Будатрады БДУ: добры “падзаробак” ці магчымасць патрапіць у інтэрнат?

5 Jul, 2016.

fZ0QfDSHjcE

Лета – гэта не толькі пара адпачынку ад экзаменаў і заняткаў. Гэта таксама цудоўны шанец папрацаваць, зарабіць грошы і атрымаць некаторыя бонусы на наступны навучальны год. Ужо месяц моладзь БДУ працуе ў студэнцкіх атрадах. Газета “Універсітэт” пагутарыла з начальнікам штаба працоўных спраў БРСМ Дзянісам Рашэтнікавым і даведалася, чым жа займаюцца хлопцы і дзяўчаты ў час працоўнага семестра.– Цікава, як наогул трапіць у студэнцкі атрад?

Па-першае, патрэбна быць удзельнікам БРСМ і мець білет. Але калі вы такім не з'яўляецеся, то гэта не страшна. Дастаткова прыйсці ў 111 кабінет галоўнага корпуса, напісаць заяву і прынесці фатаграфію. Мы зробім членскі білет, і тады ужо можна прэтэндаваць на месца ў працоўным атрадзе.

А па-другое, патрэбна зайсці ў нашу электронную базу (у нас яна з'явілася прыкладна год таму) і там анлайн запоўніць анкету. Тут студэнты пакідаюць свае дадзеныя, пішуць, у які атрад яны хацелі б патрапіць, у якім месяцы…. Мы ўжо па спісе адбіраем на працу.

 C29BkObtLZk Пед– Па якіх прынцыпах выбіраюцца будучыя работнікі, ці ёсць конкурс?

У нас заўсёды шмат ахвотнікаў, і не кожны трапляе ў працоўны атрад. У гэтым годзе было абрана 500 чалавек, а заявак прыйшло каля 870. Адбіраюцца людзі такім шляхам: спачатку мы прапануем працоўныя месцы тым, хто актыўна ўдзельнічае ў жыцці БРСМ у сябе на факультэце, а потым стараемся даць працу ўсім ахвотным. У таго, хто падаў заяву раней, канешне ж, больш магчымасцяў, чым у таго, хто вырашыў папрацаваць у апошні момант.

Акрамя таго, пасля працоўнага семестра іншагароднія маюць большую магчымасць атрымаць запаветны пакой у інтэрнаце. Канешне ж, попыт вялікі. Ну і патрэбна не забываць пра агульную сітуацыю ў краіне. Сёння на многіх прадпрыемствах дырэктары не могуць даць працоўныя месцы для сваіх пастаянных супрацоўнікаў, што тут казаць пра студэнтаў.

 – А якія студэнцкія атрады былі сфарміраваны?

Іх шмат: педагагічныя, сэрвісныя, будаўнічыя, сельскагаспадарчыя. Педагагічны атрад працуе ўжо з пачатку чэрвеня ў САК "Брыганціна" БДУ і ДАЛ "Хваля" ААТ "Гарызонт". Ужо зараз бачна, што студэнтам быць у якасці важатых вельмі цікава, яны атрымалі добрыя ўражанні. У жніўні моладзь накіруюць ў Смаргонскі раён, там іх чакае сустрэча з дзецьмі лагера “Арляня”.

Сельскагаспадарчыя атрады будуць займацца праполкай град, пасадкай раслін у навучальна-вопытным рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Шчомысліца" БДУ. Там, вядома працаваць даволі цяжка. Але за гэта, па-першае, атрымліваюць добрыя грошы (у іх пагадзінная аплата), а па-другое, усіх удзельнікаў гэтага атрада мы засяляем на наступны год у інтэрнат.

Сэрвісны атрад таксама працуе ў лагерах – тут прыбіранне тэрыторый, памяшканняў, дапамога на кухні. А будаўнічы атрад будзе працаваць у ліпені і жніўні над рэканструкцыяй стадыёна “Дынама”. Дадзены атрад мы робім сумесна з гарадскім камітэтам БРСМ, хлопцы атрымаюць новы вопыт і зробяць свой унёсак у рэканструкцыю сталічнага стадыёна. Прытым там жа будуць працаваць студэнты не толькі Беларусі, але і з Расіі і Украіны. Мы выбралі 7 нашых найлепшых студэнтаў на кожны месяц. Яны атрымаюць не толькі высокі заробак, але і інтэрнат на цэлы год, бо працуюць над грамадска важным аб'ектам. І будзем спадзявацца, што яны адпрацуюць як трэба.

OoX7WLDCgoo

– Колькі можна ў выніку атрымаць, калі не сакрэт?

У нас ёсць 2 тыпы месцаў – працоўныя месцы для атрымання добрай заработнай платы і месцы з невысокім заробкам, але перспектывай жыцця ў інтэрнаце.

У першую катэгорыю трапляюць як мінчане, так і іншагароднікі. Пры гэтым студэнты іншых гарадоў атрымліваюць пакоі на ўсё лета, але, паколькі гэтая праца з добрай заработнай платай, з добрымі ўмовамі, мы не даём інтэрнат на наступны год. Выключэнне – камандзіры і камісары студэнцкіх атрадаў, якія адказныя за ўсіх хлопцаў і дзяўчат. Выходзіць каля 3–3,5 млн. Працаваць можна мерчандайзерам у гіпермаркетах “Еўраопт”, “Белмаркет”, прадаваць латарэйныя білеты “Ваша лато”.

У другую катэгорыю трапляюць студэнты-іншагароднікі. Тут цяжкая праца ў сельскагаспадарчых атрадах, але чалавеку важныя не столькі грошы, колькі магчымасць засялення ў інтэрнат. У Шчомысліцы пагадзінная аплата, працоўны дзень у сярэднім пачынаецца працуюць з 9 раніцы і заканчваецца ў 15. Па вопыце мінулых гадоў магу сказаць, што выходзіць каля 1,5 млн.

i7urB47M0XY

– Ці ёсць асаблівыя патрабаванні да кожнага тыпу студэнцкага атрада? Напрыклад, праца з дзецьмі заўсёды была нялёгкай...

– Так, у педагагічны атрад можа патрапіць толькі чалавек, які ўжо скончыў другі курс. Таксама для таго, каб быць удзельнікам педатрада, павінен быць пройдзены такі прадмет, як педагогіка. На многіх факультэтах яго вывучаюць на другім курсе. І ўжо з гэтай выпіскай яны могуць ехаць важатымі працаваць у лагер. У асноўным адпачываюць дзеці ад 9 да 16 гадоў.

А ў будаўнічыя атрады прымаюць толькі хлопчыкаў, дзяўчат мы бяром у сэрвісны, педагагічны атрад, сельскагаспадарчы. Усё ж такі ў будатрадзе цяжкая фізічная праца, мы пра гэта адразу папярэджваем.

– Ці кантралююць працэс працы?

– Вядома, кантралююць. Для прыкладу, ў Шчомысліцы ў сельскагаспадарчым атрадзе правяральшчык адзначае час прыходу і адыходу кожнага супрацоўніка, колькі ён паспеў зрабіць за працоўны дзень. А ў дзіцячым лагеры абавязкова ёсць сталыя педагогі-важатыя, якія глядзяць за студэнтамі, навучаюць моладзь, як правільна працаваць з дзецьмі.

– А калі такая сітуацыя: чалавека прынялі ў атрад, а тут раптам якая-небудзь нечаканасць, і ён не можа працаваць...

На жаль, гэта не рэдкасць. Але сілай ніхто трымаць не будзе. З-за таго, што ахвотных працаваць шмат, мы аператыўна знаходзім замену.

– А ці можна застацца і пасля працоўнага месяца на працы?

Мы складаем з крамамі дагавор падраду аб працы ў вызначаныя тэрміны, то бок толькі чэрвень, ліпень, жнівень. А далей, калі ў студэнтаў застаецца жаданне працаваць, то яны ў індывідуальным парадку дамаўляюцца з прадпрыемствам.

Таццяна МОРАВА

lBO2OBY-FUY

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *