ. Многія з іх памятаюць наш універсітэт яшчэ з савецкага часу. І чулі, што сёння ён займае першыя пазіцыі сярод вышэйшых навучальных устаноў кра­ін СНД. Пры гэтым кошт навучання ва ўніверсітэце застаецца даступным.
На думку Вадзіма Рэзнікава, хутка ва ўніверсітэце пачнуць пераважаць студэнты з Расіі і Казахстана. Гэта пацвярджаюць і лічбы. Калі летась з Казахстана ў БДУ па­­с­тупіла ўсяго некалькі чалавек, то сёлета па­сля паездкі нашых супрацоўнікаў у гэту кра­іну ва ўніверсітэт прыехала вучыцца ўжо некалькі дзясяткаў казахаў. Дарэчы, су­пра­цоўнікі БДУ стараюцца ехаць з прэзентацыяй у тыя краіны, дзе, па іх мер­каванні, абавязкова знойдуць водгук сярод абіту­рыентаў. Верагоднасць гэтага спецыяльна прапрацоўваецца ў Цэнтры міжна­роднага маркетынгу. Кожны год прадстаўнікі БДУ бяруць удзел у больш чым 10 такіх міжна­родных адукацыйных форумах. А ездзіць на іх яны пачалі з 2004 года.
Нягледзячы на тое, што дзелавыя каман­дзіроўкі патрабуюць немалых выдаткаў, ва ўніверсітэце лічаць, што затраты ў хуткім часе вернуцца з лішкам. Нават адзін студэнт-замежнік, які будзе прыцягнуты на вучобу ў БДУ дзякуючы такім мерапрыемствам, можа за год кампенсаваць усе выдаткі на паездку. У апошнія гады і Міністэрства адукацыі пачало фарміраваць свае дэлегацыі, якія складаюцца з прадстаўнікоў розных устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, а таксама рыхтаваць агульны выставачны стэнд.

ІНТАРЭСЫ ЗАМЕЖНІКАЎ УЛІЧВАЮЦЬ
Маркетынгавая стратэгія ўніверсітэта, безумоўна, прадугледжвае і ўдасканаленне адукацыйнага прадукта, які прапаноўваецца на міжнародных адукацыйных выставах для патэнцыйнага замежнага абітурыента, а таксама самога навучальнага працэсу. Па словах начальніка Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Люд­мілы Хухлындзінай, поспеху прыёмнай кампаніі замежнікаў паспрыяў новы парадак прыёму на платную форму навучання грамадзян краін ЕўрАзЭС. У выніку 112 (25 %) за­межнікаў з Расійскай Федэрацыі, Казах­стана, Таджыкістана і Кыргызстана былі за­лічаны ў БДУ на ўмовах для замежных грамадзян, гэта значыць пасля сумоўя і пра­вер­кі ўзроўню валодання рускай мовай. Яшчэ 90 замежных абітурыентаў з краін ЕўрАзЭС паступілі ў гэтым годзе на першы курс на тых жа ўмовах, што і беларускія грамадзяне, гэ­та значыць па выніках цэнтра­лізаванага тэсці­равання.image description
Лічбы, як бачым, у некалькі разоў пе­раўзыходзяць паказчыкі 2012 года, калі ва ўніверсітэт у выніку прыёмнай кампаніі тра­піла толькі 15 студэнтаў з тых жа Расіі, Казахстана, Таджыкістана і Кыргызстана. Раней многія з іх не паспявалі даехаць на тэсці­раванне ў БДУ, якое і вырашала іх далейшы лёс. Таму Міністэрства адукацыі РБ даз­воліла ім праходзіць сумоўе і дэманстраваць веданне рускай мовы, як гэта ўжо доўгі час аецца, што дзякуючы нова­ўвядзенню колькасць студэнтаў з Расіі, Казахстана, Таджы­кістана і Кыргызстана будзе ўзрастаць. Бо дадатковая магчымасць стаць студэнтам БДУ, хоць і на ўмовах крыху большай аплаты, ім прыйшлася даспадобы.
Яшчэ адным прывабным момантам для замежных грамадзян павінен стаць пераход БДУ на новыя адукацыйныя стандарты, якія прадугледжваюць навучанне па сістэме 4+2. Па гэтай сістэме працуюць уні­версітэты ЗША і Еўропы. Нядаўна яна стала нормай для краін СНД і Балтыі. Да ўсяго стандарты новага пакалення ў БДУ па змесце і струк­туры гарманізаваны з адукацыйны­мі стан­дартамі Расійскай Федэрацыі. Апош­нім часам у нашым універсітэце навучанне па сістэме 4 гады на першай ступені навучання плюс 2 гады ў магістратуры вядзецца на больш чым 80 % спецыяльнасцяў.
І на першай, і на другой ступенях адука­цыі ў БДУ з’явілася нямала новых спецы­яльнасцяў, якія запатрабаваны сучасным рынкам працы, з паглыбленай падрыхтоўкай спецыялістаў. Напрыклад, на эканамічным факультэце на другой ступені навучання адкрылі такія новыя спецыяльнасці, як іна­вацыйны менеджмент, фінансы і крэдыт, на якіх студэнты атрымліваюць дадатковыя пра­фе­сійныя веды, прычым без неабход­насці здачы кандыдацкіх экзаменаў, што дасюль бянтэжыла многіх замежнікаў. Такім чынам, магістратуру зрабілі не столькі наву­кова-даследчай, колькі практыка-арыента­ва­най. І, як вынік, рэзка ўзрасла колькасць магі­странтаў з Кітая, якія ў сёлетнім наборы складаюць 79 %. Гэта абумовіла значны рост агуль­най колькасці замежнікаў на другой ступені навучання ў БДУ. Калі ў 2012 г. такіх студэнтаў было 135 чалавек, то ў 2013 г. у магістратуру паступіла ўжо 257.
Трэба сказаць, што ў апошнія тры гады ў БДУ можна назіраць такую тэндэнцыю, калі кітайскіх студэнтаў, якія гадоў пяць таму колькасна пераважалі на ўсіх факультэтах, становіцца менш, а туркменскіх студэнтаў, наадварот, больш. Сярод залічаных на першую ступень навучання ў гэтым годзе 229 грамадзян Туркменістана. У 2011 годзе было залічана 167 туркменаў, у 2012 годзе – 207. З Кітайскай Народнай Рэспублікі на першы курс сёлета быў прынята 61 чалавек. У 2011 годзе ў БДУ па выніках прыёмнай кампаніі было залічана 138 абітуры­ентаў з Кітая, а ў 2012 годзе – 84 чалавекі.

ФДА ДАПАМАГАЕЎ ПАСТУПЛЕННІ
У замежнага грамадзяніна маецца дзве магчымасці стаць студэнтам універсітэта. Замежнік, які добра валодае рускай мовай і вывучаў яе на папярэдняй ступені адукацыі, паступае ва ўніверсітэт па выніках сумоўя. У тым выпадку, калі ён дрэнна размаўляе па-руску, то залічваецца на падрыхтоўчае аддзяленне БДУ. Па словах дэкана ФДА Вячаслава Малафеева, аўтарскі навучальна-метадычны комплекс па рускай мове як замежнай, які быў распрацаваны выкладчыкамі падрыхтоўчага аддзялення, дазваляе ас­воіць рускую мову на дастатковым узроўні для навучання ва ўніверсітэце. Падрыхтоўка па рускай мове на ФДА прадугледжвае 900 гадзін, а па двух профільных прадметах – 300 гадзін. Акрамя гэтага на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі працуюць курсы рускай мовы для тых замежных слухачоў, якія плануюць навучацца ў магістратуры. Апошнія тры гады курсы рускай мовы выбіраюць грамадзяне Рэспублікі Карэя. Калі ў 2010/2011 навучальным годзе іх было 22 чалавекі, то ў 2012/2013 навучальным годзе – ужо 66 чалавек. У гэтым навучальным годзе ў складзе 57 слухачоў да навучання на падрыхтоўчым аддзяленні прыступіла мэтавая група з універсітэта Халім з Карэі, з якім у 2011 годзе было падпісана пагадненне аб сумеснай працы.
Сёлета колькасць прынятых слухачоў на ФДА вышэйшая, чым у мінулым годзе. На падрыхтоўчым аддзяленні праходзіць навучанне 171 замежнік (у 2012 годзе – 140), а на курсах рускай мовы ўжо навучаецца 56 слухачоў (у 2012 годзе – 38). Слухачамі факультэта сталі прадстаўнікі 18 краін. Сярод іх – грамадзяне Кітая, Туркменістана, Рэспублікі Карэя, Турцыі, Ірака, Ірана, Венесуэлы, Нігерыі, Японіі і іншых. Ім, безумоўна, пашанцуе пры паступленні на першы курс БДУ. Пра гэта сведчыць і той факт, што больш за 75 % выпускнікоў падрыхтоўчага аддзялення паспяхова працягваюць навучанне ў нашым універсітэце. На думку Вячаслава Малафеева, трэба памятаць, што падрыхтоўчы факультэт выконвае і такую важную для замежніка функцыю, як сацы­яльна-культурная адаптацыя ў чужой для яго краіне.

IMG_4605

ПАСПЯХОВАСЦЬ  НАВУЧЭНЦАЎ
Аднак выкладчыкі наракаюць на тое, што падчас сумоўя часта складана высветліць, наколькі веды замежнага абітурыента, які не навучаўся на падрыхтоўчым аддзяленні, адпавядаюць запытам нашага ўніверсітэта. Звязана гэта з тым, што правілы правядзення сумоўя для замежнікаў носяць аблегчаны характар у параўнанні з іспытамі для бела­рускіх абітурыентаў. Апроч таго, далёка не ўсе замежнікі праходзяць сумоўе па прад­метах. Агаворана, што тыя, у каго адзнака ў атэстаце не ніжэйшая за 4 балы, вызваляюцца ад такога абавязку і павінны прадэманстраваць толькі веданне рускай мовы. Па-другое, нават для тых, у каго гэтая адзнака ніжэйшая за 4 балы, сумоўе па ўсіх трох прадметах праводзіцца ў адзін дзень і прадугледжвае тэст з пяці заданняў, якія не патрабуюць працяглай падрыхтоўкі. Таму канчаткова праверыць іх веды не ўдаецца. І на першы курс могуць трапіць замежнікі з невысокім узроўнем падрыхтоўкі. Якраз пасля першага курса з-за непаспяховасці звычайна і назіраецца найбольшая колькасць адлічэнняў замеж­нікаў.
Пра паспяховасць замежных студэнтаў шмат ведаюць у аддзеле па рабоце з за­межнымі грамадзянамі ўпраўлення міжна­родных сувязяў БДУ. Начальнік аддзела Жанна Савельева расказала нам, што паспяховасць замежных студэнтаў вагаецца ў межах ад 4,5 да 7,8 балаў, што не з’яўляецца высокім паказчыкам. Агульны ўзровень паспяховасці замежных грамадзян у многім прадвызначае нізкі ўзровень даўнівер­сітэцкай падрыхтоўкі туркменскіх студэнтаў, які абмяжоўваецца 4,4 баламі ў атэстаце. У мінулым годзе з-за непаспяховасці было адлічана 60 замежнікаў, у ліку якіх – 38 грамадзян Туркменістана. Адсочваць паспяховасць замежных студэнтаў спецыялістам аддзела па рабоце з замежнымі студэнтамі дапамагае электронная база даных, якой можа пахваліцца не кожная ўстанова вышэйшай адукацыі. Дастаткова толькі адкрыць яе, і адразу відаць, на якім курсе навучаецца замежнік, на якія адзнакі ён здаў апошнюю сесію, ці пражывае ў інтэрнаце. Такога бесклапотнага жыцця, што заплаціў за вучобу і можаш не хадзіць на заняткі, пра якое расказваюць замежным студэнтам на іх радзіме, наш універсітэт прапанаваць не можа. У БДУ лічаць: калі замежнік прыехаў з мэтай вучыцца, ён павінен вучыцца. Сігнал, што студэнт не здаў сесію, не заплаціў за вучобу, прымушае спецыяліста аддзела па рабоце з за­меж­нымі студэнтамі заняцца яго лёсам. Ідуць перамовы з факультэтам пра пераздачу сесіі, высвятляецца, чаму не былі аплачаны заняткі. Калі ёсць патрэба, пра паводзіны сына або дачкі інфармуюцца яго бацькі за мяжой. Зразумела, што кантроль не ўсім маладым людзям падабаецца. Аднак бацькі ў сваёй большасці застаюцца ўдзяч­нымі спецыялістам БДУ за тое, што іх дзеці ў на­дзейных руках і збочыць ад адукацыі ім не ўдаецца. Радуе іх, што і дыплом, які тыя ат­рымаюць пасля заканчэння, будзе каці­ра­вац­ца за мяжой, бо падмацоўваецца ведамі, праверанымі на заліках і экзаменах.

З МЭТАЙ ЗАХАВАЦЬ ЗАМЕЖНАГА СТУДЭНТА
У БДУ шмат робіцца для таго, каб захаваць замежнага студэнта. Па словах на­чальніка Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Людмілы Хухлындзінай, на многіх факультэтах для за­межнікаў арганізуюцца дадатковыя занят­кі. У гэтым навучальным годзе для іх мяркуец­ца наладзіць індывідуальныя кансуль­тацыі, якія будуць асобна залічаны ў нагрузку выкладчыкаў. Гадзіны, што раней адводзілі­­ся на заняткі фізвыхаваннем, а таксама на прадмет бяспечнай жыццядзейнасці, у нашым універсітэце вырашылі перадаць на заняткі па рускай мове, ад якой у многім залежыць працэс навучання замежніка. Такім чынам, з гэтага навучальнага года гадзіны на рускую мову на ўвесь перыяд навучання студэнта з іншай краіны павялічваюцца са 150 да 580. Для замежных грамадзян, якія добра ведаюць рускую мову, у другім семестры вырашана арганізаваць асобны курс па беларускай мове. Лічыцца, што гэта дазволіць ім лепш пазнаць беларускую культуру і асаб­лівасці жыцця беларускага народа. Акра­мя гэтага, у БДУ для замежных сту­дэнтаў пачалі праводзіць заняткі па прадметах на англій­скай мове. На факультэце міжнародных ад­носін па-англійску навучаецца група ма­гіс­трантаў з 5–6 чалавек. Прыйдзецца шмат папрацаваць, каб выкладанне на ан­г­лійскай мове ў нас набыло больш распаўсюджаны характар.
У нашым універсітэце ганарацца, што сярод замежнікаў шмат выдатнікаў. На выпускным балі ў Ліцэі БДУ, які асобна правозіцца для замежных грамадзян, 25 замежных сту­дэнтаў атрымалі чырвоныя дыпломы і былі ўшанаваны як выдатнікі вучобы і грамадскага жыцця факультэтаў. Усяго дыпломы аб заканчэнні БДУ атрымалі 272 выпускнікі з 13 дзяржаў.
Той факт, што замежны студэнт, нягле­дзячы на цяжкасці ў маўленні і навучанні па-руску, выбірае БДУ сярод іншых, дазваляе лічыць яго адным з папулярных універсітэтаў свету.

Ганна ЛАГУН

DSC_6085

На фота: 2. Нігерыйскія студэнты цікавяцца ўмовамі пражывання ў інтэрнатах

3. Група карэйскіх студэнтаў з універітэта Халім, якія праходзілі навучанне ў восеньскім семестры на ФДА па спецыяльным навучальным плане, узгодненным з кафедрай рускай мовы ўніверсітэта Халім, пасля правядзення апошняга іспыту па рускай літаратуры

4. Студэнты-замежнікі на выпускным вечары-2013

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *