Фенаменальны Ігар Бокій

26 Sep, 2016.

000028_8055_big

Галоўным героем Паралімпіяды ў Рыа, якая завяршылася 18 верасня, стаў беларускі плывец Ігар Бокій, які заваяваў шэсць залатых і адну бронзавую ўзнагароду. Пры гэтым студэнт юрыдычнага факультэта БДУ ўсталяваў два сусветныя і шэсць паралімпійскіх рэкордаў!

На летніх Паралімпійскіх гульнях беларускі плывец, які выступаў у катэгорыі  S13 (для спартсменаў, якія слаба бачаць), стартаваў з усталявання сусветнага рэкорду. У фінале на дыстанцыі 100 м батэрфляем Ігар Бокій паказаў вынік 53,85 сек., абнавіўшы свой жа сусветны рэкорд, паказаны на чэмпіянаце свету–2015 (54,44 сек.). Другім стаў прадстаўнік Узбекіс­тана Кірыл Панкоў – 56,84 сек.
Затым Ігар Бокій выйграў золата на дыстанцыі 200 м комплексным плаваннем, паказаўшы ў фінальным заплыве час 2 хвіліны 4,02 секунды і апярэдзіўшы ўладальніка другога месца ўкраінца Яраслава Дзенісенку амаль на 5 секунд!
Пасля такога ўдарнага пачатку малады плывец троху «расслабіўся» і задаволіўся бронзай у фінале на 100 м брасам.
Затым Ігар Бокій працягнуў каваць метал найвышэйшай спробы. Трэці залаты медаль ён заваяваў у заплыве на дыстанцыі 400 м воль­ным стылем з вынікам 3 хв. 55,62 сек. Другім да фінішу на гэтай дыстанцыі прыплыў той жа Яраслаў Дзенісенка з адставаннем болей за тры секунды.
У чацвёрты раз наш плывец падняўся на найвышэйшую прыступку п’едэстала пасля фіналу на 50 м вольным стылем. Спрынтарскую дыстанцыю ён праплыў за 23,44 сек. Другое месца заняў Карлас Фарэнберг з Бразіліі з вынікам 24,17 сек.
Пятае золата ў асабістай скарбонцы беларускага паралімпійца апынулася пасля перамогі  на дыс­танцыі 100 метраў вольным сты­лем. У фінальным заплыве бела­рускі спартсмен паказаў час 50,9 секунды, абнавіўшы пры гэтым паралімпійскі рэкорд.
У заключны дзень турніру беларус перамог на дыстанцыі 100 м на спіне. Вынік чэмпіёна – 56,68 сек., што з’яўляецца новым сусветным рэкордам у гэтай дысцыпліне сярод паралімпійцаў. Другое месца заняў Яраслаў Дзенісенка (59,02 сек.), а трэцяе Нікалас Гай Турбідэ з Канады (59,55 сек.).
Гэты залаты медаль стаў шостым для беларускага спартсмена на Гуль­нях у Рыа-дэ-Жанэйра. Такі вынік дазволіў яму стаць самым тытулаваным атлетам Паралімпіяды. Зараз Ігар Бокій з’яўляецца адзінаццаціразовым паралімпійскім чэмпіёнам. Чатыры гады таму  ў Лондане плывец з Бабруйска    пяць разоў атрымліваў найвышэйшую ўзнагароду.
Усяго ў скарбонцы беларускай зборнай 10 медалёў (восем залатых і дзве бронзавыя ўзнагароды) і 19 месца ў медальным заліку Паралімпійскіх гульняў.
Віншуем Ігара Бокія з выбітным поспехам!

Сяргей ШАФАЛОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *