Пошук крэатыўшчыкаў. У БДУ зладзіліся курсы для куратараў

23 Sep, 2016.

viber-imageggg

З 13 па 21 верасня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце для куратараў навучальных груп прайшло павышэнне кваліфікацыі па адукацыйнай праграме “Выхаваўчая праца куратара БДУ: псіхолага-педагагічныя і арганізацыйна-метадычныя аспекты”, якая носіць прыкладны характар і накіравана на засваенне слухачамі псіхолага-педагагічных асноў выхавання ў вышэйшай школе, знаёмства з навукова-метадычным і нарматыўна-прававым забеспячэннем функцыянавання і развіцця выхаваўчай сістэмы БДУ, кірункамі дзейнасці яго структурных падраздзяленняў, якія здзяйсняюць ідэалагічную і выхаваўчую працу.

Удзельнікамі праграмы сталі 26 куратараў факультэтаў і ўстаноў адукацыі ўніверсітэта, якім 21 верасня былі ўручаны пасведчанні пра павышэнне кваліфікацыі. У гэты дзень прайшоў круглы стол з прарэктарам па навучальна-выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях БДУ Суворавым В.В, начальнікам упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю БДУ Багамазавым А.П., начальнікам навучальна-навуковага цэнтра развіцця моладзевага прадпрымальніцтва эканамічнага факультэта БДУ Шумскай Л.І., начальнікам псіхалагічнай службы БДУ Папком Р.П., загадчыкам кафедры фізвыхавання і спорту БДУ Калядой В.А., на якім кожны слухач меў магчымасць падзяліцца ўражаннямі, унесці прапановы і выказаць словы падзякі выкладчыкам найбольш упадабаных заняткаў.

viber-image

У якасці выкладчыкаў дадзенай адукацыйнай праграмы выступілі лектары, вядучыя прафесары і спецыялісты БДУ, аўтары майстар-класаў, кіраўнікі моладзевых грамадскіх арганізацый і органаў студэнцкага самакіравання БДУ, працаўнікі ўпраўленняў выхаваўчай працы з моладдзю, па справах культуры, кадраў, навучальна-навуковага цэнтра развіцця моладзевага прадпрымальніцтва эканамічнага факультэта, псіхалагічнай службы, студэнцкага гарадка, кафедраў педагогікі і праблем развіцця адукацыі, фізвыхавання і спорту, псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук.

Курсы штогод арганізоўваюцца ўпраўленнем выхаваўчай працы з моладдзю сумесна з факультэтам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ.

Водгукі ўдзельнікаў праграмы павышэння кваліфікацыі:

ШТУКАЦЕР Дзмітрый Сяргеевіч, асістэнт кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, куратар групы 1 курса: “Мне вельмі спадабалася праграма. Дзякуючы старанням выкладчыкаў курсаў у мяне склаўся вобраз добрага куратара, чым ён павінен займацца і да чаго імкнуцца. Падчас круглых сталоў абмяркоўвалася мноства тэм, больш дасведчаныя калегі дзяліліся сваім досведам – толькі паспявай рабіць пазнакі. Я атрымаў зарад пазітыўнай энергіі, натхнення, адразу захацелася “рынуцца ў бой” і зрабіць што-небудзь гэтакае для сваёй групы. Велізарнае дзякуй арганізатарам за іх працы!”

viber-imageaaaa

У рамках курсаў павышэння кваліфікацыі куратараў навучальных груп кафедра педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ арганізавала навучальны семінар.

ЖУК Вольга Леанідаўна, загадчыца кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ: “Наш семінар насіў праблемны характар; падчас яго правядзення выкарыстоўваліся формы і метады актыўнага, калектыўнага навучання з выкарыстаннем прыёмаў “аналіз сітуацый”, “кейс куратара”, “метаплан” і інш. Семінар уключаў дзве міні-лекцыі “Сутнасць працэсу выхавання ў ВНУ ў сучасных сацыякультурных умовах. Сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснай моладзі”; “Выхаваўчая сістэма ўніверсітэта: структура, умовы функцыянавання і развіцця”.

Такая арганізацыя семінара, якая дазволіла спалучаць інфармацыйна-лекцыйную форму з актыўнымі, калектыўнымі стратэгіямі навучання, надала яму тэарэтыка-прыкладную, практыка-арыентаваную скіраванасць. Падчас семінара куратары працавалі ў малых групах, разам шукалі шляхі вырашэння няпростых выхаваўчых праблем. Вельмі прадуктыўным, на мой погляд, было выкарыстанне напачатку семінара інтэрактыўнага метаду “Прэзентацыя досведу і чаканні”. Куратары, працуючы ў парах, дзяліліся адзін з адным досведам куратарскай дзейнасці, няпростымі сітуацыямі, якія ўзнікаюць у працы куратара, давалі ацэнку знойдзеным рашэнням. Такі абмен досведам і калектыўная рэфлексія наладзілі ці матывавалі іх на далейшую пошукавую сумесную працу падчас нашага семінара. Як вядома, гатовых тыпавых рашэнняў усіх сітуацый з выхаваўчай практыкі не бывае! Галоўны вынік курсаў – гэта ператварэнне заняткаў са слухачамі-куратарамі ў пляцоўку па абмене досведам, засваенні эфектыўных формаў і метадаў выхаваўчай працы, прадуктыўных спосабаў камунікацыі са студэнтамі. Мы спрабавалі менавіта так арганізаваць наш семінар. Спадзяёмся, убачаныя метады працы куратары будуць актыўна ўжываць не толькі ў куратарскай дзейнасці, але і ў навучальным працэсе. Хачу падзякаваць куратарам, якія бралі ўдзел у нашым семінары, за сумесную працу. Гэта была матываваная, дапытлівая, актыўная, адказная аўдыторыя слухачоў! Таксама дзякую сваім калегам, з якімі праводзілі гэты семінар: начальніку ўпраўлення выхаваўчай працы з моладдзю Багамазаву Аляксею Пятровічу і Рэдзьку Міхаілу Пятровічу, старшаму выкладчыку кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі”.

Наталля КАПАЦЭВІЧ

viber-imageaaa

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: